Гібрыдная вайна
Гібрыдная вайна (англ.: hybrid warfare) — від варожых дзеянняў, пры якім нападаючы бок не звяртаецца да класічнага ваеннага ўварвання, а душыць свайго апанента, выкарыстоўваючы спалучэнне схаваных аперацый, дыверсій, кібервайны, а таксама аказваючы падтрымку паўстанцам, якія дзейнічаюць на тэрыторыі праціўніка[1]. Пры гэтым ваенныя дзеянні могуць наогул не весціся, і з фармальнага пункту гледжання гібрыдная вайна можа працякаць у мірны час[2].
Нападаючы бок ажыццяўляе стратэгічную каардынацыю названых дзеянняў, захоўваючы пры гэтым магчымасць праўдападобнага адмаўлення сваёй уцягнутасці ў канфлікт. Класічнымі прыкладамі гібрыдных ваенных дзеянняў у канцы XX—пачатку XXI стагоддзяў называюць дзеянні СССР у пачатковы перыяд Афганскай вайны (1979—1989), а таксама дзеянні ЗША, Пакістана, КНР і іншых дзяржаў па падтрымцы афганскіх маджахедаў[1]. Гібрыднай вайне можа папярэднічаць так званая асіметрычная вайна, якая можа перарастаць у гібрыдную па меры росту навыкаў паўстанцаў. Так, Н. Папеску лічыць, што ў 2000 годзе дзеянні «Хезбалы» супраць ізраільскай арміі ўжо былі варыянтам гібрыднай вайны[1].
Альтэрнатыўнае вызначэнне
[правіць | правіць зыходнік]Сустракаецца і іншае вызначэнне гібрыднай вайны як вайны, якая спалучае рэгулярныя («сіметрычныя») баявыя дзеянні з элементамі асіметрычных войнаў. Напрыклад, Дж. МакКуен[3] вызначае гібрыдную вайну як «камбінацыю сіметрычнай і асіметрычнай войнаў». Праблема з такім вызначэннем відавочная: МакКуен вымушаны прызнаць, што пры такім вызначэнні «ўсе войны — патэнцыйна гібрыдныя».
Ф. Хофман прапануе ўдакладненне[4]: у гібрыдных войнах асіметрычны кампанент мае вырашальнае аператыўнае значэнне на поле бою, у адрозненне ад звычайных войнаў, дзе роля асіметрычных гульцоў (напрыклад, партызан) складаецца ў адцягненні сіл праціўніка на падтрыманне бяспекі ўдалечыні ад поля бою. У далейшым, каб пазбегнуць блытаніны, Хофман прапанаваў выкарыстоўваць для войнаў, дзе мэтай асіметрычнай кампаненты з’яўляецца адцягванне сіл праціўніка ад асноўнага тэатра вайны і стварэнне цяжкасцяў у кіраванні войскамі, тэрмін «камбінаваная вайна»[5]. П. Мансур не падтрымлівае ідэю такога падзелу[6].
Фактычна, пад вызначэннем «гібрыдная вайна», могуць мець на ўвазе любыя недружалюбныя дзеянні адной краіны ў дачыненні да іншай, без відавочных дзеянняў узброеных сіл[7]. Звычайна гэтым тэрмінам карыстаецца «слабы бок», каб пры няяўным ужыванні або пры адсутнасці доказаў наяўнасці ўзброеных сіл праціўніка, усё-ткі паказаць, што недружалюбныя дзеянні з’яўляюцца вайной. Гэта фактычна выводзіць дадзены тэрмін з юрыдычнай і палітычнай плоскасці, якія патрабуюць дакладных і фактычных доказаў або пратакалявання міжнароднымі арганізацыямі, маніторынгавымі місіямі наяўнасці дзеянняў узброеных сіл, таго ці іншага боку, і робіць дадзены тэрмін прапагандысцкім.
Асаблівасці
[правіць | правіць зыходнік]Прырода гібрыдных войнаў дазваляе нападніку расцягваць варожыя дзеянні на працяглы час, выпрабоўваючы стратэгічнае цярпенне ворага — звычайна час гуляе на карысць боку, які выкарыстоўвае метады гібрыднай вайны[8]. Асабліва моцна гэты эфект адчуваецца ў выпадку рэгулярнай арміі, уцягнутай у гібрыдную вайну на чужой тэрыторыі. Лоўрэнс Аравійскі адзначаў у сувязі з арабскім паўстаннем: «канчатковая перамога выглядала несумненнай, калі толькі вайна працягнецца дастаткова доўга».
