Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музей

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музей
Профіль Комплексны
Заснаваны 1984
Адкрыты 1 лістапада 1988[1]
Падпарадкаванасць Аддзел культуры Горацкага райвыканкама
Месцазнаходжанне Магілёўская вобласць, г. Горкі, вул. Крупскай, 3, 213410
Памеры фонду 7085
Агульная плошча 514
Выставачная плошча 189
Плошча запаснікаў 60
Дырэктар Святлана Міхайлаўна Макеева
Адкрыты 8.30 –17.00, акрамя нядзелі і панядзелка
gorki.museum.by

Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музей — музей у горадзе Горкі. Размяшчаецца ў гістарычным будынку па адрасе вул. Крупскай, 3

Гісторыя стварэння[правіць | правіць зыходнік]

У маі 1919 года, пасля канфіскацыі багатай калекцыі з палаца князя М. Дандукова-Корсакава, размешчанага ў мястэчку Раманава (цяпер в. Леніна), у Горках быў арганізаваны першы ў горадзе гістарычны музей. Ён працаваў да 1922 года. Пасля гэтага адна частка музейнай калекцыі была перададзена ў Смаленск, а другая — у Мінск у Цэнтральны беларускі музей.

Рашэнне аб адкрыцці сучаснага музея было прынята сумеснай пастановай № 34-10-16/27 ад 14.12.1984 г. бюро Горацкага гаркама КПБ, выканкамаў гарадскога і раённага Савета народных дэпутатаў. Для музея быў перададзены былы будынак канторы раённага вузла сувязі. Стварыў навуковую канцэпцыю і кіраваў на грамадскіх пачатках працай стварэння музея, а таксама перадаў усё сабранае за 30 год краязнаўчай працы Уладзімір Маісеевіч Ліўшыц, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. У стварэнні экспазіцыі адзела, прысвечанага Вялікай Айчыннай вайны прымалі ўдзел мясцовыя краязнаўцы: Ілля Майсеевіч Сцельмашонак і Вольга Трафанаўна Гулевіч. Экспазіцыя была зроблена мастакам і Магілёўскага мастацкага камбіната.

1.10.1988 года музей пачаў працаваць на грамадскіх пачатках. 15.02.1989 г. загадам Упраўлення культуры Магілёўскага абласнога Савета народных дэпутатаў на базе гарадскога грамадскага музея быў адкрыты раённы гісторыка-этнаграфічны музей у г. Горкі. Экспазіцыя Горацкага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея размяшчалася ў 6 залах. Агульная экспазіцыйная плошча музея складала 190,8 кв.м, фонды налічвалі 3 тыс. адзінак.

15.02.1989 г. Горацкі гарадскі выканаўчы камітэт перадаў аддзелу культуры Горацкага райвыканкама былы будынак крамы «Культтавары» па зав. Інтэрнацыянальным д.4 для размяшчэння ў ім мастацкага аддзела Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея — карціннай галерэі. Першымі экспанатамі яе фонду сталі палотны мастакоў, ураджэнцаў Горацкага раёна. У 2010 годзе музей атрымаў статус дзяржаўнай установы культуры.

У 2012 годзе Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музей змяніў сваю прапіску. Да Рэспубліканскаму фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2012» для музея быў адрэстаўраваны будынак — помнік архітэктуры канца XIX стагоддзя, які ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Падчас правядзення рэстаўрацыйных работ будаўнікамі ЗАТ «Будпраектінвест» (г. Магілёў) былі знойдзеныя аптэчныя рэцэпты, сігнатуры пачатку ХХ стагоддзя.

Экспазіцыя[правіць | правіць зыходнік]

Навуковы і мастацкі праект новай музейнай экспазіцыі створаны супрацоўнікамі Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е. Р. Раманава. Экспазіцыя музея адлюстроўвае асноўныя этапы гісторыі Горацкага краю пачынаючы з глыбокай старажытнасці і да сучаснасці. Асаблівасці гістарычнага, палітычнага, духоўнага і культурнага развіцця Горацкага краю паказаны ў іх узаемасувязі з агульнанацыянальнай гісторыяй і культурай.

