Глеб Усяславіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Глеб Усясла́віч
ст.-рус. Глѣбъ Всеславичь
Hleb Mienski (silver coin, reverse).gif
Глеб Усяславіч на манеце НБ РБ. 2007. Дызайн: С. Заскевіч.
князь менскі
1101 — 1118
Наследнік: Расціслаў Глебавіч
 
Веравызнанне: Праваслаўны крыж праваслаўе
Нараджэнне: невядома
Смерць: 13 верасня 1119
Кіеў
Пахаванне: Святая Успенская Кіева-Пячэрская Лаўра, г. Кіеў
Дынастыя: Ізяславічы Полацкія
Бацька: Усяслаў Брачыславіч
Маці: невядомая
Жонка: Анастасія Яраполкаўна(руск.) бел.
Дзеці: сыны Расціслаў, Валадар, Усевалад
 
Ваенная служба
Гады службы: згадваецца у 1104—1118
Прыналежнасць: Менскае княства
Званне: князь
Камандаваў: менскае войска
Бітвы: абарона Менска (1104, 1116, 1118) і інш.

Глеб Усясла́віч (ст.-рус. Глѣбъ Всеславичь, канец 1040-х — 13 верасня 1119, Кіеў) — першы князь менскі, з роду Ізяславічаў Полацкіх (11011118)[1]. Сын князя полацкага Усяслава Брачыславіча[1], родапачынальнік менскай галіны Ізяславічаў.

Адзін з актыўных прадаўжальнікаў барацьбы Полаччыны супраць уплыву кіеўскіх князёў. Пры яго княжанні адбылося часовае ўзвышэнне Менскага княства, узрасло значэнне Менска сярод гарадоў Полацкай зямлі, у Менску вялося будаўніцтва першай каменнай царквы[2]. Быў адным з буйных ахвярадаўцаў Кіева-Пячэрскай Лаўры.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Прадстаўнік роду полацкіх князёў: унук Брачыслава Ізяславіча, праўнук Ізяслава Уладзіміравіча. Прапраўнук вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаславіча (роду Рурыкавічаў) у яго шлюбе з князёўнай полацкай Рагнедай Рагвалодаўнай. Праз Рагнеду — нашчадак першага летапіснага князя полацкага Рагвалода. Такім чынам, належыць да Рурыкавічаў і чацвёртага пакалення іх галіны — Ізяславічаў Полацкіх, якія кіравалі Полацкай зямлёй па праву спадчыннасці ад Рагвалода, і працягвалі дынастыю Рагвалодавічаў[3].

Імя[правіць | правіць зыходнік]

Імя мае старажытнаскандынаўскае паходжанне[4]. Старэйшыя сыны Усяслава Брачыславіча — Барыс і Глеб — былі названы, відавочна, у памяць аб Барысе Уладзіміравічы (князь растоўскі у 10101015) і Глебе Уладзіміравічы (кн. мурамскі у 1013 — 1015), якія ў 1071 г. былі далучаны да ліку святых (пасля гэтага, магчыма, сын Усяслава быў першым, каму далі імя Глеб). Верагодна, хрысцільным імём Глеба Усяславіча таксама было Глеб — мяркуючы па тым, што на яго пячатках пададзена выява св. Глеба. У далейшым імя выкарыстоўвалася як у Ізяславічаў Полацкіх, так і ў іншых галінах усходнеславянскіх князёў, увайшло ў выкарыстанне ва усходніх славян.

Жыццяпіс[правіць | правіць зыходнік]

Усяслаў Брачыславіч з сынамі (магчыма, Барысам і Глебам) плывуць праз Дняпро на перамовы з вял.кн. кіеўскім Ізяславам Яраславічам, 1067 г. Справа — кіеўскі поруб, куды Ізяслаў іх пасадзіў. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу, XV ст.

Напэўна, другі паводле старшынства (пасля Барыса) сын Усяслава Брачыславіча. Такім чынам, Глеб мог нарадзіцца ў канцы 1040-х гадоў. Таксама ёсць меркаванне, што Глеб нарадзіўся каля 1070 года[1], бо ў 1073 годзе, магчыма, ён быў заручаны з Анастасіяй — дачкой Яраполка Ізяславіча (сына вял.кн. кіеўскага). За ёй, магчыма, і атрымаў Менск[5], які пасля смерці бацькі (1101) стаў яго ўдзелам.

Імкнуўся пашырыць свой удзел. Неўзабаве па смерці бацькі пачаў вайну з братамі — выгнаў Давыда і, магчыма, Рамана. У 1104[6] годзе абараняў Менск ад аб'яднанага войска паўднёварускіх князёў — вял.кн.кіеўскі Святаполк Ізяславіч паслаў супраць Глеба ваяводу Пуцяту Вышаціча, князь пераяслаўскі Уладзімір Усеваладавіч (Манамах) — свайго сына Яраполка, князь чарнігаўскі Алег Святаславіч(руск.) бел. прыйшоў сам і прывёў глебавага брата Давыда. Мэтай, верагодна, было вяртанне Давыду ўдзела[7]. Аднак паход на Менск не меў поспеху[1], верагодна таму, што вял.кн. кіеўскі Святаполк не хацеў паразы Глеба — свайго сваяка і саюзніка.

