Грузія

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Грузія
груз. საქართველო
Грузія Герб Грузіі
Сцяг Грузіі Герб Грузіі

Каардынаты: 41°41′00″ пн. ш. 43°44′00″ у. д. / 41.683333° пн. ш. 43.733333° у. д. (G) (O) (Я)

Georgia (orthographic projection with inset).svg
Дэвіз: «Сіла ў адзінстве
груз. ძალა ერთობაშია»
Гімн: «Свабода»
Дата незалежнасці 26 мая 1918
(ад ЗДФР)
9 красавіка 1991 (ад СССР[* 1].)
Афіцыйная мова грузінская
Сталіца Тбілісі, Кутаісі
Найбуйнейшыя гарады Кутаісі, Батумі, Руставі, Зугдзідзі, Горы, Поці, Сухумі[* 2], Цхінвалі[* 3]
Форма кіравання Змешаная рэспубліка
Прэзідэнт
Прэм'ер-міністр
Спікер Парламента
Георгій Маргвелашвілі
Георгій Квірыкашвілі
Давід Усупашвілі
Плошча
• Усяго
118-я ў свеце
69 700 км²[* 4][1][2] км²
Насельніцтва
• Ацэнка (2012)
Шчыльнасць

4 497 600 чал.
68 чал./км²
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2011)
  • На душу насельніцтва

$23,934 млрд (МВФ)[3]  (109-ы)
$5,491 $ (МВФ)[3]
Валюта Лары
Інтэрнэт-дамен .ge
Код ISO GEO
Тэлефонны код +995
Часавы пояс +4

Гру́зія (груз. საქართველო) — краіна ў Каўказскім рэгіёне Еўразіі. Па дадзеных перапісу 2014 года насельніцтва Грузіі складае каля 3,7 млн. жыхароў. Тбілісі — сталіца і самы буйны горад у краіне, насельніцтва якога перавышае мільён чалавек.

Грузія размешчана на скрыжаванні Усходняй Еўропы і Заходняй Азіі. Краіна мае сухапутныя межы з Расіяй на поўначы, Азербайджанам на паўднёвым усходзе, Арменіяй і Турцыяй на поўдні. На захадзе краіна абмываецца Чорным морам.

На працягу старажытнай эпохі на тэрыторыі цяперашняй Грузіі зацвердзілася некалькі незалежных царстваў. У пачатку 4 стагоддзя Калхідскае царства і царства Іберыя прынялі хрысціянства. Аб'яднанае Грузінскае царства дасягнула піку свайго эканамічнага і палітычнага развіцця падчас праўлення цара Давіда IV і царыцы Тамары ў 11–12 стагоддзях. Пасля гэтага на працягу многіх стагоддзяў тэрыторыя знаходзілася ў складзе розных буйных імперый, у тым ліку Мангольскай імперыі, Асманскай імперыі і паслядоўных дынастый Ірана. У канцы 18 стагоддзя Картлі-Кахетынскае царства заключыла саюз з Расійскай імперыяй і вобласць была анексавана апошняй у 1801 годзе, пасля чаго панаванне Расіі над тэрыторыяй Грузіі было пацверджана ў 1813 годзе Гюлістанскай дамовай з Каджарскай дынастыяй Ірана.

Пасля Расійскай рэвалюцыі 1917 года Грузія на кароткі час атрымала незалежнасць, пасля чаго была захоплена Савецкай Расіяй у 1921 годзе і ўвайшла ў склад СССР як Грузінская ССР. Пасля аднаўлення незалежнасці ў 1991 годзе посткамуністычная Грузія цярпела ад грамадзянскага і эканамічнага крызісу на працягу 1990-х гадоў. Гэта працягвалася да мірнай Рэвалюцыі ружаў, пасля якой дзяржава стала праводзіць празаходнюю замежнюю палітыку, правёўшы шэраг дэмакратычных і эканамічных рэформаў, накіраваных на інтэграцыю з НАТА і еўрапейскімі краінамі. Заходняя арыентацыя Грузіі неўзабаве прывяла да пагаршэння адносін з Расіяй, што прывяло да расійска-грузінскай вайны, якая прывяла да падтрымкі Расіяй самаабвешчаных рэспублік Абхазіі і Паўднёвай Асеціі і размяшчэння на іх тэрыторыі расійскіх ваенных баз.

