Гісторыя Перу

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Гісторыя Перу складаецца з двух этапаў культурнага развіцця: першы звязаны з плямёнамі людзей, якія прыйшлі ў Анды прыкладна 11 000 гадоў таму і стварылі да XV стагоддзя адну з найбуйнейшых дзяржаў Зямлі, другі пачынаецца з прыбыццём у Паўднёвую Амерыку еўрапейцаў, якія скарылі старажытную імперыю, і працягваецца да цяперашняга часу.

Раннія цывілізацыі[правіць | правіць зыходнік]

Старажытны горад Мачу-Пікчу

Гісторыкі лічаць, што першыя людзі з'явіліся ў Перу каля XV стагоддзя да н.э., гэта былі вандроўныя паляўнічыя-збіральнікі, якія жылі ў пячорах. Наступныя стагоддзі да нашай эры перуанскую зямлю засялялі народы, якія стварылі магутныя цывілізацыі і пабудавалі помнікі архітэктуры, якія захаваліся да нашых дзён.

Найбольш развітымі культурамі на тэрыторыі цяперашняга Перу былі: культуры Чавін у раене Кальехон-дэ-Уайлас, росквіт прыпадае на 800-300 гады да н.э. Наска і Паракас у паўднёвай частцы перуанскага ўзбярэжжа (каля 200-500 н. э.); Мачыка і Чыму на поўначы (каля 300-1400 н.э.), Тыаўанака на берагах возера Тытыкака (росквіт адносіцца да XI стагоддзя). У XII стагоддзі н.э. племя інкаў пасялілася ў раёне Куска.

На працягу наступных стагоддзяў інкі паслядоўна заваёўвалі суседнія плямёны, і да XV стагоддзя валодалі землямі ад сучаснай паўднёвай Калумбіі да цэнтральнага Чылі, якія складалі імперыю Таўанцінсую, што ў перакладзе азначае «чатыры злучаныя паміж сабой бакі свету». Такая назва звязана з тым, што краіна дзялілася на чатыры правінцыі: Кунцінсую (кечуа: Kunti Suyu), Кальясую (кечуа: Qulla Suyu), Антысую (кечуа: Anti Suyu) і Чычасую (кечуа: Chinchay suyu). Акрамя таго, з Куска (кечуа: Qusqu) у чатыры бакі выходзілі чатыры дарогі, і кожная з іх называлася па назве той часткі імперыі, у якую яна вяла.

Іспанскае заваяванне[правіць | правіць зыходнік]

Франсіска Пісара

У 1532 годзе іспанец Франсіска Пісара разам са сваім атрадам высадзіўся на тэрыторыі Перу. Імперыя была аслаблена скончанай вайной паміж прэтэндэнтамі на трон інкаў: Уаскарам і Атаўальпай. З-за ўнутраных міжусобіц інкі былі паслабленыя і не змаглі абараніць вялікую частку сваёй імперыі. Таксама народ Перу адчуваў страх перад іспанскімі гарматамі, бо да гэтага людзі не сустракаліся з якой-небудзь агнястрэльнай зброяй.

Іспанцы прызначылі перамовы Атаўальпе у Кахамарцы. 16 лістапада 1532 года Атаўальпа прыбыў у названае месца, але быў узяты ў палон, а ўся яго світа была забітая. За сваю свабоду Атаўальпа заплаціў велізарны выкуп, але ўсё ж быў забіты іспанцамі ў жніўні 1533 года. Іспанскія воіны разбурылі большасць арашальных збудаванняў і дарог, якія злучалі імперыю. Гэты факт значна прыслабіў інкаў. У лістападзе 1533 года Куска здаўся, практычна не аказваючы супраціву. Пісаро заснаваў горад Ліму ў 1535 годзе і абвясціў яго «горадам каралёў». У 1543 годзе Перу абвясцілі віцэ-каралеўствам. У 1543 годзе Ліма стала цэнтрам іспанскага валадарства ў Паўднёвай Амерыцы.

Іспанцы занеслі ў Перу мноства інфекцый, таму індзейскае насельніцтва рэзка зменшылася. Пасля ўдалай перамогі іспанцы пачалі паміж сабой вайну за падзел маёмасці і здабычы. У выніку Франсіска Пісара і яго набліжаныя былі забітыя. Члены кіруючай дынастыі інкаў схаваліся ў гарах, дзе на працягу сарака гадоў вялі ўпартую барацьбу з іспанцамі. У 1572 годзе апошні кіраўнік інкаў Тупак Амару быў абезгалоўлены.

