Перайсці да зместу

Барысаглебская царква (Гродна)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Барысаглебская (Каложская) царква
53°40′42″ пн. ш. 23°49′07″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Гродна
Канфесія Праваслаўе
Епархія Гродзенская епархія
Архітэктурны стыль старажытнарускі стыль
Будаўнік невядомы, магчыма Пётр Міланег
Архітэктар Пётр Міланег
Будаўніцтва пасля 1180-ых
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 410Г000004шыфр 410Г000004
Матэрыял камень[d]
Стан дзеючая царква, захавалася часткова, знаходзіцца пад пагрозай зруйнавання
Сайт kalozha.by
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Барысагле́бская царква́, Кало́жская царква́, Кало́жа — помнік мураванай старажытнарускай архітэктуры, адзіны помнік Гродзенскай школы дойлідства, які часткова захаваўся. Знаходзіцца ў Гродне на тэрыторыі былога Каложскага пасада на высокім правым беразе Нёмана, побач з Замкавай гарой, непадалёку ад Старога замка[1]. Пабудавана ў 2-й палавіне 12 стагоддзя з цэглы.

Барысаглебская царква з боку Старога замка.

Захавалася паўночная і частка заходняй сцяны, тры апсіды і два заходнія падкупальныя слупы. Храм мае памеры: даўжыня каля 21,5 м, шырыня — каля 13,5, таўшчыня сцен — 1,2 м[1]. Сцены складзены з плінфы ў тэхніцы роўнаслоевай муроўкі. Фасады ўпрыгожаны лапаткамі ступенчатага профілю, устаўкамі з гранітных і гнейсавых камянёў розных адценняў са шліфаванай вонкавай паверхняй, рознакаляровымі паліванымі керамічнымі пліткамі. У верхняй частцы сцен размешчаны вузкія аконныя праёмы з арачнымі перамычкамі[2]. Адметнасцю інтэр’ера з’яўляецца мноства керамічных збаноў-галаснікоў, умураваных у верхнія часткі сцен і скляпенні[3]. У цагляную муроўку сцен фасадаў уключаны рознакаляровыя шліфаваныя камяні, якія ўтвараюць розныя геаметрычныя фігуры і крыжы. Усё гэта надае фасадам прыгажосць, стварае ўражанне інкрустацыі сцен каштоўнымі камянямі[4].

З-за сваіх архітэктурных асаблівасцей: маёлікавая падлога, галаснікі, каменныя ўстаўкі, узоры з керамічных плітак, — храм не меў аналагаў ва ўсходнеславянскай архітэктуры[4].

Верхняя частка будынка разам са скляпеннямі і купалам аднаўлялася ў 16 і 17 стагоддзях. У 1853 годзе часткова разбурана ў выніку апоўзня, у 1889 годзе абвалілася паўднёвая апсіда. У канцы 19 стагоддзя знішчаныя часткі храма былі адноўлены з дрэва, а сама царква была накрыта двухсхільным дахам з маленькім купалам[5].

Храм дзейнічае, аднак застаецца пагроза знішчэння помніка. Рэалізуюцца планы рэстаўрацыі царквы.

Рэканструкцыя Гродна ў 12-13 стст. паводле Рапапорта, Каложская царква знаходзіцца на высокім стромкім беразе Нёмана на захад ад Старога замка ў левай верхняй частцы выявы

Як лічыцца, царква была закладзена ў пачатку 1180-ых гадоў[6], гродзенскім князем Мсціславам Усеваладавічам[ru] у гонар святых заступнікаў яго памерлых братоў Барыса і Глеба[7]. Таксама лічыцца, што сваё другое імя — Каложская, царква атрымала ад назвы мясцовасці, калі, як лічыцца, у 1405 годзе вялікі князь Вітаўт пасяліў каля царквы палонных калажан, жыхароў аднаго з «прыгарадаў» Пскова[8] (згодна летапісу ў неверагодна вялізнай колькасці ў 11 000 чалавек[9]). Існуюць версіі, што назва магла пайсці ад славянскага слова Каложань, якое абазначала месца, дзе б'юць шматлікія крыніцы, і якое свята шанавалася язычнікамі[10].

Пашырана меркаванне, што архітэктарам і будаўніком царквы быў прышлы дойлід Пётр Міланег, аднак існуюць версіі, што будаўніком мог быць невядомы візантыйскі манах, які такім чынам быў і адным з ідэолагаў і практыкаў хрышчэння Гродзеншчыны. Як і іншыя храмы той эпохі, архітэктура мае шмат запазычанняў з дойлідства Візантыі, аднак пры гэтым адлюстравала цэлы шэраг мясцовых будаўнічых традыцый[11]. Адзін з вядомых гісторыкаў Гродна Ю. Ядкоўскі лічыў, што храм меў абарончае значэнне, аднак сучасныя даследчыкі адкідаюць гэты погляд, улічваючы адсутнасць вады ў храме, слабыя для фартыфікацыі сцены і нязначнае стратэгічнае значэнне храма[12].

Знакі на плінфе (паводле Гразнова)

Аднавіць першапачатковы выгляд храма можна толькі прыблізна. Царква мела тры ўваходы (цэнтральны і два бакавыя), яе вянчаў купал цыліндрычнай формы, у верхняй частцы храма былі арачныя вокны[13]. Пры ўзвядзенні царквы былі ўлічаны ўсе памылкі, дапушчаныя пры будаўніцтве ранейшых храмаў Гродзенскай школы дойлідства, у тым ліку памылак, якія прывялі да абрушэння ў 1183 годзе Ніжняй царквы. Многае з таго, што ў Ніжняй царкве было толькі апрабавана, у Каложскай атрымала далейшае развіццё[14]. Падмуркі закладаліся на глыбіню паўтара метра, а ў муроўцы сцен выкарыстоўваліся шліфаваныя камяні меншых памераў. Замест простых пляскатых лапатак паявіліся трохпрыступкавыя, прычым вуглы іх цэнтральнага выступу скруглены, што робіць яго падобным да паўкалонкі. Цокаль з аднаступеньчатага стаў таксама трохступеньчатым. Больш пластычнай стала сцяна з боку інтэр'ера. Усе тры апсіды рашуча высунуліся вонкі. З'явіліся ўнутрысценныя лесвіцы. Прыкметна зменшылася розніца ў пралётах бакавога і цэнтральнага нефаў. Дзякуючы ўпершыню выкарыстаным круглым слупам унутраная прастора храма здавалася значна меншай. Тым не менш царква захавала ранейшую трохапсідную шасціслупавую планіроўку[7][15].

