Гродзенская абласная філармонія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гродзенская абласная філармонія
Выява лагатыпа
Заснаваны 1987
Будынак тэатра
Месцазнаходжанне Гродна, Гродзенская вобласць
Сайт grof.by
Map

Гродзенская абласная філармонія — філармонія, створаная ў 1987 годзе ў горадзе Гродна на базе гастрольна-канцэртнага аддзялення Беларускай дзяржаўнай філармоніi. Размяшчаецца ў горадзе Гродна па вул. Паповіча, 5.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя Гродзенскай абласной філармоніі пачалася з тых часоў, калі ў кожнай вобласці былі створаны гастрольна-канцэртныя аддзяленні Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Адно з іх займалася арганізацыяй выступленняў на Гродзеншчыне прафесійных калектываў, якія прыяжджалі на канцэрты. Але ў 1980-х гадах такі ўзровень работы ўжо не адпавядаў патрабаванням часу, тым болей, што ў Гродна выраслі кіраўнікі самадзейных калектываў, якія працавалі на ўзроўні прафесіяналаў.

Рашэннем Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта ад 19 студзеня 1987 года № 22 была створана Гродзенская абласная філармонія. Яе работа пачалася 1 лютага 1987 года. Першым дырэктарам установы быў Яўген Валянцінавіч Жукаў (1947—1992).

Канец 1980-х гадоў быў перыядам станаўлення філармоніі як самастойнай установы прафесійнага мастацтва. У гэтым жа годзе адбылася знакавая падзея — у філармоніі пачаў дзейнічаць ансамбль песні, музыкі і танцу «Белыя росы». З першых дзён існавання філармоніі тут працуе вядомы гітарыст Уладзімір Захараў. Гэты выпускнік Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа, які скончыў пасля Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, выдатны прафесіянал, запатрабаваны артыст, магістр мастацтваў, лаўрэат шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў гітарнай музыкі, арганізатар абласнога фестывалю «Пяе над Гроднай гітара», кампазітар, педагог (адзін з самых вядомых яго вучняў — Павел Кухта, лаўрэат міжнародных конкурсаў, магістр мастацтвазнаўства, вядучы майстар сцэны Беларускай дзяржаўнай філармоніі). Штогод Ул. Захараў стварае арыгінальныя праграмы, дае мноства канцэртаў. У 2000 годзе ён узнагароджаны Ганаровым знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. З 1992 па 1996 год на пасадзе дырэктара філармоніі працавала Рыма Васільеўна Іванова.

Пачатак 1990-х гадоў — бурлівы час, так званая «перабудова». Для філармоніі яна вызначылася актывізацыяй гастрольнай дзейнасці ў Гродна вядомых і папулярных расійскіх выканаўцаў. Самай запатрабаванай канцэртнай пляцоўкай стаў гарадскі стадыён, на якім выступілі Ала Пугачова, Валерый Лявонцьеў, Сафія Ратару, Ларыса Доліна, гурты «Любэ», «Ласковый май», мноства іншых выканаўцаў. У гэты час пашыраецца колькасць мастацкіх калектываў, у філармонію прыходзяць новыя цікавыя выканаўцы. Так, у 1993 годзе створаны гурт сучаснай харэаграфіі «Тад» (у перакладзе з санскрыту — «матэрыялізацыя творчай энергіі і фантазіі»). Яе стваральнік і мастацкі кіраўнік — Дзмітрый Сяргеевіч Куракулаў, лаўрэат прэміі імя Я. Панфілава. У яго асобе аб'ядналіся мастацкі кіраўнік, рэжысёр-пастаноўшчык, балетмайстар, віртуозны выканаўца, мастак-мадэльер па касцюмах, сцэнограф. У пастаноўках «Тада» злучаюцца і сінтэзуюцца элементы авангарду, мадэрн-харэаграфіі, акрабатыкі, пластыкі, поп-культуры. Гурт «Тад» з'яўляецца лаўрэатам спецыяльнай прэміі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі «харэаграфія». Шматразова калектыў удзельнічаў у прэстыжных міжнародных фестывалях сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, Гомелі, Санкт-Пецярбургу, Чалябінску, уваходзіць у «Залаты фонд IFMC» — міжнародную федэрацыю фестываляў і святаў.

Далейшае развіццё філармоніі йшло пад кіраўніцтвам Рыгора Васільевіча Маркаўца (1996—2000 гг.). У 1997 годзе ў склад творчых калектываў філармоніі ўвайшоў танцавльны дуэт «Энігма». Гэта творчы і сямейны саюз Луны і Юрыя Леанідавіча Зябкіных. Абое выдатныя творцы, яны ствараюць вельмі артыстычныя, выразныя, запамінальныя нумары, якіх у рэпертуары — больш за 20.