Грузія з'яўляецца унітарнай змешанай рэспублікай з урадам, які абіраецца шляхам прадстаўнічай дэмакратыі. Дзяржава з'яўляецца членам Савета Еўропы і Арганізацыі за дэмакратыю і эканамічнае развіццё – ГУАМ. Абхазія і Паўднёвая Асеція застаюцца дэ-факта незалежнымі рэгіёнамі, атрымаўшы міжнароднае прызнанне ад чатырох краін-членаў ААН — Расіі, Нікарагуа, Венесуэлы і Науру. Грузія і асноўная частка міжнароднай супольнасці разглядаюць рэгіёны ў якасці суверэннай тэрыторыі Грузіі пад ваеннай акупацыяй Расіяй.

Фізіка-геаграфічная характарыстыка[правіць | правіць зыходнік]

Геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

Рэльеф Грузіі

Большая частка Грузіі занята гарамі. На поўначы працягваецца горная сістэма Вялікага Каўказа з вышынямі да 4500-5000 м над у.м. Найвышэйшы пункт Грузіі — гара Шхара (5068 м). У верхніх частках хрыбтоў Вялікага Каўказа шмат леднікоў. Да восевай водападзельнай часткі гор прымеркаваныя вядомыя горныя перавалы.

Паміж Вялікім і Малым Каўказам размешчаная субшыротная зона міжгорных катлавін, дзе засяроджаныя найбольш урадлівыя глебы Грузіі. На захадзе вылучаецца моцна забалочаная Калхідская нізіна, на ўсходзе — раўніны, на якіх здаўна склаліся гістарычныя правінцыі Імярэтыя, Картлі і Кахетыя. З усходу Калхідскую нізіну замыкае Ліхскі (Сурамскі) хрыбет, які з'яўляецца прыроднай мяжой, што аддзяляе заходнія раёны Грузіі ад усходніх.

Горы Малога Каўказа на поўдні краіны маюць сярэднія вышыні 2000-3000 м. У межах Паўднёва-Грузінскага (Джавахетскага) нагор'я сустракаюцца лававыя плато і азёры вулканічнага паходжання.

Тэрыторыя Грузіі адрозніваецца падвышанай сейсмічнасцю, у некаторых раёнах адбываюцца землетрасенні сілай да 5-7 балаў (асабліва ва ўсходніх раёнах).

Унутраныя воды[правіць | правіць зыходнік]

Рака Рыёні

У Грузіі ёсць шматлікія рэкі, многія з іх выкарыстоўваюцца для вытворчасці электраэнергіі і як крыніцы арашэння. Яны жывяцца галоўным чынам за кошт талых снежных і ледніковых вод і атмасферных ападкаў. У предгорных раёнах, складзеных карбанатнымі пародамі, значную ролю ў сілкаванні рэк маюць падземныя воды. Рэкі Заходняй Грузіі мнагаводныя на працягу ўсяго года, а на ўсходзе ўзімку і ўлетку рачны сцёк скарачаецца.

Бoльшая частка рэк (Рыёні, Інгуры, Бзыб, Кеда і інш.) належыць вадазборнаму басейну Чорнага мора, меншая — Каспійскага мора (Кура з прытокамі Алазані, Іоры і інш.). Самая доўгая і многоводная рака Заходняй Грузіі — Рыёні (327 км) берэ пачатак на Вялікім Каўказе і ўпадае ў Чорнае мора каля Поці. Рака Кура (па-грузінску Мтквары) пачынаецца ў гарах на поўначы Турцыі, перасякае паўднёвую і ўсходнюю Грузію і на тэрыторыі Азербайджана ўпадае ў Каспійскае мора.

