Гісторыя беларускай мовы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Гісторыя беларускай мовы — працэс непарыўнага развіцця беларускай мовы са старажытнай праіндаеўрапейскай протамовы.

Беларуская мова з’яўляецца старажытнапісьменнай, гісторыя беларускага пісьменства налічвае не менш за 10 стагоддзяў. Мова беларускага народа склалася ў XIVXVI стагоддзях, калі землі сучаснай Беларусі ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага[1].

У познім XVII — пач. XIX ст. у Рэчы Паспалітай жывая старабеларуская гаворка захоўвалася толькі на беларускіх землях і ў простага народа, да пары — у драбнейшай шляхты. Сацыяльная верхавіна грамадства, выхаваная ў польскай культуры, лічыла беларускую мову наогул непрыдатнай для выкарыстання ў літаратуры[2]. Менавіта ў гэты перыяд беларусы зведалі асабліва моцны ўціск паланізацыі. Пасля паўстанняў 1830 і асабліва 1863 гадоў паланізацыя, якую праводзілі тагачасныя мясцовая буйная шляхта і каталіцкае духавенства, змянілася русіфікацыяй, якую праводзіў царскі ўрад.

Узоры жывой старабеларускай гаворкі траплялі ў літаратуру пераважна ў творах «школьнай драмы», з якіх толькі адзін[3] быў пры сваім з’яўленні надрукаваны (сатыра «Вітанне на першы выезд з Каралеўца…», 1642), рэшта засталася ў рукапісах. Гэтыя творы, а дакладней, іх фрагменты, і з’яўляюцца практычна адзінымі ўзорамі жывой беларускай мовы таго часу. Мова іх падобная на народную канца XIX — пач. XX ст., нямала паланізмаў. Запісаныя яны пераважна лацініцай, малая іх частка, што са Смаленскай зямлі — кірыліцай[2]. Апроч таго, некаторыя фанетычныя асаблівасці старабеларускай мовы захаваліся ў помніках пісьменства беларускіх татар канца XVI — пачатку XVII ст.[2], напрыклад, у кітабах.

Сучасны этап развіцця беларускай мовы ўмоўна адлічваецца ад пачатку XIX стагоддзя, калі былі зробленыя спробы стварэння літаратурнай мовы на аснове народных гаворак.

Старажытнаславянскі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Лічыцца, што пісьменнасць прыйшла на беларускія землі разам з хрысціянствам у канцы X стагоддзя. Да помнікаў царкоўнаславянскай мовы эпохі Кіеўскай Русі адносяцца перапісаныя са стараславянcкіх арыгіналаў евангеллі і псалтыры, а таксама арыгінальныя творы тыпу «Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Сказанне пра Барыса і Глеба», «Слова аб законе і боскай ласцы» мітрапаліта Іларыёна" і інш. Старажытнаруская літаратурная мова на народнай аснове адлюстравана ў такіх творах, як «Аповесць мінулых гадоў», «Павучанне Уладзіміра Манамаха», «Слова пра паход Ігаравы», «Руская праўда» і інш.

Першая старонка «Слова на ўзнясенне Гасподняе» Кірылы Тураўскага паводле спісу XIII ст.

Адзначаныя віды пісьменства існавалі і на заходнярускіх землях, дзе неўзабаве ўзнікла беларуская народнасць. Тут таксама перапісвалІся на царкоўнаславянскай мове евангеллі і псалтыры. 3 арыгінальных рэлігійных твораў асабліва вылучаюцца словы, казанні і павучанні выдатнага прамоўцы і публіцыста ХІІ ст. Кірылы Тураўскага. Да таго ж часу адносіцца і дзейнасць пісьменніка Аўрамія Смаленскага, які складаў асобныя зборнікі паводле твораў старажытных царкоўных прапаведнікаў. 3 агіяграфічнай літаратуры таго часу цяпер вядомы «Жыціе Ефрасінні Полацкай», створанае, відаць, у Полацку неўзабаве пасля яе смерці, і «Жыціе Аўраамія Смаленскага», напісанае яго вучнем Яфрэмам у Смаленску на пачатку XIII ст. На заходнярускіх землях побач з царкоўнаславянскай працягвала ўжывацца і старажытнаруская літаратурная мова. У XIIXIII ст. існавала мясцовае полацкае летапісанне.

