Горадабудаўніцтва

З пляцоўкі Вікіпедыя

Горадабудаўніцтва — галіна дзейнасці, мэта якой арганізацыя прасторы для жыцця чалавека, развіцця вытворчасці, захавання і ўзбагачэння прыроднага асяроддзя. Яе аб’ектам з’яўляюцца гарадскія і сельскія паселішчы, прылеглыя да іх тэрыторыі, асобныя зоны і сеткавыя састаўляючыя гэтых паселішчаў (жылыя, грамадскія, вытворчыя, рэкрэацыйныя, сетка абслугоўвання, транспарту, інжынерна-тэхнічнага забеспячэння), а таксама размешчаным па-за межамі паселішчаў навуковыя, вытворчыя, лячэбна-аздараўленчым і іншыя комплексы. Горадабудаўніцтва абумоўлена і навукова-тэхнічным прагрэсам, узроўнем эканамічнага развіцця грамадства, што ў сукупнасці вызначае функцыянальныя, тэхнічныя і эстэтычныя патрабаванні і ўмовы прасторавай арганізацыі яе аб’ектаў. Праблемы рацыянальнай прасторавай арганізацыі вялікіх тэрыторый разглядаюцца ў самастойнай галіне дзейнасці горадабудаўніцтва — тэрытарыяльнай (рэгіянальнай або раённай) планіроўцы. 3 улікам прыродна-кліматычных умоў у сучасных гарадах фарміруецца водна-зялёная сістэма. Яе фарміраванне — галіна дзейнасці ландшафтнай архітэктуры. Горадабудаўніцтва як прафесійная дзейнасць рэалізуецца:

  • у праектаванні (распрацоўка праектна-планіровачнай дакументацыі на аб’ект, што падлягае будаўніцтву ці рэканструкцыі);
  • у навуковых даследаваннях, якія выяўляюць агульныя заканамернасці фарміравання, функцыянавання і развіцця аб’ектаў горадабудаўніцтва, абгрунтоўваюць праектньм вырашэнні з пазіцый сацыяльнай, эканамічнай і экалагічнай эфектыўнасці;
  • у кіраванні працэсамі фарміравання, пераўтварэння і развіцця аб’ектаў горадабудаўніцтва (распрацоўка доўгатэрміновых прагнозаў, нарматыўна-прававых дакументаў, аператыўная кіраўніцкая дзейнасць органаў архітэктуры і горадабудаўніцтва і інш.).

У горадабудаўніцтве прымаюць удзел спецьмлісты рознага профілю — архітэктары, эканамісты, спецыялісты па транспарце, інжынернага аснашчэнні тэрыторыі, эколагі, дэмографы і інш. Горадабудаўніцтва разглядаецца і як від мастацтва. Гарады ўвасабляюць не толькі дасягнуты на розных этапах развіцця грамадства ўзровень тэхналогіі, але і духоўныя, мастацкія густы свайго часу. Горад з’яўляецца архітэктурна-прасторавай цэласнасцю і вынікам творчай дзейнасці многіх пакаленняў. Архітэктурна-мастацкі аспект горадабудаўніцтва выяўляецца ў фарміраванні мастацкага аблічча населенага пункта, асобных гардскіх архітэктурных ансамбляў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Горадабудаўніцтва — адна са старажытных галін дзейнасці чалавецтва. Першыя гарады ўзніклі ў 43-м тысячагоддзях да н.э. (Вавілон у Месапатаміі, Фівы ў Старажытным Егіпце). У 54 ст. да н.э. ў Старажытнай Грэцыі склалася рэгулярная сістэма планіроўкі гарадоў, т.зв. «гіпадамава сістэма» (ад імя яе стваральніка архітэктара Гіпадама), заснаваныя на прамавугольнай сетцы вуліц. У Старажытным Рыме рэгулярная сістэма стала вызначальнай. Шэраг рымскіх гарадоў, напрыклад, Пампеі, Остыя, меў геаметрычныя правільныя абрысы (квадрат ці прамавугольнік) і 2 галоўныя вуліцы (кампазіцыйныя восі плана). Каля скрыжавання галоўных вуліц знаходзіўся гарадскі цэнтр з ансамблямі форумаў.

Для многіх гарадоў сярэднявечча характэрна радыяльна-кальцавая планіроўка з вузкімі крывымі вуліцамі, што вялі да гандлёвай плошчы, кафедральнага сабора, ратушы. У эпоху Адраджэння ў Заходняй Еўропе архітэктары распрацоўвалі асновы і прыёмы стварэння архітэктурных ансамбляў, напрыклад, ансамблі плошчы св. Пятра, Капітолія і П’яцца дэль Попала ў Рыме; плошчы Вагезаў і Вандомскай плошчы ў Парыжы.

У Старажытнай Русі адміністрацыйна-палітычнымі і рэлігійнымі цэнтрамі гарадоў былі крамлі і дзядзінцы, якія абумовілі асаблівасці забудовы Ноўгарада, Масквы, Кіева, Уладзіміра, Смаленска, Растова і інш. Рускае горадабудаўніцтва 18—19 стст. вызначалася разнастайнасцю прыёмаў рэгулярнай планіроўкі гарадоў, арганічным адзінствам геаметрычна правільнай сеткі вуліц і буйных архітэктурных ансамбляў; выдатны ўзор рускага горадабудаўніцтва — забудова Пецярбурга.

