Перайсці да зместу

Гісторыя фартыфікацыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Гісторыя фартыфікацыі ў асноўным вызначаецца развіццём ваеннай тэхнікі і, у пэўнай ступені, развіццём грамадзянскай архітэктуры, і падзяляецца на 5 асноўных перыядаў:

Крэпасць Амбер у Джайпуры. Пабудавана ў другой палове XVI — пачатку XVII стагоддзя на месцы больш старажытнага ўмацавання XI стагоддзя
  • Старажытнасць і Сярэднявечча: да XIV стагоддзя
  • Агнястрэльны перыяд: з XIV па XVII стагоддзе
  • Перыяд XVIII стагоддзя
  • Перыяд XIX стагоддзя
  • Перыяд XX стагоддзя і пазней.

У старажытнасці

[правіць | правіць зыходнік]

Умацаванае жытло вядомае з глыбокай старажытнасці; яго найбольш старажытнай формай была пячора. Больш дасканалымі сталі пазнейшыя хаты на дрэвах або на палях, якія патрабавалі існавання пэўнай тэхнікі будаўніцтва[1]. У найбольш позні перыяд развіцця старажытнага чалавека з’явіліся жытлы на малых астравах, прыродных або штучных. Усе гэтыя формы ўмацаванняў прызначаліся, найперш, для абароны ад дзікіх звяроў. Развіццё грамадскіх дачыненняў і ўтварэнне грамадскіх супольнасцей прывяло да патрэбы ў пашырэнні і развіцці першабытных формаў умацаванага жытла.

Першабытныя ўмацаванні

[правіць | правіць зыходнік]

Спосабы трымаць ворагаў далей ад месца, абранага для абароны, сягаюць глыбока ў гісторыю чалавечага роду. Найстарэйшай і найпрасцейшай формай інжынернага абарончага збудавання стала, відаць, загарода з калючага кустоўя. Пазнейшыя ўмацаванні ўяўлялі сабой драўляныя палісады, земляныя дамбы, сцены з каменных блокаў і мноства іншых розных спосабаў абароны ў залежнасці ад клімату і даступнага матэрыялу, далей з’явіліся, відаць, равы (канавы), валы і тыны, якія выкарыстоўваліся ў розных спалучэннях. Іх выкарыстанне зрабіла магчымым з’яўленне ўмацаваных паселішчаў — гарадзішчаў і інш.

Першапачаткова ўмацаванні былі накіраваны на абарону ад жывёл і не былі эфектыўныя супраць варожых людзей, якія лёгка пераадольвалі такія перашкоды. Таму ўзнікла неабходнасць абараніць жытло ад няпрошаных гасцей. Паколькі сцены забяспечвалі добрую абарону, спатрэбіўся некаторы час, каб знайсці спосаб размясціць шлях на вяршыні сцяны, каб даць абаронцу перавагу над нападаючым . Першыя населеныя пункты, якія былі абаронены такім чынам драўляным парапетам, былі вёскамі, дзе жылі абаронцы і дзе яны захоўвалі свае рэсурсы і багацці. Агароджа звычайна была кругавой, ахоплівала ўсе жылыя памяшканні паселішча. Пазней да агароджы пачалі прыбудоўваць земляны вал, выкопваючы побач з агароджай  (руск.) роў. У скалістых раёнах, такіх як Ірландыя ці Шатландыя, для падтрымання схілу выкарыстоўваўся камень. У Міжземнамор’і агароджы складаліся з вялізных каменных блокаў без усялякага злучнага матэрыялу. Пік гэтага тыпу ўмацаванняў быў дасягнуты сярод германскіх плямёнаў, супраць якіх у той час ваяваў Цэзар. Іх гарады былі акружаны складанымі схіламі, складзенымі з груд камянёў, зямлі і драўляных бярвенняў, размешчаных такім чынам, што іх было цяжка разбурыць.

З’яўленне мура

[правіць | правіць зыходнік]
Умацаванні старажытнай Ніневіі
Адноўленая брама Ніневіі  (ВД)

Вынаходніцтва цэглы зрабіла рэвалюцыю ў мастацтве пазіцыянавання, зрабіўшы магчымым будаваць больш высокія сцены, якія было цяжка пералезці. Гэтая тэхніка з’явілася сярод цывілізацый Урадлівага паўмесяца, у якіх было развіта мастацтва будаўніцтва, а сацыяльная структура  (руск.) дазваляла выкарыстоўваць вялікую колькасць рабочых, неабходных для даўгавечных гарадскіх умацаванняў. Гэта прывяло да ўзнікнення першых каралеўстваў і першых буйных гарадоў у гісторыі чалавецтва. Мэтай такіх умацаванняў было забяспечыць сховішча рэсурсам і насельніцтву прылеглай тэрыторыі, каб яны былі недаступныя для праціўніка. У адрозненне ад невялікіх вёсак, гэтыя гарады мелі каласальныя сцены, як і сцены горада Ніневіі ў Асірыі, якія былі зроблены з цэглы і мелі ў вышыню амаль 40 метраў. З’яўленне таранаў прымусіла абаронцаў узводзіць сцены, таўшчыня якіх павінна была быць не менш за 10 метраў. Для таго, каб пераадолець гэтую праблему, абаронцы пачалі будаваць падвойныя паралельныя сцены, а затым запаўнялі паражніну паміж імі зямлёй. Новы спосаб атакі на сцены заахвоціў будаўнікоў умацаванняў акругліць сцены, таму былі створаны вежы. Яны прадухілялі перакрыжаваны агонь, а таксама з’яўленне сляпой зоны, у якой праціўнік мог бесперашкодна прабіць сцены. На вяршыні вежы часта размяшчаўся парапет, які забяспечваў поўную абарону ад ворага.

З далейшым развіццём рамёстваў і тэхнікі будаўніцтва з’яўляюцца абарончыя сцены (муры), збудаваныя з каменю, цэглы, гліны, драўніны або камбінаваныя.