Былі ўдасканалены і архітэктурныя дэталі: звычайныя хоры дапаўнялі бакавымі, да якіх вялі лесвіцы ў тоўшчы сцяны; ніжняя частка сцен, свабодная ад галаснікоў, была прарэзана нішамі; падлога храма была ўпрыгожана рознакаляровым дываном з маёлікавых плітак. Таксама больш багата быў упрыгожаны фасад, багата аздоблены вонкавыя сцены, выкарыстоўвалася чырвоная абпаленая плінфа і белая цамянка. Увогуле, знешняе аздабленне надавала царкве святочны выгляд і прыгажосць[16].

Далейшы лёс храма

[правіць | правіць зыходнік]
Багародзіца Адзігітрыя Каложская

Не захавалася пісьмовых крыніц пра гісторыю царквы ў 12-15 стст., лічыцца, што храм мог быць пашкоджаны ў сувязі з частымі штурмамі і аблогамі Гродна крыжакамі. Першая пісьмовая згадка пра храм адносіцца да 1480 года і звязана з імем настаяцеля царквы Каліста. У 1485 годзе гродзенскі гараджанін Івашка Сяргеевіч падараваў манастыру маёнтак Панямонь[17]. У гэты перыяд адбыўся і касметычны рамонт храма, пра што сведчаць «палутарныя літоўскія цэглы». Некаторыя даследчыкі, аднак, адносяць гэты рамонт да 16 ст. 20 сакавіка 1500 года вялікі князь Аляксандр падарыў мужчынскаму манастыру пры царкве (які ўзнік у канцы 12 — пачатку 13 ст.) «сад на Калажанях» «з павагі да старажытнасці святыні гэтай», пазней у 16-17 стст. зямельныя ўладанні манастыра пашыраліся. У 1506 годзе царква апісваецца як «даўно спустошанная»[9].

Каложская царква на гравюры Адэльгаўзера-Цюнта

У пачатку 16 ст. царква аднаўлялася Богушам Багавіцінавічам, які ў 1506 годзе кіеўскім мітрапалітам Іонам быў прызначаны кцітарам царквы і манастыра. Богуш падараваў манастыру і царкве маёнтак Чашчыцы (пазней в. Чашчаўляны, цяпер у межах Гродна). Кцітарства ўключала права прызначэння ігуменаў, з-за чаго часам ігуменамі станавіліся свецкія і нават недастойныя людзі, якія не толькі не клапаціліся пра дабрабыт манастыра, але і рабавалі яго[18]. Захаваліся імёны ігуменаў манастыра: Феакліст (1506—1520) зрабіў шмат зямельных набыткаў; Іона (1520—1546), «муж доблесны», вымушаны быў цярпець прыгнёт ад некага Сямёна Валовіча і яго жонкі, якія мелі ўплыў на манастыр з-за граматы 1546 года каралевы Боны; Сергій (памёр у 1550 годзе), Місаіл (памёр у 1560 годзе). Пасля кіраванне манастыром увогуле ажыццяўлялася свецкімі асобамі: Сімяонам Валовічам, які меў грамату караля Жыгімонта ІІ; Паўлам Катовічам (да 1580 г.); Дзмітрыем Халецкім (да 1591 г.). Пра іх сказана, што яны рабавалі манастыр і разганялі манахаў. Толькі ігумен Клімент, вядомы таксама як пан Годкінскі, вярнуў частку ўладанняў манастыра[19].

Ахвяраванні манастыру рабіў кароль Жыгімонт I Стары ў 1508 г. і 1538 г. На гравюры М. Цюндта 1568 г. бачна царква пасля гэтай перабудовы — страчаны рысы крыжова-купальнага храма, над дахам узведзены высокі шацёр, шчыпец апсіды завершаны невялікім крыжам, да паўднёва-заходняга боку далучана круглая ў сячэнні ярусная, завершаная купалам вежа-званіца. У пачатку 17 ст. нават паўстала пытанне зрабіць манастыр «рэзідэнцыяй ці самога Праваслаўнага Кіеўскага мітрапаліта ці яго каад'ютара для кіравання неўніяцкімі (праваслаўнымі) цэрквамі і духавенствам у Вялікім Княстве Літоўскім»[20]. Але ў 1609 годзе царква была перададзена ўніятам, аднак спрэчкі з праваслаўнымі працягваліся да 1635 года, калі граматай караля Уладзіслава ІV пры царкве быў створаны мужчынскі ўніяцкі кляштар узамен Выдубіцкага манастыра пад Кіевам, перададзенага праваслаўным[21].

Царква была моцна пашкоджана падчас вайны з Расіяй (згодна хроніцы І. Кульчынскага гэта адбылося падчас першай Маскоўскай вайны Івана Васільевіча з Аляксандрам, аднак вядома, што баявыя дзеянні ў Гродне ў той час не вяліся[22]). Маскоўскае войска, захапіўшы горад, разбурыла скляпенні і засыпала іх зямлёй, а наверсе былі пастаўлены гарматы, якія стралялі па Старому замку. Па іншых звестках, гарматы стаялі на даху царквы, з-за чаго скляпенні і разбурыліся[8]. Згодна хроніцы архімандрыта Каложскага базыльянскага манастыра І. Кульчынскага, якая з'яўляецца адзінай крыніцай пра царкву да 1738 года[23], у 1675—1688 гадах царква «ўся пуставала, была без вокан і дзвярэй, улетку быдла заходзіла ў храм». Па іншых дадзеных столь царквы адвалілася падчас ваенных дзеянняў 1705 года, калі войскі Карла ХІІ занялі прадмесце горада[21].

Каложская царква на плане 1706 г. На карце бачна, што паміж узгоркам і царквой яшчэ знаходзіліся будынкі.

У наступныя гады царква знаходзілася ў вельмі гаротным стане, пры архімандытах Маркіане Белазоры (да 1660 г.), Рыгоры Бянькоўскім (да 1677 г.), Лаўрэнціі Друцкім-Сакалінскім (да 1688 г.) помнік называўся «Пустынны манастыр» і па сведчаннях: «Манастыр быў толькі па назве манастыр і ў стане вельмі жаласным»…[24] Наступныя ігумены Сімеон Агурцевіч[25] (да 1698 г.) і Мяцелій Дарашкоўскі (да 1700 г.) спрабавалі аднавіць манастыр (у гэты час на тэрыторыі манастыра дзейнічаў нават цагельны завод[26]), але наступны архімандыт Фларыян Воўк-Ланеўскі (1701—1709), які таксама быў і архімандрытам Супрасльскага манастыра, «запустошыў» абіцель і такім чынам звёў на нішто намаганні папярэднікаў. Заняпаду «спрыялі» і падзеі Паўночнай вайны, калі Гродна апынуўся ў цэнтры баявых дзеянняў, і калі маёмасць манастыра вывезлі ў Супрасль, дзе яна і засталася[27].