З 2000 па 2011 год дырэктарам філармоніі працаваў Эдуард Браніслававіч Ціховіч. 2001 год — час стварэння эстрадна-сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Барыса Ігаравіча Мягкова. Вельмі таленавіты музыка, аранжыроўшчык, аўтарытэтны кіраўнік, ён за кароткі час стварыў шэраг праграм, кожная з якіх стала падзеяй не толькі ў Гародні, але і за яго межамі. У 2005 годзе ён быў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. У рэпертуары калектыву — больш за 300 твораў: класікі, джазу, папулярных інструментальных мелодыяў і песень беларускіх і замежных аўтараў. Б.Мягкоў з'яўляецца йніцыятарам і арганізатарам адкрытага фестывалю «Гродна джаз». З 2005 года аркестр забяспечвае музычнае суправаджэнне міжнародных турніраў па спартыўных танцах у Маскве, Санкт-Пецярбургу (Расія), Рызе (Латвія), Вільне (Літва), Эльблонгу (Польшча). У 2004 годзе абласная філармонія папоўнілася інструментальным калектывам — ансамблем «Медыюм». У яго склад увайшлі выпускнікі аддзялення мастацтваў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы. Цікавыя праграмы, створаныя музыкамі, сталі прычынай поспеху на розных міжнародных фестывалях. Калектыў з задавальненнем выступае ў якасці акампануючай групы ў вядучых салістаў філармоніі — Алы Аўдзейчык, Ірыны Гаранкінай, Аляксандра Валынскага, а таксама оперных спевакоў Марыны і Уладзіміра Гаравых. З 2002 па 2009 год у філармоніі працаваў артыст унікальнага даравання, самабытны і непаўторны Аляксандр Звяровіч (сцэнічны псеўданім Сандро). З першых крокаў на эстрадзе ён атрымліваў гарачую любоў гледачоў, быў пераможцам усіх песенных конкурсаў, у якіх удзельнічаў. Спалучаючы высокую тэхніку са своеасаблівай манерай і стылем выканання, выкарыстоўваючы шырокі галасавы дыяпазон, ён ствараў у кожнай песні яркі спектакль. У той час гэта быў «голас № 1» у Гародні. На жаль, у 2011 годзе артыст заўчасна пайшоў з жыцця. Высокі густ, эстэтыку і трапяткія адносіны да музычнай класікі дэманструюць Ларыса Мяркулава (фартэпіяна, выпускніца Казанскай дзяржаўнай кансерваторыі) і Вячаслаў Панькоў (скрыпка, выпускнік Беларускай дзяржаўнай Акадэміі музыкі). Доўгі час з нязменным поспехам у філармоніі працуюць салісты Ала Аўдзейчык (яе адметнасць — моцны голас, артыстызм, абаяльнасць, выдатны рэпертуар — пераважна аўтарскі), Аляксандр Казакевіч (тэнар; яму падуладны і мяккі лірызм, і высокая патрыётыка; адметнасць — пранікнёнасць і шматвобразнасць), Аляксандр Валынскі (барытон, выканаўца оперных арыяў, рамансаў, народных песень; адметнасць — насычаны тэмбр і шырокі дыяпазон).

У 2007 годзе ў філармоніі быў адкрыты прадзюсарскі цэнтр (кіраўнік Наталля Клімовіч). Ён займаецца падрыхтоўкай дзяцей і моладзі да ўдзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных спеўных конкурсах. Так, Аляксандра Стацкевіч з'яўляецца фіналісткай рэспубліканскага туру міжнароднага конкурсу «Новая хваля — 2011», Дзіяна Жура — дыпламантам Нацыянальнага конкурсу беларускай песні і паэзіі ў Маладзечна (2009, 2011 гг.), Дар'я Шульгіна — фіналістка рэспубліканскага конкурсу «Песня для Еўрабачання» (2009, 2010 гг). Калектывы і выканаўцы філармоніі штогод даюць больш за тысячу канцэртаў, ствараючы яркую і разнастайную мастацкую палітру Гродзеншчыны. 2011 год стаў пераломным для абласной філармоніі. З яе складу выйшаў вядучы прафесійны калектыў вобласці і Беларусі — ансамбль танца, музыкі і песні «Белыя росы», які атрымаў статус самастойнай дзяржаўнай установы культуры. У філармоніі пачалася маштабная рэканструкцыя, пасля завяршэння якой у адноўленым будынку з'явіцца глядзельная зала на 1000 месцаў, шмат утульных памяшканняў для работы калектываў і выканаўцаў, цікавы інтэр'ер і сучасна абсталяваная эстрада. У лютым 2012 года Гродзенскую абласную філармонію ўзначаліла Таццяна Леанідаўна Уласенка.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • grof.by — афіцыйны сайт Гродзенскай абласной філармоніі