Неўзабаве на саміх сценах з’явіліся зубцы (крэнеляж), якія хавалі абаронцаў падчас выкарыстання кідальнай зброі  (руск.), умацаваныя брамы і д. т. п. Далейшым развіццём абарончых збудаванняў робяцца вежы. Абарончыя абводы, аснову якіх складалі муры і вежы, на доўгі час сталі асноўным тыпам фартыфікацыйных збудаванняў.

Пры неразвітай тэхніцы аблогі доўгі час вырашальнае значэнне, апроч адпаведнага размяшчэння, належала да колькасных, а не якасных, параметраў абарончых збудаванняў: таўшчыні і вышыні муроў, колькасці вежаў і г. д. Стабільная наяўнасць вялікай колькасці таннай працоўнай сілы ў рабаўласніцкіх дзяржавах рабіла магчымым з’яўленне такіх буйных абарончых комплексаў, як умацаванні горада Ніневіі ў Міжрэччы (каля 2000 да н.э.) — абвод перыметрам каля 80 км, муры каля 36 м вышыні і 9 м таўшчыні, каля 1500 вежаў[2] або муры Вавілона таўшчынёй да 21 м[3].

Рэканструкцыя рымскіх умацаванняў у Алезіі  (руск.)

У класічны перыяд прынцыпы будовы крэпасцей не змяніліся — важныя паселішчы або пункты абводзіліся шматвугольным мурам з вежамі. У грэкаў і рымлянаў развіўся характэрны тып крэпасці з цалкам замкнёным абарончым абводам і з цытадэллю  (руск.) (акропаль, капітолій) у цэнтры; часам будаваліся 2-3 канцэнтрычныя абводы. Умацаваныя гарады таго часу былі амаль непранікальныя для прамога нападу, таму адзіным спосабам зламаць супраціўленне была доўгатэрміновая аблога, якая не дазваляла абаронцам забяспечвацца харчаваннем і іншымі рэсурсамі ўнутры сцен. Тым не менш, у антычную эпоху грэкі распрацавалі і сістэматызавалі новую тактыку і тэхніку аблогі, якая з тых часоў атрымала назву паліаркетыка  (руск.). Грэчаская паліаркетыка атрымала далейшае развіццё ў рымлян. У асноўным гэта заключалася ў з’яўленні новых цяжкіх узбраенняў, такіх як балісты, катапульты і іншыя аблогавыя машыны  (укр.). Нягледзячы на тое, што гэты метад аблогі быў эфектыўны, ён патрабаваў працяглай падрыхтоўчай працы, з дапамогай якой яны акружалі ворагаў, не забяспечваючы ім выхаду з кальца аблогі. Неабходнымі былі вялікія земляныя работы, каб падчас аблогі можна было выкарыстоўваць аблогавыя машыны. Паралельна з наступальнай тэхнікай развіваліся больш-менш абарончыя сістэмы, якія ў асноўным складаліся з выкарыстання зямлі для ўмацавання існуючай абарончай сеткі. Для абароны гарадоў умацаванні будаваліся на высокіх месцах, ствараючы перавагу перад варожымі нападамі. У адрозненне ад гэтага метаду рымляне выкарыстоўвалі больш-менш часовыя лагеры. Гэтыя драўляныя і земляныя будынкі, пабудаваныя за некалькі гадзін, якія тым не менш было вельмі цяжка заваяваць, забяспечвалі прыкрыццё для войскаў.

Новымі тыпамі абарончых збудаванняў сталі рымскія ваенныя калоніі  (руск.) і ўмацаваныя памежныя лініі  (руск.), а таксама рымскія палявыя ўмацаваныя лагеры  (руск.)[3]. Абарончы роў, які быў адной з характарыстык рымскіх лагераў  (укр.), працягваў шырока выкарыстоўвацца ў пастаянных умацаваннях. Роў меў тры перавагі: ён не дазваляў нападнікам падцягваць аблогавыя машыны да саміх сцен, ён даваў дадатковы земляны матэрыял для будаўніцтва сцен, і, нарэшце, ён рабіў самі сцены вышэй, чым яны былі б без яго. З цягам часу былі ўнесены і іншыя паляпшэнні, і многія вежы сталі будаваць круглага або авальнага профілю замест квадратнага або прамавугольнага, што было найбольш распаўсюджанай формай пабудовы раней. Кругавы або авальны спосаб пабудовы ўмацаванняў рабіў іх больш устойлівымі да балісты. Больш за тое, змяніўся будаўнічы матэрыял і на змену цэгле прыйшоў камень, больш устойлівы і трывалы ў выпадку пажару.

Характэрныя прыклады тагачасных грэка-рымскіх крэпасцей — гарадскія ўмацаванні Алезіі  (руск.), Платэяў, Візантыя, Іерусаліма, Карфагена, Рыма  (італ.); умацаваных ліній — Траянаў вал і інш[3].

Да таго самага перыяду адносяцца і 5000-кіламетровая Вялікая Кітайская сцяна (III ст. да н.э.), а таксама магутныя (некалькі дзясяткаў метраў аператыўнай глыбіні) засекі  (руск.) на межах Гірканіі і Індыі, якія напаткаў Аляксандр Македонскі ў 330 да н.э.

Жорсткія нашэсці і падзенне Рымскай імперыі выклікалі з’яўленне мноства дробных утварэнняў. Умацаванні ўжо не служылі для прытулку на вялізных плошчах, а служылі простай рэзідэнцыяй феадала.

У Сярэднявеччы

[правіць | правіць зыходнік]

У 1-й палове 1-га тысячагоддзя майстэрства фартыфікацыі ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе заняпала, а традыцыі антычнасці захоўваліся ва Усходняй (Візантыйскай) імперыі; але і тут не адбывалася прыкметнага якаснага развіцця[4].

Крэпасць Каркасон  (руск.)

