Гісторыя Оршы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Упершыню Орша («Рьша») ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 г. як месца, дзе полацкі князь Усяслаў Брачыславіч па мянушцы Чарадзей, «перееха в ладьи через Днепр» для перамоў, быў вераломна захоплены ў палон кіеўскім князем Ізяславам. Так пачынаецца летапісная гісторыя горада. Але даўняе паселішча на яго месцы існавала значна раней, аб чым сведчыць мноства знаходак на старажытным дзядзінцы ля вусця ракі Аршыцы. Яны датуюцца бронзавым і жалезным векам. Сярод археолагаў існуе меркаванне, што ў канцы III — пачатку II тысячагоддзя да н.э. паўночны ўсход Беларусі, у тым ліку і Аршаншчыну, насялялі плямёны угра-фінаў, і тапонім «Орша» — угра-фінскага паходжання і абазначае «праточная вада, рака; або вада, якая цячэ ў рэчышчы».

ВКЛ[правіць | правіць зыходнік]

Бітва пад Оршай

Асаблівае значэнне набыла Орша ў пачатку 14 ст., калі ў складзе Віцебскага княства далучылася да Вялікага княства Літоўскага. Гораду адводзілася вялікая роля ў захаванні ўсходніх межаў Літоўскай зямлі, таму ў першай палове 16 ст. па ініцыятыве князя Альгерда былі ўзведзены Аршанскія гарадскія ўмацаванні, а ў 1398—1407 гг. на месцы старажытнага гарадзішча 11 ст., па загаду Вітаўта, пабудаваны мураваны замак. Аршанскі замак, адзін з самых вялікіх і моцных на ўсходзе Беларусі, быў сведкам і ўдзельнікам працяглых жорсткіх войн.

У складзе войска ВКЛ харугва з Оршы прымала ўдзел у Грунвальдскай бітве 1410 г. У 1505 г. у горадзе пабудавана драўляная царква Ільі Прарока. Паводле гістарычных крыніц за 1555 г., М. К. Радзівіл Чорны заснаваў тут адзін з першых на Беларусі кальвінскі збор.

Падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1512—1522 гг. пад Оршай у 1514 г. адбылася бітва — адна з буйнейшых бітваў на тэрыторыі Еўропы ў пачатку 16 ст. Пра яе была складзена беларуская песня, якая праслаўляла князя Астрожскага, напісана батальная карціна (1520—1530-я гг.), якая зберагаецца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве. Падчас Лівонскай вайны 1558—1583 гг. у 1564 г. прайшла яшчэ адна Аршанская бітва, у якой вызначыўся будучы аршанскі староста Ф. Кміта-Чарнабыльскі. Падчас шматлікіх войнаў і аблог Орша неаднаразова была разбурана і спалена. 3 1560-х гг. горад — дзяржаўнае ўладанне, цэнтр павета.

Рэч Паспалітая[правіць | правіць зыходнік]

Адміністрацыйнае становішча Оршы ў складзе Рэчы Паспалітай было сціплае: цэнтр Аршанскага павета Віцебскага ваяводства. 3 1500 г. тут збіраўся правінцыйны шляхецкіі сеймік, а пазней у Оршы быў размешчаны павятовы грамадзянскі суд. Паступовае развіццё горада як самастойнай сацыяльна-эканамічнай адзінкі мела сваё лагічнае завяршэнне: 13 снежня 1620 г. аршанцы атрымалі велікакняжацкую грамату на магдэбургскае права («вялікае»), а як сімвал самастойнасці — герб, які ўяўляў сабой блакітны шчыт з сярэбраным крыжам і залатым паўмесяцам пад ім. Магдэбургскае права — гэта звод законаў, якія вызначалі адносіны горада і феадальнай дзяржавы. Па магдэбургскім праве адмянялася ўлада і суд над мяшчанамі дзяржаўцаў-намеснікаў, ваявод і іншых службовых асоб велікакняжацкай адміністрацыі. Гараджане вызваляліся ад феадальных павіннасцей, ім гарантаваліся свабодныя заняткі гандлем, рамёствамі і земляробствам, яны маглі ствараць рамесныя аб'яднанні — цэхі, выбіралі свае органы ўлады — магістрат і суд. Выдзяленне купецтва як найбольш уплывовай групы было характэрна для сярэдневяковага горада, а характар большасці прывілеяў, якія надаваліся аршанскім мяшчанам, пачынаючы з першага вядомага — 1551 г., аб бязмытным гандлі на працягу 10 гадоў, з'яўляецца найбольш спрыяльным менавіта для купецтва. Купцы з Оршы дастаткова часта ўзгадваюцца ў дакументах, якія адлюстроўваюць памежны гандаль з Рускай дзяржавай.

