Граматычны род

Род у граматыцы — граматычная катэгорыя, якая ўласціва розным часцінам мовы і заключаецца ў размеркаванні слоў і форм па класах, якія традыцыйна суадносяцца з прыметамі полу ці іх адсутнасцю. Род характарызуе семантыку слова, яго спалучальныя магчымасці і з’яўляецца адной з адзнак прадметнасці.
І семантычныя, і фармальныя падставы родавай класіфікацыі размытыя і не супадаюць у розных часцінах мовы. Першапачаткова катэгорыя роду выражала проціпастаўленне па біялагічнай прымеце[1].
Агульная характарыстыка
[правіць | правіць зыходнік]Катэгорыя роду — характэрная рыса граматычнага ладу індаеўрапейскіх, семіцкіх, дравідыйскіх і паўночнакаўказскіх моў. У сінтэтычных мовах катэгорыя роду цесна звязана з катэгорыяй адушаўлёнасці — неадушаўлёнасці і ўтварае з ёю адну катэгорыю дапасавальных класаў. Па меры узмацнення аналітызму функцыя распазнавання роду пераходзіць ад флексіі да артыкля, і пры страце родавых проціпастаўленняў у імёнах род пераходзіць у схаваную катэгорыю, як гэта адбылося, напрыклад, у англійскай мове.
Большасць моў свету не маюць роду, напрыклад, сучасныя армянская, японская, кітайская, фіна-ўгорскія, цюркскія, мангольскія, жэставыя мовы (акрамя японскай[2]) і інш.
У беларускай мове
[правіць | правіць зыходнік]У сучаснай беларускай мове род уласцівы назоўнікам, прыметнікам, некаторым лічэбнікам, некаторым разрадам займеннікаў, а таксама дзеясловам у формах адзіночнага ліку прошлага часу і ўмоўнага ладу[1].
Асноўным носьбітам граматычнага значэння роду як самастойнай граматычнай катэгорыі з’яўляецца род назоўнікаў — марфалагічная катэгорыя, прадстаўленая як проціпастаўленне трох класаў слоў — мужчынскага (палын, крок, бацька), жаночага (сенажаць, дарога, зіма) і ніякага (малако, цяля, полымя) родаў. Асаблівае месца займаюць назоўнікі агульнага роду — экспрэсіўна афарбаваныя абазначэнні асоб абодвух полаў (плакса, малайчына, гуляка). Некаторыя назоўнікі выражаюць значэнні мужчынскага і жаночага родаў адной родавай формай (таварыш, аграном). Назоўнікі, якія ўжываюцца толькі ў множным ліку (граблі, канікулы), або не адносяць ні да якага роду, або адносяць да своеасаблівага парнага роду[1][3].
Марфалагічна род назоўнікаў выражаецца сістэмай канчаткаў слова ў адзіночным ліку, сінтаксічна — формамі дапасаванага слова. Сінтаксічна, праз формы дапасаваных азначэнняў, выражаецца род нязменных (нескланяльных) назоўнікаў іншамоўнага паходжання (наш аташэ, наша інжэню)[1][3].
Род прыметнікаў, дзеяслоўных формаў, некаторых лічэбнікаў і займеннікаў з’яўляецца пераменнай катэгорыяй, яны дапасуюцца ў родзе да адпаведных назоўнікаў (хрустальная люстра, сваё амплуа)[1].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 4 5 Род // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: У. У. Андрыевіч (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2015. — Т. 6. — С. 280. — 486 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0889-9.
- ↑ Wendy Sandler and Diane Lillo-Martin. Sign Language and Linguistic Universals. — Cambridge University Press, 2006. — ISBN 978-0521483957.
- 1 2 Род // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 393. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Род граматычны // Беларуская мова : энцыклапедыя / пад рэд. А. Я. Міхневіча. — Мн.: БелЭн, 1994. — С. 455—456. — 654 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-126-9.