Развіццё фартыфікацыі Еўропы да канца XI стагоддзя — да пачатку крыжовых паходаў — у значнай ступені следавала рымскім узорам. Там на Захадзе, дзе яшчэ заставаліся рымскія ўмацаванні, некаторыя з прынцыпаў іх будовы пераймаліся новымі народамі — напрыклад, у гарадскіх умацаваннях  (руск.) Каркасона, Тулузы і інш. часоў V ст. на землях пад уладай візіготаў[4]. Але нядаўнія варварскія каралеўствы яшчэ доўга не стваралі ўласнай спадчыны, і проста спалучалі элементы спадчыны антычнасці з традыцыямі варварскай культуры (дун, бург, пфальц і інш.). Пачатак сінтэзу адносіцца да эпохі Каралінгаў, але гэты працэс тармазіўся тагачасным грамадскім і культурным ладам, і, напрыклад, на землях Францыі яшчэ ў канцы X ст. моцнай была гала-рымская будаўнічая традыцыя[5].

У часы феадальнай раздробленасці асноўным тыпам умацаванняў Заходняй Еўропы стаў замак — умацаванае жытло феадала. Галоўная вежа выкарыстоўвалася як апошні прытулак, калі астатняя частка замка ці горада трапляла ў рукі ворага. Прытулку шукаў найперш валадар з сям’ёй, а таксама найбольш знатныя прадстаўнікі яго двара. Некалькі данжонаў, якія варта згадаць, належаць да замкаў Кусі  (руск.) (разбураны дынамітам у Першую сусветную вайну), Жызор  (руск.) і Ла-Рош-Гіён  (фр.) (паменшаны на траціну, але з падземным доступам).

Гісторыя створаных замкаў выдатна ілюструецца французскімі замкамі  (руск.) ў даліне Луары  (руск.), якія ўяўляюць сабой адны з найстарэйшых і найбольш важных: Анжэ  (укр.), Шынон  (руск.), Ланжэ  (укр.), Лавардэн  (фр.), Лош  (укр.).

Іншымі распаўсюджанымі тыпамі крэпасцей былі ўмацаваныя манастыры і гарадскія ўмацаванні. У часы Карла Вялікага нанова з’яўляюцца элементы межных умацаванняў — варты. Асноўным тыпам замка ў Заходняй Еўропе яшчэ пад канец XI стагоддзя быў драўляны «плесі»[6].

Руіны данжона Ланжэ  (руск.)

Пераход з драўлянага на каменнае абароннае будаўніцтва, які адбыўся на землях Францыі на мяжы тысячагоддзя, пачаткова (каля двух стагоддзяў) меў вынікам толькі нязначныя канструкцыйныя змяненні. Раней лічылася, што сярэднявечная абарончая архітэктура паходзіць з Нармандыі[7], але больш імаверна, што яна паходзіць з поўдня Францыі, адкуль выйшаў і раманскі стыль са сваімі каменнымі скляпеннямі, без якіх маштабнае каменнае будаўніцтва было б немагчымым.

Данжон у Фрэтэвалі  (фр.), 1889

Сярод абарончых збудаванняў, якія працягвалі гала-рымскую архітэктурную традыцыю, называюць данжон у Ланжэ  (руск.) (Турэнь; 994)[8], сярод тыпалагічна і канструкцыйна «новых», сярэднявечных — замак Фрэтэваль  (фр.) на беразе Луары (1040)[9], сярод раманскіх — адпаведную частку гарадскіх умацаванняў Каркасона.

Пасля выхаду рымлянаў з Англіі (410) майстэрства вырабу цэглы заняпала, і амаль на тысячагоддзе будаўніцтва, у т.л., абарончае, было пераважна драўляным. Гэтаму спрыяла тое, што поўдзень і ўсход Англіі былі бедныя на камень, але багатыя на лес. Пасля заваявання Англіі Вільгельмам Нармандскім (11 ст.) у краіне да 1100 былі пабудаваныя не менш за 85 замкаў, пераважна старога нарманскага тыпуКніга Страшнага суда» у 1086 узгадвае 49 такіх). На працягу 12 стагоддзя колькасць замкаў патроілася ў час феадальных усобіц, але ўжо з 13 стагоддзя каралеўская ўлада не толькі забараніла будаваць новыя, але і зносіла старыя замкі.

Круглая вежа Віндзорскага замка

З канца 11 ст. будаваліся і каменныя нарманскія замкі з данжонамі, сярод якіх прыкметныя Таўэр (1077—1085, асабісты замак Вільгельма Нармандскага), Норыч  (англ.) (12 ст.), Рочэстэр  (руск.) (пачаты ў 1128); каменныя перабудовы з «мот-і-бейлі» — умацаваны епіскапскі палац у Дарэме (2-я пал. 12 ст.). У Англіі існаваў і такі тып замка (замкавага збудавання), як «шэл-кіп» — напрыклад, у Віндзары (да нашых часоў дайшоў перабудаваным), Дарэме, Рэстармеле  (англ.).

Аднак, магутнасць нават каменных замкаў Англіі была непараўнальна меншай за сучасныя ім замкі Францыі і Блізкага Усходу. Наогул, адзначаецца, што пасылак для самастойнага развіцця фартыфікацыйнага майстэрства ў Англіі не было, бо феадальныя ўсобіцы былі тут параўнальна нячастымі, мора абараняла краіну звонку, а ворагі на самым востраве — жыхары Шатландыі і Уэльса — былі слабымі праціўнікамі. Замкі былі ў Англіі фактарам не так раздробнасці, як цэнтралізацыі краіны.[10]

У абарончай архітэктуры сярэднявечнай Германіі вылучаюцца некалькі тыпаў абарончых збудаванняў. Найперш, такімі былі ўмацаваныя сядзібы-пфальцы буйных феадалаў. Раннефеадальныя германскія плямённыя аб’яднанні не мелі выразных палітычных цэнтраў; такім цэнтрам мог зрабіцца які-небудзь пункт імперыі, дзе і выбудоўвалася ўмацаваная сядзіба імператара (каралеўскі пфальц), часам з дадатковай абаронай суседняга замка-бурга. Пфальцы, якія мала саступалі імператарскім у памерах і магутнасці, будавалі і нямецкія князі[11].