Старабеларускі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Умоўна пачатак зараджэння асобнай беларускай мовы адносяць да канца XIII — пачатку XIV стагоддзя. Менавіта ў гэты час у граматах, дзелавой і асабістай перапісцы пачынаюць спарадычна адлюстроўвацца моўныя з’явы, адметная лексіка і фанетыка, якія пазней сталі характэрнымі для беларускай мовы.

Ужо ў XIII стагоддзі ў пісьмовых помніках на беларускіх землях пачынаюць спарадычна трапляцца асаблівасці, характэрныя для сучаснай беларускай мовы[4]. На працягу XIV—XVI ст. пачала складвацца беларуская народнасць з уласцівай ёй моваю, асноўныя асаблівасці якой захоўваюдца ў ёй да нашага часу.

Аднак старажытныя кніжнікі ў пісьменстве строга прытрымліваліся традыцыйных старажытнарускіх граматычных і лексічных норм, таму новыя моўныя рысы ў пісьмовых помніках на першых парах адлюстроўваліся толькі зрэдку ў выглядзе паасобных апісак. Адным з найстаражытнейшых пісьмовых помнікаў, які адлюстроўвае ўласна беларускія моўныя рысы, з’яўляецца Дагаворная грамата смаленскага князя Мсціслава Давыдавіча з Рыгаю і Гоцкім берагам (1229 год). У грамаце, сярод іншага, адлюстравана чаргаванне гукаў [в] і [ў] у прыназоўніку «въ»: «оу низъ» замест «въ низъ», «оу Ризѣ» замест «въ Ризѣ»[5].

У XIV стагоддзі, пры Альгердзе, старабеларуская мова стала афіцыйнай мовай справаводства ў Вялікім Княстве Літоўскім[6]. Прыкладна з сярэдзіны XV ст. пісьменства на тэрыторыі Беларусі насычаецца спецыфічна беларускімі асаблівасцямі ў такой меры, што пачынаючы з гэтага часу ёсць ужо ўсе падставы гаварыць пра старабеларускую літаратурную мову, якая сваімі арфаграфічнымі, граматычнымі і лексічнымі рысамі прыкметна адрознівалася ад старажытнарускай літаратурнай мовы, але цалкам не перарвала сувязей з ёй. У беларускім пісьменстве старажытнага перыяду старабеларуская пісьмовая мова мела назву «руский языкъ».

Першы аркуш Псалтыра, выдадзенага Францыскам Скарынам у Празе, 1517

Старабеларуская мова ВКЛ адлюстроўвала многія моўныя з’явы, характэрныя для гутарковай беларускай мовы, хоць да канца XV ст. яшчэ не адходзіла далёка ад традыцыйных канонаў, якія былі складзены дагэтуль, і была прадстаўлена пераважна юрыдычнымі дакументамі[7]. Блізкае месца да ёй займалі мясцовыя творы на царкоўнаславянскай мове[8]. Так, беларускія лінгвісты прыйшлі да высновы, што мова друкаваных перакладаў Бібліі Францыска Скарыны, зробленых ім у 1517—19 гадах, — гэта беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы, дзе маецца пэўны ўплыў гутарковай беларускай, чэшскай і польскай моў[9]. У той жа час, гэтая мова, безумоўна, была зразумела славянскамоўнаму насельніцтву ВКЛ, а друкаваныя кнігі Францыска Скарыны былі адрасаваны менавіта да яго. Яшчэ больш рыс гутарковай мовы беларусаў, на слоўнікавы запас якой плённа паўплывалі таксама латынь, нямецкая, польская і іншыя мовы, старабеларуская мова набыла з сярэдзіны XVI ст. (асабліва ў лексіцы, фразеалогіі і марфалогіі, часткова — у фанетыцы і сінтаксісе) у ходзе Рэфармацыі ў ВКЛ і шырокага размаху друкарскай справы (Васіль Цяпінскі, Сымон Будны і інш.)[10]. Пісьмовая «руская мова» ВКЛ у XIV—XVII стст. вылучалася шыратой грамадскіх функцый (мела статус дзяржаўнай мовы, на ёй былі напісаны Статуты ВКЛ), развітасцю стыляў (дамінаваў афіцыйна-дзелавы стыль[11], які найболей атрымаў рыс гутарковай беларускай мовы, у адрозненне ад царкоўнага стылю, і якім найболей карысталася свецкая шляхта[12]), значнай колькасцю друкаваных выданняў, а літаратура на ёй — развітасцю відаў і жанраў (у тым ліку, напісанне дзяржаўных летапісаў і хронік)[13][14].

Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588

Да нашага часу дайшло каля 600 кніг Літоўскай метрыкі — дзелавога архіва канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага, дакументы якога напісаны на старыжытнабеларускай літаратурнай мове. Зводы законаў Вялікага Княства Літоўскага (Судзебнік Казіміра Ягелончыка (1468), Статут ВКЛ у рэдакцыях 1529, 1566 і 1588) таксама напісаныя на старабеларускай мове і ўтрымліваюць вялікую колькасць адметнай беларускай лексікі.

У першай палове XVII ст. выходзіць вялікі слоўнік старабеларускай мовы Памвы Бірынды, а пазней Іван Ужэвіч стварае першую граматыку старабеларускай мовы.

З сярэдзіны XVII ст. у афіцыйным справаводстве, культурным і публічным жыцці гарадоў і вышэйшага саслоўя ВКЛ пачала дамінаваць літаратурная польская мова. У 1696 годзе быў аб’яўлен закон, паводле якога дзяржаўнаю моваю на беларускіх землях стала польская мова[6]. Старабеларуская мова паслядоўна выцясняецца з ўжытку ў справаводстве і культуры на карысць польскай мовы. У выніку, літаратурна-пісьмовая мова занепадае, развіваюцца толькі жывыя народныя гаворкі.

Сучасны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

XIX стагоддзе[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку ХІХ ст. пачалося станаўленне сучаснай беларускай мовы на аснове беларускіх народных дыялектаў і ва ўмовах адсутнасці сталай практыкі пісьма. Агульная арыентацыя на народнае жывое вымаўленне і ігнараванне здабытку старабеларускай літаратурнай традыцыі (этымалагічна-традыцыйнай) абумовілі развіццё мовы без аніякага кодэксу правілаў граматыкі і правапісу, і запатрабавалі выпрацоўвання зусім новых граматыка-арфаэпічных і арфаграфічных нормаў. Не спрыяла хуткаму арфаграфічнаму ўнармаванню і выкарыстанне пісьменнікамі, фалькларыстамі і інш. двух алфавітаў, лацінскага і кірылаўскага.

Ступень распаўсюджання беларускай мовы ў канцы XVIII ст. — 1-й пал. XIX ст. характарызавалася завяршэннем паланізацыі шляхты былога ВКЛ, сярод якой пад пачатак XIX ст. яшчэ бытавала беларуская мова, і канчатковым заняпадам беларускай мовы ў гарадах.

На распаўсюджанне і выкарыстанне беларускай мовы паўплываў і працяглы палітычны канфлікт паміж расійскімі ўладамі і польскім і паланізаваным дваранствам, у якім абодва бакі спрабавалі атрымаць сімпатыі беларускага сялянства, звяртаючыся да таго з агітацыйнай літаратурай, выдаванай па-беларуску.

Гл. таксама: паланізацыя, русіфікацыя, заходнерусізм

Спробы распрацоўкі граматыкі для беларускай мовы рабіліся яшчэ ў канцы ХVIII ст., пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Мяркуецца, што першая такая граматыка — «Граматыка літоўская», рукапіс якой пакуль не знойдзены, была распрацавана Станіславам Богушам-Сестранцэвічам, магілёўскім архіепіскапам[15]. Наступная спроба складання граматыкі беларускай мовы (на аснове кірыліцы) была зроблена Паўлам Шпілеўскім (1846), але рукапіс не быў дапушчаны да друку Расійскай Акадэміяй навук.

У 1835 у Вільні была выдана чытанка для дзяцей «Кароткі збор хрысціянскай навукі. Для сялян рымска-каталіцкай веры, якія гавораць польска-рускай мовай» (выдана польскай лацінкай па-беларуску, тытульная назва па-польску), у 1862 у Варшаве — «Лемантар для добрых дзетак-каталікоў».

У 1839 імператар Мікалай I забараніў ужываць «народную гаворку» ў каталіцкіх храмах; як вынік, тую цалкам замяніла польская[16].

У верасні 1859 расійскія ўлады забаранілі друк па-беларуску лацінскім алфавітам («польскім шрыфтам»)[17].