Азёры ў Грузіі нешматлікія. Самыя буйныя з іх — Паравані (37,5 кв. км) і Табацкуры (14,2 кв. км) на Джавахетскім нагор'і і Палеастомі (18,2 кв. км) на чарнаморскім узбярэжжы, у вусці р. Рыёні.

Карысныя выкапні[правіць | правіць зыходнік]

Хрыбты паўднёвага схілу Вялікага Каўказа падзяляюцца глыбокімі рачнымі далінамі. Тут ва ўмовах цёплага і вільготнага клімату ў карбанатных пародах развіты карст. Толькі на нізкіх хрыбтах (ніжэй 1000 м над у.м.) налічаецца больш 470 карстоавых пячор, уключаючы самую вялікую Новоафонскую (даўжынёй 3,3 км). На паўднёвым схіле Вялікага Каўказа знаходзяцца буйныя радовішчы марганцу, срэбна-свінцовых і цынкавых руд, барыту, каменнага вугалю, мармуру.

У шматлікіх раёнах Грузіі маюцца выхады мінеральных крыніц, якія выкарыстоўваюцца ў бальнеялогіі (Баржомі, Цхалтуба і інш.).

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

У заходніх раёнах, якія знаходзяцца пад уздзеяннем Чорнага мора, лета — вільготнае і цёплае, з сярэднімі тэмпературамі ліпеня 22-24 °C. Зімы мяккія, сярэднія тэмпературы студзеня 4-7 °C. Выпадае вялікая колькасць ападкаў (1000—2000 мм у год) з максімумам у Аджарыі (да 3200 мм). Пераважная частка ападкаў прыходзіцца на вясну.

Ліхскі хрыбет перахапляе вільгаць паветраных мас, якія рухаюцца з захаду на ўсход. Ва ўсходніх раёнах Грузіі клімат фарміруецца пад уплывам кантынентальных паветраных мас. На раўнінах лета больш працяглае і гарачае, з сярэднімі тэмпературамі ліпеня 23-25 °C. Зімы прахалодныя, з сярэдняй тэмпературай студзеня ад +1 да -2 °C. Сярэдняя гадавая колькасць ападкаў 400—600 мм, максімум прыходзіцца на канец вясны і пачатак лета.

На схілах гор Грузіі сярэднія тэмпературы ліпеня паніжаюцца да 4-6 °C, у высакагор'ях сярэднія тэмпературы студзеня могуць дасягаць -10 -16 °C. Сярэдняя гадавая колькасць ападкаў вагаецца ад 1600—2800 мм на захадзе да 1000—1800 мм на ўсходзе Вялікага Каўказа і да 600—700 мм на Паўднёва-Грузінскім нагор'і. Надвор'е ў горах хутка змяняецца. Раптоўныя пахаладанні суправаджаюцца моцнымі снегападамі, ліўнямі, градам і фёнамі (моцнымі, цёплымі вятрамі, якія дзьмуць з гор у даліны).

Глебы[правіць | правіць зыходнік]

У Грузіі выдзяляюць тры асноўныя глебава-геаграфічныя вобласці: заходнюю, усходнюю і паўднёвую. Для нізін заходняй вобласці (паміж Ліхскім хрыбтом і Чорным морам) характэрныя тарфяныя глебы, прыдатныя для вырошчвання кукурузы; у перадгор'ях распаўсюджаны субтрапічныя чырвоныя і жоўтыя глебы, якія ідэальна падыходзяць для вінаграду, гарбаты і тытуню; у больш высокіх мясцовасцях Мегреліі, Абхазіі і Сванетыі — карычневыя або карбанатныя лясныя і горныя глебы. Ва ўсходняй вобласці пераважаюць старажытныя алювіяльныя глебы. На Ніжнекартлійскай раўніне распаўсюджаны каштанавыя глебы, прыдатныя для вырошчвання гародніны, пладовых і збожжавых культур. Чарназёмы і карычневыя глебы Кахетынскай раўніны выкарыстоўваюцца пад пасевы збожжавых культур і вінаграднікі. Паўднёвая вобласць прымеркаваная да перадгор'яў і паўднёвых схілаў Малога Каўказа і Паўднёва-Грузінскага нагор'я. Для яе характэрна спалучэнне карычневых і горана-лугавых глеб.