Над помнікам навісла пагроза знішчэння, калі ў 1723 годзе архімандрытам быў прызначаны Іясафат Яхімовіч. Яхімовіч быў так засмучаны станам манастыра, што вырашыў побач пабудаваць новы з гучнай назвай «Новы Сіён». Толькі дзякуючы выпадковаму збегу абставін будаўніцтва адклалі і царкву не разабралі[28].

Наступны рамонт храма быў праведзены ігуменам Кульчынскім, у інвентары 1738 года запісана, што дах гонтам пакрыты, стан якога добры[29]. Сама ж царква мела тры купалы: на маленькіх з пазалочанымі крыжамі і галоўны высокі жалезны крыж[30]. У царкву было два ўваходы, а яе падлога была з цэглы[31].

Нягледзячы на шматлікія фундацыі ў 17-18 стст. храм з кляштаром знаходзіўся ў заняпадзе. У гэты ж перыяд у іканастасе царквы з'явілася галоўная святыня гродзенскіх уніятаў — ікона Божай Маці Каложанскай. Яна была напісана ў пачатку 17 ст. і асабліва шанавалася ў канцы 17—пачатку 18 ст. Пасля скасавання уніі ў 1839 годзе ікона шанавалася і праваслаўнымі, падчас Першай Сусветнай вайны яе эвакуіравалі ў Маскву, і адкуль, нягледзячы на намаганні ў польскі час Ю. Ядкоўскага, яна так не вярнулася ў Гродна[32].

Э. Глоўна. Каложская царква да разбурэння. 1850-я гг.
" 1 апреля 1853 года, т.е. когда Западно-русскій край свободенъ былъ уже отъ польской неволи и снова братски пріобщился къ обще русской семье, сердитый и коварный Неман въ союзе съ нашей русской безпечностью, къ стыду православныхъ русскихъ людей, сделалъ то, чего не могли сделать въ теченіи многихъ летъ злейшіе враги святой Руси! Подмытый съ двухъ сторонъ (южной и западной) берегъ рухнул, увлекши за собой часть древняго русско-православнаго храма...
Пратаірэй І. Карчынскі (1865-1930)
"

У сярэднявеччы непадалёк ад паўднёвага фасада царквы знаходзіліся могілкі: яны бачны як на гравюры Цюндта-Адэльгаўзера, так і на гравюры Макоўскага 1600 года. На гравюрах бачны ўмацаванні каля берага, якія магчыма ахоўвалі тэрыторыю падчас паводак. Аднак ужо ў пачатку 18 ст. манастырскія забудовы разам з могілкамі абрынуліся ў Нёман, а да 1720 года становішча царквы стала настолькі крытычным, што пра яе на чарговым Сейме паднялі пытанне паслы Рыгор Катовіч і Зыгмунт Валь. Дакументы таго года сведчаць, што «царква в. в. айцоў гарадзенскіх базыльянаў на Каложы … здэзалявана (знішчана) і з-за вымывання Нёмана амаль што да апошняй руіны схілена»[21]. Захаваліся абмеры і апісанне становішча царквы, праведзеныя вайсковым інжынерам Т. Касцюшкі падчас паўстання 1794 года і выдадзеныя пазней у Лондане[33].

Першы паверх разбурэнняў у 1853 годзе. Бачна, што разбурана каля 2/3 паўднёвага фасада.

У 19 ст. у сувязі са змяненнямі берагавой лініі Нёмана з’явілася сур’ёзная небяспека знішчэння помніка. Да часу скасавання Уніі ў 1839 годзе Каложская царква заставалася адзінай у горадзе, дзе магло працягвацца праваслаўнае набажэнства, у двух іншых храмах проста не было святара[34]. Тым не менш, манастыр знаходзіўся ў запусценні. Ужо ў 1840 годзе на сценах над галоўным уваходам узнікла расколіна, якая ўвесь час павялічвалася[8], а ў 1842 годзе адбыўся моцны абвал берага. У 1845 годзе ў сувязі з наступным абвалам стан будынка стаў крытычным: бераг абваліўся да самага паўднёвага фасада[35], таму ў 1852 годзе манастыр пераехаў у будынак ліквідаванага жаночага кляштара бернадзінак[33].

Разбураная Барысаглебская царква, канец 19 ст.

1 красавіка 1853 года (па старому стылю) адбыўся першы абвал царквы, у вадзе апынуліся частка паўднёвага і заходняга фасада. На абмерным чарцяжы паўднёвага фасада, зробленага ў тым жа годзе бачна, што ў Нёман абрынулася каля 2/3 паўднёвага фасада. У гэты ж час у ваду абрынуліся шматлікія пахаванні, якія былі каля царквы, у тым ліку пліта 16 ст. Богуша Багаціновіча[36].

Тым не менш, настаяцель царквы Ігнацій Жалязоўскі ў 1857 годзе напісаў свайму кіраўніцтву ў Вільню: «Барысаглебская царква на Каложы не вызначаецца аніякімі ні архітэктурнымі, ні артыстычнымі асаблівасцямі і не заслугоўвае такіх вялікіх выдаткаў, якія патрабуюцца на яе выпраўленне…»[31][37] Настаяцеля падтрымаў мітрапаліт, яго справаздачу адправілі ў Сінод у Санкт-Пецярбург. Аднак пытанне пра выратаванне помніка зноў было паднята Міністэрствам шляхоў і зносін[38].

Вясной 1864 года ў раку спаўзла частка паўднёва-заходняга схілу разам з фрагментам сцяны заходняга фасада[39]. Спробы пабудаваць падпорную сценку былі беспаспяховымі, як і спробы купца Сідорскага ў 1864 годзе самастойна абнавіць помнік: работы былі спынены з-за адсутнасці зацверджанага праекта. Між тым становішча храма пагаршалася: у 1884 годзе абвалілася частка апсіды, праз пяць год адбыўся наступны абвал. Храм знаходзіўся на парозе поўнага знішчэння[33].

Для выратавання помніка да 1897 года былі праведзены вялікія работы па ўмацаванню берага Нёмана, была зроблена падпорная сценка.

Толькі пасля гэтага былі зроблены захады па выратаванню помніка. У 1872—73 гадах у рэканструяванай апсідзе была створана капліца ў імя святых Барыса і Глеба[40], а да 1910 года былі праведзены шырокія геалагічныя, інжынерныя і архітэктурныя даследаванні Каложскай царквы і берага Нёмана. Упершыню помнік навукова апісаны і замаляваны мастаком В. В. Гразновым у 1860-я гг., пасля адлюстраваны на малюнку Н. Орды 1869 г.

