Гісторыя Кіпра
Гісторыя Кіпра — гісторыя чалавечай цывілізацыі на востраве Кіпр.
Важнае значэнне мае, што востраў размешчаны ў Міжземнамор’і на скрыжаванні марскіх шляхоў паміж Паўднёвай Еўропай, Пярэдняй Азіяй і Паўночнай Афрыкай.
Старажытнасць
[правіць | правіць зыходнік]Самыя першыя прыкметы цывілізацыі, знойдзеныя на востраве падчас археалагічных раскопак адносяцца да эпохі неаліту (каменны век). Гэта рэшткі старажытных паселішчаў Хіракітыя і Тэнта, якія знаходзяцца недалёка ад горада Лімасол.
Наступнай вяхой у развіцці цывілізацыі на Кіпры стала медны век. Менавіта да гэтага перыяду адносяць з’яўленне так званага памоскага ідала (фігуркі чалавека з распасцёртымі рукамі). Малюнак гэтай статуэткі размешчаны на адваротным баку манет €1 і €2, адчаканеных на Кіпры.
У бронзавым веку востраў засяляецца минойцамі, а затым і фінікійцамі. Адзначаецца з’яўленне грэчаскай мовы і пісьменства. Прыкладна ў VII - VI ст.ст. да н.э. на Кіпры з’яўляюцца 10 гарадоў-дзяржаў. Уплыў крыцкай і грэчаскіх культур паступова становіцца вызначальным у далейшым развіцці вострава[1].
Антычнасць
[правіць | правіць зыходнік]Перыяд антычнасці на Кіпры азнаменаваны практычна бесперапыннымі войнамі. Спачатку востраў уваходзіць у склад Персідскага царства (526 год да н.э.), затым захопліваецца грэкамі (449 год да н.э.), затым зноў пераходзіць у валоданне персаў (380 год да н.э.). У 321 годзе да н.э. у выніку паходу Аляксандра Македонскага Кіпр далучаны да эліністычнага Егіпта. У 58 годзе да н.э. востраў становіцца рымскай правінцыяй.
Дадзеная эпоха характарызуецца ломкай этнічнай, палітычнай і рэлігійнай замкнёнасці, узнікненнем новых форм дзяржаўнасці, пашырэннем маштабаў эканамічных сувязей, паглыбленнем працэсу сацыяльнай дыферэнцыяцыі. Усё гэта пацягнула за сабой вялікую залежнасць ад навакольнага свету, страту пэўнай палітычнай самабытнасці вострава. Таксама як і ў мінулыя стагоддзі, Кіпр застаўся асноўным пастаўшчыком медзі, срэбра, збожжа і драўніны, а таксама цэнтрам марскога гандлю і караблебудавання. Каб аблегчыць сувязь паміж пталемееўскім Егіптам і Кіпрам, сталіца вострава была перанесена з Саламіна ў Пафас. Вядомы таксама сваім храмам Афрадыты, Пафас стаў адначасова і рэлігійным цэнтрам вострава[1].
Візантыйскі перыяд
[правіць | правіць зыходнік]Пасля распаду Рымскай імперыі ў 395 годзе востраў пераходзіць пад уладу Візантыі. У гэты перыяд значна ўзрастае ўплыў царквы. У 46 н.э. была створана Апостальская кіпрская царква[2].
У 688 годзе на востраў уварваліся арабы. Імператар Юстыніян II і халіф Абдул-Малік ібн Мерван здолелі дасягнуць беспрэцэдэнтнага пагаднення. Наступныя 300 гадоў Кіпр быў пад уладай адначасова і Арабаў і Візантыі (кандамініум), нягледзячы на пастаянныя мацерыковыя войны паміж двума бакамі. Гэты перыяд доўжыўся аж да 965 года, калі Візантыя, якая адраджалася, канчаткова не заваявала востраў[1].
Кіпр пад уладай крыжакоў
[правіць | правіць зыходнік]У 1191 годзе Рычард I падчас трэцяга крыжовага паходу высадзіўся ў Лімасоле і захапіў Кіпр. Пасля разрабавання вострава ён прадае яго Гі дэ Лузіньяну, чыя дынастыя правіла Кіпрам аж да 1489 года. Насельніцтва вострава падвяргалася жорсткаму прыгнёту, які пагаршаўся рэлігійнымі звадамі (кіраўнікі Кіпра былі каталікамі, насельніцтва прытрымлівалася ўсходне-хрысціянскай веры). Эканамічная ўлада на востраве ўсё больш пераходзіла ў рукі італьянскіх купцоў, і ў 1488 годзе апошняя кіпрская каралева, венецыянка па паходжанні, афіцыйна перадала востраў Венецыянскай рэспубліцы. Але той не ўдалося надоўга ўтрымаць яго – у 1570–1571 гадах Кіпр быў заваяваны 80-тысячным турэцкім войскам[1].
Асманскае валадарства
[правіць | правіць зыходнік]У 1571 годзе востраў быў канчаткова захоплены Асманскай імперыяй. У перыяд трохсотгадовага турэцкага панавання істотна змяніўся этнічны і рэлігійны склад кіпрскага грамадства.
З канца XVIII ст. у немусульманскага насельніцтва пачало абуджацца нацыянальная самасвядомасць і атрымала шырокае распаўсюджванне ідэя вызвалення ад «туркакратыі». Аднак турэцкія ўлады тапілі ў крыві любыя праявы вызваленчага руху[1].
Кіпр як брытанская калонія
[правіць | правіць зыходнік]4 чэрвеня 1878 года востраў перайшоў пад брытанскае праўленне, у абмен на падтрымку, аказаную Турцыі ў руска-турэцкай вайне. Але канчаткова востраў быў анэксаваны толькі ў 1914 падчас Першай сусветнай вайны — рэальная ўлада на Кіпры перайшла ў рукі брытанскага губернатара. У 1925 годзе Вялікабрытанія афіцыйна аб’явіла Кіпр сваёй кароннай калоніяй.
Падчас Другой сусветнай вайны кіпрскія добраахвотнікі ваявалі ў складзе брытанскіх узброеных сіл. Надзеі кіпрыётаў на здабыццё незалежнасці ў пасляваенны перыяд не апраўдаліся, паколькі Брытанія па-ранейшаму разглядала Кіпр як важны стратэгічны плацдарм ва Усходнім Міжземнамор’і. Пасля таго як спробы мірнага вырашэння кіпрскага пытання не далі вынікаў, у 1955 гозде пачалася вайна за незалежнасць, якая доўжылася да 1959 года[1].
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]Доўгачаканая незалежнасць, набытая ў 1960 годзе насуперак усім чаканням не прынесла на востраў мірнае жыццё. У 1963 годзе на востраве пачаліся ўзброеныя сутыкненні паміж абшчынамі грэкаў і турак.
У ліпені 1974 года пры падтрымцы афінскай ваеннай хунты, якая праводзіла курс на «энозіс» (далучэнне Кіпра да Грэцыі), на востраве была зроблена спроба дзяржаўнага перавароту. Пад маркай аднаўлення парадку і абароны турак-кіпрыётаў Турцыя ўвяла на востраў свае войскі і акупавала каля 37% яго тэрыторыі. Гэта прывяло да фактычнага расколу Кіпра на дзве адасобленыя часткі. Была дэзарганізавана эканоміка краіны, цалкам парушаны сувязі паміж абшчынамі[1].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д е ё История Кипра (руск.)
- ↑ Святая Кипрская Земля. История и современность (руск.)