Каралеўства Германія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Германскае каралеўства)
Каралеўства
Каралеўства Германія
лац.: regnum teutonicorum
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Германія ў складзе Свяшчэннай Рымскай Імперыі ў 1004 годзе
Германія ў складзе Свяшчэннай Рымскай Імперыі ў 1004 годзе
< 
 >
919 — 962

Сталіца
Мова(ы) нямецкая, афіцыйна - лацінская,
Афіцыйная мова нямецкая і лацінская мова
Грашовая адзінка дэнарый (пфеніг)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Каралеўства Германія (лац.: regnum teutonicorum) — гісторыяграфічны тэрмін, які выкарыстоўваецца для абазначэння сярэдневяковых дзяржаў на тэрыторыі сучаснай Германіі; выкарыстоўваецца звычайна ў дачыненні да перыяду 919—962 гадоў у гісторыі Усходне-Франкскага каралеўства, або да германскіх тэрыторый у складзе Свяшчэннай Рымскай Імперыі.

Утварэнне каралеўства[правіць | правіць зыходнік]

У выніку Вердэнскага падзелу 843 года Франкская імперыя была падзелена на часткі паміж трыма сынамі імператара Людовіка I Набожнага, Лотарам I, Людовікам II Нямецкім і Карлам II Лысым. Старэйшы, імператар Лотар I, атрымаў так званае Сярэдзіннае каралеўства, якое пасля яго смерці ў 855 годзе распалася, у сваю чаргу, на 3 дзяржавы (каралеўствы Італія, Праванс і Латарынгія). Людовік II Нямецкі атрымаў Усходне-Франкскае каралеўства (Каралеўства ўсходніх франкаў), а Карл II Лысы — Заходне-Франкскае каралеўства (Францыя).

Нашчадкі Людовіка II Нямецкага кіравалі Усходне-Франкскім каралеўствам да пачатку X стагоддзя. За гэты час яны пашырылі тэрыторыю сваёй дзяржавы за кошт Латарынгіі. Паводле Мерсенскага дагавора 870 года Людовік II Нямецкі далучыў усходнюю частку Латарынгіі, а ў 880 годзе паводле Рыбмонскага дагавора Людовік III Малодшы далучыў да сваіх уладанняў і заходнюю частку Латарынгіі.

Каралеўства Германія: яно складалася з пяці буйных племянных герцагстваў — Саксоніі, Баварыі, Франконіі, Швабіі і Латарынгіі, якія ўяўлялі сабой адносна аднародныя ў племянным складзе напаўнезалежныя княствы. У часы кіравання малалетняга Людовіка IV Дзіця ўлада племянных герцагаў значна ўзмацнілася, у той час як механізмы каралеўскай улады апынуліся аслабленымі. Становішча ўскладнялася бесперапыннымі набегамі венграў, якія цалкам знішчылі сістэму абароны паўднёва-ўсходніх граніц дзяржавы. Ініцыятыва адпору знешняй пагрозе і падтрымання дзяржаўнай улады перайшла да рэгіянальных кіраўнікоў: герцагаў Баварыі, Саксоніі і Франконіі.

У 911 годзе са смерцю караля Людовіка Дзіцяці згасла ўсходнефранкская галіна Каралінгаў. Галоўным прэтэндэнтам на каралеўства, паводле старажытнагерманскага звычаю, быў кароль Заходне-Франкскага каралеўства Карл III Дурнаваты, аднак германская знаць адмовілася прызнаць яго правы, вырашыўшы выбраць новага караля з ліку герцагаў каралеўства. Першапачаткова карона была прапанавана самаму магутнаму з герцагаў — герцагу Саксоніі Атону I Найяснейшаму, аднак 75-гадовы герцаг адмовіўся ад прастола. У выніку, у лістападзе 911 года ў Форхгайме новым каралём быў абраны герцаг Франконіі Конрад. Яго выбар быў падтрыманы герцагамі Саксоніі, Баварыі і Швабіі. Аднак нядоўгае кіраванне Конрада I прывяло да таго, што цэнтральная ўлада практычна перастала кантраляваць становішча спраў у герцагствах, а Латарынгія аддзялілася ад Усходне-Франкскага каралеўства і перайшла пад кіраванне каралёў Заходне-Франкскага каралеўства.

Конрад памёр у 918 годзе, пасля чаго ў маі 919 года новым каралём быў абраны герцаг Саксоніі Генрых I Птушкалоў.