Каложская царква пасля кансервацыі, 1897 г., выгляд з паўночна-заходняга боку.

Царква з'явілася першым помнікам, пытанне пра захаванне якой разглядалася Імператарскай археалагічнай камісіяй у 1896 годзе. У наступным годзе на сродкі Міністэрства шляхоў зносін быў умацаваны бераг Нёмана, зроблена падпорная сценка разам з агляднай пляцоўкай, а на месцы зруйнаванай сцяны храма да 1898 года была пабудавана новая, драўляная[41]. У 1904 годзе пры Сінодзе створана спецыяльная камісія па яе рэстаўрацыі; у 1904-05 гадах былі праведзены даследчыя і кансервацыйныя работы пад кіраўніцтвам прафесара Памеранцава і архітэктара Пакрышкіна. У 1906 годзе адбылося асвячэнне царквы. У 1914 годзе на імя каменданта Гродна паступіў ліст вялікага князя Аляксандра Міхайлавіча, паводле якога Каложскую царкву планавалася перабудаваць у гарнізонны сабор. Далейшыя даследаванні, аднак, пакінулі гэты план толькі на паперы[42]. Тады ж архітэктар П. П. Пакрышкін падаў у сінодскую камісію праект рэстаўрацыі храма. Работы па кансервацыі праведзены ў 1910 годзе[43]. Каб прадухіліць далейшыя разбурэнні, нішы заходняй і паўночнай сцяны заклалі спецыяльна вырабленай плінфай, прычым закладкі праводзілі на нятлустай рошчыне з тым, каб падчас рэстаўрацыі іх можна было б лёгка разабраць і плінфу ўжыць па мэтавым прызначэнні. Аднак з-за Першай сусветнай вайны праца так і не пачалася[44].

У 1934 годзе, пасля таго, як ізноў на сценах храма з'явіліся шматлікія трэшчыны, быў створаны Камітэт па ратаванні Каложскай царквы, які запрасіў у Гродна аднаго з найлепшых спецыялістаў у вобласці геалагічных даследаванняў прафесара Б. Галіцкага. Галіцкі адшукаў крэйдавую лінзу, не пазначаную пры расійскіх даследаваннях, якая магла быць адной з прычын разбурэння помніка[45].

У савецкі час у царкве мясціўся музей гісторыі рэлігіі.

Кансервацыйна-рамонтныя работы ў савецкі час былі праведзены ў 1970 годзе, а пасля ў 1985—1987 гадах[1]. Сама ж царква была пераабсталявана пад музей, з 1977 года ў ёй знаходзіўся філіял Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі, які выступіў заказчыкам даследчых і рэстаўрацыйных работ Каложскай царквы[45].

Тагачасны кіраўнік музея Аляксей Карпюк у канцы 1980-х сустракаўся з мітрапалітам Філарэтам і спрыяў перадачы будынка царкве[46][47]. У выніку ў 1991 годзе будынак перадалі праваслаўным вернікам. У гэты ж час спрацавалі маячкі, устаноўленыя археолагамі ў 1979 годзе, што азначала, што бераг пачаў ізноў прасядаць, і разбураліся сцены храма.

24 верасня 1995 года храм наведаў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій II.

Умацаванне схілу Каложскага пагорка.

У 2000 годзе былі распачаты працы па ўмацаванню схілу Каложскай гары, аднак ужо ў наступным годзе праца была спынена. У 2006 годзе было праведзена геарадарнае зандзіраванне тэрыторыі навокал храма, якое паказала, што асноўная пагроза сыходзіць не з боку Нёмана, але з асаблівасцей мясцовага грунту[48].

Паводле даследчыка Ігара Трусава, пагорак, на якім стаіць Каложа, працягвае разбурацца. Ён быў умацаваны, але не ідэальна. Таму частка Каложы можа абваліцца зноў[49].

Рашэнне аб правядзенні рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ было прынята ў снежні 2008 года. Першапачаткова разглядалася 12 варыянтаў рэстаўрацыі храма. Праект, прапанаваны архітэктарам Г. Лаўрэцкім, прадугледжваў адначасова і рэстаўрацыю сцен, і рэканструкцыю — дабудову купала, даху і замену драўлянай сцяны на аналагічную захаванай. Таксама праект прадугледжваў узнаўленне перыметра царквы, скляпенняў царквы і купала, а таксама аснашчэнне будынка ўсімі неабходнымі камунікацыямі. Падлога ў царкве плануецца жоўта-зялёнай і павінна быць з падагрэвам. Дах маюць пакрыюць меднымі лістамі, а перакрыцці над імі зрабіць з клееных драўляных бэлек. У аднаўляемую мураваную сцяну ўманціруюць галаснікі[50].

У чэрвені 2009 года праца над будаўнічым праектам была прыпынена ў сувязі з адсутнасцю фінансавання[51].

Праект выклікаў спрэчкі з боку спецыялістаў. Навукоўцы заяўляюць, што праект рэстаўрацыі і аднаўлення царквы пад 12-е стагоддзе, аднак няма ніякіх дакументаў і малюнкаў, як выглядала царква ў гэты час. Па міжнародных стандартах толькі рэстаўрацыя, якая лічыцца навуковай, дае шанец аб'екту трапіць на разгляд у ЮНЕСКА; аднаўленне ж пад 12 стагоддзе зробіць з царквы прыгожы муляж, але не будзе ні гістарычным, ні навуковым[52]. Альтэрнатывай афіцыйнаму праекту захавання Каложы навукоўцы лічаць кансервацыю замест рэканструкцыі[51].

У 2010 годзе рашэннем Гродзенскага гарвыканкама была аб'яўлена грамадская акцыя «Адродзім Каложу разам!», прысвечаная збору сродкаў на рэстаўрацыю помніка. Меркавалася, што пасля рэстаўрацыі царква будзе ўнесена ў спіс помнікаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Акцыя вызвала дыскусію сярод навукоўцаў і грамадскасці. Прыхільнікі рэстаўрацыі сцвярджаюць, што рэстаўрацыя дазволіць захаваць помнік ад знішчэння, тады як праціўнікі сцвярджаюць, што старажытны храм стане новабудам[53].

