Герб СССР

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Герб СССР
Дэталі
Зацверджаны 1923
Шчыт
візантыйскі, блакітны, стылізаваны пад глобус
Шчытатрымальнікі
залатыя каласы пшаніцы
Заснаванне 6 ліпеня 1923
Дэвіз
Пралетары ўсіх краін, яднайцеся!
Іншыя элементы залатое ўзыходнае сонца, над глобусам чырвоная зорка; чырвоная стужка з залатым дэвізам
Выкарыстанне да 1992 (са зменамі ў дызайне)

Дзяржаўны герб СССР — афіцыйная эмблема Савецкай дзяржавы. Герб СССР зацверджаны Канстытуцыяй СССР (ст. 143) і ўяўляе сабой выяву сярпа і молата на фоне зямнога шару, у промнях сонца і ў абрамленні каласоў, з надпісам на мовах саюзных рэспублік: «Пралетары ўсіх краін, злучайцеся!». У верхняй частцы гербу — пяціканцовая зорка.

Дзяржаўны герб СССР сімвалізаваў аснову агульнанароднай дзяржавы — саюз рабочых і сялян, добраахвотнае аб’яднанне раўнапраўных саюзных рэспублік у адзінай саюзнай дзяржаве, раўнапраўе сацыялістычных нацый, і выяўляе ідэю інтэрнацыянальнай салідарнасці народаў СССР з працоўнымі ўсіх краін.

Мацерыкі на гербе выяўлены светла-карычневымі, дэвізы — залатымі літарамі па чырвонай стужцы. Серп і молат на гербе ўвасабляюць новую ўладу і мірную працу; каласы — жыццяздольнасць дзяржавы, росквіт; сонца — святло ідэй кастрычніцкай рэвалюцыі, крыніцу сілы савецкай дзяржавы, светлую будучыню; чырвоная зорка — пралетарскі інтэрнацыяналізм і барацьбу працы з капіталізмам на пяці кантынентах; а залатая аблямоўка зоркі — водбліск агню рэвалюцыі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першы дзяржаўны герб СССР быў сцверджаны ЦВК СССР 6 ліпеня 1923 года. Апісанне яго было замацавана ў Канстытуцыі СССР 1924 года. У 1923—1931 гадах дэвіз: «Пралетары ўсіх краін, злучайцеся!» быў напісаны на шасці чырвоных стужках, якія аплятаюць каласы (на кожнай са стужак на сваёй мове — па колькасці тытульных моў чатырох саюзных рэспублік-заснавальніц, якія былі афіцыйнымі мовамі СССР): рускай, украінскай, беларускай, армянскай, грузінскай і цюрка-татарскай. Пасля ўтварэння ў 1924 годзе Узбекскай і Туркменскай ССР колькасць стужак супала з колькасцю саюзных рэспублік, аднак простай адпаведнасці паміж імі не было. Такі самы стан захаваўся ў 1931 годзе пасля дадавання дэвіза на таджыкскай мове. Толькі з 1937 года вызначана адпаведнасць «адна рэспубліка — адна стужка з дэвізам на яе тытульнай мове», чаго трымаліся далей. У 1937—1946 гадах на гербе было 11 стужак, у 1946—1956 гадах — 16 стужак, з 1956 года — 15 стужак.[1]

Восенню 1922 года на Дзяржзнаку пачала працу камісія па выпрацоўцы савецкай сімволікі. Былі створаны кампазіцыі першых савецкіх марак і купюр. 10 студзеня 1923 года Прэзідыум ЦВК СССР стварыў камісію па распрацоўцы дзяржаўнага герба і сцяга. Тады ж ЦВК вызначыў галоўныя элементы дзяржаўных знакаў СССР, успадкаваныя ад гербаў рэспублік-заснавальніц: серп і молат у сонечных праменях, дэвіз: «Пралетары ўсіх краін, злучайцеся!». У лютым 1923 года заказ на стварэнне герба быў перададзены на Дзяржзнак. Захаваліся эскізы праектаў герба мастакоў Дзяржзнака Д. С. Галядкіна, Я. Б. Дрэера, М. М. Качуры, В. К. Купрыянава, П. Румянцава, А. Г. Якімчанкі, І. Д. Шадра.