Аднак частка феадалаў не прызнала Генрыха, абраўшы каралём герцага Баварыі Арнульфа Злога. У летапісным запісе пра гэты факт упершыню быў згаданы выраз «Каралеўства Германія» (лац.: regnum teutonicorum) — «Арнульф, герцаг Баварыі, быў выбраны кіраваць германскім каралеўствам» (лац.: Baiuarii sponte se reddiderunt Arnolfo duci et regnare ei fecerunt in regno teutonicorum), таму 919 год нярэдка лічыцца момантам узнікнення на месцы Усходне-Франкскага каралеўства новай дзяржавы — каралеўства Германіі.

Тэрыторыя, падуладная Арнульфу Злому, фактычна зводзілася да Баварыі і наваколляў, а ў 921 годзе Арнульф Злы вымушаны быў прызнаць каралём Генрыха I Птушкалова. Генрых I і яго нашчадкі не выкарыстоўвалі назву «каралеўства Германія». Напрыклад, ужо ў тым жа 921 годзе пры падпісанні Бонскага дагавора Генрых I называўся каралём усходніх франкаў (лац.: rex Francorum orientalium).

Германскае каралеўства пры Людальфінгах[правіць | правіць зыходнік]

Да 921 годзе Генрыху I удалося дамагчыся прызнання свайго каралеўскага статусу ў герцагаў Баварыі і Швабіі. У гэтым жа годзе Генрых заключыў у Боне дагавор з каралём Заходне-Франкскага каралеўства Карлам Дурнаватым, прычым Карл называў яго «сваім сябрам, усходнім каралём», а Генрых яго — «Божай лайскай каралём заходніх франкаў». Нягледзячы на такую прыязнасць, Генрых скарыстаўся ўсобіцамі на Захадзе, каб далучыць Латарынгію да Германіі: клапатлівы і няўрымслівы герцаг Гізельберт быў уціхаміраны і трапіў у палон да Генрыха, які не толькі не пазбавіў яго герцагства, але нават выдаў за яго замуж сваю дачку Гербергу ў 928 годзе. Гэтым быў зроблены важны крок: нямецкія плямёны злучыліся ў адну дзяржаву, якая складала агульнае цэлае, нягледзячы на тое, што насіла характар федэрацыі.

За час свайго кіравання Генрыху ўдалося пашырыць тэрыторыю Германскага каралеўства на ўсход за кошт заваявання тэрыторый, заселеных славянамі. На месцы захопленых тэрыторый ён заснаваў некалькі марак для абароны сваіх уладанняў ад набегаў славян. Таксама Генрыху ўдалося абараніць Германію і ад набегаў венграў і датчан.

Генрых I памёр у 936 годзе. Яго спадчыннікам стаў старэйшы сын ад другога шлюбу — Атон I Вялікі.

У першыя гады свайго кіравання Атону прыйшлося ўціхамірваць паўстанні германскай знаці. У час яго кіравання Германскае каралеўства значна ўмацавалася: былі адбіты набегі венграў (бітва на рацэ Лех у 955 годзе), пачалася актыўная экспансія ў бок славянскіх зямель Паэльб’я і Мекленбурга. Заваяванні суправаджалася энергічнай місіянерскай дзейнасцю ў славянскіх краінах, Венгрыі і Даніі. Царква ператварылася ў галоўную апору каралеўскай улады ў Германіі. Племянныя герцагствы, якія складалі аснову тэрытарыяльнай структуры Усходне-Франкскага каралеўства, пры Атоне I былі падпарадкаваны цэнтральнай улады. Да пачатку 960-х гадоў Атон стаў найбольш магутным кіраўніком сярод усіх дзяржаў-спадчыннікаў імперыі Карла Вялікага і набыў рэпутацыю абаронцы хрысціянскай царквы.

У 951 годзе Атон распачаў паход у Італьянскае каралеўства, нагодай да якога паслужыў захоп маркграфам Берэнгарам II Іўрэйскім маладой удавы караля Італіі Лотара, Адэльгейды. Берэнгар не змог аказаць супраціўленне Атону і нават не здолеў усцерагчы сваю палонніцу, якая знайшла магчымасць уцячы. У Адэльгейды ў Італіі былі свае прыхільнікі і, да таго ж, яна валодала такімі асабістымі добрымі якасцямі, што заўдавелы Атон прапанаваў ёй пабрацца з ім шлюбам. Іх вяселле адбылося ў тым жа годзе ў Павіі. З Берэнгарам Атон зладзіў без асаблівых цяжкасцей, той прыйшоў да яго ў Магдэбург, каб выказаць сваю пакору, і атрымаў у лен ад Атона каралеўства Італія.