Ніжэйшыя прыступкі сярод гарадскога саслоўя займалі дробныя рамеснікі і гандляры, падмайстры, вучні і г.д. У 17 ст. адзначаецца наяўнасць у горадзе цэхаў. У 1612 г. быў прыняты статут аршанскіх краўцоў, пастрыгачоў і кушнераў, які быў пацверджаны ў 1633 г. Адміністрацыя цэха — старшыні — павінны былі выбірацца на год на спецыяльнай, галоўнай сходцы, якая працягвалася два тыдні.

Да 1660 — 70-х гг. у Оршы заставаўся замак з гарнізонам і сваёй адміністрацыяй. Адносіны паміж горадам і замкам былі складаныя. Так, у 1646 г. каралеўскім судом разглядалася справа аб нападзе аршанскіх мяшчан колькасцю да 2 тыс. чалавек на замак. На падставе дакументаў аб гэтай справе ў Оршы жыло на той час каля 5 тыс. чалавек. Але ў канцы 18 ст., у час далучэння да Расійскай імперыі, у горадзе заставалася толькі 793 жыхары. Можна меркаваць, што па нацыянальным складзе горад заставаўся беларускім, але прозвішчы некаторых жыхароў гавораць аб іх паходжанні з Рускай дзяржавы. Ёсць звесткі аб існаванні ў Оршы ў пачатку 17 ст. яўрэйскага кагала, сінагогі і школы.

У 1555 г. у Оршы быў кальвінскі (пратэстанцкі) збор, заснаваны Мікалаем Радзівілам Чорным. Пры зборы была школа. Даследчыкамі падкрэсліваецца, што якасць адукацыі ў кальвінскіх школах была вышэйшая, чым у іншых, існаваўшых у той час.

У 1604 г. у Оршы былі пабудаваны езуіцкі касцёл і кляштар, а ў 1616 быў адчынены Аршанскі езуіцкі калегіум. У калегіуме былі адкрыты 3 класы: граматыкі, рыторыкі і філасофіі. Езуіты клапціліся, каб іх выхаванцы раслі фізічна моцнымі, таму шмат часу адводзілася верхавой яздзе, плаванню, фехтаванню, танцам. Для дзяцей збяднелай шляхты і гараджан існаваў інтэрнат. Пры калегіуме з канца 17 ст. дзейнічаў школьны тэатр. Тут быў створаны рукапісны зборнік драматычных твораў, вядомы як «Аршанскі кодэкс». Ён быў напісаны ў 1693 г. і ўключаў 4 польскія барочныя драмы з беларускімі інтэрмедыямі. Езуіцкі ордэн быў забаронены ў Расіі ў 1820 г., аднак у 1820-я гады ў Оршы яшчэ заставалася 199 езуітаў. Іх кляштар быў канчаткова закрыты ў 1831 г., касцёл разабраны, а ў будынку калегіума зрабілі турму.

Кароль Уладзіслаў IV пабудаваў у Оршы мураваны касцёл і вялікі мураваны будынак для манахаў-бернардзінцаў. У гэты ж перыяд былі ўзведзены францысканскі манастыр, мураваны касцёл для манахаў-трынітарыяў і два жаночыя каталіцкія манастыры — марыявіцкі і базыльянскі. Манастыры былі размешчаны ва ўсіх канцах горада і валодалі значнымі багаццямі.