Адзін з ранніх праектаў (1923) можна ўбачыць на будынку Цэнтральнага тэлеграфа ў Маскве: зямны шар аточаны каласамі, уверсе чырвоная зорка, па баках серп і молат. Мастак К. І. Дунін-Баркоўскі, прыхільнік класічнай геральдыкі, прэзентаваў герб СССР як геральдычны шчыт з сярпом і молатам. Праект Д. С. Галядкіна — пяцікутнік, у сярэдзіне якога серп і молат у сонечных праменях, вакол — індустрыяльныя сімвалы. Праект Я. Б. Дрэера — серп, молат, зорка, зямны шар, стужкі з дэвізам. Праект В. П. Корзуна ўжо вельмі блізкі да зацверджанага пазней гербу СССР. У працу па стварэнні герба ўключыўся і загадчык мастацка-рэпрадукцыйнага аддзела Дзяржзнака В. Н. Адрыянаў (1875—1938). Менавіта ён, як картограф, прапанаваў унесці ў герб выяву зямнога шара. Зямны шар мусіў азначаць, што доступ у Саюз адкрыты ўсім дзяржавам свету. Агулам уся кампазіцыя герба была складзена менавіта Адрыянавым. За працай над эскізам герба сачылі органы дзяржаўнай улады. Прыкладам, сакратар Прэзідыума ЦВК А. С. Янукідзэ 28 чэрвеня 1923 года прапанаваў наверсе герба, на месца вензеля «СССР», змясціць чырвоную зорку. Яго рэмарка: «Замест вензеля зорку» захавалася на архіўным малюнку В. П. Корзуна.

На апошняй стадыі да працы над гербам быў запрошаны мастак І. І. Дубасаў, ён і зрабіў канчатковы малюнак. У яго першым праекце дэвізы змяшчаліся на чырвонай стужцы, якая закрывала ніжнюю частку герба. Потым было вырашана размясціць дэвізы на шасці мовах на перацяжках стужкі.

6 ліпеня 1923 года II-я сесія ЦВК СССР прыняла выяву герба (адначасна з прыняццем праекта Канстытуцыі). 22 верасня 1923 года выява герба быў канчаткова зацверджана Старшынёй Прэзідыума ЦВК СССР А. С. Янукідзэ. Канстытуцыя СССР, прынятая II-м з’ездам Саветаў 31 студзеня 1924 года, афіцыйна зацвердзіла новы герб.

Канстытуцыя СССР 1924 года змяшчала апісанне дзяржаўных знакаў у 11-й частцы:

70. Дзяржаўны герб Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік складаецца з сярпа і молата на зямным шары, выяўленым у праменях сонца і апраўленым каласамі, з надпісам на мовах, названых у арт. 34: «Пралетары ўсіх краін, злучайцеся!». Наверсе герба ёсць пяціканцовая зорка

У Канстытуцыі СССР 1936 года герб апісаны ў Частцы XII «ГЕРБ, СЦЯГ, СТАЛІЦА». Артыкул 143 абвяшчаў:

Дзяржаўны герб Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік складаецца з сярпа і молата на зямным шары, выяўленым у праменях сонца і апраўленым каласамі, з надпісам на мовах саюзных рэспублік: «Пралетары ўсіх краін, злучайцеся!» Наверсе герба ёсць пяціканцовая зорка

Пад канец 1920-х гадоў на герб быў дададзены дэвіз: «Пралетары ўсіх краін, злучайцеся!» па-таджыкску. Рускі варыянт дэвіза перасунуўся на цэнтральнай перацяжцы стужкі. Падобныя гербы друкаваліся на казначэйскіх білетах СССР 1934 года выпуску. Надпісы зроблены на рускай, украінскай, беларускай (усе кірыліцай), грузінскай (грузінскі алфавіт), армянскай (армянскі алфавіт), цюркска-татарскай (арабскі алфавіт; была тытульнай мовай Азербайджанскай ССР у складзе ЗСФСР, Узбекскай і Туркменскай ССР), таджыкскай (лацінскі алфавіт) мовах.

У розных варыянтах герба, створаных мастакамі Дзяржзнака, было прапанавана адмовіцца ад традыцыйнага геральдычнага шчыта і змясціць у пяцікутніках і колах выявы розных прылад працы, у тым ліку вілы, граблі, кавадлы, шасцярэнькі

Па Канстытуцыі 1936 года СССР складаўся з 11 рэспублік (суб’екты былога ЗСФСР — Азербайджанская, Армянская і Грузінская ССР — і былыя аўтаномныя ў складзе РСФСР Казахская і Кіргізская ССР сталі самастойнымі саюзнымі рэспублікамі). Стужак на гербе таксама стала адзінаццаць (Азербайджанская, Узбекская і Туркменская ССР, разам з Казахскай і Кіргізскай, атрымалі па ўласнай версіі дэвіза лацінкай). З гэтага часу і да распаду СССР дэвізныя стужкі на гербе выяўлялі не толькі тытульныя мовы саюзных рэспублік (яны ж афіцыйныя мовы Саюза), але і самі рэспублікі.

