Гомельскі замак

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Замак
Гомельскі замак
Рэканструкцыя выгляду замка ў 16 ст.
Рэканструкцыя выгляду замка ў 16 ст.
52°25′18″ пн. ш. 31°01′00″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Гомель
Гомельскі замак з карты XVI ст.

Гомельскі замак — драўляна-земляное абарончае і адміністрацыйнае збудаванне ў горадзе Гомель у Вялікім Княстве Літоўскім. Існаваў у XIVXVIII ст. Размяшчаўся на высокім правым беразе р. Сож пры ўпадзенні ў яе ручая Гомій (Гамяюк).

Горад узнік у канцы І тыс. н.э. Дзядзінец старажытнага Гомеля знаходзіўся на мысе паміж правым берагам Сажа і левым берагам Гамяюка. Частку мысавай тэрасы плошчай каля 1 га ахоўваў глыбокі роў. У XI—XII ст. дзядзінец з боку Сажа ўмацаваны абарончым валам з землянога насыпу і драўлянага вастраколу. Надвальныя драўляныя канструкцыі ў XIII ст. згарэлі. У XII ст. плошча дзядзінца каля 1,4 га, на ім вялося каменнае будаўніцтва. Паступова дзядзінец старажытнага Гомеля ператварыўся ў феадальны замак.

Па форме замак нагадваў выцягнуты авал даўжынёю прыкладна 200 м і шырынёю 90 м. Яго плошча складала каля 1,3 га. Ад гарадской забудовы Гомеля, што абкружала яго з захаду і поўдня, замак быў аддзелены абарончым ровам шырынёй 30—35 м. Пляцоўка мела сегментападобную форму з перыметрам умацаванняў каля 460 м. Стромкія і высокія схілы ў бок Сажа і Гомія ўдала спалучаліся са штучнымі ўмацаваннямі. Замак меў магутны абарончы вал, драўляныя шмат'ярусныя вежы, сцены-гародні з баявой галерэяй, уязную браму з перакінутым цераз роў пад'ёмным мостам — «узводам», Сцены ўмацаванняў на значную вышыню былі абмазаны глінай, якая засцерагала іх ад гніення і выконвала проціпажарную ролю. 3 замка патаемны падземны ход вёў да Сажа, адкуль у час аблогі бралі ваду.

3 канца 1-й трэці XIV ст. Гомель быў парубежным умацаваным горадам на паўднёва-ўсходняй ускраіне ВКЛ, уваходзіў у абарончы пояс замкаў Пасожжа. У чэрвені 1535 Гомель асадзіла моцнае войска вялікага князя ВКЛ Жыгімонта I Старога на чале з гетманам ВКЛ Юрыем Радзівілам, гетманам каронным Янам Тарноўскім і кіеўскім ваяводам Андрэем Нямірам. Акрамя артылерыі, у войску былі спецыялісты па падкопах. Кароль распарадзіўся «замок... моцный и обороною способенный Гомей взять... или хоть огнем его спалить», а таксама разаслаць лісты дзяржаўцам і намеснікам падняпроўскіх і пасожскіх гарадоў з патрабаваннем выдзеліць ад кожнай воласці пэўную колькасць людзей «добрых с топоры, которые бы мели тот замок Гомей зарубити». Гетман Ю. Радзівіл, пачаўшы асаду, галоўную стаўку зрабіў на артабстрэл замка: «А так в середу весь день... на замок стрелба била, а потом с середы на четверг всю ночь и в четверг мало не весь день с наших дел стрелбу чинили». Паводле Патрыяршага летапісу, намеснік рускі князь Дзмітрый Шчэпін-Абаленскі, які знаходзіўся ў Гомелі, аказаўся «не храбр и страшлив, видев люди многие и убоявся, из града побежал, и дети боярские с ним же и пищалники». У замку засталіся толькі «тутошние люди немногие Гомьяне», якія, убачыўшы «воеводское нехрабрство и страхование... здаша град».