У рамках агульнага павароту расійскай палітыкі (Гл. таксама: русіфікацыя) друк па-беларуску быў забаронены цалкам (1867). З 1869 было дазволена друкаваць кірыліцай беларускія этнаграфічныя зборнікі.

Адным з першых даследчыкаў беларускай мовы быў Іван Аляксеевіч Нядзёшаў.

Згодна з этнаграфічнымі даследваннямі на Меншчыне ў 1886 годзе мяшчане называлі беларускую мову літоўскай.[18]

У 1897, пасля зносін расійскага ўрада з рымскай курыяй пісьмом кардынала Рампалы ад 8.5.1897[19] № 37522 на імя архіепіскапа Магілёўскага ад імя Папы Льва XIII было павядомлена, што ў тых месцах, дзе беларуская гаворка ўжываецца народам («ubi dialectus alborussica a populo adhibetur»), дазволена святарам ужываць гэту мову ў рэлігійным навучанні народу. Але духавенства не выкарыстала дазволу[20], аднак, некаторыя пазнейшыя каталіцкія выданні па-беларуску (выданні Пачобкі (1915), «Элементаж для добрых дзетак католікоў» (1906) і інш.) былі спробамі ажыццяўлення гэтай волі рымскага прастолу[21].

Пачатак XX стагоддзя[правіць | правіць зыходнік]

Падручнік граматыкі аўтарства Браніслава Тарашкевіча

Агульная нераспрацаванасць мовы ў пачатку ХХ ст. прывяла да недахопу слоў і выразаў для абазначэння невядомых беларусам-сялянам прадметаў і паняццяў, асабліва адцягненых. Такія неіснуючыя выразы ў пачатку ХХ ст. большасцю тагачасных беларускіх літаратараў і дзеячаў актыўна браліся з польскай мовы. Пазней Тэрміналагічная камісія (1921) паслядоўна перадавала лацінскія і грэчаскія тэрміны з мяккім [л] замест цвёрдага, уводзіла склады [ды], [ты], [дэ], [тэ] і падобныя. На думку Карскага, гэта былі паланізмы, а карані такой практыкі ён бачыў у прынцыпова антырускай арыентацыі тагачаснага беларускага руху[22].

У процілегласць такой практыцы Карскі ставіў практыку старабеларускага пісьменства, дзе існавалі асваенні пазычанняў накшталт «лацинский» (а не «лятынский» — latinus), «логика» (а не «лёгика» — λογικα), і дзе з’явілася граматыка Сматрыцкага, дзе толькі ў словах, узятых з «ляскай» мовы («лѧски езык» — польская мова), мяккасць [л] абазначалася спалучэннем літар «їо» (напрыклад, «лїосъ»)[22].

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі[правіць | правіць зыходнік]

Пэўная ўнармаванасць беларускага правапісу была дасягнута толькі пасля 1918, калі ў свет выйшла школьная граматыка Тарашкевіча. Яна была перавыдана Я. Лёсікам у БССР, у нязмененым выглядзе, у 1922 і 1923, і прынята ў школьнай сістэме БССР з 1923. Яна была часткова зменена Я. Лёсікам у 1925, таксама ў форме школьнай граматыкі.

Граматыка Тарашкевіча амаль з пачатку яе практычнага выкарыстання крытыкавалася за рад недахопаў і прабелаў, найперш Я. Лёсікам (з 1920), які ў выніку прапанаваў (1925), разам з братам А. Лёсікам, праект рэформы правапісу і азбукі.

Абмеркаванню праекта братоў Лёсікаў была прысвечана правапісна-азбучная секцыя Беларускай акадэмічнай канферэнцыі (1926). На аснове яе пастаноў над праектам рэформы правапісу ў 1927—1929 працавала Арфаграфічная камісія пад кіраўніцтвам С. Некрашэвіча. Камісія паспела падрыхтаваць і агучыць праект змяненняў беларускага правапісу (1930), але неўзабаве беларускае мовазнаўства, як і наогул беларуская навука, трапіла пад прыцэл чарговай хвалі палітычных рэпрэсій. У выніку, праект быў забаронены як «нацдэмаўскі», было забаронена карыстанне ўсімі працамі рэпрэсаваных мовазнаўцаў, у тым ліку, страцілі нарматыўнасць слоўнікі іх аўтарства.

