Гісторыя Чарнагорыі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Руіны антычнай Дуклі

У старажытныя часы тэрыторыя сучаснай Чарнагорыі была заселена ілірыйскімі плямёнамі, у Рымскую эпоху ўваходзіла ў склад правінцый Панонія і Далмацыя. У VII стагоддзі сюды прыйшлі славяне, а ў ХІ паўстала першае незалежнае (ад Візантыі) княства Дукля. З ХV па ХVII стагоддзі цягнулася асманскае панаванне, зрэшты, падпарадкаваць краіну цалкам туркі так і не здолелі. У канцы ХVII стагоддзя Чарнагорыя стала першай дэ-факта незалежнай славянскай дзяржавай на Балканах. Пасля Першай сусветнай вайны увайшла ў склад Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў, з 1929 па 2006 (акрамя перыяду фашысцкай акупацыі) была часткай Югаславіі. У 1992–2006 засталася адным з двух складнікаў спачатку Югаславіі, у 2003–06 — Сербіі і Чарнагорыі (т.зв. "Малая Югаславія"). У 2006 адной з апошніх у свеце атрымала незалежнасць.

Старажытнасць[правіць | правіць зыходнік]

У бронзавым веку на берагах Скадарскага возера жылі ілірыйцы. У VII–VI cт. да н.э. на ардыятычным узбярэжжы былі заснаваны значныя грэчаскія калоніі. У ІV ст. да н.э. на чарнагорскую зямлю прыйшлі кельцкія плямёны. У ІІІ ст. да. н.э. узнікла ілірыйскае каралеўства са сталіцай у Шкодэры (цяпер гэта Албанія). Рымскія легіянеры ўпершыню з'явіліся тут, пераследуючы піратаў, аднак на тым не спыніліся і ў ІІ ст. да н.э. падпарадкавалі Ілірыю. Горны, бедны на карысныя выкапні край не надта цікавіў заваёўнікаў, таму мясцовыя жыхары пазбеглі раманізацыі. Лінія падзелу Рымскай імперыі на усходнюю і заходнюю часткі (395) пралегла акурат на захад ад Скадарскага возера, забяспечыўшы Чарнагорыі неспакойную будучыню на цывілізацыйным разломе. У перыяды слабой Візантыйскай імперыі чарнагорскія землі неаднойчы цярпелі ад уварванняў качэўнікаў: готаў у V ст, авараў у VI cт.

Славянскія княствы[правіць | правіць зыходнік]

Княства Дукля ў перыяд найвышэйшай магутнасці (каля 1090)

У VI cт. на адрыятычныя берагі прыйшлі славяне і ўжо ў наступным сталі дамінуючай этнічнай групай. У IX ст. на тэрыторыі Чарнагорыі было тры славянскіх княствы: Дукля ў паўднёвай частцы, Травунія на захадзе і Рашка на поўначы. У 1042 г. архонт Стэфан Воіслаў узначаліў паўстанне, якое прывяло да незалежнасці Дуклі ад Візантыі і ўсталявання дынастыі Ваіслаўлевічаў. Дукля дасягнула свайго росківту пры сыне Воіслава Міхайле (10461081) і яго ўнуку Канстанціне Бодзіне (10811101). У XII ст. Дукля была ўключана ў склад Рашкі ў якасці правінцыі пад назвай Зэта. У канцы XIV ст. паўднёвая частка Чарнагорыі (Зэта) патрапіла ад уладу высакароднай сям’і Балшычаў, а пазней Чарноевічаў, і, пачынаючы з XV ст., усё часцей згадвалася як «Црна Гора» («Чорная гара»).