Індзейцаў жорстка эксплуатавалі, але нягледзячы на гэта першае паўстанне адбылося толькі ў 1780 годзе пад правадырствам інка, які прыняў імя Тупак Амару II. Паўстанне доўжылася да 1783 года і было задушана іспанцамі, а Тупака Амару і тысячы яго паплечнікаў жорстка катавалі і неўзабаве пакаралі смерцю.

Незалежнасць[правіць | правіць зыходнік]

Рамон Касцілья
Хасэ дэ Сан-Марцін абвяшчае незалежнасць Перу

У Перу была вялікая колькасць раялістаў. Гэтая краіна пазней за ўсіх лацінаамерыканскіх краін дабілася незалежнасці c дапамогай войскаў, на чале з генералам Хасэ дэ Сан-Марцін, які ўвайшоў у гісторыю як вызваліцель Аргенціны, Чылі і Перу. Паўстанні індзейцаў і крэолаў у 18081815 гадах жорстка падаўляліся раялістамі.

28 ліпеня 1821 года генерал Сан-Марцін абвясціў незалежнасць Перу, высадзіўшыся ў Паўднёвай Амерыцы ў верасні 1820 года і захапіўшы Ліму ў 1821 годзе.

У ліпені 1822 года ў Гуаякіле адбыліся перамовы паміж Баліварам і Сан-Марцінам. Камандаванне было перададзена Балівару. 9 снежня 1824 года армія Балівара пад камандаваннем генерала Антоніа Хасэ дэ Сукрэ разграміла рэшткі іспанскіх войскаў у бітве пры Аякуча, тым самым спыніўшы іспанскае праўленне ў Паўдневай Амерыцы.

У 1822 годзе былі прыняты асноўныя палажэнні канстытуцыі. У краіне ўводзіўся цэнтралізаваны ўрад, абвяшчаўся інстытут прэзідэнцтва і аднапалатны заканадаўчы орган. Канстытуцыя мноства разоў падвяргалася зменам, часовыя ўрады і прэзідэнты доўга не затрымліваліся на пасадзе. У 1835—1839 гг. была ўтворана канфедэрацыя з Балівіяй.

Падчас двух перыядаў прэзідэнцкага праўлення Рамона Касцільі ў Перу былі перыяды адноснага спакою і прымірэння (1845—1851 і 1854—1862 гады). Касцілья праводзіў важныя рэформы: адмяніў прывілеі духавенства, вызваліў рабоў-афрыканцаў, адмяніў падушную павіннасць індзейцаў і заахвочваў іміграцыю, уключаючы перасяленні з Кітая. Развіваліся распрацоўкі пакладаў гуана і салетры, з'явілася тэлеграфнае паведамленне і было пачата будаўніцтва адной з першых у Паўдневай Амерыцы чыгунак.

У 1855 годзе ўпершыню прамым галасаваннем быў сабраны Устаноўчы сход, які ў большасці складаўся з лібералаў. У 1856 годзе пасля доўгіх абмеркаванняў была абвешчана новая канстытуцыя. Касцілья прысягнуў новай канстытуцыі, але ў той жа час лічыў, што яна абмяжоўвае паўнамоцтвы прэзідэнта. Канстытуцыя была змененая ў 1860 годзе і дзейнічала да 1920 года.

Войны[правіць | правіць зыходнік]