У экспазіцыі прадстаўлены: археалагічная спадчына Горацкага краю, этнаграфічныя асаблівасці рэгіёну, Горкі павятовыя, куток аптэкара, фотаатэлье пачатку ХХ стагоддзя, гісторыя Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, рэвалюцыйныя падзеі, усталяванне савецкай улады на тэрыторыі Горацкага раёна, падзеі Вялікай Айчыннай вайны, пасляваеннае аднаўленне краю, літаратурныя традыцыі Горацкай зямлі, сучаснае развіццё культуры.

У адной з залаў музея размясцілася мультымедыйнае абсталяванне з сэнсарным экранам і праектарам. Наведвальнікі маюць магчымасць праглядзець відэаролік аб Горацкім краі, а таксама з дапамогай інтэрактыўнай карты горада і раёна здзейсніць віртуальную экскурсію па найбольш цікавым гістарычным і культурным аб’ектам рэгіёну.

Агульная плошча музейнай экспазіцыі складае 189 кв. м., плошча выставачных залаў 111 кв. м.

Калекцыі[правіць | правіць зыходнік]

Асноўны фонд музея на 1.01.2013 г. складае 7085 музейных прадметаў, дапаможны — 3186 адзінак. Музей мае калекцыі: археалагічная, нумізматычная, этнаграфічная, друкаваных выданняў, мастацтва, фалерыстыкі, фатаграфій і інш.

Навукова-даследчая праца[правіць | правіць зыходнік]

Калектыў музея працуе па наступнай тэматыцы: гісторыя і культура Горацкага раёна; этнаграфія краю; літаратурныя традыцыі Горацкага раёна і Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. З 1989 года па с.ч. супрацоўнікамі музея надрукавана больш за 100 кніг і брашур, а таксама больш за 800 артыкулаў у навуковых зборніках, рэспубліканскіх, абласных і раённых газетах. Раз у два годзе праходзіць навуковая краязнаўчая канферэнцыя. Па яе выніках выдаецца зборнік «Бацькаўшчына: Матэрыялы (даклады і паведамленні) раённай краязнаўчай канферэнцыі». Выдадзена 7 зборнікаў. Горацкі гісторыка-этнаграфічны музей быў ініцыятарам правядзення навуковых Гарэцкіх чытанняў, якія былі прысвечаны вывучэнню спадчыны класіка беларускай літаратуры М. I. Гарэцкага. Яны праходзілі ў Горках у 1992, 1993, 1996, 1997 гадах.

Асветніцкая праца[правіць | правіць зыходнік]

Штогод музей арганізуе выставы, музейныя і музычныя вечара, дні краязнаўства, выязныя тыдня музея.

Народныя аматарскія аб’яднанні[правіць | правіць зыходнік]

Пры музеі працуюць два народных аб’яднанні — «Роднае слова» і «Мастацтва». Аматарскае аб’яднанне «Роднае слова» створана ў 1990 годзе. Кіраўнік аб’яднання Л. Дзеружкова. У 1995 годзе аб’яднанню прысвоена ганаровае званне «народнага». Сярод удзельнікаў аб’яднання сябры Саюза пісьменнікаў Беларусі — паэтэса Ніна Кавалёва, паэт-гумарыст і журналіст Міхаіл Уласенка, дацэнт кафедры псіхалогіі, педагогікі і сацыялогіі сельскагаспадарчай акадэміі Сяргей Кісялёў і маладыя літаратары. Асноўны напрамак дзейнасці аб’яднання — арганізацыя і правядзенне сустрэч з беларускімі пісьменнікамі і паэтамі; аказанне дапамогі ў выданні кніг мясцовых аўтараў; прэзентацыі кніг; правядзенне творчых вечароў членаў народнага аматарскага аб’яднання; арганізацыя сустрэч удзельнікаў аб’яднання з навучэнцамі школ і студэнтамі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі; вывучэнне літаратурнай спадчыны Горацкага краю.

