Германская акупацыя Беларусі ў гады Першай сусветнай вайны

Герма́нская акупа́цыя Белару́сі (1915—1918) — перыяд у гісторыі Беларусі падчас Першай сусветнай вайны, калі значная частка сучаснай беларускай тэрыторыі знаходзілася пад ваенным і адміністрацыйным кантролем Германскай імперыі. У шырокім кантэксце падзеі пачаліся з уварваннем Германіі ў Расійскую імперыю 1 жніўня 1914 года і скончыліся з распадам Германскай імперыі 11 лістапада 1918 года. Акупацыя праходзіла ў два асноўныя этапы: з восені 1915 года пад кантролем немцаў апынулася каля 25 % тэрыторыі (заходнія паветы), дзе быў створаны ваенна-адміністрацыйны рэгіён Обер Ост; з лютага 1918 года, пасля зрыву мірных перагавораў у Брэст-Літоўску, германскія войскі занялі каля 80 % тэрыторыі сучаснай Беларусі. Акупацыйны рэжым характарызаваўся жорсткай эканамічнай эксплуатацыяй, татальным кантролем за перамяшчэннем насельніцтва, рэквізіцыямі і адначасовымі спробамі інтэграцыі рэгіёна ў германскую геапалітычную прастору. За час акупацыі і баявых дзеянняў было знішчана каля 130 тысяч беларусаў[заўв 1][1].
Мабілізацыя і пачатак вайны
[правіць | правіць зыходнік]На руска-германскім фронце вайна пачалася з баёў ва Усходняй Прусіі, Польшчы і Галіцыі. Паўночна-заходнія губерні, якія знаходзіліся паблізу ад тэатра ваенных дзеянняў, пераводзіліся на ваеннае становішча. На тэрыторыі Беларусі забараняліся забастоўкі, мітынгі, шэсці, дэманстрацыі і ўводзілася ваенная цэнзура. Землі апынуліся ў складзе Дзвінскай і Мінскай ваенных акруг, і, у адпаведнасці з указам расійскага імператара Мікалая ІІ ад 20 ліпеня 1914 года, уся мясцовая цывільная адміністрацыя павінна была цалкам падпарадкавацца свайму ваеннаму начальству[2][3]. У Баранавічах размясцілася Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага вялікага князя Мікалая Мікалаевіча. 29 ліпеня па яго распараджэнні начальнікам ваенных акруг была накіравана дырэктыва, якая абавязвала аказваць цывільным уладам самую энергічную дапамогу ваеннай сілай, каб пры поўным адзінстве ваенных і цывільных уладаў ліквідаваць усякую спробу беспарадкаў на месцах[4]. З 8 (21) жніўня 1915 года Стаўка была перанесена ў Магілёў.
Геапалітычныя планы Германіі
[правіць | правіць зыходнік]Да пачатку Першай сусветнай вайны беларускія землі не з'яўляліся асобным аб'ектам геапалітычных інтарэсаў Германскай імперыі. У нямецкіх навуковых і палітычных колах уяўленні пра Беларусь былі даволі павярхоўнымі, і гэтыя тэрыторыі разглядаліся пераважна як гаспадарча і культурна адсталая частка Расійскай імперыі[5].
З разгортваннем ваенных дзеянняў у Германіі набыла папулярнасць канцэпцыя «Сярэдняй Еўропы» (ням.: Mitteleuropa), якая прадугледжвала стварэнне магутнага эканамічнага і палітычнага саюза пад эгідай Германіі і Аўстра-Венгрыі. Шэраг нямецкіх ідэолагаў, такія як К. Франц і П. Рорбах, прапаноўвалі максімальна аслабіць Расію шляхам аддзялення ад яе заходніх нацыянальных ускраін (Польшчы, Літвы, Курляндыі, Украіны) і стварэння ланцуга буферных дзяржаў. Беларускія землі ў гэтых планах спачатку не разглядаліся як аснова для самастойнай дзяржавы. Іх планавалася альбо далучыць да будучага Каралеўства Польскага для кампенсацыі тэрытарыяльных страт Польшчы на карысць Германіі, альбо падзяліць паміж Польшчай і Літвой[5]. У эканамічным плане тэрыторыя Беларусі разглядалася як надзвычай выгадны транзітны калідор на расійскі і ўкраінскі рынкі, а таксама як крыніца таннай сыравіны (асабліва лесу) і таннай працоўнай сілы[5].
