Гомельскі камітэт сацыял-дэмакратаў-інтэрнацыяналістаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Гомельскі камітэт сацыял-дэмакратаў-інтэрнацыяналістаў (чыгуначны). Дзейнічаў у Гомелі ў верасні 1901 — студзені 1902 гг. Утвораны для аднаўлення ў горадзе арганізацыі РСДРП, не звязанай з Бундам. Меў статут. Ініцыятарам утварэння камітэта быў «пецярбуржац» (прозвішча не высветлена). Вясной 1901 г. «пецярбуржац» стаў членам Гомельскага сацыял-дэмакратычнага камітэта Бунда, які з лета 1900 г. фактычна адмовіўся весці работу сярод чыгуначнікаў (у асноўным беларусаў і рускіх). Падтрыманы І.Мохавым, Л.Драгунскім і інш. членамі камітэта, «пецярбуржац» пачаў барацьбу з бундаўскім сепаратызмам, дамагаючыся выхаду сацыял-дэмакратычнага камітэта з Бунда. У чэрвені — ліпені 1901 г. яны выдалі адозвы «Да гомельскіх рабочых Лібава-Роменскай чыгункі» і «Да ўсіх гомельскіх грамадзян» за подпісам «Гомельскі камітэт РСДРП». Аднак інтэрнацыяналісты засталіся, відаць, у меншасці. У верасні 1901 г. яны выйшлі са складу камітэта Бунда і стварылі асобны камітэт. У яго ўвайшлі некаторыя палітычныя ссыльныя, у т.л. І.Б.Азямблоўскі. Асноўным аб’ектам дзейнасці камітэта сталі чыгуначныя майстэрні, дзе Азямблоўскі арганізаваў сацыял-дэмакратычны гурток для падрыхтоўкі агітатараў і прапагандыстаў з ліку беларускіх і рускіх рабочых. Камітэт імкнуўся ахапіць сваім уплывам і рабочых і ншых прадпрыемстваў Гомеля, а таксама Навабеліцы, Добруша, Клінцоў, Навазыбкава, Сафіеўскі, наладзіць сувязь з чыгуначнымі рабочымі гарадоў і станцый на лініі Лібава-Роменскай чыгункі для ўтварэння цэнтралізаванага прафсаюза чыгуначнікаў. У кастрычніку — снежні 1901 г. «чыгуначны» камітэт выдаў на гектографе некалькі адозваў да чыгуначных рабочых і «Статут групы рабочых Гомельскіх майстэрняў Лібава-Роменскай чыгункі», у якіх адзначаліся цяжкія ўмовы працы ў чыгуначных майстэрнях, дадзена палітычная ацэнка дзеянняў улад у сувязі са ссылкай 13 гомельскіх сацыял-дэмакратаў, выкрывалася антынародная сутнасць мілітарызму. Камітэт стаяў на марксісцкіх, рэвалюцыйных, інтэрнацыянальных пазіцыях. Аднак ён не здолеў наладзіць сувязь з рэдакцыяй газеты «Искра», з яе агентамі ў Расіі. Гэта вымушала камітэт уваходзіць у кантакт з бундаўскай арганізацыяй, каб атрымаць сацыял-дэмакратычную літаратуру, устрымлівацца ад адкрытай ідэйнай барацьбы з Бундам. У студзені 1902 г. камітэт распаўся. Асобныя яго члены, у т.л. Драгунскі і Мохаў, зноў увайшлі ў мясцовы камітэт Бунда і садзейнічалі ўмацаванню ў ім інтэрнацыянальнага кірунку.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Біч, М. Гомельскі камітэт сацыял-дэмакратаў-інтэрнацыяналістаў / Міхась Біч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / БелЭн; Рэдкал.: Г.П.Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э.Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. – С. 75. — ISBN 985-11-0041-2.