Гісторыя Рэспублікі Конга

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Гісторыя Рэспублікі Конга — класічная гісторыя афрыканскай краіны на поўдзень ад Сахары. Першымі насельнікамі сучаснай зямлі Конга былі пігмеі, следам прыйшлі народы банту. Еўрапейцы адкрылі ўзбярэжжа ў 1482, і на працягу стагоддзяў краіна пакутвала ад вывазу рабоў. У 1880 П'ер дэ Браза, у гонар якога названа сённяшняя сталіца, дамовіўся з тубыльцамі аб французскім пратэктараце над Конга. У 1885 годзе ўся краіна стала падуладнай Францыі, а банту былі паступова ліквідаваны. У 1960 Конга стала незалежнай дзяржавай і ў 1960-х – 1980-х будавала сацыялізм. У 1991 у краіне была абвешчана шматпартыйная дэмакратыя.

Дакаланіяльная гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Узбярэжжа Конга з атласа Меркатара, 1595

Тубыльская[правіць | правіць зыходнік]

Першым насельніцтвам тэрыторыі Рэспублікі Конга былі плямёны пігмеяў. У сярэдзіне ІІ тысячагоддзя да нашай эры тут пасяліліся плямёны банту, якія неўзабаве асвоілі земляробства і рамёствы. Уверх па рацэ Конга банту ўсталявалі сувялі з плямёнамі глыбінных раёнаў цэнтральнай Афрыкі. З супольнасці банту вылучылася этнічная група баконга, што з тае пары была асновай кангалезскага грамадства. Ад часу зараджэння дзяржаўнасці на тэрыторыі краіны існавалі каралеўствы Конга, Лаонга, Нгоё, Тэке і інш..

Еўрапейская[правіць | правіць зыходнік]

Першыя еўрапейцы — партугальскія мараплаўцы пад кіраўніцтвам Дыёгу Кау — з'явіліся ў 1482 годзе, пазней тэрыторыя Рэспублікі Конга стала адным з галоўных пастаўшчыкоў рабоў, а вусце ракі Конга — адным з важнейшых рабагандлёвых хабаў.

Каланіяльны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Паравоз на вакзале Бразавіля (1932)

У канцы ХІХ стагоддзя пачалася прамая каланізацыя. У 1880 годзе французскі каланіяльны актывіст П'ер дэ Браза прапанаваў правадыру народнасці батэке дагавор аб французскім пратэктараце, заснаваў умацаваны пост Нкуна (цяпер горад Бразавіль).

Берлінская канферэнцыя 1884-85 гадоў вызначыла межы французскіх уладанняў у басейне ракі Конга, у якіх і была створана калонія Французскае Конга (у 1903 годзе перайменавана ў Сярэдняе Конга). З 1908 года ў складзе федэрацыі Французская Экватарыяльная Афрыка разам з Габонам, Чадам і Убангі-Шары (будучай ЦАР). Горад Бразавіль быў Федэральнай сталіцай.

Генерал дэ Голь адкрывае Бразавільскую канферэнцыю

Каланіяльная эканоміка будавалася на эксплуатацыі прыродных рэсурсаў. Конга можа падзякаваць французам за стварэнне інфраструктуры, але і будаўніцтва дарог дорага абышлося краіне: так на будоўлі чыгункі "Конга-Акіян" у 1920-х загінула не менш за 14 000 чалавек.[1] У жніўні 1940 года Конга адна з першых калоній падтрымала рух «Свабодная Францыя», а Бразавіль стаў сімвалічнай сталіцай Свабоднай Францыі. У 1944 на Бразавільскай канферэнцыі Францыя абвясціла намер перагледзець сваю каланіяльную палітыку. З 1946 года Конга — заморская тэрыторыя Францыі з правам мець мясцовае заканадаўства, з 28 лістапада 1958 года — аўтаномная рэспубліка ў складзе Французскай супольнасці, у 1959 была прынята першая Канстытуцыя.

Незалежнае Конга[правіць | правіць зыходнік]

На шляху да сацыялізму[правіць | правіць зыходнік]

Марыян Нгуабі ў 1969 абвяшчае Конга першай афрыканскай марксісцка-ленінскай дзяржавай

Першым прэзідэнтам рэспублікі ў снежні 1959 года выбраны кіраўнік Дэмакратычнага саюза абароны афрыканскіх інтарэсаў Фюльбер Юлу, які абапіраўся на народ баконга. 15 жніўня 1960 года абвешчана незалежнасць. Карупцыя, цяжкае эканамічнае становішча сталі прычынай масавых пратэстаў у 1963 годзе, пад націскам якіх Юлу падаў у адстаўку. Прэзідэнтам стаў Альфонс Масамба-Дэба, пад кіраўніцтвам якога быў створаны Нацыянальны Рэвалюцыйны рух (НРР з 1964 года адзіная легальная партыя краіны). У 1966 годзе абвешчаны курс на пабудову сацыялістычнага грамадства. Намаганні Масамба-Дэба ўсталяваць рэжым асабістай улады прывялі да выступлення арміі ў ліпені-жніўні 1968 года, у выніку чаго ўлада перайшла да Нацыянальнага савета рэвалюцыі на чале з Марыянам Нгуабі (з 1969 года прэзідэнт). У снежні 1969 года адбыўся 1-ы з'езд Кангалезскай партыі працы (КПП, пераемніца НРР), а краіна перайменавана ў Народную Рэспубліку Конга. Усталяваны цесныя сувязі з СССР і іншымі сацыялістычнымі краінамі. Пасля забойства Нгуабі ў 1977 годзе прыпынена дзейнасць канстытуцыі, створаны ваенны камітэт КПП на чале з Жаакімам Іомбі-Апанга.

Сучасны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

У красавіку 1979 года прынятая новая канстытуцыя, прэзідэнтам выбраны Дэні Сасу-Нгесо, які захаваў сувязі з сацыялістычнымі краінамі і палепшыў адносіны з краінамі Захаду, што паспрыяла хуткаму эканамічнаму росту. З сярэдзіны 1980-х гадоў эканамічныя цяжкасці паглыбіліся. Пачалася паступовая ліберызацыя ўнутранай палітыкі. У 1990 годзе КПП адышла ад марксісцкай ідэалогіі і прыняла сацыял-дэмакратычную праграму, у студзені 1991 годзе ўведзена шматпартыйнасць. На першых шматпартыйных выбарах у Нацыянальную Асамблею ў маі 1992 года перамог Панафрыканскі саюз за сацыялістычную дэмакратыю, кіраўнік якога Паскаль Лісуба ў жніўні 1992 года выбраны прэзідэнтам Рэспублікі Конга. Адначасова Сасу-Нгесо захаваў узброеныя атрады, спроба раззброіць якія прывяла да грамадзянскай вайны ў маі-жніўні 1997 года. Пры падтрымцы Анголы прэзідэнтам зноў стаў Сасу-Нгесо. У 2002 годзе Нгесо перамог на першых пасля грамадзянскай вайны прэзідэнцкіх выбарах, у 2009 — на другіх, у 2016 — пасля рэферэндума 2015 года аб зняцці абмежавання колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў і замацавання гэтага рашэння ў новай Канстытуцыі — на трэціх. Падаўляючы пратэсты пасля рэферэндума, Сасу-Нгесо справакаваў узброены канфлікт дэпартаменце Пул, у выніку якога 80 000 чалавек былі вымушаны пакінуць свае дамы.[2]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]