Гутарка Данілы са Сцяпанам

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Гутарка Данілы са Сцяпанам»
Жанр гутарка
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання сярэдзіна XIX ст.
Дата першай публікацыі 1886
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах

«Гу́тарка Дані́лы са Сцяпа́нам» — ананімны вершаваны твор беларускай літаратуры сярэдзіны XIX стагоддзя, напісаны напярэдадні сялянскай рэформы 1861 года. Упершыню апублікаваны Паўлам Васілевічам Шэйнам у часопісе «Русская старина» за 1886 год[1][2].

Аўтарства[правіць | правіць зыходнік]

Гутарка напісана ў канцы 1850-х — пачатку 1860-х гадоў у форме маналога сведкі размовы сялян[2]. Твор упершыню апублікаваны Паўлам Васілевічам Шэйнам як «Разгаворъ Данилы и Сьцепана (про волю)» у артыкуле «Крепостное право в народных песнях» часопіса «Русская старина» (1886, том 49)[3].

Існуе некалькі версій аўтарства гутаркі. Яўхім Карскі, спасылаючыся на Рамуальда Зямкевіча, і Максім Гарэцкі сцвярджалі, што твор напісаў Паўлюк Багрым[4]. Альберт Паўловіч даводзіў, што твор належыць пяру Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, якому прыпісваюцца шматлікія тэксты[5]. Літаратар Альгерд Бахарэвіч ліча, што гутарка была напісана панам, можа, нават прафесійным літаратарам, які даволі ўдала эмітаваў псеўдамужыцкі «стыль»[6]. На думку Міколы Хаўстовіча, твор звязаны з лагерам рускай ліберальнай адміністрацыі ў Паўночна-Заходнім краі[7]. Найбольш верагодна, аўтарам твора быў сялянін-самавук[8].

Характарыстыка[правіць | правіць зыходнік]

Твор мае антыпрыгоніцкі змест, сцвярджае эканамічнае і сацыяльнае разняволенне беларускага селяніна. Выяўляюцца супярэчнасці светапогляду сялян: з аднаго боку, памешчык і войт — сацыяльныя антаганісты, з другога боку, сацыяльны мір з імі — неабходная ўмова «дабра і ладу». Даніла са Сцяпанам чакаюць адмены прыгону, спадзяюцца на заступніцтва цара і Бога. У тэксце ёсць вера ў магчымасць патрыярхальнага грамадства, у якім над усімі пануе Бог, а над мужыком — толькі цар. Героі перакананы ў непазбежным маральным удасканаленні паноў, будучая сацыяльная ідылія абмалёўваецца як эканамічны дыялог роўных з роўнымі. Твор завяршаецца спыненнем размовы войтам[2]. Дэмакратызм, праўдзівасць, прастата і даходлівасць, жывая мова робяць гутарку яркім узорам народнай літаратуры[1].

Літаратуразнаўцы 1950-х гадоў адзначалі, што аўтар твора праўдзіва малюе карціны гора сялян, перадае іх думкі і настроі, лічылі, што ён не здолеў зрабіць з вобразаў радыкальныя вывады, чаму віною яго абмежаванасць светапогляду, а таксама «слабыя бакі сялянскага руху канца 50-х — пачатку 60-х гадоў»[9].

Публікацыі[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню гутарка апублікавана Паўлам Васілевічам Шэйнам у часопісе «Русская старина» за 1886 год. У артыкул «Крепостное право в народных песнях» увайшлі сем тэкстаў, у тым ліку і «Разгаворъ Данилы и Сьцепана (про волю)». Падкрэсліваецца, што гэты твор не зусім адпавядае найменню «народная песня»[10]. У 1903 годзе выйшаў трэці том працы Міхала Федароўскага «Lud białoruski na Rusi Litewskiej», у якім змешчана «Hutarka Daniły z Ściepanam». Гутарка запісана ад лесніка з фальварку Навасады Навагрудскага павету[11]. Тэкст выкарыстоўвалі ў сваіх працах і гісторыкі-сацыялісты ў пачатку XX стагоддзя. Іна Ігнатовіч у кнізе «Помещичьи крестьяне накануне освобождения» згадвае песню «Разговор Данилы и Сьцепана», падаўшы спачатку дваццаць радкоў, а потым — яшчэ восем радкоў твора. У артыкуле «Освобождение крестьян» Георгій Пляханаў цытаваў твор, характарызуючы становішча народа напярэдадні сялянскай рэформы 1861 года[12].

