Гісторыя паштовых марак Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Выпуск першых уласных паштовых марак у Беларусі адносіцца да 1920 года.

Правізорыі польскага корпуса[правіць | правіць зыходнік]

Адміністрацыяй корпуса Доўбар-Мусніцкага ў Бабруйску[крыніца?] былі здзейсненыя два выпускі правізорыяў.

Першы выпуск уяўляў сабой маркі царскага ўрада наміналам 3, 4, 5, 7, 10, 15, 20, 25, 35, 50 і 70 капеек з наддрукоўкай польскага герба і надпісу «POCZTA Pol. Korp.» (бел.: Пошта Польскага Корпуса).

На правізорыях другога выпуску малюнак наддрукоўкі быў зменены і ўяўляў сабой надпіс «Pol. Korp.», герб Польшчы і пазначэнне новага наміналу. Правізорыі былі выкананыя на марках царскага (з зубцоўкай) і Часовага (без зубцоўкі) урадаў вартасцю 1, 2 і 3 капейкі. Маркі ў 1 капейку атрымалі намінал у 35 капеек, у 2 капейкі — 50 капеек, у 3 капейкі — 10 капеек, а некаторыя і 1 рубель.

Маркі БНР[правіць | правіць зыходнік]

На працягу 19181920 гг. у Беларускай Народнай Рэспубліцы і ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы ўжываліся пераважна расійскія маркі.

Асобны атрад[правіць | правіць зыходнік]

У 1920 г. у Латвійскай дзяржаўнай друкарні ў Рызе была выдадзена серыя марак па заказе камандавання Асобнага атрада БНР. Надпіс «Асобны атрад» сведчыць аб тым, што маркі выпускаліся для беларускага ваеннага фарміравання на чале з генералам Булак-Балаховічам. Заказ на яго даваў старшыня Беларускай вайсковай камісіі ў Латвіі Кастусь Езавітаў.

Былі выдадзены 5 марак розных наміналаў: 5, 10, 15, 50 капеек і 1 рубель. Існуюць зубцаваныя і незубцаваныя маркі. Агульны наклад — 5 мільёнаў асобнікаў (па 1 мільёне на кожны намінал). Суадносіны зубцаваных да незубцаваных складаюць 1:1. Незубцаваныя маркі былі выдадзеныя дзеля змяншэння кошту накладу. З іх 250 тысяч былі выраблены нават без клею.

На ўсіх пяці марках серыі знаходзіцца адзін малюнак: маладыя сяляне ў нацыянальным адзеннімагілёўскіх строях), хлопец і дзяўчына, сядзяць на лаўцы ля плота. Праект маркі быў выкананы мастаком Рыхардам Зарыньшам. Паводле меркавання гісторыкаў, прататыпам была гравюра У. дэ Гарнека, змешчаная пад назвай «Тыпы Магілёўскай губерні» ў трэцім томе выдання «Жывапісная Расія» 1882 г.

Наміналы і колеры:

Маркі былі ў выкарыстанні з 14 лютага 1920 г. да 22 красавіка 1920 г. Маркі Асобнага атрада выкарыстоўваліся палявой поштай, якая засталася на тэрыторыі Латвіі, і гасіліся асобным штампам.

З 1939 г. гэты выпуск неаднаразова перавыдаваўся як эмігранцкім урадам БНР, так і «неафіцыйна», што стала прычынай наяўнасці вялікай колькасці гэтых марак рознай якасці.

Правізорыі Беларускай рады Случчыны[правіць | правіць зыходнік]

Правізорый Часовай Рады Случчыны вартасцю 25 грошаў.
Правізорый Часовай Рады Случчыны вартасцю 50 грошаў.

Падчас Слуцкага збройнага чыну штабам Беларускай Слуцкай брыгады 1 снежня 1920 г. былі выдадзеныя правізорыі.

