Гімназія № 7 (Мінск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Гімназія № 7, Мінск)
Гімназія № 7
Тып гімназія
Адрас Сцяг Беларусі Беларусь, г. Мінск, вул. Захарава, 58
Сайт gymn7.minsk.edu.by

Гімназія № 7 — сярэдняя навучальная ўстанова ў Партызанскім раёне Мінска. Размешчана па адрасе вул. Захарава, 58, пачатковая школа размешчана ў асобным будынку па адрасе вул. Антонаўская, 20.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1940-х гадах адкрыта сярэдняя агульнаадукацыйная школа № 54 г. Мінска. У 1976 годзе для школы пабудаваны новы будынак. Адной з асаблівасцей працы школы ў гэты перыяд з’яўлялася стварэнне двух профільных спартыўных класаў[1].

У 1980 годзе быў зменены профіль школы, з першага класа было ўведзена паглыбленае вывучэнне англійскай мовы. У 1988 годзе арганізуецца дадатковае вывучэнне нямецкай мовы (з 6-га класа па выбары)[1].

У 1991 годзе сярэдняя школа ператворана ў гуманітарную гімназію № 54 з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы. У 1998 годзе гімназія № 54 перайменавана ў гімназію № 7[1].

Адукацыйны працэс[правіць | правіць зыходнік]

У гімназіі навучаецца 1375 навучэнцаў. Заняткі праводзяцца ў адну змену. Выкладанне вядзецца на рускай мове, а таксама прадугледжваецца абавязковае вывучэнне англійскай мовы, нацыянальнай і сусветнай гісторыі, культуры і літаратуры; нямецкай, іспанскай, польскай і кітайскай моў на факультатывах і кружках. На ІІІ ступені навучання (10 — 11 класы) вывучаюць англійскую і рускую мовы на павышаным узроўні[2].

Для арганізацыі адукацыйнага працэсу абсталяваны 53 кабінеты, з іх 2 кабінеты інфарматыкі, 16 кабінетаў для правядзення замежных моў (2 лінгафонныя кабінеты, 1 мабільны клас). Маюцца актавая зала на 457 месцаў, клас харэаграфіі, кабінет абслуговай працы і майстэрня, сталовая на 296 месцаў, буфет, бібліятэка з чытальнай залай[2].

У гімназіі дзейнічае 3 спартыўныя залы. Пры гімназіі маецца стадыён і спартыўная пляцоўка, плошча спартыўнай зоны складае 10 700 м²[2].

Будынак[правіць | правіць зыходнік]

Пабудаваны ў 1977 годзе (архітэктары Л. Гельфанд і Ю. Кустаў). Архітэктурнае вырашэнне заснавана на выкарыстанні складанага рэльефу мясцовасці. Мае развіты цокальны паверх з сістэмай лесвіц і падпорных сценак. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя складаецца з паралельных уваходнага і вучэбнага карпусоў, злучаных двухпавярховымі аб’ёмамі, якія ўтвараюць унутраны дворык. 2—3-павярховы ўваходны корпус падтрымліваецца па рэльефе магутнай маналітнай жалезабетоннай апорай з арачным праёмам. Вучэбны корпус 5—6-павярховы. Сцены рытмічна расчлянёны лапаткамі. Сіметрычна размешчаныя лесвіцы вылучаны на галоўным фасадзе вокнамі і мазаікай геаметрычнага малюнку. У аздабленні фасадаў выкарыстаны сучасныя дэкаратыўныя элементы і будаўнічыя матэрыялы[3].

Ва ўваходным корпусе размешчаны адміністрацыйныя памяшканні і спартыўная зала, у вучэбным — класы, кабінеты, сталовая, актавая зала і інш., у цокальным паверсе — гардэроб, дадатковая спартыўная зала і лыжная база. Планіровачнае вырашэнне рацыянальнае і абумоўлена сучаснай арганізацыяй вучэбнага працэсу. Стадыён і спартыўныя пляцоўкі аддзелены ад школы зялёным бульварам, лесвіцамі і тэрасамі[3].

Архітэктурна-планіровачнае вырашэнне будынка вызначаецца функцыянальнасцю і мастацкай выразнасцю[3].

Зноскі

  1. а б в Гісторыя гімназіі(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 8 верасня 2017. Праверана 6 ліпеня 2017.
  2. а б в Пра гімназію(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 15 ліпеня 2017. Праверана 6 ліпеня 2017.
  3. а б в Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]