Перайсці да зместу

Герб Брэста

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Герб Брэста
Дэталі
Зацверджаны 26 студзеня 1991
Шчыт
барочны
Заснаванне 26 студзеня 1991

Герб Брэста — адзін з афіцыйных сімвалаў горада Брэста. Герб Брэста адносіцца да гісторыка-геральдычных помнікаў Беларусі[1]. Зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 1 чэрвеня 1994 г. № 1.

Апісанне герба: «У блакітным полі барочнага шчыта сярэбраны лук са стралою, накіраванаю наканечнікам уверх».

У 1390 годзе Берасце атрымала прывілей на магдэбургскае права, аднак дакладна невядома, які герб выкарыстоўваўся на гарадскіх пячацях да сярэдзіны 16 ст.[1]

Па некаторых звестках, права на атрыманне герба Берасцю было даравана вялікім князем Аляксандрам прывілеем 1494 года: «у блакітным полі сярэбраны лук са стралой, накіраванай уверх»[2].

Згодна з прывілеем вялікага князя Жыгімонта ІІІ 1554 года, Берасце атрымала права карыстацца гербавай пячаццю з выявай чатырохвугольнай вежы на чырвоным полі на сутоках двух рэк (Буга і Мухаўца). Гэты герб зафіксаваны на пячатцы войтаўска-лаўніцкай калегіі гарадскога магістрата.

Акрамя гэтага Берасце мела іншую пячатку, пра якую ўпамінае ў сваім зборніку гербаў 1584 года Барташ Папроцкі:

" Горад Берасце ўжывае лук нацягнуты з накладзенай стралой і з тэкстам вакол: Sigillum civitat Brestensis Magni Duc Litvaniae. "

У 1742—1775 гг. гербам Берасця з'яўляўся фігурны картуш, на якім адлюстраваны лук з нацягнутай цецівой з накіраванай уверх стралой. Над картушам — карона[3].

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе, Берасце стала павятовым горадам Гарадзенскай губерні, і стары герб быў скасаваны. Новы герб Берасця быў зацверджаны расійскімі ўладамі 6 красавіка 1845 года разам з іншымі гарадамі Гарадзенскай губерні. Гэты варыянт герба быў утвораны на аснове герба 1554 года. Новы герб меў наступнае апісанне[2]:

" У верхняй частцы шчыта Гродзенскі герб; у ніжняй, у блакітным полі прадстаўлена зліццё рэк Буга і Мухаўца; на мысе, утвораным злучэннем рэк, пастаўлена кола сярэбраных шчытоў, сярод якіх узвышаецца крапасны штандар з двухгаловым арлом, у знак таго, што горад Брэст ператвораны ў крэпасць. "

У канцы ХІХ ст. быў створаны праект новага герба Брэст-Літоўска: «У лазуровым шчыце перакулены вілападобны сярэбраны крыж. У вольнай частцы герб Гродзенскай губерні». Аднак ён не быў зацверджаны афіцыйна.

Сучасны герб горада быў зацверджаны Рашэннем Брэсцкага гарадскога Савета народных дэпутатаў 26 студзеня 1991 года: «На блакітным полі барочнага шчыта сярэбраны лук з нацягнутай цецівой і страла, накіраваная ўверх». Зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 1 чэрвеня 1994 г. № 1.

  1. а б Герб Брэста Архівавана 13 верасня 2016. // сайт Брэсцкага гарадскога выканкама.
  2. а б Герб Берасця // сайт «Геральдикум».
  3. Гербы гарадоў Брэсцкай вобласці
  • Цітоў А. К. Гарадская геральдыка Беларусі. — Мн.: Полымя, 1989. — 207 с.
  • Цітоў А. К. Пячаткі старажытнай Беларусі: Нарысы сфрагістыкі. — Мн.: Полымя, 1993. — С. 196—198.