Выкарыстоўваліся польскія маркі, на якіх была наддрукоўка наміналу, Пагоні і літар «Ч. Р. Сл.» (Часовая Рада Случчыны). Польская марка наміналам 5 грошаў стала мець намінал 25 капеек, польскія маркі ў 10, 15 грошаў і 15 фенігаў — 50 капеек.

Лічыцца, што былі выдадзеныя 200 асобнікаў вартасцю 50 капеек і каля 20 асобнікаў вартасцю 25 капеек. Паведамлялася, што ў 1921 г. захаваліся толькі 3 камплекты. Наддрукоўка на польскай марцы ў 10 грошаў стала вядомай толькі ў 1921 г.

Валянцін Баціеўскі мяркуе, што да наддруковак можа быць датычны Васіль Русак, які 1 снежня 1920 г. хварэў і знаходзіўся бязмэтава ў Грыцэвічах.

Вядомыя два паштовыя адпраўленні з правізорыямі Слуцкай рады:

Правізорыі падчас польскай акупацыі (1919—1920)[правіць | правіць зыходнік]

Падчас польскай акупацыі 19191920 гг. быў здзейснены выпуск мясцовых правізорыяў горада Гродна. Ён уяўляў сабой маркі Часовага ўрада Расіі (выпуску 1917 г. без зубцоўкі) з нанесенай на іх наддрукоўкай «Poczta Polska 40 GR» (бел.: Пошта Польская 40 грошаў). Намінал гэтых марак быў прывязаны да літоўскай аўксінаі.

Правізорыі Беларускага камітэта самапомачы[правіць | правіць зыходнік]

У 1942 г. у Берліне былі надрукаваныя правізорыі Беларускага камітэта самапомачы. Правізорыі з выявай Францыска Скарыны былі выдадзеныя рудога, зялёнага, чырвонага, фіялетавага, сіняга і блакітнага колераў. У той самы час былі выдадзеныя правізорыі з Пагоняй (сінія), Віленскім замкам (рудыя), князем Альгердам (зялёныя), князем Вітаўтам (сінія) і вобразам дзяўчыны з хлопцам (зялёныя і фіялетавыя). Правізорыі выдаваліся за ўплату ўзносаў ці за дадзеныя ахвяры. Фактычным ініцыятарам выдання быў тагачасны старшыня Цэнтралі Беларускага камітэта самапомачы інжынер Мікола Абрамчык. Малюнкі для правізорыяў былі намаляваныя ў Лодзі мясцовым членам Беларускага камітэта самапомачы Зянонам Зянкевічам.

Артымаркі беларускай эміграцыі[правіць | правіць зыходнік]

Паколькі дадзеныя «маркі» не былі выпушчаныя поштай, ніколі не знаходзіліся ў абарачэнні і не выкарыстоўваліся як сродкі паштовай аплаты, мэтазгодна класіфікаваць іх як артымаркі.

1950-я гады[правіць | правіць зыходнік]

У студзені 1950 г. пачалі рассылацца артымаркі Рады БНР. Ідэя паўстала ў Парыжы, дзе жылі ў той час Мікола Абрамчык, Лявон Рыдлеўскі, Уладзімір Шыманец, а ў Амерыцы артымаркамі займаўся Віталь Кажан.

Артымаркі выдалі ў дзвюх серыях. На першай — старшыні Рады БНР Пятро Крачэўскі (фіялетавага колеру з надпісам «3 талеры») і Васіль Захарка (чырвонага колеру з надпісам «1 талер»), Дом Рады БНР (зялёнага колеру з надпісам «50 грошаў»). Аўтар гэтай серыі невядомы. На другой серыі Пагоня (чырвонага колеру з надпісам «25 грошаў») і карта Беларусі (сіняга колеру з надпісам «10 грошаў»). Другая серыя была надрукавана па эскізах Уладзіміра Шыманца.