Пасля сыходу Касцільі ў краіне запанавалі грамадскія беспарадкі, карупцыя і рост дзяржаўнай запазычанасці, якія падоўжыліся 10 гадоў. У другой палове 19 ст. Перу было ўцягнута ў дзве вайны. 1-я Ціхаакіянская вайна 1864-1866 гг. пачалася, калі Іспанія паспрабавала вярнуць ўладу ў Перу, якая на той момант не магла выканаць свае фінансавыя абавязацельствы. У 1879 г. быў падпісаны мірны дагавор, пасля таго, як аб'яднаныя сілы Перу, Чылі, Эквадора і Балівіі атрымалі перамогу над іспанцамі ў шэрагу марскіх бітваў. Іспанія нарэшце прызнала незалежнасць Перу. У 1872 г. прэзідэнтам быў абраны Мануэль Парда, які скараціў прысутнасць вайскоўцаў ва ўрадзе, разгарнуў грамадскія працы, спрыяў уздыму адукацыі і спрабаваў стымуляваць эканоміку. Аднак пасля таго, як у Германіі адкрылі штучныя ўгнаенні, яны склалі даволі сур'езную канкурэнцыю перуанскаму гуана, гандаль якім быў адным з найважнейшых даходаў краіны. Гэтыя падзеі прывялі да пагаршэння эканамічнага становішча ў краіне. У 1879 г., пасля трохгадовага праўлення прэзідэнта Марыяна Ігнасіа Прада, краіна апынулася на мяжы банкруцтва. Неўзабаве паміж Чылі і Балівіяй адбыўся канфлікт за радовішча салетры ў Атакаме. Перу аказалася на баку Балівіі, бо з 1873 г. краіны былі звязаны сакрэтным ваенным дагаворам. Аднак Чылі разграміла праціўнікаў і войскі занялі Ліму. у 1884 г. быў падпісаны мірны дагавор, на аснове якога да Чылі назаўсёды адышла перуанская правінцыя Тарапака з багатымі адкладамі салетры і на дзесяць гадоў — правінцыі Такная і Арыка з наступным рашэннем іх лёсу шляхам плебісцыту. Спрэчка аб іх прыналежнасці скончыўся толькі ў 1929 г., пасля таго, як правінцыя Такная была вернутая Перу, а Арыка засталася за Чылі.

Праўленне Аўгуста Легіі[правіць | правіць зыходнік]

Важны этап у гісторыі Перу супаў з адкрыццём Панамскага канала (1914 г.) і пераменамі ў свеце, у сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны. Аўгуста Легіі-і-Сальседа стаў найбольш значнай фігурай у гісторыі Перу 20 ст. Ён быў прэзідэнтам краіны з 1908-1912 гг. і з 1919-1930 гг. Перуанскія студэнты пачалі палітычную актыўнасць у сувязі з напружанай абстаноўкай у краіне, у сувязі з ходам Першай сусветнай вайны, рэвалюцыямі ў Мексіцы і Расіі. У Мексіцы перуанскія эмігранты стварылі Амерыканскі народна-рэвалюцыйны альянс (АПРА) — магутны рэфармісцкі рух, асноўную ролю ў якім адыгрывала студэнцтва. Яны выступалі супраць дыктатарскага рэжыму Легіі. У гэтай барацьбе усё большы ўдзел прымалі індзейцы і метысы. Легія займаў пасаду прэзідэнта да 1930 г., калі ў сувязі з пачаткам сусветнага крызісу не вычарпаўся прыток замежных інвестыцый. Ён быў зняты са сваёй пасады і заключаны ў турму пасля ваеннага перавароту пад кіраўніцтвам палкоўніка Луіса Санчэса Сэра, які заставаўся ва ўладзе да 1933 г.

Пад'ём рэфармісцкага руху[правіць | правіць зыходнік]

У 1931 г. на выбарах прэзідэнта перамог лідар АПРА В. Р. Ая дэ ла Торэ, але Санчэс Сэра адмовіўся прызнаваць гэты факт, гэта прывяло да страйкаў, масавых беспарадкаў і вулічных сутыкненняў. У 1932 г. Санчэс Сэра паспрабаваў адваяваць у Калумбіі гарадок Летысія, які адышоў ад Перу па дамове 1927 г Санчэс зрабіў такі крок наўмысна, спрабуючы дамагчыся народнай падтрымкі свайго рэжыму. Але 30 красавіка 1933 г. Санчэс Сэра быў забіты. Тэрытарыяльны спрэчка закончылася ў 1934 г. на перамовах. Пасярэднікам была Бразілія, у выніку Летысія засталася за Калумбіяй. Генерал Оскар Бенавидес стаў наступным прэзідэнтам Перу. Ен карыстаўся такімі ж дыктатарскімі метадамі, што і яго папярэднікі. У 1936 г. на прэзідэнцкіх выбарах перамаглі апрытысты, але Бенавідэс адмовіўся прызнаваць вынікі выбараў і працягваў кіраваць краінай. У 1939 г. дзякуючы падтрымцы Бенавідэса наступным прэзідэнтам Перу стаў Мануэль Прада-і-Угартэчэ. Краіна не прымала ўдзелу ў Другой сусветнай вайне, але пастаўляла прамысловую сыравіну ў ЗША. 12 лютага 1945 г., напярэдадні перамогі саюзнікаў, прэзідэнт Прада абвясціў вайну Германіі.

