Гісторыя Мексікі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Тэрытарыяльная эвалюцыя Мексікі (фіялетавым пазначана Цэнтральная Амерыка, страчаная ў 1823; сінім — анексаваны ў Гватэмалы Ч'япас; белым, аранжавым, чырвоным — страты на карысць ЗША, барвовым — вернутая ў 1848 Юкатанская рэспубліка)

Мексіка з'яўляецца адной з калысак цывілізацыі ў Заходнім паўшар'і і мае даўнюю, багатую на падзеі гісторыю. У дакалумбавай Мексіцы існавалі развітыя індзейскія цывілізацыі. У XVI стагодзі Іспанія заваявала і каланізавала тэрыторыю Мексікі, якая стала цэнтрам віцэ-каралеўства Новая Іспанія. У 1821 годзе Мексіка набыла незалежнасць. Далей былі перыяды эканамічнай нестабільнасці, амерыкана-мексіканская вайна з тэрытарыяльнымі саступкамі на карысць ЗША, грамадзянская вайна, дзве імперыі і ўнутраная дыктатура. Апошняя прывяла да мексіканскай рэвалюцыі ў 1910 годзе, у выніку якой паўстала цяперашняя палітычная сістэма краіны.

Дакалумбава Мексіка[правіць | правіць зыходнік]

Руіны горада Тэатыўакан, ІІ-VII ст.н.э.

Рэчыўныя сведкі прысутнасці першых людзей у на мексіканскай зямлі адносяцца да 8 тыс. да н.э. Мексіку лічаць адной з сямі калысак сучаснай цывілізацыі. У дакалумбавай Мексіцы існавалі і развіваліся цывілізацыі многіх культур: альмекаў (XII—V ст да н.э.), тальтэкаў, тэатыўаканаў, сапатэкаў, мая (іх росквіт прыйшоўся на IV—IX ст. н. э). Да дасягненняў мая належаць іерагліфічнае пісьмо, развітыя архітэктура і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, шырокія веды ў матэматыцы і астраноміі, дакладны каляндар. У XII стагоддзі ў Цэнтральнай Мексіцы з’явіліся ацтэкі, якія, скарыўшы мясцовыя плямёны, стварылі магутную імперыю.

Каланіяльны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

У 1517 годзе пачалося мэтанакіраванае даследаванне і заваяванне Мексікі еўрапейцамі. Іспанцы паслалі да берагоў Мексіканскага заліва тры экспедыцыі. Тэрцяя з іх, пад кіраўніцтвам Эрнана Картэса (1519), выдалася паспяховай і імперыя Ацтэкаў пасля двухгадовае барацьбы скарылася перад канкістадорамі. У 1522 годзе іспанскі кароль Карл V прызначыў Картэса генерал-капітанам і губернатарам заваяваных земляў, да таго ж зрабіўшы яго буйнейшым землеўладальнікам; але ўжо ў 1528 з Іспаніі прыбыла аўдыенсія — адміністрацыйны каланіяльны орган, падпарадкаваны непасрэдна каралю. У 1535 Мексіка стала цэнтрам віцэ-каралеўства Новая Іспанія. З 1521 па 1821 гг., Мексіка заставалася каланіяльным уладаннем Іспаніі. Яе гаспадарка базавалася на эксплуатацыі індзейцаў, вымушаных працаваць на адабраных у іх землях і на залатых ды срэбных рудніках.

Першае стагоддзе пасля набыцця незалежнасці[правіць | правіць зыходнік]

Парфірыа Дыяс у 1867

Падзеі ў Еўропе, набыццё незалежнасці Злучанымі Штатамі, пранікненне ў Лацінскую Амерыку прагрэсіўных ідэяў — ўсё гэта паслужыла прычынай барацьбы за самастойнасць. Сялянскія хваляванні 1810 года прывялі Мексіку да дзесяцігадовай вайны за незалежнасць. Сярод правадыроў паўстання вылучаліся святары Мігель Ідальга-і-Касцілья і Хасэ Марыя Марэлас — абодва былі схоплены і пакараны смерцю. У 1821 годзе паводле Кардоўскае дамовы Мексіка набыла незалежнасць, а правадыр паўстанцаў Аўгусцін Ітурбідэ абвяшчае сябе імператарам Аўгусцінам І. Зрэшты ўжо вясной наступнага года Мексіка становіцца рэспублікай і губляе ўладу над краінамі Цэнтральнай Амерыкі. У 1835 годзе ад Мексікі аддзяляецца Тэхас, які абвяшчае сябе рэспублікай, і мексіканцы нічога не могуць супрацьпаставіць невялікаму тэхаскаму войску. У 1845 годзе ўспыхнула паўстанне ў Каліфорніі, яго ўдзельнікі абвясцілі аб стварэнні ўласнага ўрада. Вясной 1846 года на мексіканскую тэрыторыю ўварваліся войскі ЗША. Да восені 1847 гады амерыканцы захапілі значную частку Мексікі разам са сталіцай. Паводле дамовы Гуадалупе-Ідальга да ЗША адышлі Верхняя Каліфорнія, Новая Мексіка і часткі зямель іншых штатаў, што склала больш за палову ўсёй плошчы Мексікі. У 1860 годзе кансерватары прайгралі чарговую грамадзянскую вайну і папрасілі дапамогу ў еўрапейскіх дзяржаў. У 1861-62 гг. у выніку інтэрвенцыі да ўлады на французскіх штыках прыйшоў Максімільян Габсбург, абвешчаны імператарам. У 1867, як толькі каланіяльныя войскі пакінулі Мексіку, вельмі непапулярны імператар быў зрынуты і расстраляны. У 1876 годзе да ўлады прыйшоў Парфірыа Дыяс і яго валадарства цягнулася 34 гады. Недальнабачная эканамічная палітыка стала прычынай росту сацыяльнай напружанасці, якая прывяла да мексіканскай рэвалюцыі ў 1910 годзе. У выніку рэвалюцыі была прынята канстытуцыя 1917, тым самым фактычна паўстала цяперашняя палітычная сістэма краіны.

1917 — наш час[правіць | правіць зыходнік]

Падпісанне статута НАФТА, 1 кастрычніка 1992

Апошняе стагоддзе аказалася не такім багатым на падзеі, як было для большасці вялікіх краін Лацінскай Амерыкі. Мексіку абмінаюць грамадзянскія войны. Значныя змяненні тычацца толькі эканамічных працэсаў. Напрыклад, у 1930-х прэзідэнт Ласара Кардэнас нацыяналізаваў уласнасць, што належала замежным нафтавым кампаніям. У 1980-х мексікансую эканоміку абрынуў сусветны эканамічны крызіс. У 1990-х уступленне ў НАФТА і новыя рэформы далі Мексіцы магутны штуршок да развіцця. На выбарах у ліпені 2000 года апазіцыйная партыя ўпершыню здабыла перамогу на прэзідэнцкіх выбарах у Інстытуцыйна-рэвалюцыйнай партыі. Пачатак ХХІ стагоддзя адзначаны ўзмоцненай барацьбой федэральных уладаў супраць наркабізнесу. У 2018 Мексіка, апярэдзіўшы Японію, увайшла ў першую дзясятку краін свету па колькасці насельніцтва.

Зноскі