Глеб Святаславіч (князь смаленскі)
Глеб Святаславіч | ||
| ||
---|---|---|
1392 — 1395 | ||
Папярэднік | Святаслаў Іванавіч | |
Пераемнік | Раман Міхайлавіч | |
Веравызнанне | праваслаўе | |
Нараджэнне | каля 1355 | |
Смерць | 12 жніўня 1399 | |
Род | Рурыкавічы | |
Бацька | Святаслаў Іванавіч |
Глеб Святасла́віч (? — 12 жніўня 1399) — князь смаленскі (1392—1395).
Старэйшы сын вял. кн. смаленскага Святаслава Іванавіча. Упершыню Глеб успамінаецца крыніцамі пад 1386 годам, калі разам з бацькам, малодшым братам Юрыем і стрыечным братам Іванам Васілевічам, браў удзел у паходзе смаленскіх войскаў на Віцебск, Оршу і Мсціслаў. Летапісцы адзначаюць, што смаляне былі вельмі жорсткія да вялікалітоўскіх падданых, «кого где изъимавши, и мучаху нещадно различными казньми, мужеи, и жон, и детеи, а иных в ызбы насажавше, и запирающе, и зажигаху»[1]. Да Мсціслава смаленскае войска падышло 18.4.1386 года і аблажыла горад. На дапамогу абложаным 29.4.1386 года падышлі вялікалітоўскія войскі пад камандаваннем Скіргайла. Смаляне былі знішчальна разбітыя ў бітве на рацэ Віхры (29.4.1386[2]), вял. кн. Святаслаў і яго пляменнік Іван Васілевіч загінулі, параненыя Глеб і Юрый Святаславічы трапілі ў палон.[3]
З пад Мсціслава вялікалітоўскае войска прыйшло да Смаленска, горад здаўся і заплаціў выкуп. Скіргайла даў смаленскі сталец малодшаму брату Глеба — Юрыю, які 16.9.1386[2] года ў Вільні прысягнуў[4] на вернасць польскаму кар. і вярх.кн. літоўскаму Уладзіславу-Ягайла і яго літоўскаму намесніку Скіргайле, абавязаўся аказваць вайсковую падтрымку і не мець сувязяў з полацкім кн. Андрэем Альгердавічам. Мяккасць стаўлення да Юрыя і наданне менавіта яму смаленскага стальца, напэўна, тлумачыцца яго шлюбам з пляменніцай Альгердавічаў. Глеб Святаславіч, напэўна, застаўся закладнікам пры двары Скіргайлы.[3]
Калі ў 1390 годзе Вітаўт пры падтрымцы Ордэна пачаў барацьбу за вялікалітоўскі сталец, Глеб Святаславіч браў удзел у гэтым канфлікце на баку Ягайла і Скіргайла. У верасні 1390 года ў баі з ордэнскімі войскамі на пераправе цераз Вілію паблізу Вейшышак літвіны пацярпелі паразу, сярод іншых князёў у палон трапіў і кн. Глеб. Пазней ён стаў адным з закладнікаў, напэўна, як брат жонкі Вітаўта, якіх апошні даў Ордэну, і пэўны час знаходзіўся ў Прусіі.
У 1392 годзе Ягайла памірыўся з Вітаўтам і той стаў літоўскім намеснікам караля. У 1393 годзе яшчэ Юрый Святаславіч як князь смаленскі браў удзел у паходзе Вітаўта і Скіргайлы на Віцебск супраць Свідрыгайла, тады Вітаўт пацвердзіў Юрыю трыманне смаленскага стальца. Аднак неўзабаве Юрый захапіў аршанскія воласці і раздаў іх смаленскім баярам. Пасля гэтага Вітаўт перадаў Смаленск Глебу Святаславічу, які вярнуўся з ім з Прусіі, а Юрыю даў Рослаўль.[3][5]
У 1395 годзе паміж сынамі Святаслава Іванавіча пачалася барацьба за перадзел уладанняў у непадуладнай Літве частцы Смаленскай зямлі. У верасні 1395 года Вітаўт падышоў да Смаленска і абвясціў, што хоча быць пасрэднікам паміж смаленскімі князямі і памірыць іх. Калі князі на чале з Глебам Святаславічам прыйшлі да Вітаўта ў шацёр для перамоў, той захапіў іх у палон і заняў Смаленск. Паводле Супрасльскага (спіс 1520) і Слуцкага (спіс 1520-х) летапісаў, якія ўскосна апраўдваюць Вітаўта, у 1395 годзе быццам Глеб Святаславіч «нача не в послушани быти» і за гэта выведзены са Смаленска.[6]
Пасля захопу Смаленска ў 1396 вялікім князем Вітаўтам Глеб з дзецьмі накіраваны ў ВКЛ, дзе атрымаў маёнтак Палоннае. Загінуў у бітве на Ворскле 1399. Ад яго нашчадкаў пайшлі княжацкія роды Жыжэмскіх, Шаховічаў, Саламярэцкіх.
Зноскі
- ↑ ПСРЛ. Т. 35. С. 64, 70 і інш.
- ↑ 2,0 2,1 Полехов, 2014, с. 244.
- ↑ 3,0 3,1 3,2 Кузьмин, 2006
- ↑ Смоленские грамоты / Подг. к печ. Т. А. Сумникова и В. В. Лопатин, под ред. Р. И. Аванесова. — М., 1963. — С. 72-74.
- ↑ Полехов, 2014, с. 245.
- ↑ ПСРЛ. Т. 35. С. 65, 72.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Кузьмин А. В. Глеб Святославич // Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2006. — Т. Том XI: Георгий — Гомар. — С. 569-570. — ISBN 5-89572-017-Х.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т.. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя.
- Полехов С.В. Браки князя Свидригайла Ольгердовича // По любви, въ правду, безо всякие хитрости. Друзья и коллеги к 80-летию В.А. Кучкина. : Сб. ст.. — Москва: ИНДРИК, 2014. — С. 235—268.