Пасля скасавання ў Магілёве шэрагу праваслаўных цэркваў і Спаскага манастыра на сродкі і па хадайніцтву Магілёўскага праваслаўнага брацтва на зямлі магната Багдана Статкевіча пад Оршай быў заснаваны Куцеінскі Богаяўленскі мужчынскі манастыр. Ён засноўваўся як лаўра і павінен быў стаць цэнтрам праваслаўя на ўсходзе Беларусі. У 1630 г. па запрашэнні і на грошы Б. Статкевіча асветнік і кнігадрукар з Кіева Спірыдон Собаль заснаваў у Куцейне друкарню і разгарнуў бурную кнігадрукарскую дзейнасць, якую працягваў пасля ад'езду С. Собаля ігумен Іаіль Труцэвіч. За кароткі час Куцеінская друкарня стала буйнейшай на Беларусі. Тут да 1654 г. было выдадзена каля 20 кніг царкоўна-палемічнага, навучальна-асветніцкага і свецкага характару. У іх ліку адзін з першых буквароў «Буквар» С. Собаля, вызначаўся невялікім аб'ёмам і быў вельмі зручны ў параўнанні з іншымі падручнікамі па навучанні грамаце.

3 развіццём мастацтва кніжнай гравюры звязана майстэрства куцеінскіх манахаў — разьбяроў па дрэве, імён якіх вядома болей: Іпаліт, Восіп Андрэеў, Андрэй Фёдараў, Старац Арсеній. Вядома, што ў Куцеінскім манастыры авалодваў майстэрствам разьбы па дрэве славуты Герасім Укулаў з Дуброўны.

У 1655 г. у сувязі з вайной Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай, Куцеінская друкарня разам з майстрамі была перавезена ў Іверскі манастыр пад Ноўгарадам, праз 10 гадоў яна апынулася ў Нова-Іерусалімскім манастыры на Істры, рэзідэнцыі патрыярха Нікана, а пасля ссылкі Нікана пераведзена ў Маскву пад нагляд Сімяона Полацкага, які быў прызначаны галоўным распарадчыкам новай друкарні, што размясцілася ў Крамлі і вядома пад назвай «Верхняя друкарня».

Уваходжанне ў Расійскую імперыю[правіць | правіць зыходнік]

Герб Оршы, дадзены ў Расійскай імперыі

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Орша і наваколле ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі.

Пасля ўваходжання ў склад Расійскай імперыі Орша падпала пад уздзеянне цэлай серыі адміністрацыйных рэформ. Згодна з Установай для кіравання губерняй" ад 7 лістапада 1775 г., «Уставай благачыння» ад 8 красавіка 1782 г., «Даравальнай граматай дваранству» ад 21 красавіка 1785 г. і адначасова з ёю прынятай «Даравальнай граматай гарадам», даўнія вольнасці магдэбургскага права ў беларускіх гарадах скасоўваліся, а на іх месцы ўсталёўвалася адзіная для ўсёй Расійскай імперыі сістэма адміністрацыі і кіравання. У горадзе, які з'яўляўся самастойнай адміністрацыйнай адзінкай, на чале адміністрацыі стаяў гараднічы. Гарадское самакіраванне складалася з гарадскога сходу і шасцігалосай думы. Яно знаходзілася ў падпарадкаванні адміністрацыі, гарадскі сход склікаўся толькі з дазволу губернатара, дума была падсправаздачная губернатару і казённай палаце; губернатар і губернская ўправа давалі органам гарадскога самакіравання падрабязныя ўказанні, якія выключалі ініцыятыву з іхняга боку.

Увасабленнем новых парадкаў стала стварэнне новага гарадскога герба — 5 скрыжаваных стрэл, таму што, як лічылася «город построен ещё древними скифами», якія «таковыми орудиями похвально действовали».

У першым дзесяцігоддзі пасля далучэння царскі ўрад імкнуўся інтэграваць беларускія землі ў імперыю такімі сродкамі, каб выклікаць у кожнага саслоўя пачуццё лаяльнасці да новых улад. Насельніцтву былі прадастаўлены эканамічныя льготы шляхам значнага памяншэння на працягу многіх гадоў некаторых відаў падаткаў.

Вайна 1812 года[правіць | правіць зыходнік]

Маршал Даву

Летам 1812 г. напалеонаўская армія пачала свой захопніцкі паход у Расію. Каб прыцягнуць на свой бок польскіх і мясцовых землеўладальнікаў, Напалеон абяцаў узнавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 г. узамен на падтрымку сваіх ваенных планаў.