Імператарскі палац  (ням.) у Гослары
Вартбургскі замак

Прыкладамі пфальцаў 11 — 12 ст. з’яўляюцца: імператарскі  (ням.) ў Гослары (перабудаваны з палацу 11 ст. у 10651132), князёўскі ў Вартбургу (магчыма, 1067, дабудоўваўся цягам 11 — 13 ст.).

У Германіі не існавала строга іерархічных феадальных дачыненняў, як у Францыі, і палітычная структура наогул была нестабільнай. Гэта, разам з спрыяльным гарыстым рэльефам значнай часткі германскіх земляў, што стала прычынай існавання такой вялікай колькасці замкаў-бургаў дробных і сярэдніх федалаў, што доўгі час Германію памылкова лічылі месцам нараджэння архітэктуры замкаў. Аднак архітэктанічныя і стратэгічныя якасці германскіх замкаў да 13 ст. невысокія[12], і іх абарона забяспечвалася не так сродкамі архітэктуры, як натуральнай абароннасцю пэўнага ўчастка. Развіццё крапасной архітэктуры пачалося ў Германіі з 2-й пал. 13 ст. у сувязі з распаўсюджаннем досведу крыжовых заваёваў[11].

Замак Трыфельз  (ням.)

Некаторымі тыповымі прыкладамі замкавай архітэктуры Германіі 11 — 12 ст. з’яўляюцца: замак Штаўфенаў — Трыфельз  (ням.) у Пфальцы  (руск.) (узгад. у 1113, моцна разбуд. у 13 ст.); замак мінезінгера фон Ліхтэнштэйн — Фраўэнбург (данжон 13 ст., вядомы з малюнка Фішара 1681); замак Вільдэнберг  (ням.) у Одэнвальдзе  (руск.) (13 ст.; разбураны ў час сялянскай вайны 16 стагоддзя).

Значны колькасны рост умацаваных паселішчаў і гарадоў адбыўся з 10 стагоддзі, з гвалтоўнай германскай каланізацыяй славянскіх земляў і вайной з венграмі. Тады на ўсход ад Рэйна пачалі масава з’яўляцца паселішчы з драўляна-землянымі ўмацаваннямі (наогул, каменныя ўмацаванні ў 10 ст. былі на гэтых землях рэдкасцю), а пазней сюды наогул перайшоў цэнтр палітычнага і культурнага жыцця. З’явіўся і тып германскага горада, які вырастаў з умацаванага двара-бурга. Аднымі з першых такіх гарадоў былі Кведлінбург (922) і Магдэбург у Саксоніі (тутэйшае паселішча ўзгадвалася ў 805, але разбудова ў горад адбылася ў 930-я гг.), а таксама Гослар, Шпаер, Гільдэсгайм[11].

Развіццё фартыфікацыі ў Іспаніі 11-13 ст. вызначалася найвышэйшым уздымам рэканкісты, а з іншага боку, агульным характарам будаўніцтва — у гарыстай, беднай на лясы Іспаніі асноўным будаўнічым матэрыялам быў камень — граніт, пясчанік, туф, а майстэрства апрацоўкі каменю было добра развітым[13].

Замак Берланга-дэ-Дуэра  (ням.)

Сярод асаблівасцей тагачаснай іспанскай фартыфікацыйнай забудовы — вялікая колькасць новых, умацаваных гарадоў на вызваленых ад арабаў землях; прытым іспанскія гарады-камуны рана вызваліліся ад сеньяральнай залежнасці, таму ў складзе забудовы не мелі замкаў, а іх функцыі выконвалі вартавыя вежы. Класічным прыкладам іспанскага ўмацаванага горада-камуны служыць Авіла (будова пачатая ў 1090). Іншыя гарады ўзнікалі побач з умацаваным замкам ці манастыром, як, напрыклад, замак Аларкон  (ісп.) (12 — 13 ст.). З тыпам горада-крэпасці змыкаецца тып замка-крэпасці, які і выконваў, у прынцыпе, такія самыя функцыі — абароны адваяваных земляў і забеспячэння далейшых ваенных дзеянняў. Сярод такіх замкаў — Берланга-дэ-Дуэра  (ням.) (12 ст.), Сальвацьера  (ісп.) (12 ст.). Замкаў-рэзідэнцый тут амаль не будавалі да 2-й пал. 13 стагоддзя[13].

Сістэма фартыфікацыі складвалася пад уплывам арабаў і французаў. Замкі іспанцаў, як і крэпасці маўраў, былі вялікага памеру, мелі некалькі абводаў муроў (найчасцей два) і раўнамерна пастаўленыя вежы, якія выступалі далёка наперад за муры. Да чыста арабскіх асаблівасцей адносіліся ступенчатыя зубцы. Муры складвалі або з галькі на вапне з абліцоўкай каменнымі плітамі, або з каменных блокаў; муры з апаленай ці неапаленай цэглы, як у арабаў, амаль не сустракаліся. Амаль не было і прамавугольных вежаў[13].

Кастэль-дэль-Монтэ

У Паўночнай Італіі (П’емонт, Лігурыя), дзе актыўнае будаўніцтва (у т. л. абарончае) разгарнулася ў 10 — 11 ст. пасля доўгага застою, абарончая архітэктура шмат у чым следавала рымскай традыцыі. Так, сістэмы гарадскіх умацаванняў у П’емонце 11 — 12 ст. шмат узялі ад рымскіх умацаваных лагераў  (руск.). Моцным следаваннем антычнай традыцыі характарызавалася і архітэктура Цэнтральнай Італіі (Таскана і інш.). Усе гэтыя вобласці вылучаліся нябытам моцнай цэнтралізаванай улады, вялікай колькасцю гарадскіх умацаванняў, умацаванага жытла. Поўдзень Італіі  (руск.) і Сіцылія з іх моцнай цэнтралізаванай уладай пасля нарманскай заваёвы не развілі моцнай супольнасці гарадоў-камун, як у Цэнтральнай і Паўночнай Італіі; адпаведна, фартыфікацыйныя збудаванні тут прадстаўленыя пераважна раманскімі замкамі караля і феадалаў (напрыклад, замак імператара Фрыдрыха II Кастэль-дэль-Монтэ, пабудаваны ў 12401250 і ператвораны ў турму ў канцы 13 ст.)[14].