У хуткім часе замак быў адрамантаваны і папоўнены боепрыпасамі. Велікакняжацкі падскарбій Іван Гарнастай накіраваў сюды «вси потребы — салетру и порох и кули и свинец». Рашэннем караля ў 1537 мяшчане Гомеля і ўся воласць былі вызвалены ад «робления замку Гомейского на 1 год... под тым абычаем иж они не мели до году одного замку рубити и ничого в нем оправовати, хиба естли бы которые кгонты в замку опали, або дошчка ся где оторвала, то мели за ся прмбити и направити». Аднак мясцовы дзяржаўца князь В. Талачынскі адабраў каралеўскі прывілей у мяшчан і валашчан, пачаў «их примушати» выконваць розныя работы ў замку, а непаслухмяных саджаў у вежу, адбіраючы ў заклад жонак і дзяцей. Прысланага для разбору спецыяльнага каралеўскага двараніна і дзяржаўцу «зсоромотил и бити его хотел», што выклікала гнеў Жыгімонта I. Прычыну незадаволенасці і трывогі Жыгімонт I так сфармуляваў у сваёй грамаце, дасланай дзяржаўцу: «знать и помнить необходммо, ...иж тот замок за великим накладом к рукам нашим пришол, ...иж тот замок на украйне, а к людям украинным треба ся ласкаве захватити и не годиться им ни в чем обтяженья чинити».

Значэнне Гомельскага замка для абароны ВКЛ асабліва вырасла ў сувязі з бязлітаснай барацьбой супраць пастаянных разбуральных набегаў крымскіх татар. Зыходзячы з таго, што «...иж кождому оборона и осторожность есть потреба», сюды з бліжэйшых гарадоў накіроўваліся хлебныя запасы і спецыяльныя групы коннай «сторожи», а з Віленскага арсенала ў 1552, 1562 і 1563 дастаўляліся ўзбраенне і амуніцыя. Так, Чачэрская воласць абавязвалася мець на ўтрыманні ў Гомелі за свой кошт круглы год атрад «сторожи». 3 Рагачова перавезлі значную колькасць жыта і аўса «ку наспижованью замку». У 1557 гарнізон Гомельскага замка быў павялічаны да 200 чал. «драбов». На рамонт умацаванняў прыцягвалася насельніцтва Чачэрска, Прапойска, іншых гарадоў і валасцей Падняпроўя і Пасожжа. У час Лівонскай вайны (1558—83) Гомелем ненадоўга авалодалі войскі Івана IV Грознага, аднак у ліпені 1576 атрад на чале з Ю. Радзівілам зноў вярнуў яго. 5.5.1581 горад зведаў яшчэ адзін напад царскіх войск, якія «...до замку неведоме ночью прмшедши, на место ударили и место огнем выпалили», але замак не ўзялі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1614—15 у замку пастаянна знаходзіўся невялікі гарнізон у 40 казакоў і 40 салдат. Іх падтрымлівала гарадское апалчэнне.

У 1633 горад і замак вытрымалі штурмы казацкіх сотняў Багдана Булгакава і Івана Ярмоліна. У кастрычніку 1648 украінскія казакі на чале з палкоўнікам Главацкім і беларускія сяляне занялі Гомель, абрабавалі шляхту і заможных людзей. Аднак неўзабаве Б. Хмяльніцкі адклікаў атрад Главацкага на Украіну. Пасля Корсуньскай бітвы (1648) з дапамогай мяшчан Гомель у 1649 быў заняты казакамі палкоўніка М. Нябабы. Аднак Збораўскі мір (1649) даў магчымасць літоўскаму гетману Я. Радзівілу сканцэнтраваць дастатковую колькасць войск для задушэння паўстання на Гомельшчыне і ўзяцця Гомеля, Чачэрска і іншых гарадоў. У 1651 Б. Хмяльніцкі пачаў новае наступленне на паўднёвыя гарады Беларусі, накіраваўшы да Гомеля войска палкоўнікаў П. Забелы і Окшы.