Перуанскай апрыстскай партыі забаранілі вылучаць уласнага кандыдата, але яна аб'ядналася з іншымі ліберальнымі партыямі ў Нацыянальна-дэмакратычны фронт, і на выбарах атрымаў перамогу кандыдат Фронту, вядомы юрыст Хасэ Луіс Бустамантэ Рывэра. Большасць месцаў у абедзвюх палатах Кангрэса былі занятыя кандыдатамі Фронту. Бустамантэ адмяніў цэнзуру, аднавіў грамадзянскія правы, вызваліў палітычных зняволеных, прыняў меры па паляпшэнні адукацыі, развіццю прамысловасці, падняў узровень мінімальнай заработнай платы. Кангрэс, які складаўся ў большасці з прыхільнікаў партыі АПРА, пачаў ажыццяўляць доўгатэрміновыя планы эканамічнага развіцця, рэарганізацыі палітычнай сістэмы, а таксама ажыццяўляць будаўніцтва тунэляў для падачы вады з прытокаў Амазонкі для арашэння засушлівых прыбярэжных раенаў.

Вяртанне правых[правіць | правіць зыходнік]

Пасля атрымання паўнамоцтваў урад Бустамантэ вымушаны быў ажыццяўляць сваю дзейнасць у рэжыме надзвычайных паўнамоцтваў з-за шэрагу цяжкасцяў. У кастрычніку 1948 г. Бустамантэ быў скінуты ў выніку ваеннага перавароту. Генерал Мануэль Апалінарыа Адрыя стаў часовым прэзідэнтам. Ен пачаў барацьбу з апрыстамі, усталяваў рэжым ваеннай дыктатуры і быў абраны прэзідэнтам у 1950. Адрыя ўвёў праграму грамадскіх работ, жорсткую цэнзуру, забараніў дзейнасць апазіцыйных партый і распусціў прафсаюзы. У 1956 г. у краіне правялі свабодныя выбары з-за шматлікіх пратэстаў.

Дэмакратычнае кіраванне[правіць | правіць зыходнік]

У 1956 г. на выбарах прэзідэнта зноў перамог М. Прада пры падтрымцы апрыстаў. Неўзабаве іх лідар Ая дэ ла Торэ пасля шасці гадоў выгнання вярнуўся на радзіму. Прафсаюзы былі адноўлены, праграма правядзення грамадскіх работ пашырана. Але павелічэнне ўрадавых выдаткаў, рост цэн прывялі да інфляцыі. У 1959 г. Педра Бельтрана быў прызначаны на пасаду прэм'ер-міністра і міністра фінансаў. На працягу трох гадоў ен стабілізаваў становішча ў эканоміцы. На выбарах 1962 ніхто з прэтэндэнтаў не набраў неабходнай колькасці галасоў, таму, паводле канстытуцыі, члены абранага Кангрэса павінны былі абраць прэзідэнта. Каб не дапусціць Айю дэ ла Торэ на пасаду віцэ-прэзідэнта, а Адрыю на пасаду прэзідэнта, вайскоўцы, якія падтрымлівалі кандыдатуру Фернанда Белаундэ Тэры, 18 ліпеня 1962 г. здзейснілі дзяржаўны пераварот. Спроба групы левых перуанцаў (якія ў асноўным атрымалі адукацыю на Кубе) вясной 1963 года ўварвацца ў Перу з тэрыторыі суседняй Балівіі пры падтрымцы балівійскіх камуністаў скончылася няўдачай: радыкалы былі разбітыя на мяжы[1]. Каб не сапсаваць аўтарытэт Перу сярод іншых краін, хунта абяцала правесці новыя выбары, якія адбыліся 19 ліпеня 1963 г. На выбарах перамог Белаундэ, набраўшы 39 % галасоў. Яго падтрымалі партыя «Народнае дзеянне», хрысціянскія дэмакраты і камуністы. Канстытуцыйнае кіраванне было адноўлена і Белаундэ разам са сваімі паплечнікамі пачаў праводзіць новыя рэформы. Новыя дзяржаўныя праграмы прывялі да знясілення бюджэту і імклівай інфляцыі. З верасня 1967 г. па кастрычнік 1968 г. кабінет мяняўся 4 разы. Краіна знаходзілася ў крызісе. 3 кастрычніка 1968 г. прэзідэнт быў зрушаны вайскоўцамі, а краіну ўзначаліў генерал Хуан Франсіска Веласка Альварада. Падставай для перавароту служыў кантракт прэзідэнта Белаундэ і амерыканскай кампаніі «Інтэрнэшнал петролеум компані» (ІПК). Кантракт быў выгадны для амерыканскага боку, але многія ваенныя яго не падтрымалі.