1960-я гады[правіць | правіць зыходнік]

У 1960 г. Згуртаванне беларускай моладзі выдала артымарку ў гонар 40-й гадавіны Слуцкага Збройнага Чыну па эскізах мастака Генрыха Архацкага ў чырвоным, сінім, зялёным і шэрым колерах. На артымарцы постаць юнака з бела-чырвона-белым сцягам, на якім напісана: «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына». Таксама на артымарцы прысутнічаюць надпісы «The Slucak Uprising 1920—1960», «Freedom for Byelorussia!» і «БНР». Артымаркі былі надрукаваныя на аркушах, на кожным па 20 асобнікаў з надпісам на дзвюх мовах: «Яны памерлі, каб жыла Бацькаўшчына — жывеце вы, каб Бацькаўшчына не памерла! Памажыце замацаваць гісторыю Слуцкага Паўстаньня — злажыце ахвяру на выданьне Слуцкага Альманаху. Наклейвайце гэтыя маркі на лістох і пачках — пашырайце праўду аб Беларусі».

Паштовыя маркі ЗБВБ[правіць | правіць зыходнік]

У 1971 г. у Вялікабрытаніі адбыўся страйк паштовых служачых і Гай Пікарда ад імя ЗБВБ звярнуўся па дазвол на адкрыццё паштовай службы. Атрымаўшы дазвол, Пікарда сам зрабіў эскізы і надрукаваў аж пяць серый марак, якія 19 лютага 1971 г. выйшлі ў абарот. Яны выкарыстоўваліся да 10 сакавіка 1971 г., калі скончыўся страйк.

Першая серыя: на марцы тэкст у тры радкі — «З. Б. В. Б. (10 п. ці 20 п.) Пошта». 10 п. — чырвоная на светла-зялёнай паперы; 20 п. — сіняя на светла-зялёнай паперы. Наклад — 300 асобнікаў.

Другая серыя: маркі «Асобны атрад» з 1920 г. з ручной наддрукоўкай ліловага колеру ў ніжнім правым вугле — «10 п.», у левым — «ZBVB Post», без зубцоў: 10 п. на 5 кап. — зялёная, 10 п. на 10 кап. — чырвоная, 10 п. на 15 кап. — ліловая, 10 п. на 1 руб. — карычневая. Наклад невядомы.

Маркі Рэспублікі Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

Пачаткі марак Рэспублікі Беларусь заклала Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 верасня 1991 г. № 351 «Аб выпуску паштовых марак Беларускай ССР».

Першая марка Рэспублікі Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

Першая паштовая марка незалежнай Беларусі (1992)
(Скот #1)

Першая марка незалежнай Беларусі з выявай крыжа Ефрасінні Полацкай з’явілася 20 сакавіка 1992 г. Яе аформіў мастак Комлеў. Яна была надрукавана ў Маскве, як і большасць першых беларускіх марак. Наклад склаў 2 мільёны асобнікаў. Вартасць — адзін (спачатку збіраліся надрукаваць слова «рубель», але пасля адмовіліся ад гэтай ідэі з прычыны магчымага стварэння новай валюты; назва валюты з’явілася на беларускіх марках пасля дэнамінацыі 2016 г.).

Серыі стандартных марак[правіць | правіць зыходнік]

Першы стандартны выпуск (1992—1994)[правіць | правіць зыходнік]

Першыя маркі гэтага выпуску наміналам 30, 45 і 50 капеек былі выдадзены ў зварот 21 снежня 1992 г.

У 1993 г. былі дадаткова выдадзеныя маркі ў 1, 2, 3, 5, 10, 15 і 25 рублёў з датай «1992» і 50, 100 і 150 рублёў з датай «1993».

