Таму

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Гурунгі)
Таму
(तमु)
Агульная колькасць 720900
Рэгіёны пражывання  Непал — 585000

 Індыя — 125000
 Бутан — 9700
 Бангладэш — 1200

Мова гурунг
Рэлігія бон
Блізкія этнічныя групы бхотыя, шэрпы, магары, таманг, тыбетцы

Та́му (саманазва: तमु), вядомыя таксама як гурунг (непальск.: गुरुङ) — гімалайскі народ. Жывуць пераважна ў раёне Анапурны ў Непале. Значныя абшчыны таму таксама існуюць у Сікіме, Бутане і Бангладэш. Агульная колькасць (2022 г.) — 720 900 чалавек[1].

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Назва таму паходзіць ад слоў «гром» і «неба». Яны лічаць сябе нашчадкамі індаарыйскай дынастыі Сур'явамша, якая ўзгадваецца ў Пуранах. На самой справе, таму належаць да сіна-тыбецкіх народаў. Мяркуюць, што іх продкі перасяліліся з поўначы на тэрыторыю Непала не пазней за першую палову 1 тысячагоддзя н. э. У XV ст. землі, населеныя таму, былі падначалены кхаскай дынастыі, у XVIXVII стст. далучаны да дзяржавы Горкха. Непальскі манарх Прытхві Нараян Шах вылучыў таму як адну з 4 прывілеяваных груп насельніцтва, якая служыла ў арміі.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Таму — горны народ, які насяляе вышыні ад 1050 м да 2150 м з мяккім цёплым кліматам. Асноўнымі заняткамі здаўна з'яўляюцца земляробства і жывёлагадоўля. Таму ладзяць тэрасы для вырошчвання рысу, пшаніцы, ячменя, грэчкі, гародніны. Жывёлагадоўля мае пераважна адгонны характар. Таму трымаюць узімку авечак, радзей кароў і коз на палетках каля вёсак, а ўлетку пераганяюць іх на альпійскія лугі. Жывёлагадоўля адыгрывае асабліва важную ролю для субэтнічнай групы горцаў лехалі. Амаль у кожнай сям'і ёсць сваякі, якія наймаюцца на ваенную службу, у тым ліку за межы Непала. Грошы, што яны перасылаюць на радзіму, часцяком інвестуюцца для адкрыцця крам і невялікіх прадпрыемстваў.

Паўседзённая ежа: цеста са збожжавых, прыпраўленае варанай сачавіцай, ферментаваная вадкая каша, гародніна. Мяса ўжываюць падчас святаў. Па невядомых прычынах не ядуць свініну. Некаторыя высакародныя сем'і выконваюць абавязкі, характэрныя для індуістаў, а таму абмяжоўваюць мясны рацыён рэдкім ужываннем бараніны. Таму п'юць чай, самаробнае піва чанг і збожжавае віно раксі.

Вёскі таму звычайна месцяцца ў маладаступных мясцінах, прыстасаваных для абароны. Яны складаюцца з 150 — 200 гаспадарак. Сцяжыны ў вёску звычайна абсаджваюцца кветкамі. На адных ускраінах узводзяць храмы, у іншых — прыбіральні, хаця ў многіх сучасных жытлах ёсць свае вадаправод і прыбіральні. Хаціны будуюць з каменю, замацаванага гліняным растворам. Звычайна яны маюць 2 паверхі. Ніжэйшы выкарыстоўваецца для жылля, вышэйшы — для гаспадарчых патрэб. Да уваходнай сцяны прыбудоўваюць веранду. У мінулым дахі крылі саломай, у нашы дні карыстаюцца шыферам і дахоўкай. Унутранае начынне вельмі сціплае. Рэчы захоўваюць на паліцах. Спяць у драўляных ложках або на цыноўках на падлозе.

Народная мужчынская вопратка ўключае кашулю бхота, апаясанага саронга джама і капелюша топі. Узімку на плечы накідваюць ваўняную коўдру. Жанчыны апранаюць кашулю з завязкамі чола паверх доўгай плісаванай спадніцы пхарыя, сцёгны падпаясваюць. На галаве носяць капялюшык. Папулярныя жаночыя ўпрыгожванні — масіўныя срэбраныя завушніцы, шклляныя або металічныя амулеты і пацеркі.

Таму падзяляюцца на 2 буйныя фратрыі джаці Месяца і Сонца. Шлюбы паміж іх чальцамі не практыкуюцца. Фратрыі складаюцца з экзагамных родаў. Нявесту найчасцей выбіраюць з ліку стрыечных сясцёр па лініі маці. Шлюбу папярэднічае дамова паміж бацькамі маладых, пры гэтым абавязковы ўзаемныя запрашэнні ў госці, піры для сваякоў і сяброў. Тэрмін вяселля вызначае астролаг. Нават пасля вясельнага рытуалу нявеста можа вяртацца ў дом бацькоў. Яна канчаткова пераязджае ў сям'ю мужа пасля нараджэння дзіцяці. Час паміж вяселлем і пераездам яе бацькі трацяць на назапашванне пасагу. Маладыя сем'і жывуць з бацькамі мужа і карыстаюцца іх падтрымкай, але да пачатку сталення дзяцей будуюць сваю хаціну. Спадчына размяркоўваецца паміж сынамі. Таму станоўча адносяцца да распаўсюджанасці разводаў і паўторнага шлюбу ўдоў. Здаўна існуе традыцыя дзіцячай адукацыі, і значная частка дарослых пісьменная. Не прынята называць людзей па імені. Замест імён у звароце адзін да аднаго выкарыстоўваюць словы «брат», «сястра», «муж», «жонка», «дзядуля» і г. д.

Народная культура адметна танцамі і спевамі падчас святаў. Двойчы на год арганізуецца танцавальная пантаміма гханту. Яна апавядае пра міфічныя падзеі часоў дзяржавы Горкха, прысвячаецца багіне-маці Чанды, і ў ёй прымаюць удзел толькі нявінныя дзяўчыны. Яшчэ адзін добра вядомы танец — сараці, які суправаджае вершаваны пераказ гістарычных падзей. У вёсках перыядычна ладзяцца зборы маладых людзей джатры. Дзеці часцяком працуюць і бавяць час пад наглядам дарослага ў асаблівым будынку роды. Наяўнасць такіх «дзіцячых садкоў» дазваляе іх бацькам болей прысвячаць сябе працы і святам.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Вернікі таму — прыхільнікі рэлігійнай традыцыі бон, якая ў іх выпадку спалучае анімізм, шаманізм, магію, будызм і індуізм. Яны вераць у мноства мясцовых багоў і духаў, што могуць падавацца заступнікамі або пачварамі, будуюць для іх храмы і капліцы, робяць ахвярапрынашэнні. Рэлігійнае жыццё патрабуе захавання шматлікіх рытуалаў. Разам з гэтым, таму адзначаюць будысцкія і індуісцкія святы, звяртаюцца да лам падчас пахавання нябожчыкаў, да бахун — для бласлаўлення. Таму вераць у звышнатуральную сілу ведзьмаў. У мінулым жанчын, западозраных у вядзьмарстве выганялі з вёсак. У нашы дні прамое абвінавачванне ў шкоднай магіі лічыцца незаконным. Шырока практыкуюцца абарончыя, любоўныя, лекавыя магічныя абрады. Высокай пашанай карыстаюцца святары, якія займаюцца астралогіяй, могуць абараніць вернікаў ад злых духаў і ведзьмаў.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]