На пачатак XI ст. тэрыторыю абапал Дняпра са «шляхам з вараг у грэкі» кантраляваў непасрэдна Кіеў[8]. У Смаленскім княстве, вылучаным у 1054 годзе, у 2-й палове XI ст. часта мяняліся князі і не было ўмоў для інтэнсіўнага збірання тэрыторыі, да канца XI ст. яго заходнімі воласцямі ў Падняпроўі былі Басея і Мірацічы, якія ахоплівалі басейны рэк Басі і Мярэі[9]. Напэўна, са згоды вялікага князя Святаполка Глеб далучыў да сваіх уладанняў землі па берагах Дняпра, дзе пабудаваў крэпасці ў Оршы, Копысі і іншыя (напр. гарадзішчы каля в. Германы, Кісялі і Стражава Дубровенскага р-на[8]), умацаванні ва ўсіх гэтых паселішчах з'явіліся на пачатку XII ст.[8][10]. У канцы XI ст. Смаленскае княства ўрэшце замацавалася за дзецьмі Уладзіміра Усеваладавіча, якія, напэўна, таксама імкнуліся атрымаць кантроль над Дняпром, што было прычынай іх варожасці да Глеба[8].

У 1106 годзе, магчыма, Глеб разам з братамі ўдзельнічаў ў няўдалым паходзе на земгалаў. Імкнуўся аб'яднаць вакол Менска шэраг гарадоў Полацкай зямлі, у выніку чаго далучыў да свайго княства Оршу, Копысь і Друцк[11].

У 1108 годзе ахвяраваў Кіева-Пячэрскаму манастыру на пабудову трапезнай 600 грыўняў срэбра і 50 грыўняў золата[1] (100 грыўняў срэбра і 50 грыўняў золата было таксама ахвяравана ад яго жонкі пасля смерці князя паводле яго завяшчання).

Сярэдневяковае гарадзішча Менска (з XI ст.). Фота XIX ст.
Схема месцазнаходжання сярэдневяковага гарадзішча Менска на плане сучаснага горада. Каляровыя пазначэнні з нумарамі — месцы праведзеных археалагічных раскопаў.

Па смерці Святаполка (16.4.1113) вялікім князем кіеўскім быў абраны Уладзімір Усеваладавіч (Манамах) — праціўнік Святаполка і Глеба, які разыходзіўся з імі па многіх пытаннях, у т. л. па спадчынных правах на княжанні. У 1116 годзе Глеб напаў на зямлю дрыгавічоў і спаліў Слуцк[1], які належаў Уладзіміру. Паводле летапісу, Уладзімір, быццам, угаворваў Глеба вырашыць пытанні мірам, але Глеб, быццам, не хацеў прызнаваць сябе вінаватым і абвінавачваў ва ўсім самога Уладзіміра. Урэшце, на Менскае княства быў скіраваны ўдар шматлікага войска з трох бакоў — Кіева і Пераяслава, Смаленска і Чарнігава. Смаленскі князь Вячаслаў (сын Уладзіміра) захапіў Оршу і Копысь. Аб'яднанае войска князя чарнігаўскага Давыда Святаславіча(руск.) бел. (стрыечнага брата Уладзіміра) і князя пераяслаўскага Яраполка (сына Уладзіміра) узяло прыступам Друцк. Сам Уладзімір скіраваўся да Менска і аблажыў горад. Двухмесячная аблога не мела поспеху, але Уладзімір вырашыў працягваць аблогу і загадаў будаваць пад менскім дзядзінцам сабе хату на зіму.

Глеб, убачыўшы падрыхтоўку да працяглай аблогі, адправіў паслоў да Уладзіміра, які згадзіўся на мірныя перамовы[1]. Менскі князь выйшаў з горада з дзецьмі і дружынай і паабяцаў ва ўсім слухацца. Уладзімір павучаў Глеба, як ён павінен паводзіць сябе, і даў яму, паводле летапісу, Менск — такім чынам, як лічаць некаторыя даследчыкі[12][13], забраў значную частку ўладанняў, у т. л. Друцк і Падняпроўе. Сын Уладзіміра Яраполк вывеў у палон жыхароў захопленага Друцка і пасяліў іх у сваім Пераяслаўскім княстве, пабудаваўшы горад Жэлні(руск.) бел..

Глеб нядоўга трымаўся павучанняў Уладзіміра і, паміж 1116 і 1118 годам, напаў на смаленскія і ноўгарадскія воласці[1]. Гэтым разам Уладзімір паслаў у 1118 г. свайго сына Мсціслава з вялікім войскам, ён аблажыў і ўзяў Менск. Глеб трапіў у палон і быў адвезены ў Кіеў[1].

Памёр Глеб Усяславіч 13 верасня 1119 года ў кіеўскай вязніцы. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры разам з жонкай, якая перажыла яго на 40 гадоў, у паўднёвай частцы Успенскага сабору ў галовах прападобнага ігумена і аднаго з заснавальнікаў лаўры Феадосія Пячэрскага[14].