Рэканструкцыя Феадосіевых сцен  (руск.) у Канстанцінопалі

Візантыйская абарончая архітэктура якасна развівалася мала за 500 гадоў з часоў Юстыніяна (6 ст.). Асноўнай формай абарончага абводу была, як і ў рымскія часы, прамавугольная, з невысокімі вежамі на вуглах, часам з дадатковымі вежападобнымі выступамі на сярэдзінах курцінаў; часам мелася прамавугольная цытадэль. Яшчэ ў XI стагоддзі такімі былі крэпасці Лемза  (фр.)[15], Тобна  (фр.) (Паўночная Афрыка) і іншыя[16]. Разбудова ўмацаванняў Візантыі была пераважна колькаснай, не якаснай — колькасць абарончых абводаў, вышыня і таўшчыня муроў і падобнае[4], як, напрыклад, у выпадку гарадскіх умаванняў  (руск.) Канстанцінопаля.

Чэхія і Славакія

[правіць | правіць зыходнік]
Кршываклат  (руск.)

У раннім сярэднявеччы тыповымі ўмацаваннямі ў Чэхіі і Славакіі былі гарадзішчы. Пазней, у раманскую эпоху ў Чэшскім каралеўстве будавалася шмат замкаў — каралеўскіх і рыцарскіх, але ўсе яны або моцна перабудаваныя або разбураныя. Так, ад рыцарскага замка ў Кржываклаце  (руск.) ад гэтага перыяду захаваліся толькі дзве вежы; у 1270 быў перабудаваны замак у Звікаве  (руск.), адным з першых у раннегатычную эпоху. Падобным быў лёс і замкаў Славакіі, з якіх найбольш раннімі з’яўляюцца замкі ў Дэвіне (на Дунаі), у Нітры  (англ.), каралеўскі замак у Браціславе, замак Белы Камень  (славацк.), заснаваныя ў 9 — 11 стагоддзях, але пазней перабудаваныя.


Карлштэйн

Тыповымі прыкладамі замкаў пазнейшага, гатычнага перыяду ў Чэхіі і Славакіі служаць замкі Карлштэйн каля Прагі (закладзены ў 1348), Чэрвены Камень каля Браціславы (сяр. 13 ст.) і інш. Ацалелыя гарадскія ўмацаванні рэгіёну адносяцца да пазнейшых часоў[17].

Венгрыя і Трансільванія

[правіць | правіць зыходнік]
Замак Дыяшдзьёр  (венг.)

Пасля пераходу венграў да аселасці ў далінах Цісы і Дуная першымі тыпамі венгерскіх умацаванняў сталі земляныя крэпасці (у складзе якіх былі толькі вал і роў), збудаваныя папярэднікамі венграў на гэтых землях (напрыклад, у Ціхані  (руск.)). У XII — XIII стагоддзях з’явіліся каменныя, а да таго, відаць, і драўляныя, замкі. Асноўнымі адменамі замкаў былі жылыя вежы (напрыклад, вежа ў Эсфіргоме, адна з самых ранніх; вежа Шарашпатак  (венг.), 13 ст.; «вежа Саламона» ў Вішаградзе  (венг.), 13 ст.; вежа каралеўскага Эстэргамскага палаца  (венг.), кан. 12 ст.; вежа замку Лека, апошняя чвэрць 12 ст.) і замкі з данжонамі (крэпасць Вышаграда  (венг.), збуд. неўзабаве пасля 1241; замак Дыяшдзьёр  (венг.) 14 ст.). Тыповы данжон у Венгрыі з’яўляўся адасобненай каменнай нежылой вежай вышынёй 25 — 27 м і дыяметрам каля 10 м, з уваходам на ўзроўні другога паверху[18].

Бран

У Паўднёвай Трансільваніі, якая была пад уладай Венгерскага каралеўства з 12 ст., развіццё архітэктуры, у т.л. абарончай, праходзіла паралельна такому развіццю ў Венгрыі. Таксама тут будаваліся каменныя замкі тыпу горнай крыжацкай крэпасці, спачатку рыцарамі Тэўтонскага ордэна, паселенымі тут для аховы межаў; пазней — венгерскімі феадаламі. Прыкладамі такіх служаць замкі Фельдыяара  (рум.) і Бран, крэпасць Дэва  (руск.) (каля 1250, пазней была рэзідэнцыяй трансільванскіх ваяводаў). [18]

Усходняя Еўропа

[правіць | правіць зыходнік]

У старажытнасці і раннім сярэднявеччы абарончыя збудаванні на землях перадфеадальнай Усходняй Еўропы былі прадстаўленыя драўлянымі і драўляна-землянымі ўмацаваннямі ў складзе гарадзішчаў.

На землях Беларусі найбольш вядомым з’яўляюцца гарадзішчы перадфеадальнага часу Хатомель  (руск.), Свіла 1, гарадзішча на р. Мнюта, «Гарадзішча Рагвалода» ў Полацку, Віцебск, Кісялі і Чаркасова, гарадзішча на р. Менка, Радагошча і інш.. Частка іх пазней ператварылася ў феадальныя гарады (у т. л., напрыклад, Полацк, Віцебск), але іх пераважная большасць, у выніку працэсаў узнікнення дзяржавы і пашырэння феадальных адносін, перастала існаваць[19].

На пачатак 1990-х гадоў меліся звесткі пра 2 тысячы умацаваных паселішчаў-гарадзішчаў 914 стагодддзяў на тэрыторыі Усходняй Еўропы, у ліку якіх вылучаліся ўмацаваныя гарады, асобныя крэпасці, адміністрацыйна-ваенныя цэнтры акруг, феадальныя замкі. Да 70 % усходнеславянскіх гарадзішчаў не ўзгадваюцца ў гістарычных крыніцах, а большасць тых, якія трапілі на старонкі летапісаў, вядомыя нам толькі па назвах. На землях Беларусі вядомыя больш за 150 умацаваных паселішчаў 9 — 13 стагоддзяў (з іх 35 узгадваюцца ў летапісах), якія ў рознай ступені вывучаліся археалагічнымі метадамі[19].