У беларускую літаратуру першым увёў твор Яўхім Карскі[13]. Упершыню ў корпусе тэкстаў беларускай літаратуры гутарка з’явілася ў «Хрэстаматыі» Максіма Гарэцкага, які палічыў патрэбным паправіць тэкст шляхам змены дыялектных форм на літаратурныя, перастаноўкі слоў у асобных радках дзеля захавання рытму і інш. У аснову публікацыі пакладзены тэкст з працы М. Федароўскага. Па выданні Федароўскага друкаваўся твор і ў зборніку тэкстаў «Беларуская літаратура XIX стагоддзя», выдадзеным у 1950 годзе. Складальнікі хрэстаматыі ўнеслі ў тэкст шэраг змен, якія змяняюць часам сэнс паэтычнага выказвання. Усе хібы хрэстаматыі, выдадзенай у 1950 годзе, паўтараюцца амаль ва ўсіх пазнейшых выданнях[14]. Два друкаваныя варыянты твора вызначаюцца амаль правільным амфібрахіем[15].

Ужыванне[правіць | правіць зыходнік]

Павел Шэйн кажа пра распаўсюджанасць гутаркі ў многіх спісах, асабліва ў Мінскай губерні[3]. Альберт Паўловіч сцвярждаў, што гутарка карысталася вялікай папулярнасцю сярод адукаваных людзей у канцы XIX стагоддзя, аб чым сведчыць запіс твора рукою Якава Васільева ў сшытак Паўловіча, надрукаваны ў артыкуле «Забытае» (Полымя, 1925)[5].

Апошняя фіксацыя твора ў вусным ужытку зафіксавана ў 1979 годзе як рэфлекс і рэмінісцэнцыя тэксту[16]:

"
Добрым часам і добрай пагодай
Даніла са Сцяпанам
Сядзелі пад парканам
І между сабой гаварылі,
Як жа даўней мужыкі
Паном прыгон служылі.
Няхай яго не знаць,
Як стануць старыя людзі ўспамінаць.
Бывала ж Войніч, як праз сяло бяжыць,
Аж пад ім зямля дрыжыць.
Не пытаецца, ці лёг спаць,
Але пара ўставаць.
Ідзеш у двор і баішся.
Не зняў пану шапку здалёку,
Дык ён цябе і дзяржыць на воку.
Кажыць: «Ты бальшавіцкі,
А ня польскі».
Але досіць паном панаваць,
Калі пара касу і саху ў рукі браць.

"

Твор стаў аб’ектам калялітаратурнай інтэрпрэтацыі ў «Гамбурскім рахунку Бахарэвіча», а таксама ў інтэрнэт-блогу Сяргея Дубаўца[17].