Працу над аднаўленнем драўлянай сцяны, якая знаходзілася ў аварыйным стане, вялі ад кастрычніка 2017 года. У якасці матэрыялу выкарыстана тэрмамадыфікаваная хвоя. Акрамя таго будаўнікі выраўнялі сцяну і паднялі яе крыху вышэй. У студзені 2018 года праца была завершана. Наступным этапам маюць быць адрамантаваны балкон для хору і падлога[54]. У 2019 годзе адкрылі частку фундаментаў з рэшткамі калоны, убачыць якія можна скрозь празрыстую шкляную падлогу.

Навуковым кіраўніком і галоўным архітэктарам праекта капітальнага рамонта Каложскай царквы 2017-2018 гадоў была супрацоўніца «Гроднаграмадзянпраекта» Алена Шчасная. Капітальны рамонт быў адзначаны дыпломам на конкурсе Міжнароднай асацыяцыі саюзаў архітэктараў у Тбілісі ў 2020 годзе[55].

Аздабленне вокнаў.

Царква з'яўляецца выдатным помнікам старажытнарускага і візантыйскага царкоўнага дойлідства. Адносіцца да крыжова-купальных, 6-стоўпных, 3-нефавых, 3-апсідных базілік. Першапачаткова мела памер 13,5 на 21,5 м, а таўшчыня сцен дасягала 1,2 м[6].

Аб'ём храма завяршаўся адным купалам і меў пазакамарнае пакрыццё. Знешнія пілястры трохступеньчатыя, сярэднія выемкі скругленыя. Фасады крапаваны слаёнымі 3-ступеньчатымі лапаткамі (сярэднія ўступы скругленыя). Вуглавыя лапаткі з заходняга боку скошаныя. Сцены складзены з плінфы памерам 3,5-4 х 16 — 16,5 х 26 — 28 см пераважна чырвонага колеру (але сустракаюцца і жоўтыя цагліны)[56] ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі[57] (чым храм прынцыпова адрозніваецца ад полацкіх храмаў[58]), прычым з цэглы рабіліся толькі шчокі сцяны, а сярэдзіна складалася з забутоўкі — цаглянага друзу і дробных камянёў[59]. Выкарыстоўвалі таксама цагліны і лакальныя, трапецападобныя, з паўкруглым шырокім бокам, са скошаным вуглом. На тарцах некаторых цаглін ёсць лічбы і рэльефныя знакі[6], некаторыя з іх супадаць са знакамі, знойдзенымі на цаглінах Старога замка[60]. Раствор вапнавы з дамешкам цамянкі і вугалю. Падмуркі на глыбіні 1,5 м складзены з камянёў сярэдніх памераў без раствору[61].

Фасады ўпрыгожаны ўстаўкамі з паліраваных валуноў і маёлікавых плітак строга падабраных к пэўнай гаме колераў: карычневага, чырвонага, зялёнага і жоўтага колераў[62]. Гэты прыём быў звычайным для старажытнарускай архітэктуры і тлумачыўся найперш мэтамі эканоміі цэглы, а таксама эстэтыкі. Памеры камянёў у сценах памяншаюцца ўгару, што візуальна яе аблягчае. Самыя высокія (неапрацаваныя гнейсавыя, базальтавыя і гранітныя) валуны размешчаны ў верхняй частцы сцяны паміж лапаткамі, вышэй знаходзяцца камяні меншых памераў, якія чаргуюцца з керамічнымі ўстаўкамі. А на вышыні каля 4 метраў камяні поўнасцю саступаюць месца кераміцы. Размяшчэнне крыжападобных фігур і часткова камянёў строга падпарадкавана напрамкам, падкрэсленым лініямі архітэктурных форм. Невялікія камяні аздабляюць сярэднюю плоскасць трохпрыступкавых лапатак, акцэнтуючы сваім размяшчэннем іх вертыкальнасць. Строгі геаметрызм лапатак, цокаля і паўкружжаў зараз адсутных закамар, якімі завяршалася кожнае прасла, як бы намагаўся падпарадкаваць сабе каляровы, узорысты россып з каменняў і паліванай керамікі[63].

Вялікія каляровыя камяні і фігурныя керамічныя пліткі ўтваралі непадобныя адна на адну геаметрычныя фігуры і крыжы. Гэта стварала ўражанне, што для аздобы выкарыстаны не простыя матэрыялы, а каштоўныя камяні[6]. На галоўным фасадзе знаходзіцца ўваходны арачны праём.

Каля царквы выяўлены сляды манастыра 15-18 стагоддзяў[57]. Паводле Гразнова, каля царквы з паўночна-ўсходняй часткі была драўляная вежа-званіца 17-18 стст., якая ўжо к канцу 19 ст. была разабрана[64].

Унутранае ўбранства

Храм умоўна можна падзяліць на дзве часткі: асноўную і аб'ём трохапсіднай алтарнай часткі. У сваю чаргу асноўны аб'ём, бачная сцяна якога падзелена лапаткамі на чатыры праслы, складаецца з двух частак. У крайнім заходнім прасле паміж заходняй сцяной і першай парай слупоў знаходзіцца нартэкс і размешчаныя над ім хоры. Тром астатнім праслам фасада адпавядае прастора нааса, дзе калісьці быў купал на барабане[65].

Унутраная прастора расчлянёна круглымі слупамі (дыяметр каля 1,2 м) на прамавугольных цокалях, уверсе паступова набываюць крыжападобную форму: 4 усходнія падкупальныя, 2 заходнія пад хорамі, якія абапіраліся на корабавае скляпенне[57]. Выкарыстанне круглых слупоў надавала інтэр'еру вольны, зальны характар, падкрэслівала вертыкальную дынаміку прасторы і лёгкасць будынка[66].

Насупраць слупоў сіметрычна размешчаны пілястры, якія служаць для большай трываласці скляпення і для дэкаратыўных мэт[67]. У тоўшчы сцяны апсіды размешчаны вузкія лесвіцы, якія вялі на драўляныя бакавыя галерэі, аб'яднаныя з хорамі (не захаваліся). Самі хоры размяшчаліся ў заходняй частцы над уваходам. Да нашага часу зберагліся ўступы, на якія абапіраліся хоры. У таўшчыні сцен размяшчаліся лесвіцы-праходы для пад'ёму на хоры, адна з іх захавалася ва ўцалелай паўночнай сцяне[13]. Па ўсёй даўжыні сцен, працягваючы хоры, ішлі вузкія драўляныя балконы[68]. Таксама ў тоўшчы сцяны ёсць некалькі адтулін для захоўвання каштоўнасцей[67], зараз яны закладзены і атынкаваны, і вядомы толькі па малюнках 19ст. Першапачатковыя скляпеністыя перакрыцці даўно страчаны, а існуючая драўляная столь як бы цісне на дрэнна асветленую прастору з-за адсутнасці галоўнай крыніцы святла — васьміаконнага барабана цэнтральнага купала[69].

