Глінкава гвардыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сцяг Глінкавы гвардыі

Глінкава гвардыя (славацк.: Hlinkova garda — Глінкава Гарда) (HG) — напаўваенная арганізацыя Славацкай Народнай Партыі ў 19381945, сваю назву атрымала ў гонар Андрэя Глінкі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Першай сусветнай вайны і распаду Аўстра-Венгрыі Славакія была ўключана ў склад Першай Чэхаславацкай Рэспублікі, створанай пры падтрымцы Антанты. Славацкія нацыяналісты на чале з Андрэем Глінкай імкнуліся да незалежнасці ад Чэхіі. Для дасягнення сваіх мэт яны стварылі Глінкаву славацкую народную партыю[1]. У рамках партыі ў 1923 годзе была створана напаўваенная арганізацыя Родабрана[2]. Яна была распушчана ўладамі Чэхаславакіі ў 1927 годзе. Родабрана была папярэднікам Глінкавай гвардыі. Пасля Мюнхенскага пагаднення аб падзеле Чэхаславакіі Глінкава партыя актывізавала сепаратысцкую дзейнасць, у прыватнасці 10 кастрычніка 1938 года партыя абвясціла ў Жыліне аўтаномію Славакіі.

Глінкава гвардыя была створана 8 кастрычніка 1938 года, першым камандзірам стаў Карал Сідар.

Абавязкі[правіць | правіць зыходнік]

Хоць у якасці нагоды для заснавання была ўказана «ваенная падрыхтоўка моладзі», вельмі хутка ГГ стала рэальнай сілай у Славакіі. Яна стала несці паліцэйскія абавязкі і праводзіць сілавыя акцыі супраць яўрэяў, чэхаў, цыган і камуністаў.

У прыватнасці, пасля Першага Венскага арбітражу напачатку лістапада 1938 года Глінкава гвардыя займалася дэпартацыяй яўрэяў паўднёвай Славакіі на тэрыторыю, якая перадавалася Венгрыі[3].

Максімальнай колькасці прыкладна ў 100 тысяч членаў арганізацыя дасягнула пасля Славацка-венгерскай вайны 1939 года[4].

У 1939 камандзірам ГГ стаў славацкі фашыст Аляксандр Мах, асуджаны пазней як ваенны злачынец. З 1941 года члены ГК праходзілі трэніроўкі ў лагерах СС у Германіі. Адным з жорсткіх карнікаў ГГ, быў Берак «Борыс» Батары, вінаваты ў смерці 1500 яўрэяў. У 1942 ГГ праводзіла «арыізацыю маёмасці» з высылкай яўрэяў у Асвенцім. У жніўні 1944 года падчас Славацкага Народнага Паўстання нямецкія войскі выкарыстоўвалі ГГ у баях супраць славацкіх партызан[5]. ГГ была распушчана ў 1945 годзе, шматлікія члены былі асуджаны.

Зноскі

  1. Sokolovič 2009, p. 20.
  2. Sokolovič 2009, p. 23.
  3. Sokolovič 2009, p. 114-115.
  4. Martin Krno.. Krajčíri gardistických uniforiem (чэшск.). blisty.cz (18 сакавіка 2005). Архівавана з першакрыніцы 26 лютага 2013. Праверана 2013-2-23.
  5. Sokolovič 2009, p. 9.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Jelinek, Yeshayahu (1971). "Storm-Troopers in Slovakia: The Rodobrana and the Hlinka Guard". Journal of Contemporary History [англійская]. 6 (3): 97–119. JSTOR 259881.
  • Peter Sokolovič. Hlinkova garda 1938 – 1945. — Bratislava: Ústav pamäti národa, 2009. — 559 p. — (Edícia Monografie). — ISBN 9788089335107.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]