Сакратарыят Прэзідыума Вярхоўнай Рады СССР 3 верасня 1940 года вырашыў зрабіць змены ў дзяржаўны герб СССР з прычыны змены колькасці саюзных рэспублік і ўдакладненнем напісання дэвіза на нацыянальных мовах. Вялася праца па падрыхтоўцы новай Канстытуцыі, і 3 сакавіка 1941 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета прыняў папярэдні праект герба, але завяршэнню прац перашкодзіла Другая сусветная вайна. Толькі 26 чэрвеня 1946 года Указам Прэзідыума ВС СССР[2] быў уведзены новы варыянт герба, дэвіз на якім быў напісаны на 16 мовах саюзных рэспублік. Да надпісаў, якія былі раней былі дададзены дэвізы на малдаўскай, латышскай, літоўскай, эстонскай і фінскай мовах. Надпісы на мовах сярэднеазіяцкіх рэспублік і Азербайджана напісаны ўжо кірыліцай.

16 ліпеня 1956 года Карэла-Фінская ССР ператворана ў аўтаномную рэспубліку ў складзе РСФСР, з гэты прычыны Указам ПВС СССР ад 12 верасня 1956 года шаснаццатая стужка з дэвізам на фінскай мове выдалена з герба. 1 красавіка 1958 года Указам ПВС СССР быў удакладнены тэкст дзяржаўнага дэвіза на беларускай мове. Ён стаў гучаць як: «ПРАЛЕТАРЫІ ЎСІХ КРАІН, ЯДНАЙЦЕСЯ!», змена была занесена ў герб СССР. Трохі раней, 21 лютага 1958 года, такое ж удакладненне па ўказе ПВС Беларускай ССР было зроблена на гербе БССР.

Размяшчэнне стужак з дэвізамі на гербе СССР адпавядала парадку пераліку саюзных рэспублік у арт. 13 Канстытуцыі, вызначанаму адпаведна колькасці насельніцтва.

Удакладненне і перамалёўку герба ў розны час рабілі мастакі Дзяржзнака І. З. Крылкоў, З. А. Ноўскі, П. М. Чарнышоў, З. А. Паманскі. 31 сакавіка 1980 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР зацверджана Палажэнне пра Дзяржаўны герб СССР. 25 чэрвеня 1980 года яно зацверджана Законам СССР. Паводле гэтага Палажэння:

1. Дзяржаўны герб Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік з’яўляецца знакам дзяржаўнага суверэнітэту СССР, непарушнага саюза рабочых, сялян і інтэлігенцыі, сяброўства і братэрства працоўных усіх нацый і народнасцяў краіны, дзяржаўнага адзінства савецкага народа, які будуе камуністычнае грамадства.

2. Дзяржаўны герб Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік уяўляе сабою выяву сярпа і молата на фоне зямнога шара, у праменях сонца і ў апраўленні каласоў, з надпісам на мовах саюзных рэспублік: «Пралетары ўсіх краін, злучайцеся!». У верхняй частцы герба — пяціканцовая зорка. Надпісы на Дзяржаўным гербе Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік на мовах саюзных рэспублік выяўляюцца на стужцы, якая абвівае каласы, у наступным парадку: унізе ў цэнтры — на рускай; знізу ўгору з левага боку — на ўкраінскай, узбекскай, грузінскай, літоўскай, латышскай, таджыкскай, туркменскай; з правага боку — на беларускай, казахскай, азербайджанскай, малдаўскай, кіргізскай, армянскай, эстонскай. У каляровай выяве Дзяржаўнага герба Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік серп і молат, сонца і каласы — залатыя; водная паверхня зямнога шара — блакітная, мацерыкі — светла-карычневыя; стужка — чырвоная; зорка — чырвоная, апраўленая залатой аблямоўкай

У 1990-х гадах герб і іншая савецкая сімволіка выкарыстоўвалася на купюрах СССР, да скасавання зоны савецкага рубля ў 1994 годзе, на розных дакументах, надрукаваных да 1993 года (у 1992 годзе друк савецкіх дакументаў працягваўся), дзяржаўных узнагародах СССР і іншым. Цалкам выкарыстанне сімволікі СССР спынілася на постсавецкай прасторы ў 2002 годзе, калі спынілася выдача пашпартоў СССР і выкарыстанне штампаў, а таксама дакументаў з яго выявамі.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]