Ва ўмовах практычнага маўчання дасведчаных мовазнаўчых кадраў і ў напружаным палітычным клімаце пачалася праца над новым нарматыўным руска-беларускім слоўнікам (1931), працягвалася, але тайна, праца і над праектам правапіснай рэформы. У 1933, у агульных умовах узмацнення ідэалагічнага кантролю за культурай у СССР і чарговай хвалі барацьбы з «нацдэмаўшчынай»[23], была праведзена рэформа беларускага правапісу, а фактычна, і граматыкі (1933).

Змена курсу нацыянальнай палітыкі ў СССР у канцы 1920-х гадоў стала прычынаю гвалтоўнага згортвання палітыкі беларусізацыі і павароту да новага курсу на павялічэнне ролі рускай мовы як «інтэрнацыянальнага сродку зносін» (Гл. таксама: русіфікацыя). У 1931—1940 гадах выпуск кніг на беларускай мове ў БССР зменшыўся з 1301 да 375, а на рускай — узрос з 38 да 362 тытулаў[24]. Публічнае карыстанне літаратурнай беларускай мовай стала звязвацца ў грамадскай свядомасці з магчымасцю абвінавачання ў «нацдэмстве».

Пад нямецкай акупацыяй[правіць | правіць зыходнік]

Падчас нямецкай акупацыі (1941—1944) і ажыццяўлення палітыкі «вайсрутэнізацыі» нанова паўстала праблема правапісу. Друкаванне загадаў, абвестак, выпуск газет і інш. адразу запатрабавалі адзінага правапісу, тымчасам рэдактары і супрацоўнікі рэдакцый, прывезеныя ў Беларусь акупацыйнымі ўладамі, не пагаджаліся з усходнебеларускім «бальшавіцкім» правапісам, і многія з іх карысталіся ўласнымі правапіснымі і лексічнымі нормамі. Такі беспарадак падштурхнуў да тэрміновага выдання Краёвым выдавецтвам «Менск» правапісу Тарашкевіча (верасень 1941), першай кнігі, выпушчанай на акупаванай тэрыторыі Беларусі. Кніга выйшла вялікім тыражом (20 тысяч) і прызначалася галоўным чынам для рэдакцый газет і школ. Гэта было моцна скарочанае перавыданне падручніка правапісу, выпушчанага ў Вільні (1925) Р. Астроўскім паводле прац Б. Тарашкевіча і Я. Лёсіка.

Выданне правапісу выклікала новыя спрэчкі, якія доўгі час працягваліся на старонках друку. Наогул, недасканаласць правапісу і тэрміналогіі стрымлівала выданне кніг, асабліва падручнікаў, і надалей. Гэтае пытанне спрабавала развязаць Тэрміналагічная камісія (створаная ў рамках Інспектарата школ, студзень 1942), якая зацвердзіла новы правапіс у сакавіку 1943.

Новы правапіс быў выпушчаны агульным тыражом 150 тыс. пад аўтарствам А. Лёсіка ў Мінску (1943), у двух алфавітных сістэмах, і вядомы ў наш час як «8-е выданне правапіс Тарашкевіча», з тым, што пад 7-м выданнем у гэтай нумарацыі вядомае, відаць, т. зв. 6-е выданне правапісу Тарашкевіча, якое выйшла тыражом 100 тыс. у Мінску прыблізна ў снежні 1943.

Тым часам, адметнасцю тагачасных беларускіх выданняў заставаліся адвольнасць і разнастайнасць алфавітных сістэм, непаслядоўнасць правапісу і тэрміналогіі, нават у выданнях школьнага інспектарата.

Новую нявызначанасць і спрэчкі ў беларускім асяроддзі выклікала (снежань 1941) ініцыятыва міністра А. Розенберга аб пераводзе беларускіх школ і друку на «лацінку». Неўзабаве ініцыятыва стала загадам (25.6.1942) аб паступовым увядзенні «лацінкі» ў народныя школы Беларусі: у 1942/1943 яна ўводзілася ў першыя і часткова другія класы, апроч таго, яе вывучэнне рэкамендавалася і ў астатніх класах пачатковых школ.