Устанаўленне акупацыйнага рэжыму
[правіць | правіць зыходнік]
У выніку нямецкага наступлення летам і восенню 1915 года, у тым ліку Свянцянскага прарыву, расійскія войскі пакінулі значную частку заходніх губерняў. Да кастрычніка 1915 года лінія фронту стабілізавалася на ўчастку Дзвінск — Паставы — Смаргонь — Баранавічы — Пінск. Пад германскай акупацыяй апынулася каля 50 тысяч квадратных кіламетраў (каля 25 %) сучаснай тэрыторыі Беларусі, уключаючы Гродзенскую і частку Віленскай губерні[5]. Расійскія ўлады перад адступленнем дэмантавалі або вывезлі ў іншыя губерні Расіі 432 прамысловыя аб'екты і шэраг навучальных устаноў. З прыфрантавых Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў было вывезена яшчэ 29 прадпрыемстваў. Знішчаліся пасевы і запасы сельскагаспадарчай прадукцыі, пры гэтым сялянам выплачваліся кампенсацыі па дзяржаўных расцэнках[6].
На захопленых тэрыторыях было ўтворана ваенна-адміністрацыйнае ведамства Обер Ост пад камандаваннем генерала П. фон Гіндэнбурга і генерала Э. Людэндорфа. Сістэма кіравання была строга цэнтралізаванай: тэрыторыя падзялялася на адміністрацыйныя акругі, якія драбніліся на ўезды (паветы) і воласці, на чале якіх стаялі выключна нямецкія афіцэры. Беларускія землі былі падзелены паміж ваеннымі ўпраўленнямі Літва, Беласток-Гродна (з лютага 1918 года яны былі аб'яднаны ў адзінае Ваеннае ўпраўленне Літва, у якім беларускія землі ўвайшлі ў Раён Поўдзень) і тылавымі раёнамі дзейных армій[5].
Другі этап акупацыі пачаўся ў лютым 1918 года. Пасля таго як бальшавікі сарвалі мірныя перагаворы, 18 лютага германская армія перайшла ў імклівае наступленне. Да пачатку сакавіка падраздзяленні 10-й арміі занялі большую частку Беларусі, выйшаўшы на лінію Расоны — Полацк — Орша — Жлобін і далей да Навазыбкава. На гэтых новаакупіраваных тэрыторыях немцы не стваралі пастаяннай цывільнай адміністрацыі, бо лічылі іх часова занятымі да выканання Расіяй умоў Брэсцкага міру. Улада знаходзілася ў руках ваеннага камандавання 10-й арміі на чале з генералам Э. фон Фалькенгайнам, якое дазволіла аднавіць дзейнасць мясцовых земстваў і гарадскіх дум для вырашэння выключна гаспадарчых пытанняў[7].
Жыццё пад акупацыяй і эканамічная эксплуатацыя
[правіць | правіць зыходнік]Гаспадарка на акупіраваных тэрыторыях была цалкам падпарадкавана патрэбам германскай ваеннай машыны. Усе прадпрыемствы, якія былі здольныя вырабляць ваенную прадукцыю, перайшлі пад непасрэдны кантроль акупантаў. Заводы, абсталяванне якіх не паспелі эвакуіраваць у Расію, альбо перапрафіляваліся пад ваенныя патрэбы, альбо цалкам дэмантаваліся і вывазіліся ў Германію[5].
Асаблівая ўвага надавалася лясной і сельскай гаспадарцы. Беларускія лясы бязлітасна высякаліся для патрэб фронту і экспарту. Была створана сетка ваенных лясных упраўленняў (Белавежа, Гродна, Беласток). Толькі з Белавежскай пушчы, дзе пачалі працаваць 7 лесапільных заводаў, у 1916—1917 гадах былі вывезены мільёны кубаметраў драўніны[6]. Для транспарціроўкі лесу і абслугоўвання фронту немцы пабудавалі шырокую сетку вузкакалейных чыгунак (фельдбанаў), у тым ліку на лініях Наваельня — Навагрудак — Любча і Пружаны — Аранчыцы[5]. Памешчыцкія маёнткі, уладальнікі якіх збеглі ў Расію, перадаваліся афіцэрам нямецкай арміі[6]. У сельскай гаспадарцы практыкаваліся масавыя рэквізіцыі ўраджаю, жывёлы і фуражу. Уводзілася забарона на забойства жывёлы і птушкі без спецыяльнага дазволу, які прадугледжваў абавязковую здачу часткі мяса ўладам. Для мясцовага насельніцтва былі ўведзены жорсткія карткавыя сістэмы і мізэрныя нормы спажывання, што ў выніку прывяло да голаду і збяднення[5].