Новы час[правіць | правіць зыходнік]

Бітва ў Вучым Доле, 18 ліпеня 1876. Бліскучая перамога чарнагорцаў над туркамі прадвызначыла вынік усёй вайны 1876–1878

З 1496 па 1878 гг. вялікія часткі краіны (у асноўным гэта горны рэгіён Брда) неаднаразова траплялі пад уладу Асманскай імперыі. Некаторыя тэрыторыі некаторы час знаходзіліся пад кантролем Венецыі, Першай Французскай імперыі, Аўстрыйскай імперыі і Аўстра-Венгрыі. Аднак Чарнагорыя ніколі не губляла самастойнасці цалкам. Краіна ўяўляла сабой унікальную для Балкан форму аўтаноміі ад Стамбула, якой з 1515 года кіравалі мітрапаліты-уладыкі. У 1697 Чарнагорыя атрымала фаткычную незалежнасць, прызнаную еўрапейскімі дзяржавамі толькі праз два стагоддзі — пасля Чарнагорска-Атаманскай вайны 1876–1878 на Берлінскім кангрэсе 1878 г.. У 1852 мітрапаліт-уладыка Даніла Петравіч з дынастыя Петравічаў-Негашаў стаў князем, а Чарнагорыя — свецкай дзяржавай. у 1905 княства змяніла статус на каралеўства. Да ХХ стагоддзя незалежная Чарнагорыя павялічылася ў памерах у некалькі разоў, паступова далучыўшы да сваёй тэрыторыі часткі Старой Герцагавіны, Метохіі і Рашкі. Улада дынастыі Петравічаў-Негашаў пратрывала да 1918 г.. Ваяўнічая маленькая дзяржава паўдзельнічала ў Першай Балканскай вайне і вельмі пакрыўдзілася, калі Шкодэр, узяцце якога каштавала чарнагорскаму войску 10 000 жыццяў, быў аддадены наваўтворанай Албаніі. У Першай сусветнай вайне Чарнагорыя рашуча выступіла на баку Антанты і чарнагорскія жаўнеры поплеч з сербскімі біліся супраць аўстра-венгерскіх армій, ды пацярпелі паразу. У 1916–1918 аўстрыйцы акупавалі краіну, а кароль Нікола І апынуўся выгнаннікам у Бардо.

Югаславія[правіць | правіць зыходнік]

Каралеўства Югаславія[правіць | правіць зыходнік]

З 1918 г. краіна стала часткай Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў, што ў 1929 пераадбылося ў Югаславію. У адміністрацйным плане з 1922 па 1929 Чарнагорыя, да якой былі далучаны горад Будва і вобласць Котарскага заліва, была ядром Цэцінскай вобласці; у 1929–1941 краіна была часткай Зэцкай банавіны, што гэтаксама мела сталіцу ў Цэтынэ і акрамя чарнагорскіх ўключала ў свой склад памежныя землі сучасных Харватыі, Босніі і Герцагавіны, Сербіі.

Другая Сусветная вайна[правіць | правіць зыходнік]

Трафейны югаслаўскі крэйсер «Далмацыя» ў Котарскай бухце, 1941

У 1941 разам з усёй Югаславіяй была акупавана фашысцкай Германіяй і яе саюзнікамі, ды аддадзена італьянцам, якія стварылі тут марыянетачную манархію. У ліпені 1941 пад кіраўніцтвам камуністычнай партыі югаслаўскія патрыёты ўзнялі паўстанне, у ходзе якога большая частка Чарнагорыі была вызвалена, а найбуйнейшыя гарады — узятыя ў аблогу. У жніўні паўстанне было задушана сіламі 67тысячнай італьянскай арміі, пераведзенай з Албаніі. У далейшым камуністычна настроеныя сілы працягнулі партызанскую барацьбу, манархісты (чэтнікі) ж пачалі супрацоўнічаць з акупацыйным рэжымам і змагацца супраць партызан. Самым драматычным эпізодам партызанскай вайны ў Югаславіі стала бітва на Нератве (люты–сакавік 1943), калі партызанскія сілы здолелі выйсці з акружэння ды разграміць чэтнікаў. Пасля капітуляцыі Італіі ў верасні 1943 партызаны хутка ўзялі пад кантроль усю Чарнагорыю, аднак краіну неўзабаве рэакупавалі нацысцкія войскі. Канчаткова Чарнагорыя была вызвалена партызанамі ў снежні 1944.