Крыжацкі замак  (ням.) Бір  (руск.) на беразе Еўфрата

У XII — XIII стагоддзях крыжовыя паходы, сутыкненне з візантыйскай і блізкаўсходняй абарончай архітэктурай, а таксама спецыфічныя ўмовы вайны на блізкаўсходнім тэатры ваенных дзей прывялі да ўзнікнення і развіцця новага архітэктурнага тыпу замка — замка-цытадэлі («крыжацкага замка  (ням.)»). На працягу першых 100 гадоў свайго быцця ў Леванце крыжакі збудавалі ці перабудавалі (у асноўным, з колішніх візантыйскіх) каля 200 крэпасцей і замкаў, пераважна размеркаваных на 600-км прыбярэжнай паласе. Сярод характэрных крыжацкіх замкаў пачатковага перыяду называюцца Шатэль-Руж  (балг.) (1-я палова XII стагоддзя) і Бельвуар  (руск.) (1140) каля Ціверыядскага возера; сярод пазнейшых «горных замкаў» — Крак, Сафет  (руск.), Маргат  (руск.), Шатэль-Пелерын  (ням.) (1218), «Замак змей  (макед.)» у Кілікійскай Арменіі, Гаргар  (руск.), Арымон  (балг.) і Бір  (руск.) у Турцыі і інш[20] Пазней шмат якія навіны абарончай архітэктуры трапілі назад, у Еўропу.

У гатычную эпоху

[правіць | правіць зыходнік]
Зорная крэпасць  (руск.) у Бауртанге  (англ.), адноўленая ў сваім стане ў 1750 годзе, Гронінген, Нідэрланды

Умацаванні ў сярэднявечным стылі ў значнай ступені састарэлі са з’яўленнем гармат на полі бою ў XIV стагоддзі. Умацаванні ў парахавы век ператварыліся ў значна больш нізкія структуры з шырокім выкарыстаннем равоў і земляных валоў, якія маглі паглынаць і рассейваць энергію гарматнага агню  (каз.). Сцены, падвергнутыя прамому гарматнаму абстрэлу, былі вельмі ўразлівыя, таму іх апускалі ў равы, перад якімі насыпалі земляны вал.

Гэта падкрэслівала важнасць геаметрыі ўмацаванняў, паколькі яна дазваляла абарончай артылерыі перакрываць поле агню так, што ўсе падыходы да ніжэйшых і, такім чынам, больш уразлівых сцен былі прыкрытыя. Умацаванні таксама былі пашыраны ў глыбіню і атрымалі ахоўныя батарэі для абарончай артылерыі, каб трымаць атакуючыя гарматы на прыстойнай адлегласці і не дапусціць непасрэднага дасягнення імі ўразлівых сцен. У выніку гэтага з’явіліся зоркападобныя ўмацаванні з паслядоўнымі радамі гарнверкаў  (руск.) («клешчаў») і бастыёнаў, і найлепшым прыкладам з’яўляецца Бауртанге  (руск.), намаляваны злева. З гэтага перыяду існуюць шматлікія ўмацаванні ў скандынаўскіх краінах і ў Брытаніі, у тым ліку выдатны прыклад умацаванняў у Берык-апан-Туідзе  (англ.).

Зубец у форме ластаўчынага хваста  (ням.) ў замку Скалігераў  (англ.) у Сірміёне  (руск.)

Асноўным ваенным фактарам у фартыфікацыйным будаўніцтве гатычнага перыяду стал увядзенне ў канцы XIV — XV стагоддзях агнястрэльнай зброі, што асабліва паўплывала на будову і выгляд збудаванняў у тых частках Еўропы, дзе тады вяліся інтэнсіўныя ваенныя дзеянні (найперш Іспанія, Італія, Германія). Са з’яўленнем агнястрэльнай зброі сцены ўмацаванняў патаўшчаюцца, зубцы прыстасоўваюцца для агнястрэльнага бою (проразы — «ластаўчыны хвасты  (ням.)»), з’яўляюцца машыкулі і баявыя галерэі на каменных выступах (XIV стагоддзе).

Гарадскія ўмацаванні Правена  (фр.)

Асноўны ўплыў тут зрабілі ўзбуйненне краіны і яе інтэнсіўная ўрбанізацыя ў 12 — 15 стагоддзях, а таксама ваенны канфлікт з Англіяй 13 — 14 стагоддзяў. Новыя гарады ўмацоўваліся, старыя — перабудоўваліся. Асноўнай формай гарадскіх умацаванняў стаў абвод муроў з вежамі, якія выступалі наперад. Цыліндрычныя вежы сталі замяняцца авальнымі і нават трохвугольнымі[21] дзеля мінімізацыі мёртвай прасторы  (руск.). Іншым адметным тыпам гарадскіх умацаванняў былі паўднёва-французскія бастыды, частку з якіх тут будавалі і англійскія каралі, якія вылодалі тады некаторымі землямі ў Францыі[22].

Найбольшы тыповымі прыкладамі гарадскіх умацаванняў перыяду лічацца Мантабан (адзін з першых гарадоў з рэгулярнай планіроўкай, заснаваны ў 1144), бастыды Корд  (руск.) (заснавана ў 1222) і Бамон-дзю-Перыгор  (руск.) (1272) на поўдні Францыі, гарадскія ўмацаванні Эг-Морт  (руск.) (перабудаваны ў 13 стагоддзі), Вільнёў-лез-Авіньён  (руск.), перабудовы ўмацаванняў Парыжу[23], Правена  (фр.), Каркасона  (руск.), Кусі  (руск.) (перабудаваны на працягу 12 — 13 стагоддзяў).

Замак Нажак  (фр.)