У 1994 г. былі выпушчаныя маркі ў 200, 300, 600, 1000 і 3000 рублёў. Аснову кампазіцыі марак першага стандартнага выпуску складаў дзяржаўны герб «Пагоня». Таксама вядомыя наступныя наддрукоўкі на марках першага стандартнага выпуску: наддрукоўка новага наміналу на марках 1992 г. (у 1994 і 1997 гг.) і наддрукоўкі літарнага абазначэння наміналу («А» і «В»), зробленыя ў 1996 г. Усе маркі першага стандартнага выпуску выпускаліся на простай паперы.

Другі стандартны выпуск (1995—1996)[правіць | правіць зыходнік]

У сувязі са зменай дзяржаўнага герба, у 1995 г. быў зроблены другі стандартны выпуск марак наміналам у 180, 280 і 600 рублёў, на якіх выява герба была заменена панарамай плошчы Перамогі ў Мінску. У 1996 г. таксама была дадаткова выпушчана марка гэтага выпуску ў 200 рублёў (датаваная 1995 г.). У 2001 г. на частцы накладу марак другога стандартнага выпуску была зроблена наддрукоўка новага наміналу (1000 рублёў). Усе маркі другога стандартнага выпуску друкаваліся на мелаванай паперы.

Трэці стандартны выпуск (1996—1997)[правіць | правіць зыходнік]

Маркі трэцяга стандартнага выпуску з выявай новага дзяржаўнага герба ўзору 14 мая 1995 г. выпускаліся ў 1996—1997 гг. У 1996 г. былі выпушчаныя маркі ў 100, 200, 500, 600, 1000, 1500, 1800, 2200, 3300, 5000, 10 000, 30 000 і 50 000 рублёў. У 1997 г. быў зроблены выпуск марак (таксама з датай 1996 г.) наміналам 400 і 2000 рублёў, а марка ў 1500 рублёў (таксама з датай 1996 г.) была выпушчана ў змененым колеры (блакітным замест ружовага). Затым былі выпушчаныя маркі наміналам 800, 2500 і 3000 рублёў з датай «1997». У 2001 г. на частцы накладу марак другога стандартнага выпуску была зроблена наддрукоўка новага наміналу (400 рублёў).

Чацвёрты стандартны выпуск (1998—2003)[правіць | правіць зыходнік]

Маркі чацвёртага стандартнага выпуску выпускаліся з 1998 па 2003 гг. Галоўным матывам серыі была этнаграфічная тэматыка. Праз высокую інфляцыю сюжэт марак могу дублявацца. Напрыклад, сюжэт маркі ў 100 рублёў выпуску 1998 г. (вадзяны млын) быў паўтораны на марцы ў 30 000 рублёў выпуску 1999 г. У 1998 г. былі выпушчаныя маркі наміналам 100, 200, 500, 1000, 1500, 2000, 3000, 3200, 5000, 5300 і 10 000 рублёў. У 1999 г. былі выпушчаныя маркі наміналам у 800, 30 000, 50 000, 100 000 і 500 000 рублёў. Пасля дэнамінацыі 2000 г. у зварот сталі паступаць маркі чацвёртага стандартнага выпуску ў новым маштабе цэн. У 2000 г. былі выпушчаныя маркі ў 1, 2, 3, 5, 10, 20, 30, 50 і 100 рублёў, а таксама маркі з літарным абазначэннем наміналу («А» і «В»). У 2001 г. былі выпушчаныя маркі ў 100, 200, 500 рублёў, а таксама наддрукоўка новага наміналу (1000 рублёў) на марцы ў 100 рублёў 1998 г. У 2002 г. былі паўторна выпушчаныя маркі ў 1, 2, 3, 5, 10, 20, 30, 50 рублёў і з літарным абазначэннем наміналу («А» і «В»). У 2003 г. былі паўторна выпушчаныя маркі ў 200 і 500 рублёў.

