Герцагства Фрыульскае

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Фрыуль у складзе Лангабардскага каралеўства

Герцагства Фрыульскае — адно з самых вялікіх лангабардскіх герцагстваў, якое адыгрывала ролю буфера паміж Італіяй і славянамі. Разам з герцагствамі Спалета, Беневента і Трэнт, Фрыульскае герцагства часта імкнулася здабыць незалежнасць ад караля лангабардаў, таксама вяло барацьбу з франкамі на поўначы і славянамі на ўсходзе.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Правінцыя Фрыуль была першай правінцыяй у Італіі, якую заваявалі лангабарды пад кіраўніцтвам Альбаіна ў 568 годзе. Стаўшы каралём лангабардскага каралеўства, Альбаін даручыў кіраванне рэгіёнам свайму пляменніку Гізульфу І.

Нягледзячы на вельмі жорсткае заваяванне і знішчэнне часткі мясцовага насельніцтва, асноўную масу заваяванага насельніцтва Фрыуля працягвалі складаць народныя масы гала-раманскага паходжання, адхіленыя ад удзелу ў палітычным жыцці краіны, якой зараз кіравалі прадстаўнікі германскай знаці. Маланаселеныя перадгор'і на ўсходзе герцагства ў VIII стагоддзі масава каланізавалі славяне-харутане, якія ўвесь час канфліктавалі з лангабардамі[1].

На поўначы і ўсходзе герцагства размяшчаліся Карнійскія і Юлійскія Альпы, якія служылі абаронай ад нападу. На поўдні герцагства межавала з Равенскім экзархатам і першапачаткова не мела выхаду да мора. З гэтага боку часта нападалі харваты, авары, а пазней венгры. Заходняя мяжа герцагства спачатку не была вызначана, пакуль далейшыя заваяванні не прывялі да ўтварэння герцагства Чэнеда. Галоўным горадам правінцыі была Аквілея, аднак лангабардскія герцагі зрабілі сталіцай размешчаны на поўнач горад Фрыуль (лац.: Forum Julii), адкуль і назва герцагства.

Паміж 613 і 738 гадамі фрыульскія герцагі-лангабарды з пераменным поспехам ваявалі з князямі з суседняй славянскай Карантаніі за кантроль над Усходнімі Альпамі[2]. Адносіны паміж дзвюма дзяржавамі працягвалі заставацца складанымі аж да падзення Карантаніі ў 820 годзе, нават нягледзячы на тое, што абедзве краіны аб'ядноўвала барацьба супраць адзінага непрыяцеля на ўсходзе — Аварскага каганата, які спыніў сваё існаванне ў 803 годзе.

Пасля аблогі Павіі ў 774 годзе Карл Вялікі заваяваў герцагства, пакінуўшы яго герцагам Храдгаўда. Пасля гібелі апошняга ў 776 годзе імператары прызначалі новымі герцагамі франкаў. У 827 годзе герцагства было падзелена на некалькі марак, якія ў 846 годзе былі аб'яднаны ў маркграфства Фрыульскае.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]