Голубская вайна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Частка Польска-тэўтонскіх войн
Перамога малдаванаў у бітве пад Марыенбургам, 1843
Перамога малдаванаў у бітве пад Марыенбургам, 1843
Дата ліпень—верасень 1422 года
Месца Марыенбург (паўночная Польшча)
Вынік Паражэнне Тэўтонскага ордэна
Праціўнікі
Каралеўства Польскае
Вялікае Княства Літоўскае
Малдаўскае княства
Тэўтонскі Ордэн, найміты і рыцары з усёй Еўропы

Го́лубская вайна (польск.: Wojna golubska; англ.: Gollub War) — двухмесячная вайна Тэўтонскага ордэна з Каралеўствам Польскім, Вялікім Княствам Літоўскім і Малдаўскім княствам, якая адбылася ў 1422 годзе. Скончылася падпісаннем Мельнскага міру, па якім Ордэн назаўжды адмаўляўся ад прэтэнзій на Жамойць. Апошняя вайна Тэўтонскага ордэна з Вялікім Княствам Літоўскім.

Гістарычны кантэкст[правіць | правіць зыходнік]

Першы Торуньскі мір 1411 года не вырашыў усіх супярэчанняў паміж Тэўтонскім ордэнам і саюзнымі Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім. Не была вызначаная пруска-жамойцкая граніца. Вялікі князь літоўскі Вітаўт прэтэндаваў на ўвесь правы бераг Нёмана, уключаючы Мемель (Клайпеда). У сваю чаргу крыжакі патрабавалі, каб пасля смерці Вітаўта і польскага караля Ягайлы Жамойць была перададзеная Ордэну (адна з умоў Торуньскага міру)[1]. Польшча прэтэндавала на Холмскую зямлю (Кульмерланд), Заходняе і Усходняе Памор’е (Памеранію і Памерэлію)[2]. Кароткая Галодная вайна 1414 года і перамовы на Канстанцкім саборы, якія рушылі ў след за ёй, таксама не прынеслі вырашэння, аднак перамір’е было працягнута да 1418 года[1].

Новы этап перамоў стартаваў пасля заканчэння перамір’я ў 1419 годзе. Пасярэднікам выступіў папскі легат архібіскуп міланскі Барталамеа Капры[3]. Для далейшага ўрэгулявання пасярэднікам выступіў сам імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Жыгімонт. 6 студзеня 1420 года ва Уроцлаве імператар аб’явіў Торуньскі мір дзейсным і справядлівым, гэта значыць настаяў на нязменнасці сітуацыі[3]. Жыгімонт гарантаваў Ордэну нават болей правоў, чым ён таго патрабаваў. Такое рашэнне імператара магчыма было растлумачыць яго імкненнем заручыцца падтрымкай крыжакоў у яго барацьбе з гусітамі, якіх падтрымліваў Вітаўт. Ягайла і Вітаўт катэгарычна адверглі вердыкт Жыгімонта. Настойваючы на сваіх правах на спрэчныя тэрыторыі, Ягайла беспаспяхова звярнуўся да папы Марціна V[4]. 8 красавіка 1421 года ў Кракаве Ягайла заключыў накіраваны супраць Ордэну наступальна-абарончы саюз з маркграфам і курфюрстам Брандэнбурга Фрыдрыхам I Гагецолерам. Пры пасярэдніцтве Фрыдрыха і папскага легата перамір’е было падоўжана да 1422 года[5].

Ход вайны[правіць | правіць зыходнік]

Асцерагаючыся адкрытай узброенай інтэрвенцыі Ягайлы і Вітаўта ў Чэхію, Жыгімонт дабіваўся ад новага вялікага магістра Тэўтонскага ордэна Паўля фон Русдарфа, які незадоўга да гэтага распусціў большасць наймітаў[6], уступлення ў вайну з Вялікім Княствам і Польшчай. 17 ліпеня вайна была аб’яўленая. Войскі Ягайлы і Вітаўта, сканцэнтраваныя ў раёне Чэрвінска-над-Віслай, выступілі на Аструду, нязначныя сілы Ордэну былі вымушаныя адступіць да Любава. Калі стала зразумела, што асадная зброя затрымліваецца, Ягайла загадаў выступіць на сталіцу Ордэну Марыенбург. На шляху былі ўзяты Рысэнбург і Голуб, аднак узяць Чонсі не ўдалося[6]. Як і падчас Галоднай вайны, абодва бакі пазбягалі буйных бітв[7].

Ягайла вырашыў закончыць вайну раней, чым войскі Ордэну атрымаюць падмацаванне са Свяшчэннай Рымскай імперыі. 17 верасня было заключана перамір’е, праз дзесяць дзён у Мельна быў падпісаны мір. Барацьба паміж Тэўтонскім Ордэнам і Вялікім Княствам Літоўскім за Жамойць была завершаная перамогай Княства.

Зноскі

  1. а б Zigmantas Kiaupa, Jūratė Kiaupienė, Albinas Kunevičius The History of Lithuania Before 1795. — Vilnius: Lithuanian Institute of History, 2000. — P. 142—143. — ISBN 9986-810-13-2
  2. Jasienica, Paweł. Polska Jagiellonów. — Warsaw: Państwowy Instytut Wydawniczy, 1988. — P. 130. — ISBN 83-06-01796-X
  3. а б Ivinskis, Zenonas. Lietuvos istorija iki Vytauto Didžiojo mirties. — Rome: Lietuvių katalikų mokslo akademija, 1978. — P. 354—355.
  4. Zigmantas Kiaupa, Jūratė Kiaupienė, Albinas Kunevičius The History of Lithuania Before 1795. — Vilnius: Lithuanian Institute of History, 2000. — P. 143—144. — ISBN 9986-810-13-2
  5. Łowmiański, Henryk. Polityka Jagiellonów. — Poznań: 2006.
  6. а б William Urban. Tannenberg and After. — Chicago: Lithuanian Research and Studies Center, 2003. — P. 279—281. — ISBN 0-929700-25-2.
  7. Halecki O., Reddaway W. F., Penson J. H. The Cambridge History of Poland to 1696. — Cambridge University Press. — P. 222. — ISBN 9781001288024