Перайсці да зместу

Гісторыя Карэі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пульгукса, будысцкі храм эпохі Сіла, аб’ект Сусветнай спадчыны, Паўднёвая Карэя

Гісторыя Карэі — гісторыя карэйскага народа на Карэйскім паўвостраве, што налічвае не адну тысячу гадоў. Са старажытнага часу на Карэйскім паўвостраве існавалі самастойныя дзяржавы, што адчувалі моцны кітайскі ўплыў. У 1895 Карэя патрапіла ў сферу інтарэсаў Японіі, у 1910—1945 была ў складзе Японскай імперыі. У 1945 шляхі паўднёвай і паўночнай Карэі трагічна разышліся. Вызвалены паўвостраў аказаўся падзеленым на дзве часткі, перамовы аб уз’яднанні зайшлі ў тупік. КНДР была ўтворана 9 верасня 1948 года з ініцыятывы марксісцкай Працоўнай партыі Карэі як народна-дэмакратычная дзяржава на тэрыторыі савецкай зоны прысутнасці. У 1950—1953 адбылася Карэйская вайна, што замацавала раздзяленне Карэі на Паўночную і Паўднёвую па 38-й паралелі.

Старажытнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Слядам чалавека на карэйскай зямлі каля паўмільёна гадоў. Самыя старыя ўзоры керамікі датуюцца 8000 гадамі да н.э. За прыблізна 2000 гадоў да нараджэння Хрыста адбыўся пераход да бронзы, за 700 — да жалеза. Згодна з сярэднявечным летапісам Самгук юса, у 2333 да н.э. ў паўночнай Карэі і Манчжурыі з’явілася дзяржава Качасон (Старажытны Часон), аднак большасць вучоных ставяцца да такой сівой даты скептычна. З прыходам захопнікаў з Кітая каля 1100 года да н.э. пачынаецца перыяд Часон Кіджа, таксама напаўміфічны. І толькі ў VII ст. да н.э. пачынаюцца задакументаваныя старонкі гісторыі Качасона. У III ст. на поўдні паўвострава паўстае незалежная дзяржава Чынгук. Блізу канца I ст. да н.э. Качасон трапляе пад уплыў ханьскага Кітая і знікае як дзяржава.

Карэйскія царствы

[правіць | правіць зыходнік]

У 57 годзе да н.э. пачынаецца перыяд трох царстваў: Кагуро, Пэкчэ і Сіла. Культура ва ўсіх трох дзяржаў была агульнай. Пачынаючы з I стагоддзя н.э. сярод вышэйшых колаў карэйскага грамадства пачало распаўсюджвацца канфуцыянства, якое пазней было цалкам выцеснена будызмам. Падзенне Ханскай дынастыі на пачатку III стагоддзя пазбавіла тры карэйскія дзяржавы неабходнасці супрацьстаяць знешняй пагрозе. Кагуро, што першапачаткова ўзнікла на мяжы з Кітаем, паступова пашырыла свае ўладанні за кошт Маньчжурыі. Сталіцамі Кагуро ў розныя перыяды яе гісторыі былі Хвандо (цяпер Цзіянь на кітайскім беразе ракі Ялуцзян) і Пхеньян. У 676 Сіла падпарадкавала два астатніх каралеўствы, але надоўга гегемонам не стала: на беразе Жоўтага мора з’явілася дзяржава Бахай. Суіснаванне Бахаю і Сілы, што цягнулася да 926 года, атрымала назву «Перыяд Поўнач-Поўдзень».

У VIII стагоддзі Сіла распалася на тры дзяржавы, неўзабаве аб’яднаных Тхэджо Ван Гонам ў дзяржаву Каро. Бахай жа быў разбіты плямёнамі кіданяў, а яго ўладар уцёк у Каро, дзе быў не толькі надзіва цёпла сустрэты, але і парадніўся з правячай дынастыяй, што замацавала адзінства Карэі. У перыяд Каро былі кадыфікаваны законы, створана грамадзянскае права, квітнеў будызм. Мангольскія заваёўнікі ў 1231—1270 ажыццявілі 7 паходаў на Карэю і ўрэшце зрабілі Каро васалам юаньскага Кітая. З канцом мангольскага панавання ў Кітаі ў 1368 скончылася і залежнасць Карэі ад вялікага суседа, прынамсі на некалькі стагоддзяў.

