Белгідрамет
| Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя | |
|---|---|
| скарочана — Белгідрамет | |
| | |
| | |
Агульная інфармацыя |
|
| Юрысдыкцыя | Беларусь |
| Дата стварэння | 1 ліпеня 1924 |
| Вышэйшае ведамства | Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь |
| Штаб-кватэра | Мінск, праспект Незалежнасці, 110 |
| Начальнік | Сяргей Хільман |
| Сайт | belgidromet.by |
Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя (Белгідрамет) — дзяржаўная ўстанова, якая займаецца вывучэннем і прагназаваннем надвор’я, клімату, гідралагічнага рэжыму рэк і азёр, а таксама маніторынгам радыеактыўнага забруджвання і стана навакольнага асяроддзя ў Беларусі. Падпарадкоўваецца Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. Размяшчаецца ў Мінску па адрасе праспект Незалежнасці, 110. Начальнік — Сяргей Хільман (з красавіка 2025 года)[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Станаўленне службы
[правіць | правіць зыходнік]Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі пачалося фарміраванне новай гідраметэаралагічнай службы. У 1919 годзе на тэрыторыі Беларусі працавала ўсяго 7 станцый, якія належалі розным ведамствам. У 1921 годзе была адноўлена праца 8 вадамерных і 2 дажджамерных пастоў. Яшчэ 1 ліпеня 1922 года пры садзейнічанні Галоўнай геафізічнай абсерваторыі была адкрыта метэастанцыя пры Мінскай балотнай станцыі[2][3].
1 ліпеня 1924 года пачало працу Метэаралагічнае бюро пры Вопытным аддзеле Наркамата земляробства БССР. Гэтая дата лічыцца днём утварэння гідраметэаралагічнай службы Беларусі. Першым загадчыкам бюро быў прызначаны прафесар М. П. Мышкін. Аднак з-за адсутнасці ўмоў для навуковай працы ў сярэдзіне 1925 года ён пакінуў пасаду. Яго пераемнікам стаў Мікалай Іванавіч Макарэўскі, які прыцягнуў да назіранняў краязнаўцаў і пачаў публікаваць «Бюлетэні надвор’я» ў часопісе «Наш край»[4].
У 1927 годзе Метэабюро было перададзена ў Інстытут сельскай і лясной гаспадаркі, у рамках якога была створана Беларуская геафізічная служба («Белгеафіз»). Яе дырэктарам стаў А. І. Кайгародаў, а М. І. Макарэўскі ўзначаліў аддзел сеткі станцый[5].

У 1930 годзе пастановай СНК БССР быў створаны Гідраметэаралагічны камітэт і Беларускі гідраметэаралагічны інстытут, у склад якога ўвайшлі метэастанцыі розных ведамстваў. Для арганізацыі працы інстытута з Ленінграда быў запрошаны П. М. Адамаў. У 1936 годзе ў Мінску пачала функцыянаваць Геафізічная абсерваторыя, будаўніцтвам і дзейнасцю якой кіраваў А. І. Кайгародаў[2].[6].
У 1937 годзе ў выніку цэнтралізацыі і палітычных рэпрэсій кіраванне службай было перададзена Смаленскаму ўпраўленню гідраметслужбы. Гэта прывяло да звальнення А. І. Кайгародава і ад'езду з Беларусі многіх вядучых метэаролагаў, у тым ліку М. І. Макарэўскага, Н. І. Касцякевіча і іншых[6].
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў 1941 годзе сетка назіранняў БССР налічвала 464 станцыі і пасты, што дазваляла забяспечваць народную гаспадарку неабходнай інфармацыяй[2].
Вялікая Айчынная вайна
[правіць | правіць зыходнік]З пачаткам вайны і акупацыі Беларусі дзейнасць упраўлення спынілася, многія работнікі пайшлі на фронт. Аднак нават у тыле ворага працавалі асобныя назіральнікі ў Горках, Васілевічах, Мар’інай Горцы і іншых месцах. У Мінску акупацыйныя ўлады аднавілі працу Балотнай станцыі[2].
Савецкая гідраметэаралагічная служба аднавіла дзейнасць у чэрвені 1943 года ў Маскве як Заходняе Упраўленне гідраметслужбы Маскоўскай ваеннай акругі пад кіраўніцтвам А. А. Гламазды. Важную ролю адыгрывалі партызанскія атрады: для забеспячэння авіяцыі Беларускі штаб партызанскага руху арганізаваў сетку метэапунктаў на буйных партызанскіх аэрадромах (Бягомль, Зыслаў, Парэчча і інш.). Звесткі перадаваліся па радыё тры разы на дзень[2].