Аднаўленне ваеннага праўлення[правіць | правіць зыходнік]

Неўзабаве ваенныя сілы, якія прыйшлі да ўлады, адмянілі кантракт з ІПК, з-за чаго адносіны Перу з ЗША пагоршыліся. Новы ўрад пачаў праводзіць аграрную рэформу і прадпрымаць радыкальныя меры, у выніку чаго ў 1975 г. адбыліся хвалі страйкаў і бурных выступаў. Ваеннае кіраўніцтва пакінула свой пост і пасаду прэзідэнта заняў генерал Франсіска Маралес Бермудэс, які меў намер працягнуць «рэвалюцыйны працэс» 1968 г. Але новы ўрад не справіўся з эканамічным крызісам, у выніку якога краіна набыла вялікі дзяржаўны доўг, інфляцыю і беспрацоўе.

Аднаўленне грамадзянскай праўлення[правіць | правіць зыходнік]

Алан Гарсія

Новую канстытуцыю прынялі ў 1979 г., а ў 1980 г. правялі выбары. Да ўлады зноў прыйшоў Фернанда Белаундэ Тэры, які прыняў кансерватыўную праграму. Прэзідэнт скасаваў многія рэформы Веласка Альварада, пачаў шэраг буйнамаштабных будаўнічых праектаў у зоне трапічных дажджавых лясоў.

Экстрэмісты руху «Сэндэра Луміноса» пачалі актыўныя партызанскія дзеянні ў гарах. З-за ціску ЗША, Перу скараціла плантацыі кокі ў краіне, які з'яўляўся галоўным прыбыткам індзейцаў.

Краіна знаходзілася ў перыядзе дэпрэсіі, і ўрад прыпыніў выплаты па замежным даўгам. Белаундэ пачаў губляць давер насельніцтва. У 1985 г. падчас прэзідэнцкіх выбараў партыя Белаундэ («Народнае дзеянне») атрымала ўсяго толькі 5 % галасоў. Новым прэзідэнтам стаў прадстаўнік АПРА Алан Гарсія. Ен спрабаваў спыніць эканамічны спад. Для гэтага прыйшлося скараціць імпарт і абмежаваць сумы, якія ўрад вылучаў для пагашэння дзяржаўнага доўгу. Нязначны поспех быў дасягнуты, але ў 1987 г. замежныя інвестыцыі ў Перу практычна перасталі паступаць у краіну, а інфляцыя зноў павялічылася. Для ліквідацыі апошняй праблемы Гарсія нацыяналізаваў прыватныя банкі і страхавыя кампаніі, але ў 1990 г. узровень інфляцыі дасягнуў 3000 % у год. У 1990 г. адбыліся прэзідэнцкія выбары, на якіх перамогу атрымаў Альберта Фухіморы. У 1992 г. ен распусціў Кангрэс, правеў хвалю арыштаў лідараў апазіцыі. У жніўні 1992 г. арыштавалі лідара руху «Сэндэра Луміноса» Абімаэль Гусмана.

У 1993 г. была выдадзена новая канстытуцыя, якая значна павялічвала паўнамоцтвы прэзідэнта. У 1995 г. Фухіморы зноў перамог на прэзідэнцкіх выбарах і захаваў свой пост на 5 гадоў. Яго эканамічная палітыка забяспечыла рост эканомікі Перу ў 1994 г. на 12 %. Альберта Фухіморы адрокся ўлады ў 2000 г. У 2001 г., перамогшы на выбарах, прэзідэнтам стаў Алехандра Таледа.

Прэзідэнт з ліпеня 2006, Алан Гарсія, кіраўнік левацэнтрысцкай Апрысцкай партыі.

5 чэрвеня 2011 г. новым прэзідэнтам абраны Альянта Умала, кіраўнік Перуанскай нацыяналістычнай партыі.

Фільмаграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • «Адкрываючы Перу» (англ.: Discovering Peru) — дакументальны фільм, зняты Фабіа Брексіа ў 2009 г.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Родригес Острия Г. Цикл партизанской борьбы в Боливии в 1963 −1970 гг.: преемственность и различия // Латиноамериканский исторический альманах. — 2012. — № 12. — С. 189

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]