Аматарскае аб’яднанне «Мастацтва» створана ў 1992 годзе. Кіраўнік В. Белавусава. У 1997 годзе аб’яднанню прысвоена званне «народны». Удзельнікі аб’яднання займаюцца мастацкай дзейнасцю, працуюць у розных жанрах — жывапіс, графіка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У працы аб’яднання арганізацыя персанальных і зборных выстаў, выданне буклетаў, арганізацыя сустрэч з мясцовымі мастакамі і майстрамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, з вядомымі беларускімі мастакамі, удзел у мастацкіх фестывалях, пленэрах і конкурсах.

Выдавецкая справа[правіць | правіць зыходнік]

Пры ўдзеле супрацоўнікаў музея выдaдзена больш 100 кніг па гісторыі і краязнаўству Горак і Горацкага раёна, а таксама кнігі паэзіі членаў аматарскага аб’яднання «Роднае слова».

Філіялы музея[правіць | правіць зыходнік]

У 1991—1995 гадах былі адкрыты філіялы Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея: Маслакоўскі, Аўсянкаўскі, Капцёўскі, Ленінскі, а таксама музей-кабінет М. Гарэцкага. У цяперашні час у аграгарадку Аўсянка Горацкага раёна знаходзіцца філіял музея. Экспазіцыя яго прысвечана гісторыі населеных пунктаў, размешчаных на тэрыторыі Аўсянкаўскага сельскага савета. Акрамя пастаянна дзеючай музейнай экспазіцыі маецца выставачная зала, дзе праходзяць часовыя выставы.

Дырэктары музея[правіць | правіць зыходнік]

З 1989 па 2005 гады — Уладзімір Маісеевіч Ліўшыц, з 2005 па 2011 гады — Святлана Сяргееўна Скаромная. З 2011 па с.ч. — Святлана Міхайлаўна Макеева.

Прызнанне[правіць | правіць зыходнік]

У 1995 годзе на базе музея быў праведзены абласны семінар дырэктараў раённых музеяў. Па выніках абласных аглядаў музеяў Магілёўскай вобласці Горацкаму гісторыка-этнаграфічнаму музею былі ўручаны дыпломы І ступені, як заняўшаму першае месца ў Магілёўскай вобласці (1995, 2012).

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ліўшыц У. М. Горацкі гістарычна-этнаграфічны музей. Даведнік. На беларускай і рускай мовах.- Мінск: «Полымя», 1991. — 95 с., іл. ISBN 5-345-00376-9
  • Ліўшыц У. М. Горацкі гістарычна-этнаграфічны музей // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. — Мінск.: 1996. Т. 3. 1996. ISBN 985-00376-9 — С. 86-87.
  • Ліўшыц У. М. Аб мінулым і сучасным. Горацкі гістарычна-этнаграфічны музей // Памяць. Горацкі раён. Гісторыка-дакументальная хроніка Горацкага раёна. — Мн.: 1996. ISBN 985-06-0180—9 — C. 567—568.
  • Ліўшыц У. М. Горкі: Старонкі гісторыі. — Мінск: «Красико — принт», 2007. ISBN 985-405-384-9 — C. 263—264.
  • Лившиц В. Наша задача — сохранить историю для потомков / / Магілёўскія ведамасці. — 1994. — 27 жніўня.
  • Ножнікаў М. Самы музейны раён // Магілёўская праўда. — 1989. — 4 лютага.
  • Ножников Н. Память о горецкой земле // Советская Белоруссия. — 1989. — 31 марта.
  • Студнева М. Музей напярэдадні юбілею // Ленінскі шлях (Горкі). — 1998. — 2 снежня.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]