Флора[правіць | правіць зыходнік]

Горы ў Сванеціі

Флора Грузіі вельмі разнастайная: толькі кветкавых тут сустракаецца больш 5000 відаў. У залежнасці ад кліматычных асаблівасцей і абсалютнай вышыні мясцовасці вылучаюцца некалькі зон і вертыкальных паясоў расліннасці (ад стэпавага да альпійскага).

Лясы распаўсюджаныя пераважна ў гарах і займаюць прыкладна трэцюю частку краіны. На захадзе Грузіі яны спускаюцца да самога мора, а на ўсходзе іх ніжняя мяжа знаходзіцца на вышынях ад 600 да 800 м. Асабліва багатыя і разнастайныя лясы Заходняй Грузіі. У іх ніжнім поясе (да 1000—1200 м) пануюць шыракалістыя пароды (дуб, граб, каштан, клён, бук і інш.) з вечназялёным падлескам. Для гэтага тыпу лесу, званага калхідскім, характэрна багацце ліян — месцамі ён становіцца непраходным. У забалочаных лясах Калхідскай нізіны пераважае алешына. На некаторых участках узбярэжжа Абхазіі сустракаюцца эндэмічныя віды, напрыклад хвоя піцундская. На працягу апошніх тысячагоддзяў у далінах распаўсюджваўся вінаград і пладовыя культуры. У Заходняй Грузіі да верхняй мяжы лесу (1700—1800 м) распаўсюджаныя змяшаныя лясы, у якіх спалучаюцца букавыя і ялова-піхтавыя, радзей хваёвыя пароды.

Лясы Усходняй Грузіі фларыстычна менш багатыя. У верхнім поясе гор (да 2300—2400 м) распаўсюджаны елка і піхта, а ў больш усходніх раёнах — толькі хваёвыя і хваёва-бярозавыя лясы. Ніжэй хвойныя лясы саступаюць месца букавым, а затым дубова-грабавым. На крайнім усходзе краіны сустракаюцца невялікія ўчасткі сухіх стэпаў і ксерафітных рэдкалессяў з такімі відамі, як фісташка, гранат і інш. Яшчэ больш абмежаванае распаўсюджванне маюць паўпустыні. У далінах Куры, Алазані і іншых рэк захаваліся поймавыя тугайныя лясы з асіны, вярбы, серабрыстай таполі, дуба, кізіла.

Субальпійскія і альпійскія лугі на захадзе Грузіі падымаюцца да 2800-3000 м, на ўсходзе — да 3600 м над у.м. Для субальпійскіх лугоў Заходняй Грузіі тыпова пышнае высокатраўе з вялікім удзелам парасонавых і бабовых. Нізкатраўныя альпійскія лугі распаўсюджаны фрагментарна, чаргуючыся з каменнымі россыпамі, выхадамі скал і леднікамі.

Фауна[правіць | правіць зыходнік]

Жывёльны свет Грузіі прадстаўлены больш як 100 відамі млекакормячых, 330 — птушак і 160 — рыб. Шматлікія прадстаўнікі фаўны з'яўляюцца эндемікамі, напрыклад, тур кубанскі (рогі якога ў Грузіі выкарыстоўваюцца як пасудзіны для віна).

