Перайсці да зместу

Грыўда

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Грыўда
Характарыстыка
Даўжыня
  • 85 км
Басейн 1 330 км²
Расход вады 5,8 м³/с
Вадацёк
Выток  
  Каардынаты 53°02′11″ пн. ш. 25°02′36″ у. д.HGЯO
Вусце Шчара
  Каардынаты 52°49′53″ пн. ш. 25°31′35″ у. д.HGЯO
Размяшчэнне
Водная сістэма Шчара  Нёман  Балтыйскае мора

Краіна
physical
Грыўда
Грыўда
— выток, — вусце
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Грыўда — рака ў Слонімскім і Івацэвіцкім раёнах Беларусі, левы прыток Шчары (басейн Нёмана). Даўжыня 85 км. Вадазбор 1330 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 5,8 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,5 .

Паводле К. Бугі, гідронім балцка-яцвяжскага паходжання, з другім складнікам такім жа, як і ў рачных назвах Ясельда, Нёўда, Сёгда, Саколда, Голда. У гэтым складніку ён бачыў яцвяжскае *udā "вада", роднаснае латышскаму ūdens, літоўскаму дыялектнаму unduo "вада"[1].

Назвы літоўскай ракі Gryva, латышскай Grīva звязваюць з лат. grīva «вусце ракі; дэльтавая прастора паміж дзвюма рэкамі, міжрэчча; пойма каля ракі; забалочанае месца каля ракі; мясціна, што запруджваецца вадой»[2][3].

Пачынаецца каля паўночна-ўсходняй ускраіны вёскі Варонічы (Слонімскі раён), цячэ па Слонімскім узвышшы, вусце за 0,5 км на ўсход ад Даманава Івацэвіцкага раёна.

Даліна трапецападобная, яе шырыня ад 1 да 1,5 км, у вярхоўі не выражана. Схілы спадзістыя, месцамі ўмерана стромкія, вышынёй 4–6 м, адкрытыя, зрэдку пад лесам і хмызняком. Пойма двухбаковая, у сярэднім цячэнні забалочаная, шырыня яе 0,4—0,8 км, у ніжнім цячэнні да 1,5 км, у асобных мясцінах перасечаная старыцамі і асушальнымі канавамі.

Рэчышча ў вярхоўі і на асобных участках каналізаванае. Яго шырыня ў межах ад 3—4 м у вярхоўі да 20—30 м у ніжнім цячэнні.

Асноўныя прытокі: Була, Булянка, Руднянка (левыя), Бусяж, Дняпроўска-Нёманскі, Косаўскі каналы (правыя).

На перыяд веснавога разводдзя прыпадае да 48 % гадавога сцёку. Максімальны ўзровень разводдзя ў пачатку 3‑й дэкады сакавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем да 2 м. Замярзае ў 3‑й дэкадзе снежня, ускрыццё ў сярэдзіне сакавіка.

На рацэ размешчаны горад Івацэвічы. У маляўнічых мясцінах на ўскраіне Івацэвічаў зона адпачынку, ніжэй горада ўздоўж ракі насыпныя дамбы.

  1. K. Būga. Rinktiniai raštai. — Vilnius, 1961. — Т. III. — С. 601-602.
  2. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 123.
  3. А. П. Непокупный. Балто-севернославянские языковые связи. Киев, 1976. С. 60-64.
  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
  • Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. 10 000 экз. ISBN 5-85700-133-1.