Пячаткі[правіць | правіць зыходнік]

Віслая пячатка Глеба Усяславіча, тып 2. Пярэдні і адваротны бакі.

Вядомы 3 тыпы віслых пячатак, якія даследчыкі звязваюць з Глебам Усяславічам. На пярэднім баку ўсіх тыпаў — выява св. Глеба ў княжацкай шапцы, з пакутніцкім крыжом на грудзях і надпісам «Глѣбъ». На зваротным баку: тып 1 — шасціканцовы расквітнеўшы крыж і надпіс «ІС ХС» (Ісус Хрыстос), тып 2 — надпіс «Госпадзі, дапамажы рабу свайму Глебу», тып 3 — выява Маці Божай. Зарэгістраваны 3 пячаткі першага тыпу (дыяметр 20 — 21 мм, дзве з кіеўскіх знаходак і адна знойдзена ў г. Гродна) і 3 пячаткі другога тыпу (дыяметр 22 — 23 мм, дзве з Ровенскай вобласці і адна з Жытомірскай, Украіна). Да трэцяга тыпу належыць 1 пячатка з Валынскай вобласці (Украіна) дыяметрам 22 мм. Нумарацыя тыпаў — паводле парадку выяўлення.

На пячаткі тыпу 1 падобныя дзве пломбы (малыя пячаткі), якія знойдзены ў г. Полацку (Віцебская вобласць), іх таксама можна аднесці да Глеба Усяславіча. На іх выява св. Глеба і надпіс «ГЛ» (Глеб), на зваротным баку — 6-канцовы расквітнеўшы крыж; дыяметр — 13 мм[15].

Аднак пячаткі тыпу 1, на меркаванне некаторых даследчыкаў, могуць адносіцца да гарадзенскага князя Глеба Усеваладавіча.

Сям'я[правіць | правіць зыходнік]

Жонка: з 1090 Анастасія Яраполкаўна(руск.) бел. (пам. 1159), дачка князя уладзіміра-валынскага і тураўскага Яраполка Ізяславіча.

З крыніц вядомы тры Глебавічы: 

В. М. Тацішчаў пад 14 мая 1134 года паведамляе пра смерць Ізяслава Глебавіча, якога лічыць полацкім князем[16], але папраўдзе гэта быў сын князя курскага Глеба Ольгавіча.

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

Урывак з «Тэтратургімы» з эпітафіяй Глебу Усяславічу і яго жонцы. (польск.) 

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 1,5 1,6 1,7 1,8 Глеб Всеславич // Биографический справочник — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 148. — 737 с.
  2. Тарасенко, В. Р. Раскопки Минского замчища в 1950 г. / В. Р. Тарасенко // Краткие сообщения о докладах и полевых исследованиях института истории материальной культуры. — Вып. 44. — Москва, 1952. — С. 130.
  3. Насевіч, В. Ізяславічы / В. Насевіч, А. Іоў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — С. 476—477. ISBN 985-11-0041-2.
  4. Behind the Name: Meaning, Origin and History of the Name Gleb. (англ.) 
  5. Заяц Ю. Л. Менская зямля… С. 10.
  6. Іпацьеўскі летапіс
  7. Рапаў…
  8. 8,0 8,1 8,2 8,3 «На Рши у Смолиньска», 1997, с. 19;
  9. «На Рши у Смолиньска», 1997, с. 17, 19;
  10. Ляўко В. М. Смаленска-Полацкае… С. 174—175.
  11. Семянчук, Г. Глеб Усяславіч / Г. Семянчук // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мінск: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — С. 43. ISBN 985-11-0041-2.
  12. Загарульскі, Ермаловіч…
  13. «На Рши у Смолиньска», 1997, с. 20;
  14. Аθанасій Калнофойскій. Эпитафіи фундаторам лавры / Отделъ ІІ. Извѣстія очевидцевъ, современниковъ и иностранныхъ писателей // Сборникъ матеріаловъ для исторической топографіи Кіева и его окрестностей.— Кіевъ: типографія Е. Я. Федорова, 1874.— С. 28
  15. Жуков, И. Вислые печати полоцкого князя Всеслава Брячеславича и его сыновей Бориса и Глеба Всеславичей / И. Жуков // Нумізматика і фалеристика. — 2013. — № 4. — С. 18—21. (руск.) 
  16. Тацішчаў 1962; Т. 2., С. 145.
  17. Памятныя манеты «Глеб Менскі» // Нацыянальны Банк Рэспублікі Беларусь

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ляўко В. «На Рши у Смолиньска» // Беларуская мінуўшчына. — 1997. — № 2 (24). — С. 15-20.
  • Ляўко В. М. Смаленска-Полацкае памежжа ў Верхнім Падняпроўі (па археалагічных і пісьмовых крыніцах) // ГАЗ — № 12. — Мн., 1997.
  • Рыжов К. Все монархи мира. Россия. — М.: Вече, 1998. — 640 с. — 16 000 экз. — ISBN 5-7838-0268-9.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]