Гісторыя Нігерыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Даеўрапейскі час[правіць | правіць зыходнік]

У неаліце на тэрыторыі Нігерыі жылі шматлікія плямёны паляўнічых і збіральнікаў. Рэшткі першай развітой культуры — Нок, носьбіты якой умелі апрацоўваць жалеза, адносяцца да V ст. да н.э. — III ст. н.э. У канцы I-га тысяч. н.э. на поўначы ўзніклі гарады-дзяржавы народа хаўса (Замфара, Зарыя, Габір, Кано, Кацына і іншыя). З XI ст. тут пашырыўся ісламскі rараванны гандаль праз Сахару, які паспрыяў развіццю дзяржаў хаўса, што дасягнулі росквіту ў XVI — XVIII стст. У пачатку XIX ст. яны ўвайшлі ў склад халіфата Сакота. З канца I-га тыс. н.э. на паўднёвым захадзе Нігерыі існавалі дзяржавы народа ёруба, найбольшай з якіх у XVII — XVIII стст. была Оё. У ніжнім цячэнні р.Нігер існавала дзяржава Бенін. Паўднёва-ўсходняя частка Нігерыі ўваходзіла ў склад Канем-Борну. Народ ігба ( іба) жыў вялікімі абшчынамі, якімі кіравалі саветы старэйшын.

Каланіяльны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Першыя еўрапейцы (партугальцы) з'явіліся на тэрыторыі Нігерыі сталі цэнтрамі гандлю рабамі. У 1861 г. англічане захапілі г.Лагас. У 1885 г. яны стварылі пратэктарат Ойл-рыверс (з 1893 г. Пратэктарат нігерскага ўзбярэжжа); у 1900 г. — пратэктараты Паўночная і Паднёвая Нігерыя, якія 1 студзеня 1914 г. аб'яднаны ў Калонію і пратэктарат Нігерыя. Брытанскія ўлады ўсталявалі сістэму так званага «ўскоснага кіравання», пры якой непасрэдная ўлада на месцах захоўвалася ў афрыканскіх правадыроў. Нігерыя ператварылася ў сыравінную базу Вялікабрытаніі. З фарміраваннем мясцовай буржуазіі і інтэлігенцыі ўзмацнілася антыкаланіяльная барацьба, адбыўся шэраг паўстанняў (19141918 гг., 1929 г. і іншыя). У 1922 г. Г.Маколей стварыў першую афрыканскую палітычную партыю — Нігерыйскую нацыянал-дэмакратычную партыю. У 1944 г. створаны Нацыянальны савет Нігерыі і Камеруна (з 1962 г. Нацыянальны савет нігерыйскіх грамадзян, НСНГ), старшынёй якога абраны Г.Маколей, генеральным сакратаром — Н.Азіківе. У выніку рэформы 1947 г. Нігерыя падзелена на Паўночную, Заходнюю і Усходнюю вобласці, у якіх адпаведна дамінавалі народы хаўса, ёруба і ігба. У 1951 г. створаны Паўночны народны кангрэс (ПНК) на чале з А.Бела і Група дзеяння (ГД) на чале з А.Авалова.

Незалежная Нігерыя[правіць | правіць зыходнік]

1 кастрычніка 1960 г. абвешчана незалежнасць Нігерыі. Уладу ажыццяўляў кааліцыйны ўрад ПНК — ГД на чале з А.Т.Балева. Распад кааліцыі ў 1964 г. прывёў да міжнацыянальных сутыкненняў. У студзені 1966 г. адбыўся дзяржаўны пераварот. Ваенны кіраўнік Дж.Т.У.Іронсі абвясціў у маі 1966 г. аб пераўтварэнні Нігерыі ва ўнітарную дзяржаву. У ліпені 1966 г. Іронсі быз забіты. Новы ваенны ўрад Я.Гавона вярнуўся да федэратыўнай сістэмы. Пагромы ігба на поўначы Нігерыі ўзмацнілі сепаратысцкія настроі. У маі 1967 г. ваенны губернатар Усходняй вобласці А.Аджукву абвясціў яе незалежнай дзяржавай Біяфра. У ліпені 1967 г. пачалася вайна паміж сепаратыстамі і цэнтральным урадам, у якой загінула больш за 1 млн. чалавек. 15 студзеня 1970 г. войскі Біяфры капітулявалі. У 1975 г. Гавон быў скінуты генералам М.Мухамедам. Пасля забойства Мухамеда ў 1976 г. ваенны кіраўнік А.Абасанджа перадаў уладу дэмакратычна выбранаму прэзідэнту А.Ш.Шагары (скінуты ваеннымі 31 снежня 1983 г.).

У пачатку 1990-х гг. пачалася дэмакратызацыя грамадскага жыцця, але пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах 1993 г. лідара апазіцыі М.Абіёлы ваенныя ўлады анулявалі яе вынікі. У краіне быў усталяваны жорсткі, аўтарытарны рэжым генерала С.Абачы і Нігерыя апынулася ў міжнароднай ізаляцыі. Пасля смерці Абачы (чэрвень 1998 г.) ваеннае кіраўніцтва было вымушана правесці ў лютым 1999 г. дэмакратычныя выбары, на якіх прэзідэнтам выбраны прадстаўнік Народнай дэмакратычнай партыі Абасанджа. Яго ўрад абвясціў праграму шырокіх пераўтварэнняў. Была дасягнута дамоўленасць аб чаргаванні прэзідантаў -хрысціян і -мусульман.

Нігерыя ў ХХІ стагоддзі[правіць | правіць зыходнік]

Гудлак Джонатан у сваім знакамітым капелюшы

Не здолеўшы прыняць закон аб абмежаванні колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў, у 2007 годзе Абасанджа перадаў паўнамоцтвы свайму стаўленіку Яр-Адуа, які у 2010 пакінуў пост па стане здароўя і неўзабаве памёр. Яго пераемнікам стаў Гудлак Джонатан.

Пачатак ХХІ стагоддзя азмрочыўся шматлікімі сутыкненнямі хрысціян і мусульман. З першай паловы 2000-х і да гэтага часу на тэрыторыі Нігерыі і суседніх краін дзейнічае тэрарыстычная ісламісцкая групоўка «Бока Харам», якая выступае за прыняцце нормаў шарыяту і выкараненне «атрыбутаў Захаду» (свецкай адукацыі, выбараў і г.д.). У 2015 г., прысягнуўшы на вернасць ісламскай дзяржаве, яна перайменавалася ў "заходнюю правінцыю ісламскай дзяржавы".

7 жніўня 2018 г. Узброеныя супрацоўнікі Службы дзяржаўнай бяспекі Нігерыі блакавалі ўваход у будынак парламента краіны ў Абуджы. Адзін з сенатараў ад апазіцыйнай Народна-дэмакратычнай партыі (НДП), Бэн Мары-Брус заявіў, што адзін з сенатараў ад кіруючай партыі «Кангрэс ўсіх прагрэсіўных сіл» (КВПС), Гадсуіл Акпабіё, спрабуе дамагчыся змены кіраўніцтва Сенату. Раней, старшыня Сената Абубакар Букола Саракі разам з некалькімі іншымі сенатарамі ад КВПС перайшлі ў НДП, спасылаючыся на дыктат кіраўніцтва партыі[1].

  1. СМІ: супрацоўнікі спецслужбаў заблакавалі ўваход у парламент Нігерыі. Новы Час (7 жніўня 2018). Праверана 7 жніўня 2018.