Прыкладна праз месяц пасля пачатку вайны на заходніх землях Расійскай імперыі, 5 ліпеня 1812 г., атрад генерала Кольберта з корпуса Грушы, які, у сваю чаргу, уваходзіў у групу войск маршала Даву, падышоў да Оршы. Не сустрэўшы значнага супраціўлення з боку расійскіх войск, французы на наступны дзень увайшлі ў горад. Згодна з планам рускага камандавання, Оршы адводзілася роля базы забеспячэння войск неабходным правіянтам. Вялікія запасы мукі, амуніцыі аказаліся захопленымі французамі. За кароткі час інжынерныя службы напалеонаўскага войска навялі цераз Днепр два масты, і пад аховай дзвюх батарэй імператарская армія хутка пераправілася на левы бераг.

На працягу тых 2 тыдняў у Оршы гаспадарыў корпус Даву. Захапіўшы горад і павет, французы пачалі сістэматычнае рабаванне насельніцтва. Перш за ўсё адбіралі коней, хлеб. Значная частка насельніцтва пахавалася ў лясах. Калі ў рэшце рэшт Напалеон змяніў свае планы і французскае войска рушыла далей на ўсход, у Оршы застаўся вялікі шпіталь, у якім знаходзілася каля 10 тыс. параненых і хворых французскіх салдат.

Напалеонаўскае нашэсце нанесла вялізныя страты эканоміцы Аршаншчыны. Працэс аднаўлення прамысловасці працякаў вельмі марудна. У рапарце аршанскага гараднічага магілёўскаму грамадзянскаму губернатару за 1820 год паведамлялася: "У горадзе Оршы фабрык, заводаў і мануфактур не было. Ва ўсім Аршанскім павеце ў 1819 г. існавалі 2 мануфактуры — суконная і талесная. Нягледзячы на дармавую прыгонніцкую сілу і наяўнасць мясцовай сыравіны, прадукцыйнасць іх была вельмі нізкай. Гатовая прадукцыя ў асноўным выкарыстоўвалася на месцы і толькі часткова вывозілася ў іншыя гарады Магілёўскай губерні.

Толькі праз 14 гадоў пасля выгнання французскіх захопнікаў у Оршы быў заснаваны гарбарны завод.

Першая палова 19 стагоддзя[правіць | правіць зыходнік]

У 1-й палавіне 19 ст. складаліся спрыяльныя ўмовы для развіцця гандлю ў Оршы. 3 далучэннем беларускіх зямель да Расіі былі ўмацаваны старыя і пабудаваны новыя галоўныя дарогі, з якіх дзве — Пецярбургска-Кіеўская і Маскоўска-Варшаўская — перасекліся ў Оршы. Важнымі былі таксама губернскія дарогі, па якіх перавозіліся транзітныя і мясцовыя грузы, У 1-й палавіне 19 ст. праз Оршу пралягалі тракты Орша — Сянно і Орша — Барысаў -Мінск. Увосень і ўвесну грунтавыя дарогі размякалі, і царскі ўрад пачаў будаваць шашэйныя. Адна з іх, Пецярбургска-Кіеўская, у 1830—1840 гг. прайшла праз Оршу. Па Дняпры праз Оршу везлі хлеб з Украіны ў Віленскую, Віцебскую, Смаленскую губерні, а з цэнтральных губерняў Расіі ішлі прамысловыя тавары на Украіну. У параўнанні з іншымі гарадамі Магілёўскай губерні, якія размяшчаліся на Дняпры, Орша выдзялялася па колькасці адпраўленых суднаў і плытоў. Так, у 1858 г. у Оршы больш за 120 суднаў было загружана вапнай (каля 360 тыс. пудоў на суму на 20 тыс. руб.), каменем, мэбляй, рыдлёўкамі, гарэлкай, дошкамі на 6 тыс. руб.

Прамысловасць у гарадах Беларусі ў дарэформенны перыяд не дасягала высокага ўзроўню, тым болей гэта датычыцца Оршы. Першае аршанскае прадпрыемства, пра якое маюцца звесткі, — вапнавае, якое дзейнічала ў 1800-02 гг. На ім працавала 30 чалавек, у 1802 г. было выпалена 7 тыс. пудоў вапны. У рапарце аршанскага гараднічага магілёўскаму губернатару за 1826 г. гаворыцца пра 2 піваварныя заводы, якія выраблялі для продажу ў піцейных дамах 35-60 вёдраў піва за год. За той жа 1826 г. было прададзена таксама 60 вёдраў мёду. У 1850 г. у Оршы былі адкрыты 2 гарбарныя заводы па перапрацоўцы скур, кожны з гадавым выпускам прадукцыі на 5 тыс. руб. У Оршы ў 1-й палавіне 19 ст. існавала дробнае прадпрыемства па перапрацоўцы бавоўны.