Асаблівасць інтэр'ера — мноства керамічных збаноў-галаснікоў, умураваных у верхнія часткі паўночнай, заходняй і паўднёвай сцен і скляпенні. Каложская царква па колькасці галаснікоў пераўзыходзіць любы вядомы помнік старажытнарускага дойлідства[70]. Галаснікі размешчаны не толькі ў сценах храма, але і ў апсідах, і нават у прыступках лесвіц апсід і частках скляпенняў лесвіц[71]. Удала падабраныя галаснікі не толькі стваралі належную акустыку, але і памяншалі вагу скляпенняў[6], таму купал і слупы, што падпіралі скляпенні, былі больш тонкімі. Унутраная прастора будынка мае выгляд вялікай залы, і параўнальна невялікі храм уяўляецца значна большым па плошчы[59].

Алтарная частка царквы

Ва ўсходняй (алтарнай) частцы храма ў верхняй частцы сцен размяшчаліся вузкія аконныя праёмы з арачнымі перамычкамі. Гэтых акон было ў кожнай апсідзе па тры, і яны ў розны час былі заложаны цэглай[64]. Сцены былі аздоблены фрэскавым жывапісам (не захаваўся і вядомы па малюнках В. В. Гразнова). Падчас рэстаўрацыйных работ 19851986 гг. знойдзены фрагменты фрэсак на ўнутранай сцяне, якія былі выяўлены яшчэ ў 1870 годзе пры пабудове алтарнай перагародкі. Пад слоем грунту былі раскрытыя выявы 2 анёлаў. Пры рэканструкцыі 19 ст. размалёўка была часткова знішчана, а часткова атынкавана. У 1894 годзе У. Гразноў у правай частцы алтара сілуэты кампазіцыі «Святая Троіца», у сярэдняй частцы — крыж, уверсе паміж алтарнымі часткамі — выяву сонца і месяца. Падчас рэстаўрацыі 1985-87 гг. на паўночнай сцяне раскрыты арачныя праёмы, выяўлены фрэскавая размалёўка: на праёмах — геаметрычны карычнева-чырвоны арнамент на светла-шэра-ружаватым фоне[57].

Падлога храма складалася з паліваных квадратных, трохвугольных і фігурных плітак. У адрозненне ад падлогі Ніжняй царквы падлога Барысаглебскай царквы значна прасцейшая: ва ўбранні падлогі выкарыстаны пліткі толькі чатырох відаў замест 17 у Ніжняй[72]. Недзе ў 13 ст. з'явіліся паліваныя рэльефныя пліткі, а ў 18 ст. — мармуровыя пліты. Фрагмент падлогі 12 ст. захаваўся ў бакавой апсідзе[57]. Пад падлогай захаваўся культурны пласт, які існаваў да будаўніцтва храма. Цэнтральная апсіда вылучана 2-ярусным драўляным іканастасам (створаны ў 1996—99, мастак-рэстаўратар з Рыгі А. Льянаў). Пад храмам мелася крыпта з пахаваннямі са славянскімі надпісамі; у 1857 г. на заходняй сцяне храма меўся камень з надпісам «Положен раб Божи Елизар лета от сотворения мира 6998 (1490)».

Царква на выявах 19 ст

[правіць | правіць зыходнік]

Захаваўся шэраг выяў і літаграфій, зробленых мастакамі на працягу 19 стагоддзя. Многія з іх асабліва каштоўныя, таму што маляваліся з натуры, яшчэ да катастрафічных абвалаў 1853 і 1889 гадоў.

Марцін Альшынскі. Заходні фасад Каложскай царквы. На малюнку бачны расколіны, стан помніка катастрафічны.

На малюнку Марціна Альшынскага, які датаваны да 1853 года, адлюстраваны заходні фасад царквы. Замест даху з трыма купаламі, што ўпамінаецца ў «Інвентары» І. Кульчынскага, бачны ўжо звычайны чатырохсхільны дах, увенчаны сціплым металічным крыжыкам. Вуглавая пілястра, да якой прымыкае агароджа з бярвення, крыху расшырана і пазбаўлена маёлікавай аздобы. Амаль над самай агароджай у пілястры відаць невялікае акенца, па якім праходзіць расколіна. Яно асвятляла лесвіцу, убудаваную ў заходнюю сцяну, — па ёй траплялі непасрэдна на хоры. Вялікае акно ў цэнтры фасада і атынкаваная закладка праёма яўна больш познія. Праз іх таксама праходзіць расколіна, што гаворыць пра набліжэнне катастрофы.

Войцех Герсан. Інтэр’ер Каложскай царквы.

Да 1853 года выкананы і малюнак Войцеха Герсана, які адлюстроўвае інтэр’ер. На малюнку вылучаюцца гарызантальныя ўступы паўночнай і паўднёвай сцен. Лапатка паўднёвай сцяны счасана ўпоравень з выступам, хаця першапачаткова яна працягвалася ўверх і праз арачку злучалася са стаячай з ёю ў створы калонай. Перамычка праёму дзвярэй у паўночнай сцяне, якая першапачаткова была паўцыркульнай, ужо перароблена, гэтак жа як перароблены з малых на вялікія вокны ў другім ярусе.

На малюнку Міхала Кулешы царква адлюстравана з паўднёвага ўсходу. Дробны маштаб адлюстравання не дазваляе гаварыць пра нейкія паказальныя дэталі. Акрамя таго кампазіцыя малюнка яўна рамантызавана, што дае падставу ўсумніцца ў яго дакументальнай дакладнасці.

У «Рускім мастацкім лістку» В. Цімма ў 1858 годзе будынак паказаны з паўднёва-ўсходняга боку, але гэты малюнак М. В. Крукоўскага даволі дробны.

У 1867 годзе зроблена літаграфія паводле малюнка I. Трутнева. Яна дастаткова дакладна і падрабязна паказвае царкву з боку апсід. На літаграфіі яшчэ відаць апсіда дыяканніка, што абрынулася ў Нёман у 1889 годзе.

Прыкладна ў тым жа 1867 годзе Р. Кудраўцаў выканаў літаграфіі паводле малюнкаў В. Гразнова.

Урэшце, настаўнік малявання Віленскай гімназіі В. Гразноў зрабіў план і разрэзы руін храма, дэталёвы малюнак алтарнага акна, выгляды паўднёвага і заходняга фасадаў. Нягледзячы на тое, што Гразноў маляваў царкву ў 1856 годзе, і, натуральна, што многае яму давялося ўзнаўляць па памяці або па накідах, зробленых яшчэ да 1853 года, тым не менш, малюнкі лічацца дастаткова дакладнымі. Асаблівую цікавасць уяўляе адзіная выява страчанага паўднёвага фасада[73].