Пяты стандартны выпуск (2001—2008)[правіць | правіць зыходнік]

Маркі пятага стандартнага выпуску выпускаліся з 2001 па 2007 гады. Асноўным матывам былі выявы архітэктурных помнікаў (за выключэннем 1000-рублёвай маркі, на якой быў выяўлены асабісты герб Францыска Скарыны). У 2001 г. былі выпушчаныя маркі наміналам у 1000, 2000, 3000, 5000 рублёў, а ў 2002 г. — з літарным пазначэннем наміналу («H», «C»). У 2006 г. марка ў 3000 рублёў была перавыдадзена са змененым малюнкам і ў новым колеры. У 2007 г. была перавыдадзена марка ў 2000 рублёў. Выпускі 2001—2007 гг. друкаваліся на мелаванай паперы. У 2008 г. маркі ў 2000 рублёў 2007 г. і 3000 рублёў 2006 г. былі перавыдадзеныя на афсетнай паперы.

Шосты стандартны выпуск (2002)[правіць | правіць зыходнік]

«Кветкі» квадратнага фармату. Адбыўся ў 2002 г. і ўключаў у сябе маркі ў 30, 50, 100, 200, 500 рублёў і з літарным пазначэннем наміналу («А», «В», «С», «Н»).

Сёмы стандартны выпуск (2002—2008)[правіць | правіць зыходнік]

Маркі сёмага стандартнага выпуску з выявай ягад выпускаліся ў 2004 г. Серыя складалася з марак у 5, 10, 20, 30, 50, 100, 200, 300, 500, 1000 рублёў і з літарным пазначэннем наміналу («А», «В», «С», «Н», «Р»). Выпуск 2004 г. быў надрукаваны на мелаванай паперы. У снежні 2008 г. марка наміналу «С» была перавыдадзена на афсетнай паперы.

Восьмы стандартны выпуск (2004)[правіць | правіць зыходнік]

Таксама ў 2004 г. былі выпушчаныя і маркі восьмага стандартнага выпуску («дзікарослыя дрэвы»), прадстаўленыя наміналамі ў 100, 200, 300, 400, 500 і 1000 рублёў, а таксама з літарным пазначэннем наміналу («А», «В», «С», «Н», «Р»).

Дзявяты стандартны выпуск (2006)[правіць | правіць зыходнік]

У 2006 г. адбыўся дзявяты стандартны выпуск («птушкі»), які складалі маркі ў 10, 20, 30, 50, 100, 200, 300, 500, 1000 рублёў і з літарным пазначэннем наміналу («А», «В» і «Н»). Былі здзейсненыя два выпускі гэтых марак (абодва ў 2006 г.), прычым першы выпуск быў на мелаванай паперы, а другі — на афсетнай.

Дзясяты стандартны выпуск (2007)[правіць | правіць зыходнік]

У 2007 г. былі выпушчаныя маркі дзясятага стандартнага выпуску («звяры», фармат ромба) з літарным пазначэннем наміналу («А» і «В»). Кожная марка была выканана ў двух варыянтах афармлення.

Адзінаццаты стандартны выпуск (2008—2011)[правіць | правіць зыходнік]

Гэтая ж тэматыка паўтарылася ў марках адзінаццатага стандартнага выпуску (2008), які складаўся з наміналаў у 10, 200, 300, 400, 1000 і 5000 рублёў. У адрозненне ад выпуску 2007 г. маркі 2008 г. былі «кніжнага» фармату. Першыя выпускі марак былі надрукаваныя на мелаванай паперы, у другой палове 2008 г. на афсетнай паперы былі перавыдадзеныя маркі ў 10, 200, 300, 400 і 1000 рублёў, а ў 2009 г. — у 5000 рублёў. Затым маркі дадзенага выпуску (у яго афсетнай варыяцыі) перавыдаваліся да 2010—2011 гг. (год дадатковай эмісіі пазначаўся ўнізе аркуша разам з нумарам заказу).

