Гродзенская мужчынская гімназія
Гродзенская мужчынская гімназія | |
---|---|
Заснавана | 6 (18) красавіка 1834 |
Закрыта | 1915 |
Тып | гімназія |
Гродзенская мужчынская гімназія — колішняя сярэдняя навучальная ўстанова ў Гродне. Дзейнічала ў 1834—1915 гадах. Падпарадкоўвалася Віленскай навучальнай акрузе.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]16 жніўня 1833 года была зачынена дамініканская гімназія і на яе базе адкрыта Гродзенская губернская мужчынская гімназія[1].
3 студзеня 1834 года расійскі імператар зацвердзіў штаты гімназіі. 6 красавіка 1834 года адбылося яе ўрачыстае адкрыццё. Указам імператара ад 23 лістапада 1835 года Гродзенская мужчынская гімназія атрымала статус губернскай, а Свіслацкая была пераведзена ў павятовую[1]. Дзейнічала як класічная гімназія з 8-гадовым тэрмінам навучання. Утрымлівалася за кошт дзяржаўных сродкаў, платы за навучанне і інш[2].
Гімназія месцілася ў будынку былой дамініканскай. Ён быў пераабсталяваны з улікам патрабаванняў, якія дыктаваліся задачамі, што ставіліся ўладамі перад гэтай навучальнай установай. Галоўная задача, як яе фармулюе Я. Ф. Арлоўскі[3], зводзілася да закрыцця ў губерні сярэдніх школ з польска-каталіцкім кірункам (у тым ліку і Гродзенскай дамініканскай гімназіі) і заснавання новых, з рускім кірункам і рускай мовай выкладання. Для рэалізацыі гэтай задачы выдаткоўваліся значныя сродкі, дзякуючы чаму праз пэўны час Гродзенская губернская гімназія мела ўсё неабходнае для арганізацыі навучальнай і выхаваўчай працы гімназістаў[1].
Фундаментальная бібліятэка мела 4131 найменне кніг у 9393 тамах. Значную частку фонду бібліятэкі складалі кнігі былой дамініканскай гімназіі, у ліку якіх было шмат каштоўных выданняў XVI стагоддзя. З 1896 года ў бібліятэцы быў адкрыты «местный отдел», у якім былі сканцэнтраваны кнігі па гісторыі і этнаграфіі Паўночна-Заходняга краю і Гродзенскай губерні. Бібліятэка мела чытальную залу для выкладчыкаў з багата прадстаўленай расійскай і замежнай перыёдыкай. Вучнёўская бібліятэка была больш сціплай. У 1891—1892 навучальным годзе яе фонд складаў 1039 тамоў. Гімназія мела добры фізічны кабінет, у якім было 392 прыборы і кабінет прыродазнаўчых навук, які налічваў 2394 заалагічных і мінералагічных экспанатаў[1].
У 1915 годзе ў гімназіі навучаўся 621 навучэнец. Вучэбныя прадметы: закон божы, лацінская і грэчаская мовы (41 % навучальнага часу), фізіка, матэматыка, прыродазнаўчыя навукі, руская мова і літаратура, гісторыя, геаграфія і інш. У 1915 годзе гімназія эвакуіравана ў г. Ліпецк Тамбоўскай губерні[2].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы: Гістарычны нарыс / С. А. Габрусевіч, I.П. Крэнь, Гродзенскі дзяржауны ўніверсітэт імя Я. Купалы. — Гродна: ГрДУ, 2001. — 175 с.: іл. — ISBN 985-417-241-4: 4500.00.
- ↑ а б Галіна Сянькевіч. Гродзенскія гімназіі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- ↑ Орловский Е. Ф. Исторический очерк Гродненской гимназии. — Гродно, 1901. C.31
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Галіна Сянькевіч. Гродзенскія гімназіі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Сянькевіч Г. Р. Гро́дзенскія гімна́зіі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 440. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).