Пасля абвалу зроблены малюнак Н. Орды і выдадзены ў літаграфіі ў 1875—1879 гадах. На гэтым малюнку разбураны храм паказаны з паўднёва-заходняга боку.

У 1864 годзе ў заходнія губерніі Рускім археалагічным таварыствам была накіравана экспедыцыя для замалёўкі і абмераў помнікаў старажытнасці. Адзін з яе членаў, архітэктар І. Гарнастаеў, зрабіў абмеры царквы, якія аднак даволі схематычныя і недакладныя[74].

Археалагічныя даследаванні

[правіць | правіць зыходнік]

У канцы 19 ст. помнік даследаваў В. В. Гразноў, які выявіў у муроўцы будынка галаснікі, знакі на цэгле і выказаў думку, што царква мела фрэскавую размалёўку.

Вадалей 12 ст. з начыння Каложскай царквы

У 1904 годзе, пасля таго як царкву даследаваў П. П. Пакрышкін, паўстала пытанне аб аднаўленні помніка ў першапачатковым выглядзе з «узвядзеннем недастаючых частак на ўзор існуючых». Пры гэтым камісія, якая кіравала працаю, прызнала, што неабходна зрабіць даследаванні падмуркаў і правесці раскопкі ўнутры і звонку храма. Аднак у якой ступені былі праведзены гэтыя работы дакладна невядома[74].

У 1935 годзе вядомы гродзенскі даследчык Ю. Ядкоўскі падчас праведзеных раскопак каля паўночнай сцяны высветліў, што падмуркі царквы зроблены ўсухую з камянёў сярэдніх памераў на глыбіню 1,5 м. Высветлілася, што сцяна мае трохпрыступкавы цокаль, спалучаны з трохпрыступкавымі лапаткамі, якія вертыкальна падзяляюць яе на асобныя праслы. Даследчыкам было сабрана шмат паліваных плітак ад падлогі 12 ст. У паўночна-ўсходняй апсідзе прасочаны кавалак першапачатковай падлогі, над якім знаходзілася праслойка зямлі ў 5-8 см, а яшчэ вышэй знаходзіліся тоўстыя (да 5 см) рэльефныя арнаментаваныя пліткі памерам 19,5 х 19,5 см, якія, як лічыцца, адносяцца да 13 ст. У галоўнай апсідзе даследчык выявіў рэшткі першапачатковай падлогі з фігурных плітак з зялёнай і жоўтай палівай. Пад драўлянай падлогай у цэнтральнай апсідзе адкрылі сінтрон — каменную лаву для царкоўных служак[75].

У 1946 годзе помнік даследаваў І. М. Хозераў, які адзначыў наяўнасць чатырох круглых слупоў, што з'яўляецца нехарактэрным для архітэктуры Беларусі 12 ст.

У 1981, 1983-1984 гадах храм даследавалі археолагі П. А. Рапапорт, А. А. Трусаў і архітэктар В. Р. Слюнчанка. Падчас раскопак былі ўскрыты квадратныя падмуркі паўночна-ўсходняга, паўночна-заходняга і паўночна-заходніх слупоў, а ў паўднёвай апсідзе выяўлены рэшткі падлогі 12 ст., выкладзенай з квадратных і трохвугольных паліваных плітак. Быў прасочаны культурны пласт з керамікай 11-12 ст., сабрана вялікая колькасць непаліванай керамікі 15-16 ст. і вызначана месцазнаходжанне позняга манастыра. Таксама была праведзена рэканструкцыя бакавой галерэі[76].

Падчас рэстаўрацыйных работ 1985-86 гадоў раскрыты фрагменты фрэскавай размалёўкі 16 ст. і шматлікія графіці на сцяне[59].