За гады вайны служба панесла цяжкія страты: загінула каля 300 спецыялістаў, было разбурана больш за 85 % станцый. Аднаўленне сеткі пачалося адразу пасля вызвалення тэрыторый, і да пачатку 1945 года ўжо дзейнічала 46 станцый і 185 пастоў[2].
Пасляваеннае развіццё
[правіць | правіць зыходнік]У 1948 годзе гідраметэаралагічная служба Беларусі стала членам Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі (СМА). У 1960—1970-я гады пачаўся этап тэхнічнага пераўзбраення: укараняліся інструментальныя назіранні за бачнасцю і параметрамі ветру, пачалася аўтаматызацыя збору і апрацоўкі інфармацыі. Беларусь стала своеасаблівым палігонам для выпрабаванняў новых савецкіх аўтаматычных метэастанцый[2].
У 1979 годзе ўпраўленне было пераўтворана ў Беларускае рэспубліканскае ўпраўленне па гідраметэаралогіі і кантролі прыроднага асяроддзя. У 1991 годзе — у Галоўнае ўпраўленне па гідраметэаралогіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь[2].
У незалежнай Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]Пасля абвяшчэння незалежнасці ў 1999 годзе быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь «Аб гідраметэаралагічнай дзейнасці». Структура кіравання галіной неаднаразова змянялася: у 2001 годзе быў створаны Дэпартамент па гідраметэаралогіі ў складзе Мінпрыроды[2].
Сучасны выгляд арганізацыя набыла ў выніку некалькіх рэарганізацый. У 2015 годзе шляхам зліцця Гідрамета і Цэнтра радыяцыйнага кантролю была створана дзяржаўная ўстанова «Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя». У 2017 годзе да яго былі далучаны абласныя цэнтры па гідраметэаралогіі, што завяршыла фарміраванне адзінай цэнтралізаванай структуры — Белгідрамета[2].
Дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Асноўныя напрамкі дзейнасці Белгідрамета ўключаюць:
- Правядзенне рэгулярных метэаралагічных, гідралагічных, аграметэаралагічных і радыяцыйных назіранняў[7].
- Складанне прагнозаў надвор’я і папярэджанне аб небяспечных з’явах[7].
- Маніторынг стану атмасфернага паветра (у 19 гарадах), паверхневых вод (297 пунктаў) і глебы[8].
- Авіяцыйна-метэаралагічнае забеспячэнне грамадзянскай авіяцыі праз сетку з 7 авіяцыйных метэастанцый[9].
- Міжнароднае супрацоўніцтва ў рамках СМА і Саюзнай дзяржавы[10].
Дзяржаўная сетка назіранняў уключае 193 аб’екты, у тым ліку 69 метэастанцый, 3 гідралагічныя станцыі, 2 аэралагічныя станцыі (Мінск і Брэст) і разгалінаваную сетку пунктаў радыяцыйнага маніторынгу[2].
Структура
[правіць | правіць зыходнік]У структуру Белгідрамета ўваходзяць цэнтральны апарат у Мінску і 6 абласных філіялаў («Брэстаблгідрамет», «Віцебскаблгідрамет», «Гомельаблгідрамет», «Гроднааблгідрамет», «Мінскаблгідрамет», «Магілёўаблгідрамет»)[11].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Руководство (руск.). Белгидромет (27 лістапада 2025). Праверана 21 студзеня 2026.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к История Гидрометслужбы (руск.). Белгидромет (25 ліпеня 2025). Праверана 21 студзеня 2026.
- ↑ Аўчыннікава 2022, с. 522.
- ↑ Аўчыннікава 2022, с. 522—523.
- ↑ Аўчыннікава 2022, с. 524.
- ↑ а б Аўчыннікава 2022, с. 525.
- ↑ а б Гидрометеорологическая деятельность (руск.). Белгидромет (13 студзеня 2026). Праверана 21 студзеня 2026.
- ↑ Радиационная и экологическая деятельность (руск.). Белгидромет (27 лютага 2023). Праверана 21 студзеня 2026.
- ↑ Авиационно-метеорологическая деятельность (руск.). Белгидромет (28 лютага 2023). Праверана 21 студзеня 2026.
- ↑ Международная деятельность (руск.). Белгидромет (1 студзеня 2021). Праверана 21 студзеня 2026.
- ↑ Структура Белгидромета (руск.). Белгидромет. Праверана 21 студзеня 2026.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Р. И. Овчинникова К истории метеорологии Беларуси. Макаревский Николай Иванович (к 100-летию создания Метеобюро в Минске) // Журнал Белорусского государственного университета. География. Геология. — 2022. — № 1. — С. 94–103.