Агульны ўздым барацьбы насельніцтва Беларусі ў сярэдзіне XVII ст., а таксама пагроза з боку войска Рускай дзяржавы прымусілі каралеўскую ўладу ў 1653 размясціць у парубежных замках Пасожжа дадатковыя гарнізоны. У сакавіку 1654 у Гомельскім замку было 700 чал. пяхоты, прысланай гетманам Радзівілам. Паводле некаторых звестак, да лета 1654 гомельскі гарнізон налічваў 2 тыс. чал., у асноўным нямецкай і венгерскай пяхоты, была і рота татараў.

У чэрвені 1654, у самым пачатку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, на Гомель з Ноўгарад-Северскага рушыла 20-тысячнае войска наказнога гетмана І. Залатарэнкі. Паводле Летапісу Самавідца, гетман «... армат узял из собою немало, так же запас пушечный», што дазваляла яму пачаць аблогу гэтага найбуйнейшага на Ніжнім Пасожжы замка. Залатарэнка паведамляў цару Аляксею Міхайлавічу, што «Гомель... есть всем местам граничным литовским головою. Место велми оборонное, людей служилых немало, снарядов и пороху много...». Войска Залатарэнкі без асаблівых цяжкасцей пераадолела гарадскія ўмацаванні і падышло да замка. Вакол яго і на суседніх узгорках былі расстаўлены гарматы, і казакі пачалі асаду, «промышляя всеми промыслы ратными». Да 11 ліпеня праведзены 4 штурмы, якія былі адбіты. Абаронцы Гомельскага замка адказвалі дзёрзкімі вылазкамі. Аблога зацягвалася, і Залатарэнка вырашыў прымусіць замак здацца «голодом и безводьем». За ходам асады сачыла ўся ўсходняя Беларусь, абодва ваюючыя бакі. Атаман разумеў, што абаронцы сваёй упартасцю «всей Литве и войскам ее сердца и смелости додают», і таму звярнуўся да асаджаных ад імя цара і Б. Хмяльніцкага з прапановай здацца, але тыя «гордо и сурово» адмовіліся. Тады казакі ўсцягнулі некалькі невялікіх гармат на Спаскую царкву, якая стаяла за Гамеюком недалёка ад замка. Стральба распаленымі ядрамі выклікала пажар. Вылазка абаронцаў, каб знішчыць гэту агнявую пазіцыю, была няўдалай. Неўзабаве казакі знайшлі і ўзарвалі патаемны ход да вады, што і вырашыла лёс замка. Як паведамлялася цару 13.8 1654, пасля больш чым 1,5-месячнай аблогі «гомляне, полковники, ротмистры и со всеми своими людьми покорилися».

Вайна прынесла вялікія спусташэнні Гомелю. Але замак, паводле звестак за 1666, усё яшчэ захоўваў сваю магутнасць. У 1737 уладальнік Гомельскага староства князь Міхал Чартарыйскі пабудаваў тут новы моцны дубовы замак з вежамі і сценамі, у якіх былі шматлікія байніцы, паглыбіў равы і адрамантаваў пад'ёмны мост.

У выніку далучэння ўсходняй Беларусі да Расійскай імперыі ў 1772 Гомель быў падараваны «для увеселенья» графу П. Румянцаву. Ён застаў даволі моцны замак, абнесены палісадам, які існаваў яшчэ ў 1780. Потым вежы і сцены драўлянага замка былі разабраны, валы скапаны. У 1785 паводле Б. Растрэлі тут пачалося будаўніцтва каменнага палаца.

Палац Румянцавых — Паскевічаў існуе і цяпер.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Літвінаў, У., Макушнікаў, А. Старажытны Гомель // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі — 4/1984
  • Ткачоў, М. Гомельскі замак // ЭГБ у 6 т. Т. 3. — Мн., 1996.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 407. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0, С. 345-346.
Від на замчышча з боку ракі Сож (2012)