Грушаўка (прадмесце)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Воданапорная вежа Грушаўскай лякарні

Грушаўка, Грушаўскае прадмесце — гістарычны раён Мінска, размешчаны ў заходняй частцы горада. Архітэктурнай дамінантай мясцовасці была воданапорная вежа, якая захавалася да нашага часу.

У сучаснай тэрміналогіі гістарычная Грушаўка — гэта раён вакол перпендыкулярнага перасячэння вуліц Грушаўскай і Шчорса (вул. Разінская, Дзекабрыстаў, Лермантаўская, Рамізніцкая і інш.).[1]

На паўднёвым захадзе ад Грушаўкі месціцца Пятроўшчына, на паўночным захадзе — Мядзведжына, на паўночным усходзе — Пляшчанка, на ўсходзе — прадмесце Добрыя Мыслі[2][3].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Рака Няміга ў Грушаўцы, 1920 г. Праваруч стаіць Язэп Драздовіч

Прадмесце ўзнікла побач з вагонарамонтнымі майстэрнямі Маскоўска-Брэсцкай чыгункі. У ім сяліліся пераважна працоўныя-чыгуначнікі[4].

У пачатку XX ст. Грушаўка ўваходзіла ў чацвертую паліцэйскую частку горада. Праз прадмесце праходзілі Грушаўская, Восіпаўская (цяпер Разінская) і Пакгаўзная (Хмялеўскага), Кандуктарская (Чыгуначная), Жандарская (Пуцейская), Дабравешчанская (Аўтадораўская) вуліцы[2][5][6]. У гэты час уласна Грушаўская вуліца — «ад вул. Дзяменцеўскай (цяпер вул. Дзяржынскага) да вёскі Петраўшчызна» — налічвала 65 будынкаў[1].

Вулічную сетку прадмесця ўтваралі Восіпаўская, Грушаўская, Чыгуначная вуліца разам са шматлікімі завулкамі. У XIX — пач. XX ст. тут брукаваных вуліц не было. Уздоўж агароджы месціліся ходнікі з дошак. На скрыжаванні Грушаўскай вуліцы з 3-м Чыгуначным завулкам месціўся шынок, крамы гандляроў, меліся тры водазаборныя калонкі і дом арыштантаў з мужчынскім і жаночым аддзяленнямі. Забудавана прадмесце было пераважна дамамі з флігелямі на цягляных падмурках, з брусоў, з двухсхільнымі гонтавымі дахамі, разьбянымі ўпрыгожаннямі на вокнах, карнізах, шчытах. Дамы былі разлічаны на некалькі сем’яў[7].

Дамы ў прадмесці, да 1941 г.

Своеасаблівым каларытам, маштабам вылучалася драўляная забудова на вуліцы Пакгаўзнай. У канцы XIX ст. гэта была ўскраіна, якая межавала з землямі Пятроўшчыны і асобных фальваркаў. Першапачаткова яна насіла назву Грушаўскага завулка. Першыя дамы тут з’явіліся ў 1880-я гады. Паўночны канец Пакгаўзнай вуліцы выходзіў на выган, на якім, паводле картаграфічных матэрыялаў пачатку XX ст. было возера і група курганных могільнікаў. Дамы на Пакгаўзнай вуліцы належалі асобным домаўладальнікам, але жылі ў іх і рабочыя, і служачыя Лібава-Роменскай чыгункі. Тут таксама былі хлебныя крамы, крамы царкоўных атрыбутаў, кузня, на некаторых пляцах месціліся свірны, стайні, вазоўні для фурманак. На ўсход ад Пакгаўзнай вуліцы ішла Рамізная, на якой жылі рамізнікі[7].

Прадмесце пашыралася ў 1930-я гады, калі быў пабудаваны Грушаўскі пасёлак — першы ў Менску прыклад комплекснай забудовы, калі побач з жылымі адна- і двухпавярховымі будынкамі ўводзіліся школа, дзіцячы сад, крамы, цэнтрам пасёлка стаў сквер[8].

Знос Грушаўкі пачаўся ў 1960-х гадах, аднавіўся ў 1970-х у часе будаўніцтва трасы праспекта Дзяржынскага[8].

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

Назва Грушаўка замацавана за прадмесцем і ў цяперашні час, сваю дарэвалюцыйную назву зберагла Грушаўская вуліца. У 2009 годзе безыменнаму скверу ў межах вул. Дзекабрыстаў — Парашутнай — Папаніна была нададзена назва Грушаўскі сквер. У 2012 годзе адкрыта аднайменная станцыя Першай лініі Мінскага метрапалітэна. Драўляная забудова паступова руйнуецца на працягу XXI ст., а прадмесце забудоўваецца шматпавярховымі жылымі дамамі.

Старыя адрасы[правіць | правіць зыходнік]

  • Дабравешчанская. Чыгуначная бальніца. Пабудаваная ў 19121914 гадах каля Брэсцкага вакзала. Складалася з галоўнага і пяці дапаможных будынкаў. На тэрыторыі бальнічнага комплексу стаяла вышынная воданапорная вежа. У перыяд Першай Сусветнай вайны ў будынку лякарні месціўся вайсковы шпіталь. Амаль усе пабудовы захаваліся, і цяпер выкарыстоўваюцца як філіял новай чыгуначнай лякарні (Аўтадораўская, 3).[9]

Воданапорная вежа[правіць | правіць зыходнік]

Воданапорная вежа на тэрыторыі былога бальнічнага комплексу была пабудаваная напачатку ХХ ст. і з’яўляецца адзіным інжынерным збудаваннем гэтага часу, якое захавалася да нашых дзён[10].

Вежа пабудаваная ў неагатычным стылі з чырвонай цэглы са складанай кладкай. Ваду з вежы спажывалі карпусы чыгуначнай бальніцы, на тэрыторыі якой яна размяшчалася, чыгуначная станцыя, а таксама паравознае дэпо.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. 1,0 1,1 Ростислав Боровой. Минские пригороды XVI — начала XX века // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.
  2. 2,0 2,1 «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 196—197
  3. «Формирование территории г. Минска (1800 — 2004)» // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 550—551
  4. Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. С. 231
  5. Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Мінска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіум», 4 чэрвеня 2008.
  6. План губернского города Минска (1898) // Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С.М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. [1] асобн. арк. карт.
  7. 7,0 7,1 А. Лакотка. Драўляная забудова // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 2-я. — Мн.: БЕЛТА, 2002. С. 664—665
  8. 8,0 8,1 Беларускі архіў вуснай гісторыі. Гісторыя Мінска і яго ваколіц у памяці сведак часу. Архівавана з першакрыніцы 13 мая 2019. Праверана 13 мая 2019.
  9. Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С.М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. С. 297
  10. Урочище Грушевка // Мінск стары і новы.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]