У пачатку 20 ст. сфарміраваліся тэарэтычныя кірункі горадабудаўніцтва (дэзурбанізм, урбанізм), ствараліся планы рэканструкцыі і развіцця гарадоў, узніклі новыя гарады, гарады-сады, гарады-спадарожнікі.

Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

На Беларусі зараджэнне горадабудаўніцтва звязана з узнікненнем умацаваных паселішчаў — гарадзішчаў. Для горадабудаўніцтва 9—12 стст. характэрны рысы абарончага дойлідства: магутньм драўляна-земляныя абарончыя збудаванні, зрубныя сцены з драўлянымі вежамі (Полацк, Віцебск, Мінск). Планіровачная структура гарадоў 15—16 ст. фарміравалася вакол іх грамадскіх цэнтраў — гандлёвых плошчаў, замкаў. Асноўныя вуліцы былі працягам дарог, якія звязвалі горад з наваколлем. У пачатку такіх вуліц у гарадской сцяне ставіліся брамы (Нясвіж, Стары Быхаў). Пазней радыяльныя вуліцы гарадоў, злучаныя папярочнымі паўкальцавымі вуліцамі, утваралі радыяльна-кальцавую сістэму (Пінск, Магілёў).

Праект рэгулярнай перапланіроўкі Чавусаў 1839 года

У 18 ст. ў кампазіцыі гарадоў пераважалі гандлёвыя і ратушныя плошчы, дзе ставілі адміністрацыйныя, гандлёвыя і культавыя будынкі: іх вышыня, разнастайнасць, манументальнасць у спалучэнні са значнымі памерамі плошчаў садзейнічалі стварэнню сьіуэтнай і кампазіцыйнай структуры горада. Прынцып рэгулярнай планіроўкі, заснаванай на класічных традыцьмх, найбольш выявіўся ў канцы 18 — пач. 19 ст. ў Полацку, Барысаве, Мінску, Гомелі, Оршы, Віцебску, Бабруйску, Брэсце, Чавусах, Бабінавічах, Чэрыкаве, Давыд-Гарадку. Прагрэсіўнымі рысамі тагачаснага горадабудаўніцтва была ансамблевая забудова, стылявое адзінства буйных збудаванняў, вуліц і плошчаў на аснове класіцызму.

У 1920—1930-я гг. пачалася распрацоўка генпланаў гарадоў з удзелам праектных арганізацый Масквы, Ленінграда, Харкава; складаліся праекты планіроўкі і забудовы жылых і прамысловых раёнаў, вуліц, плошчаў. У Вялікую Айчынную вайну многія гарады Беларусі разбураны. У пасляваенныя гады генпланы распрацоўваліся на прынцыпах комплекснай забудовы, будаваліся новыя гарады (Салігорск, Светлагорск, Наваполацк, Жодзіна). Створаны буйныя жылыя раёны і мікрараёны ў Мінску (Чыжоўка, Серабранка, Усход, Зялёны Луг, Паўднёвы Захад), Брэсце, Гомелі, Гродне, Магілёве, жылыя масівы ў Баранавічах, Бабруйску, Мазыры, Маладзечне, Оршы і інш. Але канцэнтрацыя галоўнай увагі на утылітарна-тэхнічных і эканамічных пытаннях стала прычынай аднастайнасці жылой забудовы і страты своеасаблівасці некаторых гарадоў. Ствараліся новыя прамысловыя раёны і вузлы-комплексы прамысловых прадпрыемстваў, аб’яднаных агульнавузлавымі збудаваннямі.

На аснове Схемы развіцця і размяшчэння прадукцыйных сіл (1959—1980-я гг.), Схемы тэрытарыяльнай арганізацыі рэспублікі (да 2000—2010 г.) рэгулярна карэкціруюцца і складаюцца новыя генпланы гарадоў. Вядзецца рэканструкцыя і развіццё грамадскіх цэнтраў гарадоў, якія разглядаюцца як адзіная сістэма, што ўключае цэнтральнае ядро, архітэктурныя комплексы цэнтраў гарадскіх раёнаў і звязаныя з імі магістральныя вуліцы і плошчы. Новыя сацыяльна-эканамічныя і палітычныя ўмовы сучаснага этапу змянілі механізм горадабудаўнічай дзейнасці. Прамое цэнтралізаванае кіраванне забудовай паступова замяняецца працэсам фарміравання прасторы жыццядзейнасці як сферы палітыкі, прававых адносін і эканомікі. Праектныя распрацоўкі і даследаванні ў галіне горадабудаўніцтва выконваюцца ў Беларускім навукова-даследчым і праектным інстытуце горадабудаўніцтва (БелНДІПгорадабудаўніцтва), гарадскіх і абласных праектных арганізацыях, на кафедры горадабудаўніцтва архітэктурнага факультэта БНТУ. Кіраванне горадабудаўнічай дзейнасцю на нацыянальным узроўні ажыццяўляе Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры, на мясцовых узроўнях — абласныя, раённыя і гарадскія органы кіравання архітэктурай і горадабудаўніцтва.


Літаратура[правіць | правіць зыходнік]