У 2-й чвэрці 19 ст. у Беларусі назіраецца значны прамысловы ўздым. Ахапіў ён і Аршаншчыну, дзе ў перыяд паміж 1826 і 1848 гг. колькасць фабрык і заводаў павялічылася да 14.

У 1840-х гадах Орша мала чым адрознівалася ад іншых павятовых гарадоў Магілёўскай губерні.

Асноўным заняткам жыхароў з'яўляліся гандаль, рамёслы і гародніцтва. Гандаль вёўся праз крамкі, якіх у 1843 г. налічвалася каля 70. Аршанскія купцы гандлявалі і з іншымі гарадамі Беларусі.

Бюджэт горада быў зусім невялікі (у 1843 г. — 15 208 руб. серабром). Асноўная яго частка выдаткоўвалася на ўтрыманне адміністрацыйна-паліцэйскага апарату, турмы і інш.

Другая палова 19 стагоддзя[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку 1850-х гадоў у Оршы былі 3 плошчы, 35 незабрукаваных вуліц і завулкаў. Тратуараў не было, і горад патанаў у непралазным брудзе. Большасць гарадскіх будынкаў былі драўляныя.

Рэлігійныя патрэбы насельніцтва забяспечвалі 3 праваслаўныя царквы, 4 манастыры, 8 сінагог. У горадзе не было бібліятэк, тэатраў, іншых культурна-асветных устаноў, затое мелася 7 пітных дамоў, або кабакоў. Не ў лепшым становішчы знаходзілася і ахова здароўя. У горадзе мелася толькі адна невялічкая бальніца, у якой працавалі 2 медыцынскія работнікі і 8 чалавек абслугоўваемага персаналу.

Пасля адмены ў 1861 г. прыгоннага права Орша заставалася тыповым павятовым горадам. Тут знаходзілася паліцэйскае ўпраўленне, спраўнік, воінскі начальнік, казначэйства і паштовая кантора, гарадская ўправа, дума і інш.

3 1870-х гадоў пачаліся работы па добраўпарадкаванні горада. На сродкі насельніцтва, сабраныя па падпісцы, у 1873 г. у цэнтры горада быў разбіты гарадскі сад. На цэнтральных вуліцах устаноўлены некалькі газавых ліхтароў, «забрукавана каменнем базарная плошча за ракой Аршыцай і забрукаваны чатыры самыя нізкія топкія вуліцы». Цераз цэнтральную частку горада на працягу каля 4 км у 1878 г. быў таксама пракладзены брук, які злучыў горад з чыгуначнай станцыяй. Мерапрыемствы па добраўпарадкаванні рабіліся на сродкі насельніцтва. I толькі нязначная частка адпускалася з гарадскога бюджэту, які, дарэчы, быў вельмі невялікі. Значныя сродкі з яго паглыналіся адміністрацыйна-паліцэйскім апаратам.

Як і на ўсёй тэрыторыі тагачаснай Беларусі, прамысловасць горада пачала развівацца толькі ў 1870-х гадах. У 1871 г. праз Оршу прайшла Маскоўска-Брэсцкая чыгунка. 3 цягам часу Орша ператварылся ў буйны чыгуначны вузел.

У 1881 г. у Оршы было 20 фабрык і заводаў: 2 дражджавых, 3 гарбарных, 2 ільнотрапальных, 2 цагельных і 5 вапнавых заводаў. Прадпрыемствы былі невялікія: на іх працавала ўсяго 12 майстроў і 251 рабочы, а валавы даход складаў 62 211 руб.

Значнае месца ў эканоміцы горада займалі промыслы. У 1881 г. у Оршы налічвалася 460 рамеснікаў-саматужнікаў. Асноўную групу іх складалі краўцы, сталяры, шаўцы, цесляры.

Штогод 9 мая праводзіўся кірмаш, куды прывозіліся сельскагаспадарчыя і рамесныя вырабы. У 1880 г. гандлёвы абарот кірмашу складаў 10 тыс. руб.