Зноскі

  1. а б «Гутарка Данілы са Сцяпанам» // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 549.
  2. а б в В. І. Еўмянькоў. «Гутарка Данілы са Сцяпанам» // Культура Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал. : Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2012. — Т. 3 : Г—З. — С. 319.
  3. а б Мікола Хаўстовіч. Гутарка Данілы са Сцяпанам // Даследаванні і матэрыялы: Літаратура Беларусі XVIII—XIX стагоддзяў. — Warszawa: Katedra Białorutenistyki Uniwersytetu Warszawskiego, 2016. — Т. 2. — S. 198.
  4. Мікола Хаўстовіч. Гутарка Данілы са Сцяпанам // Даследаванні і матэрыялы: Літаратура Беларусі XVIII—XIX стагоддзяў. — Warszawa: Katedra Białorutenistyki Uniwersytetu Warszawskiego, 2016. — Т. 2. — S. 199.
  5. а б Мікола Хаўстовіч. Гутарка Данілы са Сцяпанам // Даследаванні і матэрыялы: Літаратура Беларусі XVIII—XIX стагоддзяў. — Warszawa: Katedra Białorutenistyki Uniwersytetu Warszawskiego, 2016. — Т. 2. — S. 209—210.
  6. Альгерд Бахарэвіч.. У чаканьні войта. Радыё «Свабода» (30 верасня 2011). Праверана 18 красавіка 2020.
  7. Мікола Хаўстовіч. Гутарка Данілы са Сцяпанам // Даследаванні і матэрыялы: Літаратура Беларусі XVIII—XIX стагоддзяў. — Warszawa: Katedra Białorutenistyki Uniwersytetu Warszawskiego, 2016. — Т. 2. — S. 197.
  8. М. Хаўстовіч. Гутарка Данілы са Сцяпанам у кантэксце беларускай ананімнай літаратуры XIX стагоддзя // Acta Albaruthenica. — 2014. — Т. 14. — S. 36. Архівавана з першакрыніцы 29 мая 2020.
  9. Мікола Хаўстовіч. Гутарка Данілы са Сцяпанам // Даследаванні і матэрыялы: Літаратура Беларусі XVIII—XIX стагоддзяў. — Warszawa: Katedra Białorutenistyki Uniwersytetu Warszawskiego, 2016. — Т. 2. — S. 200.
  10. Мікола Хаўстовіч. Гутарка Данілы са Сцяпанам // Даследаванні і матэрыялы: Літаратура Беларусі XVIII—XIX стагоддзяў. — Warszawa: Katedra Białorutenistyki Uniwersytetu Warszawskiego, 2016. — Т. 2. — S. 197—198.
  11. М. Хаўстовіч. Гутарка Данілы са Сцяпанам у кантэксце беларускай ананімнай літаратуры XIX стагоддзя // Acta Albaruthenica. — 2014. — Т. 14. — S. 24. Архівавана з першакрыніцы 29 мая 2020.
  12. М. Хаўстовіч. Гутарка Данілы са Сцяпанам у кантэксце беларускай ананімнай літаратуры XIX стагоддзя // Acta Albaruthenica. — 2014. — Т. 14. — S. 28—29. Архівавана з першакрыніцы 29 мая 2020.
  13. М. Хаўстовіч. Гутарка Данілы са Сцяпанам у кантэксце беларускай ананімнай літаратуры XIX стагоддзя // Acta Albaruthenica. — 2014. — Т. 14. — S. 30. Архівавана з першакрыніцы 29 мая 2020.
  14. Мікола Хаўстовіч. Гутарка Данілы са Сцяпанам // Даследаванні і матэрыялы: Літаратура Беларусі XVIII—XIX стагоддзяў. — Warszawa: Katedra Białorutenistyki Uniwersytetu Warszawskiego, 2016. — Т. 2. — S. 200—201.
  15. М. Хаўстовіч. Гутарка Данілы са Сцяпанам у кантэксце беларускай ананімнай літаратуры XIX стагоддзя // Acta Albaruthenica. — 2014. — Т. 14. — S. 37. Архівавана з першакрыніцы 29 мая 2020.
  16. Ю. В. Пацюпа. Ці існуе фалькларызацыя? Да праблемы бытавання і трансфармацыі літаратурных тэкстаў у вуснай традыцыі // Беларускае Падзвінне: вопыт, методыка і вынікі палявых і міждысцыплінарных даследаванняў. — Наваполацк: ПДУ, 2016. — С. 259—260. Архівавана з першакрыніцы 2 лістапада 2018.
  17. М. Хаўстовіч. Гутарка Данілы са Сцяпанам у кантэксце беларускай ананімнай літаратуры XIX стагоддзя // Acta Albaruthenica. — 2014. — Т. 14. — S. 16. Архівавана з першакрыніцы 29 мая 2020.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Лагатып Вікіцытатніка
Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме
Гутарка Данілы са Сцяпанам