Гістарызм (мовазнаўства)
Гістары́змы — словы, якія абазначаюць прадметы, з’явы і паняцці, што з цягам часу выйшлі з ужытку («аршын», «грыўня», «дзіда», «камбед», «лікбез», «нарком», «нэп» і іншыя). У адрозненне ад архаізмаў гістарызмы не маюць сінонімаў у сучаснай беларускай мове, таму найчасцей выкарыстоўваюцца ў навуковай і мастацкай літаратуры для стварэння каларыту пэўнай эпохі, узнаўлення рэальных гістарычных абставін і мовы герояў: «Наслалі нам асаднікаў, жандараў і ўраднікаў, і іншае брыды» (Якуб Колас), «На сценах віселі старыя чаканы, двуручныя мячы, кальчугі» (Уладзімір Караткевіч).
З паняццямі гістарызму звязаны раздзел гісторыі мовы (гістарычная граматыка), які вывучае фарміраванне і развіццё моўнай сістэмы на працягу існавання мовы, раздзел лексікалогіі (гістарычная лексікалогія), які вывучае гісторыю слоўнікавага складу мовы і змяненні ў розных групах лексікі. Таксама ёсць такія паняцці, як гістарычная проза і гістарычны жанр, гістарычная школа, гістарыяграфія, гістарычны слоўнік, гістарычныя песні, гістарычны музей, гісторыя мовы, гісторыя літаратуры, гісторыя мастацтваў і іншыя.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Прыгодзіч М. Р. Гістарызм // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 266. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).