  1. а б в Архітэктура Беларусі, с. 166
  2. Беларуская энцыклапедыя, с. 422
  3. Культура Беларусі, с. 205
  4. а б Памяць, с. 56
  5. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, с. 124
  6. а б в г д А. Марціновіч. Горадна, Горадзен, Гродна. с.23
  7. а б Гродназнаўства, с. 52
  8. а б в Марціновіч А. Горадна, Горадзен, Гродна. С. 24
  9. а б Біяграфія гарадзенскіх вуліц, с. 271
  10. Каложа мяняе аблічча, с.34
  11. Слюнчанка, с. 18-19
  12. Біяграфія гарадзенскіх вуліц, с. 270—271
  13. а б Памяць, с.56
  14. Слюнчанка, с. 41
  15. Слюнчанка, с. 42
  16. Гродназнаўства, с. 53
  17. Корчинский, с.6
  18. Памяць, с. 57
  19. Коложская в г. Гродно церковь, с.7-8
  20. Коложская в г. Гродно церковь, с.9
  21. а б в Магдэбургская Гародня, с. 79
  22. Слюнчанка, 30
  23. Слюнчанка, с. 29
  24. Коложская в г. Гродно церковь, с.8
  25. И. Трусов. Борисо-Глебская Коложская Церковь, с.26
  26. Древнее Гродно, с. 80
  27. Коложская в г. Гродно церковь, с.8-9
  28. Слюнчанка, с.33
  29. И. Трусов. Борисо-Глебская Коложская Церковь, с.27
  30. Древнее Гродно, с.81
  31. а б Древнее Гродно, с.82
  32. Біяграфія гарадзенскіх вуліц, с. 271—272
  33. а б в Біяграфія гарадзенскіх вуліц, с. 272
  34. Коложская в г. Гродно церковь, с.14
  35. Коложская в г. Гродно церковь, с.22
  36. Пивоварчик, с. 55
  37. Слюнчанка, с. 6
  38. Коложская в г. Гродно церковь, с.28
  39. И. Трусов. Борисо-Глебская Коложская Церковь, с.30-31
  40. И. Трусов. Часвни, с.13
  41. И. Трусов. Борисо-Глебская Коложская Церковь, с.34
  42. Пивоварчик, с. 51
  43. И. Трусов. Борисо-Глебская Коложская Церковь, с.36
  44. Слюнчанка, с. 8-9
  45. а б Біяграфія гарадзенскіх вуліц, с. 273
  46. Электронны музей А.Н. Карпюка(недаступная спасылка). Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г. Гродна.
  47. 31 год таму памёр Аляксей Карпюк: 9 фактаў пра знакамітага гродзенца . Hrodna.life - навіны Гродна (26 лютага 2024). Праверана 26 лютага 2024.
  48. Біяграфія гарадзенскіх вуліц, с. 274
  49. З Каложскай царквы зробяць гібрыд ХІІ і XIX стагоддзяў Архівавана 18 кастрычніка 2016.
  50. Каложа мяняе аблічча, с. 35
  51. а б Рэстаўрацыя Каложы знішчыць помнік ХІІ стагоддзя?
  52. Гарадзенская Каложа пад пагрозай
  53. Пивоварчик С. А., с. 50
  54. "Коложская церковь получила новую деревянную стену: смотрите, как было и как стало". news.tut.by. 23 студзеня 2018. Архівавана з арыгінала 25 студзеня 2018. Праверана 24 студзеня 2018.
  55. "Руіны не ўспрымаюць пазітыўна". Стары замак і Каложа атрымалі дыпломы на міжнародным архітэктурным конкурсе . Hrodna.life - навіны Гродна (26 лютага 2024). Праверана 26 лютага 2024.
  56. Древнее Гродно, с. 87
  57. а б в г д Архітэктура Беларусі, с. 167
  58. Слюнчанка, с.19
  59. а б в Археалогія Беларусі, с. 262
  60. Древнее Гродно, с. 88
  61. Гродна, энц. даведнік, с. 107
  62. Древнее Гродно, с. 90
  63. Слюнчанка, с.22-23
  64. а б Грязнов, с. 10
  65. Слюнчанка, с.26
  66. Древнее Гродно, с. 101
  67. а б Грязнов, с. 9
  68. Древнее Гродно, с.89
  69. Слюнчанка, с. 28
  70. Лаврецкий, с. 52
  71. Древнее Гродно, с. 98
  72. Слюнчанка, с.54
  73. Слюнчанка, с36-38
  74. а б Древнее Гродно, с. 83
  75. Слюнчанка, с. 9-11
  76. Слюнчанка, с. 14
  • Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2т. Т. 1. А-К. Гал. рэдактар Т. У. Бялова. — Мінск, Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 496 с. ISBN 978-985-11-0354-2.
  • Архітэктура Беларусі: Энцыкл. даведнік/Беларуская энцыклапедыя; Рэдкалегія: А. А. Воінаў і інш. — Мінск, 1993. — 620с. ISBN 5-85700-078-5.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БЕлЭн, 1997. — 576 с. ISBN985-11-0090-0.
  • Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы. Серыя Гарадзенская бібліятэка. Аўтары: Вашкевіч А. і інш. Вроцлаў-Гродна, 2012. — 370с. ISBN 978-83-61617-77-8.
  • Воронин Н. Н. Древнее Гродно. М. 1954 // Материалы и исследования по археологии СССР. № 31. Материалы и исследования по археологии древнерусских городов. Т. III.
  • Горадна, Горадзен, Гродна: нарысы. А. Марціновіч. — Мн.: Маст. літ., 2008. — 112 с. — (Твае гарады, Беларусь). ISBN 978-985-02-0921-4.
  • Гродназнаўства. Серыя «Гарадзенская бібліятэка». Госцеў А. і інш., Гродна-Вроцлаў, 2012. — 340с. ISBN 978-83-61617-85-3.
  • Гродно. Энциклопедический справочник. Белорусская советская энциклопедия. Гл. ред. И. П. Шамякин. — Минск, 1989. — 438 с. ISBN 5 −85700-015-7.
  • Грязнов В. В. Коложская Борисоглебская церковь в г. Гродне. Вильна. Типография А. Г. Сыркина, 1893. — 11 с.
  • Лаврецкий Г. Коложская церковь в Гродно. Мера красоты. Архитектура и строительство. 8/2007.
  • Каложа мяняе аблічча. І. Папко. Беларусь. № 1(904), студзень, 2009.
  • Коложская в г. Гродно церковь, с бывым при ней Борісо-Глебским монастырем в подробном изложении положения ее прежнего и за последнее время, — с фототипическим изображением Коложской иконы Богородицы и 5 видов церкви. Епископ Иосиф (1835—1902). Воронеж: Типография В. И. Исаева, 1899. — 101 с.
  • Корчинский И. В. Древняя Коложская церковь во имя святых князей Бориса и Глеба в городе Гродне. — Гродно: Губернская типография, 1908. — 24 с.
  • Кулагін А. М. Праваслаўны храмы на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 2001. ISBN 985-11-0190-7
  • Культура Беларусі: энцыклапедыя. Т.3/рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.). — Мінск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2012. — 688 с. ISBN 978-985-11-0662-8.
  • Магдэбургская Гародня. Ю. Гардзееў. Серыя «Гарадзенская бібліятэка». Гродна-Вроцлаў, 2008. ISBN 978-83-89185-68-6
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка горада Гродна (Беларус. Энцыкл.: Рэд. кал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — 712 с. ISBN 985-11-0147-8.
  • Пивоварчик С. А. Нереализованный проект строительства православного собора в крепости Гродно. Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Серыя 1. Гісторыя і археалогія. Філасофія. Палітаголія. ISSN 2076-4839.
  • Сліж Н. Невядомае пра вядомае: уладанні царквы і манастыра Св. Барыса і Глеба ў канцы 15 — пачатку 17 ст. Гістарычны альманах, Гродна, 2012. Том 18. — С. 2-25.
  • Слюнчанка В. Р. Барысаглебчкая (Каложская) царква ў Гродне. Мн. : Полымя, 1992. — 63с. ISBN 5-345-00490-0.
  • Трусов И. Г. Борисо-Глебская Коложская церковь. Гродно:ООО «ЮрСаПринт», 2011. — 52с. ISBN 978-985-90187-2-5.
  • Трусов И. Часовни, домовые и военные церкви в Гродно. Краткий исторический очерк. 1803—1915 гг.-Гродно:ООО «ЮрСаПринт», 2011.-56с. ISBN 978-985-90189-14-10.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: Т 3. — Мн.: БелЭн, 1996. 527с. ISBN 985-11-0041-2.
  • Jodkowski J. Swiątynia warowna na Kołoży w Grodnie w świetle badań archiwalnych i archeologicznych dokonanych w 1935. Prace i Sprawozdania Muzeum w Grodnie, Nr 1. Grodno, 1936. — 70 s.
  • Limanowski M. W sprawie kultu Borysa i Gleba w Grodnie. S. 156—173.
  • Walicki M. Cerkiew sw. Borysa i Gleba na kolozy pod Grodnem. — Warszawa: Wyd-wo Zakl. Architektury Pol. Politechniki Warszawskiej: Kasa im. Mianowskiego, 1929. — 45s.