Граматыка англійскай мовы
Прадметам граматыкі англійскай мовы з’яўляюцца марфалогія мовы і яе сінтаксіс.
Граматычны лад пераважна аналітычны, асноўныя сродкі перадачы адносін паміж словамі і словазлучэннямі — службовыя словы і фіксаваны парадак слоў у сказе.
Структура сказа
[правіць | правіць зыходнік]Парадак членаў сказа англійскай мовы адносна гібкі, але падпарадкаваны пэўным правілам.
Тыпы сказаў
[правіць | правіць зыходнік]Сказы англійскай мовы можна падзяліць на тры групы:
- просты сказ (John was eating soup — Джон еў суп);
- складаназлучаны сказ — дзе дзве часткі сказа звязаны паміж сабой злучнікам, а па-асобку не залежаць адзін ад аднаго (Dick wanted to come, but had to stay at home — Дзік хацеў прыйсці, але мусіў застацца дома);
- складаназалежны сказ, які складаецца з галоўнага сказа, што выражае асноўную думку і даданага сказа, які дапаўняе яе (If your father were rich I woud marry you — Калі б твой бацька быў багаты, я б з табой ажаніўся (ці ажанілася б)).
Члены сказа
[правіць | правіць зыходнік]Дзейнік і выказнік
[правіць | правіць зыходнік]Найбольш прынцыповае адрозненне беларускай мовы ад англійскай у тым, што беларуская мова адносіцца да катэгорыі сінтэтычных, а англійская да аналітычных. Таму пры перакладзе на беларускую, як і на рускую з англійскай неабходна ведаць якое слова ў англійскім сказе з’яўляецца дзейнікам, а якое выказнікам[1]. Дзейнікам у сказе служыць слова, якое характарызуе нейкія прадмет, з’яву ці асобу, якія ажыццяўляюць нейкае дзеянне ці знаходзяцца ў пэўным стане. У англійскім сказе дзейнік выражаецца назоўнікам, рознымі відамі займеннікаў, інфінітывам ці герундыем. А выказнікам з’яўляецца любы дзеяслоў ці спалучэнне некалькі дзеясловаў альбо камбінацыя дзеяслова з прыметнікам ці назоўнікам. У прыкладзе ніжэй дзейнік вылучаны цёмным, а выказнік курсівам:
Mr.Brown/He/This/To run/Working was important — М-р Браўн/Ён быў важным/Гэта/Бегчы/Працаваць было важным.
Магчыма выкарыстанне адначленных сказаў[2] (сказаў, у якіх ёсць дзейнік, але няма выказніка ці наадварот) у такіх сітуацыях: мастацкая літаратура (сказы з адным дзейнікам напр., «Слязіна (A tear)», «Трэйлер (The trailer)»); імператывы (сказы з адным выказнікам, напр., «Стой! (Halt!)») і папяраджальныя знакі (сказы з адным выказнікам, напр., «Ідзіце (Walk)»).
Азначэнне, дапаўненне і акалічнасць
[правіць | правіць зыходнік]Нярэдка азначэнне, якое звычайна выражаецца ў сказе прыметнікам, займеннікам ці назоўнікам і якое характарызуе ўласцівасці дзейніка, ставіцца першым словам у сказе англійскай мовы. Але яго можа «апярэдзіць» артыкль.
The wise/then/state secretary went out. — Мудры/Тагачасны/Дзяржаўны сакаратар выйшаў.
Дапаўненне можа быць выражана дзеясловам ці назоўнікам і звычайна ставіцца пасля выказніка паколькі дапаўняе яго значэнне:
He went home — Ён пайшоў дадому.
У большасці выпадкаў акалічнасць у сказе выражаецца прыслоўем ці прыметнакм. Акалічнасць звычайна ўдакладняе сэнс выказніка: They went fast — Яны ішлі хутка. Існуе каля дзясятка відаў акалічнасці — месца, часу, вобразу дзеяння, мэты і г.д.
У сказе азначэнне выражанае прыметнікам ставіцца пераважна перад назоўнікам, які яно характарызуе. Калі ў якасці азначэння выкарыстоўваюць іншыя часціны мовы, напрыклад, дзеепрыметнік (those interested — зацікаўленыя) ці інфінітыў (a man to do it — чалавек, які здольны гэта зрабіць) яно можа стаяць і пасля слова, якое яно характарызуе. Таксама адносна свабодную пазіцыю ў сказе мае свабоднае азначэнне (яно аддзяляецца коскамі ад астатніх членаў сказа, таму і лічыцца свабодным: Happy and tired, they were sitting together/They were sitting together, happy and tired — Шчаслівыя і стомленыя, яны сядзелі разам.
Дапаўненне звычайна стаіць пасля дзеяслова, значэнне якога яно дапаўняе ці ўдакладняе. Акалічнасць можа стаяць у самых розных пазіцыяй: у пачатку сказа, паміж дапаможным і асноўным дзеясловамі, пасля выказніка і ў канцы сказа. Адзін і той жа від акалічнасці можа ставіцца ў розных пазіцыях і пры гэтым значэнне фразы можа не змяняцца.
Прыклады складаных канструкцый з дзейнікам, выказнікам і дапаўненнем
[правіць | правіць зыходнік]- Складаны дзейнік: He is known to work much — Пра яго ведаюць, што ён шмат працуе.
- Складанае дапаўненне з інфінітывам': I saw him help you — Я бачыў, як ён дапамагаў табе.
- Інфінітыўная канструкцыя з прыназоўнікам: It’s possible for us to accept your invitation — Магчыма, што мы прымем ваша запрашэнне
- Складаны выказнік: They are angry with you — Яны злуюцца на цябе[3].
Інверсія
[правіць | правіць зыходнік]Існуюць граматычны і эмфатычны віды інверсіі. Граматычны пераважна сустракаецца ў агульных? спецыяльных i альтэрнатыўных пытаннях з мадальнымі дзеясловамі, а таксама be і will:
Was he happy? (Ці быў ён шчаслівым?) параўн. з He was happy (Ён быў шчаслівым);
What can you do? (Што ты можаш зрабіць?) параўн. з So, what you can do… (Вось, што ты можаш зрабіць…).
Will you drink tea or coffee? (Ты будзеш піць чай ці каву?) параўн. з You will drink tea or coffee (Ты будзеш піць чай ці каву).
Эмфатычная інверсія сустракаецца ў выпадках калі ў сказе робіцца націск на пэўнае слова[4], напрыклад: Friends she had many замест She had many friends. У такім выпадку пераклад ідзе з націскам на тое ж слова і з прыкладна такім жа парадкам слоў у беларускім сказе. Таму лепш перакласці вышэй прыведзены прыклад «Сяброў у яе было шмат», а не «У яе было шмат сяброў».
Зноскі
- ↑ Слепович 2001, p. 7.
- ↑ KrylovaGordon 2008, p. 416.
- ↑ KrylovaGordon 2008, p. 416—432.
- ↑ Слепович 2001, p. 86.