Ва ўмовах росту цэнтралізацыі ўлады феадальныя замкі трацілі як значэнне, так і будучыню. Затое разам з магутнымі гарадскімі ўмацаваннямі (іх раннія прыклады — Эг-Морт  (руск.) і Каркасон  (руск.)) набывалі значэнне вялікія каралеўскія замкі, якія пачалі шырока будавацца Філіпам II Аўгустам з пачатку 13 стагоддзя, напрыклад, замак Нажак  (фр.) у Руэргу  (руск.) (1253; незвычайна высокія муры — 26 м) і Бастылія (1368—1382). Адмыслова ў такіх акалічнасцях выглядаў феадальны замак Кусі  (руск.) (12251240, перабудаваны ў канцы 14 стагоддзя, разбураны ў 1-ю сусветную вайну; меў найбольшы вядомы данжон — 54 м вышыні).

У 14 ст. добра прыкметная і палацавая мадэрнізацыя ў каралеўскіх замках (Луўр, збудаваны ў пачатку 13 стагоддзя, дабудаваны ў 14 стагоддзі; у такім выглядзе не захаваўся; П’ерфон  (руск.), 13901420). З’яўляецца тып умацаванай феадальнай рэзідэнцыі — пераходны тып ад замку да палацу, напрыклад, Папскі палац у Авіньёне (збудаваны ў асноўным у 13341352)[24].

Замак Бамарыс  (руск.)

У выніку дзеянняў каралеўскай улады ў 13 стагоддзі стыхійная будоўля феадальных замкаў была цалкам спынена. Кіраванне будоўлямі перайшло на агульнадзяржаўны ўзровень; быў улічаны досвед, набыты ў крыжовых заваёвах. Вялікая ўвага аддавалася размяшчэнню замка, яго стратэгічнай мэтазгоднасці.

Керлаверок  (руск.)

Існыя замкі мадэрнізаваліся — так, былі дадаткова ўмацаваныя замкі Пембрук  (руск.) (каля 1200, дабудаваны ў пачатку 13 стагоддзя) і Бістан  (англ.) (каля 1225; дададзены адметны роў 10,65 м шырыні і 8,52 м глыбіні, высечаны ў скале); будаваліся дадатковыя абводы муроў, калі замак стаяў на роўным месцы. Данжон траціць значэнне, і ў збудаваннях канца 13 — пачатку 15 стагоддзяў пераважна не будуецца. Цэнтр абароны пераносіцца на вежы, злучаныя куртынамі, асабліва на брамную вежу з мостам і герсамі. Уводзяцца паўкруглая, цыліндрычная або шматкутная форма вежаў, агульная рэгулярнасць у плане (прамавугольная ці трохвугольная). Тыповыя прадстаўнікі тыпу — новазбудаваныя замкі Харлех  (руск.), Бамарыс  (руск.) і Керлаверок  (руск.) (папярэднікамі тыпу з’яўляюцца Інверлок  (англ.) і Бёрнэл  (англ.) сярэдзіны 13 стагоддзя). Водгукі тыпу заўважаюцца ў збудаваннях 14 стагоддзя, такіх, як круглы замак Квінбара  (англ.) (1361—1377), замак Бодыям  (руск.) (1386—1390).

Аднак, панаванне новай схемы не было абсалютным — напрыклад, існавалі асабліва магутныя крэпасці, як каралеўскі замак Карнарвон  (руск.) ва Уэльсе. Новай тэндэнцыяй у англійскім фартыфікацыйным будаўніцтве стала дабудоўванне палацавых збудаванняў — Віндзорскі замак (дабудаваны на працягу канца 12 — канца 14 стагоддзяў), Ладлаў  (англ.), Дарэм, Вэстмінстэр (перабудаваны ў 1394—1402)[25].

Феадальныя ўсобіцы і нябыт моцнай цэнтралізаванай улады паспрыялі ранняму масаваму будаўніцтву феад. замкаў і гарадскіх умацаванняў. У гатычны перыяд у асноўным перабудоўваліся і дабудоўваліся, у тым ліку з увагай на з’яўленне агнястрэльнай зброі, ранейшыя ўмацаванні — ставіліся дадатковыя абводы муроў, рабіліся байніцы агнястрэльнага бою і гэтак далей.

Марыенбургскі замак

Новым тыпам крэпасцей сталі ордэнскія крэпасці з цэглы, збудаваныя ў вялікай колькасці ўздоўж балтыйскага ўзбярэжжа ў 13 — 15 стагоддзях (складаліся, пераважна, з буйнога прамавугольнага двара, абкружанага яруснымі аркадамі, корпусаў з вуглавымі вежамі, службовых памяшканняў і данжону). Тыповымі прыкладамі лічацца крыжацкі замак у Марыенбургу (1280—1398) і «замак Альбрэхта» ў Майсене (Саксонія; 1476—1483, аздабленне ў 1520—1524)

Новы замак у Інгальштаце

Прыкладамі тыповых, чыста крапасных замкаў і бургаў лічацца: замак  (ням.) у Кобленцы, крэпасць-бург  (ням.) у Трымбергу  (ням.) (14 — 15 стагоддзі), а таксама бургі ў Нюрнбергу  (руск.) (1494—1499), Штайнсбергу  (ням.) (13 стагоддзе), Ландсбергу  (руск.) (15 стагоддзе), замкі ў Бюдынгене  (ням.) (15 — 16 стагоддзі) і Інгальштаце  (руск.) (15 стагоддзе), бергфрыды ў Нейпергу  (ням.) (13 стагоддзе)[26].

На канструкцыю і выгляд іспанскіх умацаванняў гатычнага перыяду ў асноўным паўплывалі з’яўлянне агнястрэльнай зброі (як паўсюль), а таксама сканчэнне рэканкісты і ўмацаванне каралеўскай улады. Адным з прыкладаў абноўленых гарадскіх умацаванняў (патоўшчаныя сцены, выразаныя зубцы і пад.) лічыцца брама Серанас  (ісп.) у Валенсіі (1392—1398).