Адзначаецца, што выданні, надрукаваныя лацінкай, разыходзіліся слаба, іх зразумеласць, асабліва ў цэнтральных і ўсходніх вобласцях, была малой, а друкаваць іх бліжэй чым у Вільні было тэхнічна немагчыма. У той жа час нямецкае кіраўніцтва прапаноўвала не толькі ўвядзенне «лацінкі», але і яе рэфармаванне, супраць якога выказваліся некаторыя беларускія дзеячы (напр., Я. Станкевіч).

Наогул, станам на сярэдзіну 1943 на тэрыторыі Генеральнай акругі «Беларусь» выпускаліся па-беларуску 4 назвы газет і 1 часопіс[25]. За час Другой сусветнай вайны на ўсіх землях пад нямецкім кантролем было выпушчана на беларускай мове 117 кніг і брашур, з іх 52 — толькі ў Генеральнай акрузе[26].

Пасля вайны[правіць | правіць зыходнік]

Амаль адразу па заканчэнні вайны быў узноўлены курс на ўзмацненне ролі рускай мовы і культуры. Асобныя і несістэмныя выпадкі процідзеяння гэтаму з боку кіраўніцтва БССР (напрыклад, К. Мазураў у канцы 1950-х гадоў) на агульны кірунак развіцця падзей не паўплывалі.

У 1960-я гады з’явіліся распрацоўкі, аўтары якіх ужо тэарэтычна абгрунтоўвалі неабходнасць русіфікацыі беларускага народа (у ліку іншых нярускіх народаў), ставячы мэту інтэрнацыяналізацыі ўсіх сфер жыцця народаў СССР і стварэння адзінага савецкага народа. Гэтая тэорыя была ўхвалена ХХІV з’ездам КПСС (1971) і стала дырэктывай практычнай дзейнасці партыі.

У выніку, на пачатак 1980-х гадоў беларуская мова, фармальна застаючыся роднай мовай беларускага народа, была адсунута з прыярытэтнай ролі ў яго культурным развіцці, і практычна не існавала ў дзяржаўным апараце, сістэме адукацыі і пад., была фактычна ператворана ў мову фальклору. Доля кніг і брашур на беларускай мове ў агульнай выдавецкай прадукцыі БССР зменшылася (за перыяд 1950—1985) з 85 % да 9 %. У 1985 на аднаго жыхара Беларусі прыходзілася ў сярэднім 0,5 беларускамоўнай кнігі[27].

Слабасць беларускай нацыянальнай свядомасці вяла да таго, што гэтыя захады сустракаліся грамадствам пераважна з абыякавасцю, а часам і з адабрэннем. З іншага боку, «празмерная» зацікаўленасць дрэнным становішчам беларускай мовы магла быць ацэнена як «беларускі нацыяналізм» (як, напрыклад, выступленні А. Белакоза ў 1960-х гадоў або мінскі гурток пач. 1970-х гадоў). Усё ж, пачынаючы з канца 1950-х гадоў, часу пэўнага паслаблення палітычнага кантролю, беларуская грамадскасць не раз выказвала сваю заклапочанасць існуючым становішчам і яго развіццём, як адкрыта, так і тайна (дыскусія ў газеце «Літаратура і мастацтва», у тым ліку, выступленні Б. Сачанкі, 1957—1961, самвыдатаўскі «Ліст да рускага сябра» А. Каўкі, 1976 і інш.).