Дванаццаты стандартны выпуск (2008—2011)[правіць | правіць зыходнік]

У тым жа 2008 г. была здзейснена эмісія марак дванаццатага стандартнага выпуску («кветкі», «кніжнага» фармату) наміналам у 20, 30, 50, 100, 500 рублёў і з літарным пазначэннем наміналу («А», «В» і «Н»). Былі зробленыя два выпускі гэтых марак (абодва ў 2008 г., першы — на мелаванай паперы, другі — на афсетнай). Потым маркі дадзенага выпуску (у яго афсетнай варыяцыі) перавыдаваліся да 2010—2011 гг. (год дадатковай эмісіі пазначаўся ўнізе аркуша разам з нумарам заказу).

Трынаццаты стандартны выпуск (2012—2013)[правіць | правіць зыходнік]

У студзені 2012 г. адбылася эмісія марак трынаццатага стандартнага выпуску («нацыянальны арнамент») з літарным пазначэннем наміналу («М» і «N»), надрукаваных на афсетнай паперы. У 2013 г. былі дадаткова перавыдадзеныя (год дадатковай эмісіі пазначаўся ўнізе аркуша разам з нумарам заказу).

Чатырнаццаты стандартны выпуск (2012—2016)[правіць | правіць зыходнік]

У сакавіку 2012 г. у продаж выйшлі маркі чатырнаццатага стандартнага выпуску («помнікі архітэктуры») наміналам у 50, 100, 200, 500, 1000, 2000, 5000, 10 000, 20 000 рублёў і з літарным пазначэннем наміналу («А», «Н» і «Р»). Першая эмісія марак чатырнаццатага стандартнага выпуску адбылася як у выглядзе гуміраваных марак на мелаванай паперы (абмежаваны наклад), так і ў выглядзе самалепак на глянцавай паперы (асноўны наклад). Самалепкі былі перавыдадзеныя на матавай паперы: у верасні 2012 г. былі перавыдадзеныя 200, 1000 і 2000 рублёў, у кастрычніку 2012 г. — «А», у студзені 2013 г. — 50, 100, 500 рублёў і «Н», у сакавіку 2013 г. — 5000, 10 000 і 20 000 рублёў, у лістападзе 2013 г. — «Р». У снежні 2014 г. маркі ў 50, 100, 200, 500, 1000, 5000, 10 000 і 20 000 рублёў былі перавыдадзеныя са змененай УФ-абаронай (аналагічнай той, якая ёсць у марак пятнаццатага стандартнага выпуску). У канцы 2015 — пачатку 2016 гг. маркі (акрамя «Р») былі перавыдадзеныя на палепшанай паперы.

Пятнаццаты стандартны выпуск (з 2014 і дагэтуль)[правіць | правіць зыходнік]

Маркі пятнаццатага стандартнага выпуску былі выпушчаныя ў абарачэнне ў снежні 2014 г. Выпуск складаецца з пяці безнамінальных марак: «А», «N», «М», «Н» і «Р». Малюнак марак паўтарае гэтакі адзінаццатага стандартнага выпуску са змененым наміналам і крыху змененымі дэталямі дызайну (паменшаная выява, крыху іншае размяшчэнне надпісаў, у выпадку з маркай «N» — крыху мадыфікаванае адценне). Маркі пятнаццатага стандартнага выпуску паўтараюць сваім дызайнам наступныя маркі адзінаццатага: «А» — паўтарае дызайн 10-рублёвай, «N» — дызайн 200-рублёвай, «M» — 300-рублёвай, «H» — 400-рублёвай, «P» — 1000-рублёвай. Маркі пятнаццатага стандартнага выпуску з’яўляюцца, як і маркі чатырнаццатага, самаклейкамі ды выпускаюцца на матавай паперы. У 2016 г. маркі гэтага выпуску (наміналамі «А» і «H») былі перавыдадзеныя на мадыфікаванай паперы. У 2017 г. адбылося дадатковае перавыданне маркі «А».

Шаснаццаты стандартны выпуск (з 2016 і дагэтуль)[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]