Грамады Украіны
Грамада Украіны або тэрытарыяльная грамада (укр.: територіальна громада) — базавая тэрытарыяльная адзінка, уведзеная ў рамках адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 2015—2020 гадоў дзякуючы правядзенню рэформы дэцэнтралізацыі ва Украіне. Базавымі органамі мясцовага самакіравання ва Украіне з’яўляюцца саветы грамад.
Гарады Кіеў і Севастопаль паводле канстытуцыі Украіны маюць спецыяльны статус і не ўваходзяць у склад раёнаў іншых рэгіёнаў краіны, бо адначасова самі з’яўляюцца асобнымі рэгіёнамі. Пры гэтым Севастопаль, як і ўвесь Крым, не кіруецца ўладамі Украіны і кантралюецца Расіяй. Тэрыторыя Аўтаномнай Рэспублікі Крым не ўдзельнічала ў адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформе 2015—2020 гадоў і грамады там заканадаўча Украінай не сфарміраваны.
Акрамя Крыма не ўваходзяць у склад грамад таксама тэрыторыя Кіева і Чарнобыльская зона адчужэння. На тэрыторыі, падкантрольнай ДНР і ЛНР, грамады існуюць толькі дэ-юрэ.
Згодна з законам Украіны аб мясцовым самакіраванні, тэрыторыя тэрытарыяльнай грамады — гэта непарыўная тэрыторыя, у межах якой тэрытарыяльная грамада ажыццяўляе свае паўнамоцтвы па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння, як непасрэдна, так і праз органы мясцовага самакіравання.
У падкантрольных Украіне 11 грамадах Данецкай вобласці і 8 грамадах Луганскай вобласці паўнамоцтвы мясцовага самакіравання ажыццяўляюць ваенна-грамадзянскія адміністрацыі.
У адпаведнасці з рэформай дэцэнтралізацыі тэрытарыяльныя грамады замянілі сельскія, пасялковыя і гарадскія саветы, утвораныя яшчэ ў часы СССР. Станам на 2020 год тэрытарыяльнымі грамадамі пакрыта ўся тэрыторыя Украіны акрамя Аўтаномнай Рэспублікі Крым, дзе яны будуць утварацца ўжо пасля дэакупацыі.
Сутнасць[правіць | правіць зыходнік]
Тэрытарыяльная грамада ствараецца як аб’яднанне жыхароў некалькіх разрозненых вёсак, мястэчак або гарадоў у адно адміністрацыйнае ўтварэнне. Пасля аб’яднання ствараецца новы адміністрацыйны цэнтр (як правіла, ім становіцца найбуйнейшы населены пункт), а ў ім — новы, агульны для ўсіх аб’яднаных населеных пунктаў савет і іншыя органы самакіравання. Утварэнне АТГ стала магчымым дзякуючы рэформе дэцэнтралізацыі.
Аб’яднаная тэрытарыяльная грамада, адміністрацыйным цэнтрам якой вызначаны горад, з’яўляецца гарадской тэрытарыяльнай грамадой, цэнтрам якой вызначана пасёлак гарадскога тыпу — пасялковай, цэнтрам якой вызначана сяло — сельскім. У вёсках, дзе пражывае больш за 50 жыхароў, выбіраюць сельскага старасту, які ўваходзіць у выканаўчы камітэт аб’яднанага савета.
Стварэнне АТГ спрашчае атрыманне грамадзянамі адміністрацыйных паслуг і набліжае адпаведныя органы да месца пражывання людзей: у кожнай АТГ ствараецца свой Цэнтр надання адміністрацыйных паслуг (ЦНАП).
Фінансы[правіць | правіць зыходнік]
Пасля ўтварэння, АТГ атрымлівае рэсурсы населеных пунктаў і адпаведныя паўнамоцтвы. Акрамя гэтага, АТГ пераходзяць на прамыя бюджэтныя адносіны з дзяржаўным бюджэтам, не падпарадкоўваюцца адпаведнаму раённаму савету, а самі вызначаюць кірункі развіцця і мэты, на якія маюць выкарыстоўвацца заробленыя грошы. Аб’яднаныя грамады атрымліваюць такія ж даходы, якія раней атрымлівалі толькі гарады абласнога значэння, бо пасля аб’яднання ў бюджэце АТГ застаецца:
- 60 % падатку на даходы фізічных асоб;
- 100 % падатку на маёмасць;
- 100 % адзінага падатку;
- 5 % акцызнага падатку з рознічнага гандлю (тытунь, алкаголь, нафтапрадукты);
- 100 % падатку на прыбытак устаноў камунальнай уласнасці;
- 100 % плацяжоў за наданне адміністрацыйных паслуг;
- 25 % экалагічнага падатку.
З дзяржаўнага бюджэту АТГ непасрэдна атрымліваюць грошы на адукацыю, медыцыну, спорт, культуру, сацыяльную абарону.
Зноскі
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Закон Украіны ад 5 лютага 2015 года № 157-VIII «Аб добраахвотным аб’яднанні тэрытарыяльных грамад».