Вельмі своеасаблівая фаўна стэпаў Усходняй Грузіі. Да нядаўняга часу там сустракаўся джэйран, які захаваўся толькі ў асобных мясцовасцях. Часам сустракаецца паласатая гіена. З іншых драпежнікаў варта адзначыць лісіцу, шакала, камышевого ката. У жывёлагадоўчых раёнах распаўсюджаныя ваўкі. Для стэпаў тыповыя грызуны: тушканчыкі, палёўкі, хамякі. Сярод птушак звычайныя палявы верабей, шэрая курапатка, перапёлка, стэпавы арол. Характэрна багацце яшчарак і чарапах, а таксама змей.

Найбольш багаты жывёльны свет лясоў. У шматлікіх раёнах распаўсюджаныя каўказскі алень, казуля, дзік, заяц-русак, вавёрка, а з драпежнікаў — буры мядзведзь, воўк, шакал, рысь, лясны кот і лісіца. Лясы Грузіі славяцца багаццем і разнастайнасцю птушак. Звычайныя тут берасцянка, вялікая сініца, зелянушка, чорны дрозд і інш. З драпежных відаў птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Грузіі, сустракаюцца барадач, беркут, белагаловы сіп, чорны грыф і інш. У некаторых мясцовасцях Калхіды і Кахетыі яшчэ можна ўбачыць фазана. З паўзуноў у лясах Грузіі найбольш шматлікія яшчаркі, балотныя чарапахі і змеі.

Высакагорная фаўна лепш захавалася ў межах Галоўнага Каўказскага хрыбта. У яго заходняй частцы водзіцца кубанскі тур, ва ўсходняй — дагестанскі. Абодва віды на зіму спускаюцца ў лясны пояс. Амаль паўсюдна распаўсюджаная сарна, а на ўсходзе сустракаецца безааровы казёл. З характэрных птушак высакагор'яў можна адзначыць каўказскага цецерука, кекліка, барадача.

У горных рэках і азёрах водзяцца стронга, вусач, сазан і інш.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Колькасць, рассяленне[правіць | правіць зыходнік]

Па дадзеных перапісу 2014 г. у Грузіі пражывае 3,713,804 чалавекі.

Гарады[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. 9 красавіка 1991 года лічыцца ў Грузіі днём аднаўлення дзяржаўнай незалежнасці, а як дзень незалежнасці святкуецца дата абвяшчэння Грузінскай Дэмакратычнай Рэспублікі 26 мая 1918. Грузінская ССР, якая ўваходзіла з 1922 па 1936 год у склад ЗСФСР, а з 1936 па 1991 год у склад СССР, таксама часта лічыцца правапераемнікам Грузінскай Дэмакратычнай Рэспублікі, што, аднак, разыходзіцца з афіцыйнай пазіцыяй Грузіі (гл. раздзел Пытанне пераемнасці)
  2. Гэты населены пункт размешчаны ў Абхазіі. Паводле канстытуцыі Грузіі, Абхазія ўваходзіць у склад Грузіі як аўтаномная рэспубліка. Фактычна Абхазія з'яўляецца часткова прызнанай дзяржавай, тэрыторыя якога Грузіяй не кантралюецца.
  3. Гэты населены пункт размешчаны ў Паўднёвай Асеціі. Паводле канстытуцыі Грузіі, Паўднёвая Асеція ўваходзіць у склад Грузіі. Фактычна Паўднёвая Асеція з'яўляецца часткова прызнанай дзяржавай, тэрыторыя якога Грузіяй не кантралюецца.
  4. З іх Абхазія — 8600 км², Паўднёвая Асеція — 3900 км², Аджарыя — 3400 км²

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. The World Factbook. Country profile: Georgia. (англ.) . ЦРУ ЗША (2012). Праверана 6 верасня 2012.
  2. Jacques Leclerc Georgie (фр.) . Універсітэт Лаваля (29 sept. 2011). Архівавана з першакрыніцы 14 кастрычніка 2012. Праверана 6 верасня 2012.
  3. 3,0 3,1 Georgia. International Monetary Fund. Архівавана з першакрыніцы 27 мая 2012. Праверана 26 снежня 2011.
  4. GEORGIA: Provinces and Major Cities. http://citypopulation.de/.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]