Гераізм
Гераі́зм (ад стар.-грэч.: ἥρως (hḗrōs) — герой) — найвышэйшае праяўленне самаадданасці і мужнасці пры выкананні грамадзянскага абавязку. Патрабуе ад чалавека асабістай стойкасці, гатоўнасці да самаахвяравання. Актам гераізму з'яўляецца подзвіг.
Пытанне аб гістарычнай прыродзе гераізму упершыню пастаўлена ў XVIII ст. італьянскім філосафам Дж. Віка, які лічыў, што гераізм звязаны выключна з т. зв. «векам герояў», што папярэднічаў «веку людзей». Канцэпцыя Віка ўсебакова развіта ў працах Г. Гегеля. У трактоўцы некаторых прадстаўнікоў рамантызму (Ф. Шлегель, Т. Карлейль і інш.) герой — выдатная асоба, якая узвышаецца над народам, «натоўпам». Ф. Ніцшэ разглядаў героя як «звышчалавека », які стаіць «па другі бок дабра і зла», для якога агульначалавечая мараль — гэта мараль «натоўпу». Марксізм трактаваў гераізм як спалучэнне індывідуальнага подзвігу з подзвігам народных мас.
У кожнага народа свае адносіны да гераізму і герояў. Найчасцей гераізм праяўляецца ў экстрэмальных сітуацыях, такіх як войны, катастрофы, стыхійныя бедствы і інш.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).