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Гібрыдныя войны вядомыя з глыбокай старажытнасці, хоць тэхналогіі былі іншымі[9]: так, Папеску адносіць да метадаў гібрыдных войнаў у старажытнасці атручэнне калодзежаў і подкуп абаронцаў з тым, каб яны адкрылі вароты крэпасці[1].
Больш цікавы гістарычны прыклад прыводзіць Мансур[10]. У Пелапанескую вайну ў V стагоддзі да н.э. слабым месцам спартанцаў былі рабы-ілоты, якія патрабавалі падтрымання значных сіл у Лаканіцы і Месеніі для прадухілення паўстанняў. Стратэгічнае рашэнне афінян па захопе Піласа часткова дыктавалася спробай падняць паўстанне ілотаў і перайсці да гібрыднай вайны. Уцёкі ілотаў у Пілас і асцярогі паўстання вымусілі спартанцаў перайсці да перамоваў.
Прыклад
[правіць | правіць зыходнік]Аўтары зборніка пад рэдакцыяй Мюрэя і Мансура разбіраюць дзевяць прыкладаў гібрыдных войнаў з антычнасці да другой паловы XX стагоддзя:
- Заваёва Германіі рымлянамі
- Падаўленне англічанамі Ірландыі ў 1594—1603 гадах
- Амерыканская рэвалюцыя
- Пірэнейскія войны
- Супрацьпартызанскія дзеянні падчас грамадзянскай вайны ў ЗША
- Франка-пруская вайна
- Вялікая гульня
- Японія ў Паўночным Кітаі ў 1937—1945 гадах
- В’етнамская вайна
Тэрмін «гібрыдная вайна» часта выкарыстоўваюць у дачыненні да дзеянняў Расіі у сувязі з далучэннем Крыма і канфліктам на ўсходзе Украіны[11][12][13][14][15][16].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]- Вайна новага пакалення
- Дактрына Герасімава
- Сетэцэнтрычная вайна
- Нетрадыцыйныя баявыя дзеянні
- Апасродкавая вайна
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г Popescu, Nicu. Hybrid tactics: neither new nor only Russian Архівавана 30 кастрычніка 2016.. EUISS Issue Alert 4 (2015).
- ↑ Мартон, 2018, прим. 3, с. 35.
- ↑ McCuen, John J. Hybrid wars Архівавана 29 кастрычніка 2016.. // Military Review 88.2 (2008): 107. (англ.)
- ↑ Hoffman, Frank G. Conflict in the 21st century: The rise of hybrid wars. Arlington, VA: Potomac Institute for Policy Studies, 2007. (англ.)
- ↑ Hoffman, Frank G. Hybrid vs. compound war. // Armed Forces Journal (2009): 1-2. (англ.)
- ↑ Murray, 2012, с. 3.
- ↑ Tikhanychev O.V. Development of the Theory of "Hybrid Confrontation": A Historical Retrospective // Voennyi Sbornik. — 2021. — № 9(1). — С. 4-14. — ISSN 2409-1707.
- ↑ Murray, 2012, с. 7.
- ↑ Тиханычев О.В. Гибридные войны: новое слово в военном искусстве или хорошо забытое старое? // Вопросы безопасности. — 2020. — № 1. — С. 30-43. — ISSN 2409-7543.
- ↑ Murray, 2012, с. 3—4.
- ↑ Wither, James K. (2016). "Making Sense of Hybrid Warfare". Connections. 15 (2): 73–87. doi:10.11610/Connections.15.2.06. ISSN 1812-1098. JSTOR 26326441.
- ↑ Martin N. Murphy. Understanding Russia’s Concept for Total War in Europe // The Heritage Foundation, 12.09.2016. (англ.)
- ↑ Sam Jones. Ukraine: Russia’s new art of war // Financial Times, 28.08.2014. (англ.)
- ↑ Molly K. McKew The Gerasimov Doctrine // Politico Magazine, September/October 2017. (англ.)
- ↑ Без официального названия войны на седьмом году
- ↑ Путин у ворот. Как после 7 лет гибридной войны Украина оказалась на пороге прямого вторжения России
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Williamson Murray, Peter R. Mansoor. Hybrid Warfare: Fighting Complex Opponents from the Ancient World to the Present. — Cambridge University Press, 2012.
- Marton, Péter. Evolution in military affairs in the battlespace of Syria and Iraq (англ.) // Corvinus Journal of International Affairs. — 2018. — Vol. 2, iss. 2—3. — P. 30—41.