Матэрыяльнае становішча працоўных горада заставалася вельмі цяжкім. Рабочы дзень працягваўся 12-14 гадзін. Умовы працы былі неспрыяльныя. Заводы і майстэрні туліліся ў сырых неапальваемых памяшканнях. Ніякай тэхнікі бяспекі не існавала. За сваю знясільваючую працу рабочыя атрымлівалі капейкі. Па даных таго часу, месячны заработак кваліфікаванага рабочага не перавышаў 7-8 руб.

Па сацыяльным становішчы насельніцтва Оршы ў канцы 18 — пач. 19 ст. размяркоўвалася наступным чынам: дваране — 8 чалавек (0,4 %), духавенства — 32 чалавекі (1,2 %), купцы — 181 чал. (9,3 %), «прочие» — 121 чал. (6,2 %), мяшчане — 1607 чал. (82,9 %). Звестак пра колькасць чыноўнікаў, сялян, вайскоўцаў, замежнікаў няма.

У 2-й палавіне 19 ст., пасля вядомых рэформ у дзяржаве і гаспадарцы, тэмпы развіцця горада паскараюцца, імкліва павялічваецца насельніцтва. Побач з Оршай узнікае аднайменная чыгуначная станцыя, якая хутка становіцца чыгуначным вузлом. Доўгі час станцыя і горад былі асобнымі населенымі пунктамі нават у адміністрацыйных адносінах і, зразумела, асобна праходзіла іх культурнае жыццё.

Зручнае становішча станцыі і блізкага ад яе горада прадвызначыла знаёмства аршанцаў з тэатральным мастацтвам. Гэтаму яшчэ спрыяла паяўленне ў раёне гарадскога парка драўлянага тэатральнага будынка, адлюстраванага на паштоўцы пачатку 20 ст. пад моднай тады назвай «Мадэрн». Сваёй прафесійнай трупы ў горадзе не было, але ўжо ў 1902 г. узнікае аматарскі тэатральны гурток. Ствараецца ён на станцыі Тумінскімі і Лаўрыновічамі, напэўна, работнікамі чыгункі, а кіруе ім настаўніца К. Сцяпанава.

Вялікае культурнае значэнне мела адкрыццё ў 1890-х гадах 2 аршанскіх друкарняў — Падземскага і Іёсялевіча, якія распачалі выданне кніг рознага характару і зместу гістарычных, рэлігійных, гаспадарчых і нават мастацкіх.

Плёнам грамадскіх намаганняў стала стварэнне першай гарадской бібліятэкі. Сродкі на яе збіраліся па падпісцы. Ля вытоку гэтай ініцыятывы стаяў чыноўнік гарадской управы, а потым гарадскі галава Іван Андрэевіч Стратановіч. Бібліятэка адкрылася 6 чэрвеня 1899 г., да 100-годдзя з дня нараджэння вялікага рускага паэта А. С. Пушкіна і была названа яго імем. Фонд бібліятэкі налічваў тады 3-4 тыс. тамоў, у ёй працаваў адзін бібліятэкар, колькасць чытачоў не перавышала 150 чалавек, карыстанне кнігамі было платнае.

Да таго моманту існавалі таксама 3 бібліятэкі-чытальні пры навучальных установах. А ў «Отчете могилевского попечительства о народной трезвости за 1899 год» (Магілёў, 1900) прыгадваюцца кніжныя сховішчы для народа ў Аршанскім павеце.

Прыкладна ў той жа час свае кніжныя зборы ствараюць узнікаючыя палітычныя арганізацыі. У красавіку — верасні 1900 г. у Оршы існаваў сацыял-дэмакратычны гурток, які меў бібліятэку нелегальнай літаратуры, а Аршанская рабочая арганізацыя (1889—1900 гг.) мела падпісную бібліятэку з прыкладна 80 выданняў РСДРП, Бунда, беластоцкай «Групы рабочых рэвалюцыянераў» і інш. Адзначаецца існаванне ў Оршы прыватных бібліятэк Кагана, Шулькоўскага, Брайніна, Зархі, кнігарань Левіна, Вольфіна, Азаліна, Рыўкін.

Гл.таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кудзін А. З гісторыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Аршанскага раёна / А. Кудзін // Памяць. Орша і Аршанскі раён: гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 1999. — Кн. 1. — С. 25—27.
  • Левко О. Средневековая Орша и ее округа: историко-археологический очерк / О. Левко. — Орша, 1993. — 52 с.