Перайсці да зместу

Гісторыя пра Атылу

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гісторыя пра Атылу
Исторыя о Атыли короли угоръскомъ
Жанр аповесць
Аўтар Міклаш Олах
Мова арыгінала старабеларуская мова
Дата першай публікацыі XVI стагоддзе
Пераклад на беларускую 1574
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах

«Гісторыя пра Атылу» — помнік перакладной літаратуры Беларусі 2-й паловы XVI ст., беларускі пераклад гістарычнай аповесці венгерскага пісьменніка-гуманіста Міклаша Олаха, зроблены ў асяроддзі шляхты з польскага друкаванага выдання 1574 г. Збераглася ў адзіным спісе, т.зв. Пазнаньскім зборніку (каля 1580 г.), які паходзіць з Навагрудчыны. У творы падаюцца падзеі V ст., эпохі «вялікага перасялення народаў», апісваюцца ваенныя паходы гунскіх плямён пад кіраўніцтвам «біча Божага» Атылы ў Італію і Францыю, асады гарадоў, славутая бітва на Каталаўскіх палях і інш., раскрываецца гераізм еўрапейскіх народаў у барацьбе супраць нашэсця варвараў Атыла паказаны як выдатны палкаводзец, правадыр гунаў, якія атаясамліваюцца з уграмі (венграмі), як станоўчы герой еўрапейскай гісторыі. У творы адлюстраваны погляды перадавых венгерскіх колаў эпохі Адраджэння, якія перад тварам турэцкай небяспекі марылі пра мудрага і магутнага правадыра нацыі, лічылі гунаў сваімі продкамі ў патрыятычна-асветніцкіх мэтах імкнуліся ўзнавіць гераічныя старонкі далёкай мінуўшчыны свайго народа. Пераклад гэтай гістарычнай аповесці на беларускую мову сведчыць пра вялікую цікавасць на Беларусі ў XVI ст. да твораў гісторыка-гераічнай тэматыкі, да гісторыі іншых краін і народаў. Беларускі пераклад выкананы свецкім стылем старабеларускай мовы, свабодным ад архаічных стараславянскіх элементаў.

  • Zoltán, A. Oláh Miklós Athila című munkájának XVI. századi lengyel és fehérorosz fordítása / András Zoltán. — Nyíregyháza: Nyíregyházi Főisk. Ukrán és Ruszin Filológiai Tansz.; [Veszprém]: VE Tanárképző Kara; [Budapest]: ELTE Ukrán Filológiai Tansz., 2004. — (Dimensiones culturales et urbariales Regni Hungariae; 6).
  • Веселовский, А. Н. Из истории романа и повести. Вып. 2. — СПб., 1888.
  • Чамярыцкі, В. «Гісторыя пра Атылу» / Вячаслаў Чамярыцкі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. – С. 55 — 56. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 39.