У часы перабудовы[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Янкоўскі. Гістарычная граматыка. с. 43.
  2. а б в Старое заходнерускае пісьменства…, С.196,197,201-223.
  3. Паведамленне Карскага. «Старое заходнерускае пісьменства…»
  4. Янкоўскі. Гістарычная граматыка. с. 49.
  5. Тэкст граматы гл. ў кнізе И. А. Василенко. Историческая грамматика русского языка. Сборник упражнений. Москва: Просвещение, 1984. с. 219.
  6. а б Янкоўскі. Гістарычная граматыка. С. 46.
  7. Шакун Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. — Мінск, 1963. — С. 29, 83, 89, 93.
  8. Шакун, Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. — Мінск, 1963. — С. 83, 140.
  9. Булыка, А. М. Мова выданняў Францыска Скарыны / А. М. Булыка, А. І. Жураўскі, У. М. Свяжынскі. — Мінск : Навука і тэхніка, 1990. — С. 210; Шакун, Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. — Мінск, 1963. — С. 120—121.
  10. Шакун, Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. — Мінск, 1963. — С. 28, 93—97.
  11. Свяжынскі, У. Беларуская мова // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя : у 3 т. — Мінск: БелЭн, 2005. — Т. 1. — С. 301; Шакун, Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. — Мінск, 1963. — С. 92—94.
  12. Свяжынскі, У. Беларуская мова // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя : у 3 т. — Мінск : БелЭн, 2005. — Т.1. — С. 301; Шакун, Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. — Мінск, 1963. — С. 92—94.
  13. Карский Е. Ф. Белорусы. Очерки словесности белорусского племени. Старая западнорусская письменность. — Варшава, 1921. — Т. 3. — 246 с.
  14. Свяжынскі, У. Беларуская мова // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: у 3 т. — Мінск : БелЭн, 2005. — Т. 1. — С. 301; Шакун, Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. — Мінск, 1963. — С. 94, 108, 115, 137.
  15. Смалянчук, С.39, са спасылкай на энц. даведнік Мысліцелі і асветнікі, Мн., 1995, С.185.
  16. Паведамленне Карскага ў нарысе навейшай беларускай літаратуры, Т.3.
  17. Смалянчук, С.35.
  18. Антропология Беларуси в исследованиях конца XІX – середины XX в. [руская]. ЛитРес. 10 April 2018. pp. 113–. ISBN 978-5-04-109768-4.
  19. Магчыма, гэтая дата паводле старога стылю
  20. На думку Карскага, з-за таго, што бачыла, у такім выпадку, небяспеку пранікнення ідэй праваслаўя. Новейшая белорусская литература // Карский Е. Ф. Белоруссы. .
  21. На думку Карскага.
  22. а б Карскі. Мастацкая літаратура…, С.398-400,409,651.
  23. Гісторыя Беларусі пад рэд. Касцюка, Т.5 …
  24. Юры Туронак. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Мн.: Беларускі Гістарычны Агляд, 2002. — 144 с. паводле даных: Друк Беларускай ССР 1918—1980. Статыстычны зборнік. Мінск, 1983.
  25. Пар. 26 у Латвіі, 18 у Літве і 15 у Эстоніі (1941—1944).
  26. Дзеля параўнання, у Латвіі на латышскай мове было выпушчана каля 1500 кніг і музычных твораў агульным тыражам 5 мільёнаў асобнікаў (1941—1944).
  27. Дзеля параўнання, 5,2 кнігі на літоўскай мове ў Літоўскай ССР. Туронак, са спасылкай на даныя: Народное хозяйство СССР. Статистический ежегодник. Москва, 1966. С. 734; 1986. С. 536.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ф. М. Янкоўскі. Гістарычная граматыка беларускай мовы.. — Мінск: Вышэйшая школа, 1989.
  • Карский Е. Ф. Белоруссы. Т.3, кн.3. Художественная литература на народном языке. Петроград, 1922. У выданні: Белорусы: В 3 т. Т.3, кн. 2. Очерки словесности белорусского племени . — Мн. : БелЭн, 2007. — 704 с. С.233—661. ISBN 978-985-11-0387-0
  • Е. А. Потехина (Минск — Ольштын). Обучение белорусскому языку в условиях белорусско-белорусского двуязычия (проблемы обучения белорусскому языку как иностранному) // Исследование славянских языков и литератур в высшей школе: достижения и перспективы: Информационные материалы и тезисы докладов международной научной конференции / Под ред. В. П. Гудкова, А. Г. Машковой, С. С. Скорвида. — М.:[Филологический факультет МГУ им. М. В. Ломоносова], 2003. — 317 с. С.170—173.
  • Мовазнаўчая праблематыка ў тэрміналогіі // Тэорыя і практыка беларускай тэрміналогіі / Арашонкава Г. У., Булыка А. М., Люшцік У. В., Падлужны А. І.; Навук. рэд. А. І. Падлужны. — Мн.: Беларуская навука, 1999. — 175 с. ISBN 985-08-0317-7. С.128—170.
  • Ніна Баршчэўская, Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы, Катэдра Беларускай Філялёгіі Факультэт Прыкладной Лінгвістыкі і Ўсходнеславянскіх Філялёгіяў Варшаўскі Ўнівэрсытэт, Варшава 2004.
  • Юры Туронак. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Мн.: Беларускі Гістарычны Агляд, 2002. — 144 с.