У 1392 генерал Лі Санге, што скінуў дынастыю Каро чатырма гадамі раней, заснаваў дынастыю Часон, якая правіла Карэяй да 1910-га. Пры каралі Сэджоне Вялікім (1418—1450) карэйская дзяржава дасягнула росквіту, былі праведзены адміністрацыйныя, сацыяльныя і эканамічныя рэформы, квітнелі культура і навука. Сам кароль распрацаваў карэйскую азбуку хангыль. Пасля двух стагоддзяў міру ў 1592—1637 гадах Карэя сутыкнулася з японскай экспансіяй, што была адбіта супольнымі карэйска-кітайскімі сіламі, а таксама з унутранай нестабільнасцю. З таго часу Часон стаў паглыбляцца ва ўсё большую самаізаляцыю і, натуральна, стагнацыю. У XIX стагоддзі, не здольная абараніць сябе, Карэя была вымушана падпісаць няроўныя дагаворы з еўрапейскімі дзяржавамі. У выніку Першай япона-кітайскай вайны 1894—1895 Кітай адмовіўся ад прэтэнзій на Карэйскі паўвостраў, у 1897 была абвешчана Карэйская імперыя.

Японская акупацыя

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Руска-японскай вайны ў 1905 годзе Карэйская імперыя стала пратэктаратам Японіі, што ў выніку вайны ператварылася ў рэгіянальную сілу. У 1910 Карэя канчаткова страціла незалежнасць. Японцы прыцяснялі карэйскую мову і традыцыі, а эканоміку развівалі ў патрэбным сабе накірунку. Карэйскія патрыёты (сярод іх быў і Кім Ір Сен) узняліся на барацьбу, узяўшы на ўзбраенне партызанскія метады. Найбольшым было супраціўленне блізу мяжы з Кітаем. Японскі каланіяльны рэжым працягваўся да 1945.

Генерал Цярэнцій Штыкаў пакідае перамовы ў Сеуле, 1946. У 1946—1950 менавіта Штыкаў — ураджэнец Гарадоцкага павета — з’яўляўся галоўным чалавекам у Паўночнай Карэі[1]

Пасля Другой сусветнай вайны тэрыторыя Карэі фактычна была падзелена на савецкую (поўнач) і амерыканскую (поўдзень) акупацыйныя зоны. На дыпламатычным узроўні спробы аб’яднаць поўнач і поўдзень праваліліся. У жніўні 1948 года ў Паўночнай Карэі адбыліся выбары ў Вярхоўны Народны Сход, які 9 верасня 1948 года абвясціў стварэнне КНДР, прыняў канстытуцыю і сфарміраваў урад на чале з Кім Ір Сенам. На поўдні была абвешчана Рэспубліка Карэя. Імкнучыся да пашырэння сацыялістычнай сістэмы на ўсю тэрыторыю Карэі, улады КНДР пачалі вайну. 27 ліпеня 1953 года варагуючыя бакі падпісалі пагадненне аб спыненні агню, мірнага ж дагавора не заключана дагэтуль. Пасля заканчэння Карэйскай вайны Кім Ір Сен усталяваў у краіне аўтарытарны рэжым. З пачатку 1970-х гадоў паміж КНДР і Рэспублікай Карэя ажыццяўляюцца кантакты з мэтай урэгулявання ўзаемаадносін і ўз’яднання краіны. У снежні 1991 года падпісана Пагадненне аб прымірэнні, ненападзе, супрацоўніцтве і абменах, у лютым 1992 года — Сумесная дэкларацыя аб дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава (скасавана Паўднёвай Карэяй у сувязі з адмовай КНДР ад міжнароднай інспекцыі яе ядзерных аб’ектаў). У 1991 абедзве Карэі былі прыняты ў ААН.