Сацыялістычная Федэратыўная Рэспубліка Югаславія[правіць | правіць зыходнік]

У 1945 Чарнагорыя стала адной з шасці рэспублік у складзе Сацыялістычнай Федэратыўный Рэспублікі Югаславіі, самай маленькай па плошчы і колькасці насельніцтва. Адміністрацыйным цэнтрам замест гістарычнай сталіцы Цэтыне быў абраны горад Падгорыца, які ў 1946–1992 насіў назву Цітаград — у гонар Іосіпа Броза Ціта. За сацыялістычным часам разбураная вайной інфраструктура была адноўлена, раслі гарады, развівалася прамысловасць; быў адкрыты Чарнагорскі ўніверсітэт. Канстытуцыя 1974 пашырыла аўтаномію краіны ў складзе Югаславіі.

Сербія і Чарнагорыя[правіць | правіць зыходнік]

Малая Югаславія (1992–2006)

У 1992, калі Югаславія распалася, Чарнагорыя — як моўна і рэлігійна найбольш блізкая краіна — згодна з рашэннем рэферэндума (праўда, байкатаванага мусульманскімі, каталіцкімі меншасцямі і пранезалежніцкімі сіламі) засталася ў канфедэратыўным саюзе з Сербіяй пад старой назвай (неафіцыйна "Малая Югаславія"). Чарнагорскія войскі падчас Баснійскай і Харвацкай вайны 1991–95 дапамагалі сербскай арміі штурмаваць Дуброўнік, пасля некаторыя кіраўнікі, напрыклад, генерал Паўле Стругар быў асуджаны за бамбаванне горада.[1] Чарнагорыю закранулі НАТАўскія бамбардзіроўкі 1999, але, у адрозненні ад Сербіі, не вельмі балюча. Пачынаючы з 1996 Падгорыца ўсё далей аддалялася ад Белграда палітычна і эканамічна, нават адмовілася ад дынара і перайшла на нямецкую марку, а затым на еўра. У 2003, паводле Белградскай згоды, саюзная дзяржава атрымала назву Сербія і Чарнагорыя, а Чарнагорыя — большую аўтаномію і права правесці рэферэндум аб незалежнасці праз тры гады.

Незалежнасць[правіць | правіць зыходнік]

У "планавым" дзяржаўным рэферэндуме 21 мая 2006 г. удзельнічала 86 % насельніцтва краіны; 55,5 % выказаліся за незалежнасць, што ўсяго на 2300 галасоў перавысіла парог у 55 %, усталяваны Еўрапейскім саюзам.[2] 3 чэрвеня 2006 Чарнагорыя абвясціла пра незалежнасць, якая была прызнана Сербіяй, Еўрапейскім саюзам, усімі сталымі ўдзельнікамі Савета Бяспекі ААН. Чарнагорыя вядзе перамовы аб уступленні ў Еўрапейскі саюз, з 2010 з'яўляючыся кандыдатам на ўваходжанне, прыблізны тэрмін пачатку сяброўства — 2025 год. У 2017 фармальна стала членам НАТА.

У 2015 незалежная журналісцкая арганізацыя OCCRP назвала шматгадовага палітычнага лідара Чарнагорыі Міла Дуканавіча "Чалавекам года ў свеце арганізаванай злачыннасці і карупцыі".[3] 16 лютага 2019 г. прайшлі акцыі пратэсту супраць Джуканавіча (цяпер ужо прэзідэнта!), яго партыі і ўрада, на тле ўсё тых жа карупцыйных абвінавачванняў, у якіх прынялі ўдзел некалькі тысяч чалавек.

  1. https://www.croatiatraveller.com/southern_dalmatia/Dubrovnik/bombing.html
  2. http://news.bbc.co.uk/2/hi/europe/5007364.stm
  3. https://www.occrp.org/en/poy/2015/