Насельніцтва абкладалася шматлікімі падаткамі. Быў уведзены падушны падатак, які ў 1917 годзе складаў 8 марак з кожнага чалавека ва ўзросце ад 15 да 60 гадоў, а таксама падаткі на прамысловасць, гандаль, утрыманне сабак і манаполіі на продаж тытуню і алкаголю[6][5]. У фінансавай сферы ўлады імкнуліся выцесніць з абарачэння расійскі рубель: у 1916 годзе Усходні гандлёва-прамысловы банк пачаў эмісію ост-рублёў (а пазней ост-марак), якія сталі адзіным законным сродкам плацяжу па штучна заніжаным і нявыгадным для жыхароў курсе[5].
Вайна прывяла да катастрафічнага росту інфляцыі і пашыранага выкарыстання жаночай і дзіцячай працы. У мэтах барацьбы са шпіянажам і татальнага кантролю за працоўнымі рэсурсамі, у канцы 1915 года ўлады ўвялі абавязковую пашпартызацыю ўсіх жыхароў старэйшых за 10 гадоў. Дакументы ўтрымлівалі адбіткі пальцаў, а перамяшчэнне паміж уездамі дазвалялася толькі па спецыяльных пропусках. Выкарыстанне чыгункі ці нават гужавога транспарту цывільным насельніцтвам сурова абмяжоўвалася і абкладалася пошлінамі[5]. Адчуваючы востры недахоп працоўных рук, нямецкае камандаванне ўвяло прымусовую працоўную павіннасць з аплатай для мужчын (16—50 гадоў) і жанчын (18—45 гадоў). З іх фарміраваліся працоўныя батальёны, якія ва ўмовах голаду выкарыстоўваліся на будаўніцтве ўмацаванняў, лесанарыхтоўках і сельскагаспадарчых работах. У прыфрантавых раёнах да ваенных работ мабілізоўвалі велізарныя масы мірнага насельніцтва; напрыклад, у Мінскай губерні ў канцы 1916 года было мабілізавана 219,3 тысячы мужчын і жанчын[6][5].
Дэмаграфічная сітуацыя
[правіць | правіць зыходнік]Ваенныя дзеянні і акупацыя прывялі да маштабнай дэмаграфічнай катастрофы на беларускіх землях. Падчас адступлення ў 1915 годзе расійскія ўлады праводзілі тактыку «выпаленай зямлі» і прымусовую эвакуацыю. У выніку маштабнага бежанства сотні тысяч беларусаў былі вымушаны пакінуць свае дамы. Па розных ацэнках, ад 1,1 да 2 мільёнаў чалавек выехала ўглыб Расіі. Паводле даных нямецкага перапісу 1916 года, насельніцтва ў многіх раёнах скарацілася ўдвая. У такіх буйных гарадах, як Гродна, Ваўкавыск і Ліда, колькасць жыхароў зменшылася ў 1,5—2,5 раза[5].
Беларускі нацыянальны рух і палітычнае жыццё
[правіць | правіць зыходнік]
Першапачаткова германскае камандаванне дрэнна арыентавалася ў этнічнай сітуацыі ў рэгіёне і не ўспрымала беларусаў як самастойную палітычную сілу, робячы стаўку на літоўскі і польскі рухі. Аднак з цягам часу, дзякуючы актыўнай дзейнасці беларускай інтэлігенцыі, у прыватнасці, Антона і Івана Луцкевічаў, а таксама Вацлава Ластоўскага, нямецкая адміністрацыя пачала ўлічваць беларускі фактар для стварэння процівагі польскаму ўплыву[5].
Акупацыйныя ўлады дазволілі дзейнасць дабрачынных арганізацый, галоўнай з якіх стала Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны з цэнтрам у Вільні. На акупаванай немцамі тэрыторыі быў арганізаваны Беларускі народны камітэт[6]. З лютага 1916 года пачаў выдавацца легальны беларускамоўны тыднёвік «Гоман», які, нягледзячы на ваенную цэнзуру, адыграў вялікую ролю ў культурным і палітычным гуртаванні народа. Упершыню беларуская мова атрымала афіцыйны статус: яна ўжывалася ў нямецкіх пашпартах нароўні з нямецкай і польскай мовамі. Быў дадзены дазвол на адкрыццё беларускіх, літоўскіх і яўрэйскіх школ, дзе ўводзілася абавязковае навучанне нямецкай мове, але пры гэтым строга забаранялася навучаць дзяцей па-руску. Да вясны 1918 года дзейнічала каля 89 беларускіх пачатковых школ, для якіх легальна друкаваліся падручнікі[6][5].

У сакавіку 1917 года ў Мінску адбыўся з'езд беларускіх нацыянальных арганізацый, які вылучыў патрабаванні дзяржаўнай аўтаноміі Беларусі ў складзе дэмакратычнай Расійскай рэспублікі і выбраў выканаўчы орган — Беларускі нацыянальны камітэт (БНК). У ліпені 1917 года адбыўся з'езд беларускіх арганізацый і партый, у выніку якога замест БНК была створана Цэнтральная рада беларускіх арганізацый, пазней рэарганізаваная ў Вялікую беларускую раду.