Але ў 961 годзе Атон быў вымушаны пачаць другі паход у Італію, паколькі Берэнгар быў не здольны доўга выносіць становішча васала караля Германіі. У Італію Атона заклікаў Ян XII, які сядзеў на папскім прастоле і прыгнятаўся Берэнгарам. Калі Атон прыйшоў з войскам у Італію, магутнасць Берэнгара разляцелася ў прах: сабранае ім войска разбеглася і Атон бесперашкодна падышоў пад сцены Рыма.

Прыняты Атон быў найлепшым чынам: у нядзелю 2 лютага 962 года пасля ўрачыстай сустрэчы Папа ўручыў яму імператарскую карону ў царкве Святога Пятра, а імператар абяцаў вярнуць ранейшыя царкоўныя ўладанні Пап. Гэта дата лічыцца датай утварэння Свяшчэннай Рымскай імперыі. Хоць сам Атон I, відавочна, не намерваўся засноўваць новую імперыю і разглядаў сябе выключна як пераемніка Карла Вялікага, фактычна, пераход імператарскай кароны да германскіх манархаў азначаў канчатковае адасабленне Германіі ад Заходне-Франкскага каралеўства (Францыі) і фарміраванне новага дзяржаўнага ўтварэння на аснове нямецкіх і паўночнаітальянскіх тэрыторый, якое выступала спадчыннікам Рымскай імперыі і прэтэндавала на ролю заступніка хрысціянскай царквы.

Каралеўства Германія ў складзе Свяшчэннай Рымскай імперыі[правіць | правіць зыходнік]

Пачаўшы прэтэндаваць на Італію, Атон I стаў называць сябе ўжо не проста франкскім каралём, а, падобна да Карла Вялікага, «каралём франкскім і ламбардскім» (Rex Francorum et Langobardorum). Стаўшы імператарам, Атон I выкарыстоўваў тытул «імператар рымлян і франкаў» (лац.: imperator augustus Romanorum et Francorum). Яго пераемнікі называлі сябе проста рымскімі імператарамі. Такім чынам, Усходне-Франкскае каралеўства перастала існаваць. Тым не менш, многія гісторыкі называюць тэрмінам «каралеўства Германія» нямецкую частку Свяшчэннай Рымскай імперыі.

Адпаведна, каралёў, якія ўжо былі выбраны нямецкімі феадаламі, але яшчэ не сталі імператарамі, часта называюць каралямі Германіі (Rex Teutonicus ці ж Rex Teutonicorum). Аднак, афіцыйна Атон II называўся «рымскім імператарам» з 982 года пры жывым бацьку, Генрых II быў выбраны як «кароль франкскі і ламбардскі», а наступных каралёў да каранацыі Папам звычайна называлі «рымскімі каралямі» (Rex Romanorum).

Другі раз, ужо не ў летапісе, а ў афіцыйным дакуменце словазлучэнне «каралеўства Германія» (Regnum Teutonicorum) з’явілася ў XI стагоддзі. Яго выкарыстоўвала папская курыя ў час канфлікту Папы Грыгорыя з каралём Генрыхам IV. У XII стагоддзі назва «каралеўства Германія» стала нярэдка згадвацца ў замежных крыніцах, а пачынаючы з Фрыдрыха Барбаросы — і ў германскіх дыпламатычных дакументах.

Афіцыйны тытул «кароль у Германіі» (лац.: Rex Germaniae, ням.: König in Germanien) упершыню прыняў на сябе ў XVI стагоддзі імператар Максіміліян I, які адмовіўся ад паходаў за Альпы з мэтай атрымання імператарскай годнасці — ён не змог прыбыць у Рым для каранацыі, і Папа Юлій II дазволіў яму карыстацца тытулам «выбранага імператара».

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Балакин В. Д. Творцы Священной Римской империи. — м: Молодая гвардия, 2004. — 356 с. — (Жизнь замечательных людей: Серия биографий; Вып. 1095 (895)). — 5 000 экз. — ISBN 5-235-02660-8.
  • Бульст-Тиле Мария Луиза, Йордан Карл, Флекенштейн Йозеф. Священная Римская империя: эпоха становления / Пер. с нем. Дробинской К.Л., Неборской Л.Н. под редакцией Ермаченко И.О. — СПб.: Евразия, 2008. — 480 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-5-8071-310-9.
  • Тейс Л. Наследие Каролингов. IX — X века / Перевод с французского Т. А. Чесноковой. — М.: «Скарабей», 1993. — Т. 2. — 272 с. — (Новая история средневековой Франции). — 50 000 экз. — ISBN 5-86507-043-6.
  • Егер О.. Всемирная история: в 4 томах. — СПб.: Специальная литература, 1997. — Т. 2: Средние века. — 690 с. — 5 000 экз. — ISBN 5-87685-085-3.