Палітычныя патрабаванні беларускіх дзеячаў паступова эвалюцыянавалі ад ідэі аднаўлення Вялікага Княства Літоўскага ў выглядзе канфедэрацыі з Літвой да патрабавання поўнай дзяржаўнай незалежнасці. 5 снежня 1917 года пачаў работу I Усебеларускі з'езд, на якім абмяркоўваліся пытанні беларускай дзяржаўнасці. Удзельнікі падзяліліся на прыхільнікаў незалежнасці і прыхільнікаў шырокай аўтаноміі ў складзе Расіі. Было прынята кампраміснае рашэнне аб стварэнні Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў, які павінен быў вырашыць лёс краю, аднак 18 снежня бальшавіцкі Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту гвалтоўна разагнаў з'езд[8].
3 сакавіка 1918 года ў Брэст-Літоўску быў падпісаны мірны дагавор, паводле якога пад кантроль Германіі пераходзіла амаль уся тэрыторыя Беларусі. У гэтых умовах, 25 сакавіка 1918 года, прадстаўнікі беларускага нацыянальнага руху абвясцілі незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Рэспубліка пачала адкрываць дыпламатычныя місіі ў краінах, якія прызналі яе існаванне[9]. Нягледзячы на звароты ўрада БНР да германскага імператара, нямецкія ўлады афіцыйна не прызналі незалежнасць БНР, хоць і цярпелі яе паралельнае існаванне, выкарыстоўваючы беларускі ўрад для мясцовай гаспадарчай і культурнай працы[5].
Акупацыя завяршылася ў канцы 1918 — пачатку 1919 года ў сувязі з паражэннем Германіі ў вайне і Лістападаўскай рэвалюцыяй. Пасля адыходу нямецкіх войскаў тэрыторыя, на якой дзейнічалі структуры БНР, была без супраціўлення акупавана сіламі Раёсійскай СФСР і Польшчай, а ўрад БНР быў вымушаны эміграваць у Вільню.
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ З улікам ваенных страт (70 000 чалавек) у рускай арміі.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ В. Эрлихман 2004.
- ↑ О. Авербах 1915.
- ↑ Н. Якупов 1975.
- ↑ А. Беркевич 1947.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п Volkava 2019.
- ↑ а б в г д е ё В. Белявина 2014.
- ↑ Рудовіч 2020.
- ↑ Гісторыя Беларусі ў 6 т. 2006.
- ↑ Што і чаму трэба ведаць пра незалежнасць Беларусі (руск.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 снежня 2022. Праверана 7 сакавіка 2025.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Эрлихман, В. В. Потери народонаселения в XX веке : Справочник (руск.). — М.: Рус. панорама, 2004. — 174 с. — ISBN 5-93165-107-1.
- Авербах, О. И. Законодательные акты, вызванные войною 1914 года с Германиею, Австро-Венгриею и Турциею: законы, манифесты, рескрипты, указы, положения Совета Министров, Военного и Адмиралтейств-Советов, распоряжения и постановления министров и др. : [в 5 т.] (руск.). — Вільня: Типография А. Г. Сыркина, 1915. — Т. 1. — С. 15—16.
- Якупов, Н. М. Борьба за армию в 1917 году: (Деятельность большевиков в прифронтовых округах) (руск.). — М.: Мысль, 1975. — 294 с.
- Беркевич, А. Б. Крестьянство и всеобщая мобилизация в июле 1914 г.(руск.) // Исторические записки. — 1947. — Т. 23. — С. 11.
- Белявина В. Беларусь в годы Первой мировой войны(руск.) // Наука и инновации. — 2014. — Т. 10. — № 140.
- А. Вабішчэвіч. Гісторыя Беларусі ў 6 т.. — Мн., 2006. — Т. 5. — С. 93.
- Органы власти и управления Временного правительства России, германской и польской военных администраций, структур БНР на территории Беларуси (1917—1920 гг.): справочник / [С. С. Рудович и др. ; под общей редакцией С. С. Рудовича] ; Департамент по архивам и делопроизводству Министерства юстиции Республики Беларусь, Учреждение "Белорусский научно-исследовательский институт документоведения и архивного дела". — Мінск: БелНИИДАД, 2020. — 435 с. — 100 экз. — ISBN 978-985-7131-51-8.
- Volha Volkava Ziemie białoruskie pod niemiecką okupacją w okresie I wojny światowej // Pierwsza niemiecka okupacja. Królestwo Polskie i kresy wschodnie pod okupacją mocarstw centralnych 1914–1918 : зборнік. — Warszawa: 2019. — С. 669—719.