Замак Бельвер у Пальме

На змену характэрным для раманскага перыяду гарадам-крэпасцям у гэты часы прыйшлі ўмацаваныя замкі-рэзідэнцыі — іх асноўныя тыпы прадстаўляюць, з аднаго боку, замкі Монтэалегрэ  (ісп.) і Сатамаёр  (ісп.) (14 стагоддзе), а таксама замак Бельвер  (руск.) у Пальме на в. Мальёрка (1309—1314, будаваў майстар Перэ Сальвэ (ісп.: Pere Salvà)). Большасць такіх збудаванняў узведзена тут у 14 — 15 ст.

Замак Валенсія-дэ-Дон-Хуан
Замак Ла Мота

Але ваеннае значэнне замкаў паніжалася і далей, і яны набылі палацавыя, прадстаўнічыя рысы, а ў 2-й пал. 15 ст. нават псеўда-абарончыя, дэкарацыйныя, як, напрклад, замкі замак Валенсія-дон-Хуан  (ісп.) і замак каралёў Наварскіх  (руск.) у Алітэ (1419). Кульмінацыя гэтай плыні дасягнутая ў цагляных замках Ла Мота  (ісп.) ў Медзіна-дэль-Кампа  (руск.) (пасля 1440; архітэктары Фернанда Карэньё (ісп.: Fernando Carreño) і Алонса Ніньё (ісп.: Alonso Niño)) і Ла Кока (канец 15 стагоддзя)[27].

Рэканкіста і кансалідацыя каралеўскай улады завершыліся ў Партугаліі раней, чым у Іспаніі; апроч таго, урбанізацыя краіны была слабой; таму патрэба ў шматлікіх і магутных умаваннях знікла ў Партугаліі адносна рана. Асноўныя рысы фартыфікацыйнай архітэктуры тут у асноўным былі падобнымі з іспанскімі, але з той розніцай, што традыцыйнымі будаўнічымі матэрыялам тут быў мясцовы камень (граніт ці пясчанік), і амаль зусім не ўжывалася цэгла, як у Іспаніі[28].

Рока-дэльі-Альберы
Фартэца-ды-Сарцанела  (італ.)

Італія XIIIXIV стагоддзяў была сцэнай зацятых ваенных канфліктаў, і тагачасная італьянская фартыфікацыйная архітэктура прыкметна ўскладнілася, хоць італьянскі горад бараніўся ўжо не ад феадала, а ад горада-спаборніка. Так, агнястрэльныя байніцы на зубцах з’явіліся ў Італіі ўжо ў XIIIXIV стагоддзях. Аднак, зважаючы, што агульнагарадскія ўмацаванні былі ў большасці створаныя раней, новая тэхніка выяўлялася больш у асобных умацаваннях (фортах), часта — у герцагскім замку, пастаўленым у межах горада. Прыклады — форт Рока-дэльі-Альберы ў Мантаньяна  (руск.) каля Падуі (мяжа 13 і 14 ст.), крэпасць Фартэца-ды-Сарцанела  (італ.) каля Сарцаны (яна ж — Кастэла-ды-Каструча-Кастракані, 1322); замак герцагаў Скалігераў у Вероне — Кастэльвек’ё  (руск.) (1354), замак д’Эстэ  (руск.) ў Ферары (1385), замак Рока-дзі-Градара  (англ.) каля Пезара (1325) і аналагічныя замкі ў Чазене  (руск.) (Рока-Малатэсціяна  (англ.)) і Рыміні (Сізмонда  (англ.))[29].

З’яўленне ў ХІХ стагоддзі разрыўных снарадаў прывяло да наступнага этапу ў развіцці фартыфікацыі. Зорныя форты гарматнай эпохі апынуліся неэфектыўнымі супраць уздзеяння выбуховых рэчываў, а складанае размяшчэнне бастыёнаў, флангавых батарэй і старанна пабудаваных ліній агню для абарончых гармат магло быць хутка разбурана аскепкава-фугаснымі снарадамі  (руск.). Што яшчэ горш, вялікія адкрытыя равы, якія атачалі ўмацаванні гэтага тыпу, былі такой жа неад’емнай часткай абарончай схемы, як і абароненая дарога на краі контрэскарпа  (руск.). Рвы былі надзвычай уразлівыя да абстрэлу разрыўнымі снарадамі.

Табліца ўмацаванняў, Цыклапедыя  (руск.) 1728

У адказ на гэта ваенныя інжынеры распрацавалі паліганальны  (англ.) стыль фартыфікацыі. Роў стаў больш глыбокім з вертыкальнымі бакамі, выразанымі непасрэдна ў жывой скале або глебе, выкладзенымі ў шэраг прамых ліній, якія ўтваралі цэнтральную ўмацаваную зону, што і дало назву стылю ўмацавання. Досыць шырокі, каб стаць непраходнай перашкодай для наступаючых войскаў, але і дастаткова вузкі, каб стаць складанай мішэнню для абстрэлу праціўніка, роў прыкрываўся агнём з абарончых блокгаўзаў  (руск.), размешчаных у рове, а таксама агнявых пазіцый, прарэзаных у вонкавым баку рова.

Профіль форта сапраўды стаў вельмі нізкім, звонку ён быў акружаны ровам са спадзістай адкрытай пляцоўкай, каб ліквідаваць магчымае прыкрыццё варожых сіл, у той час як сам форт быў мінімальнай мішэнню для варожага агню. Пунктам ўваходу сталі апушчаныя дзверы ва ўнутраным баку рова, да якіх вёў звілісты пандус, што забяспечваў доступ да дзвярэй праз пад’ёмны мост, які можна было ўцягнуць ва ўваходную браму.

Большая частка форта была размешчана пад зямлёй, з глыбокімі праходамі, якія злучалі блокгаўзы і агнявыя кропкі  (руск.), размешчаныя ў рове з самім фортам, з магазінамі  (руск.) і машыннымі аддзяленнямі глыбока пад паверхняй.

Тым не менш, гарматы часта размяшчаліся на адкрытых пазіцыях, абароненых толькі парапетамі, каб захаваць нізкі профіль і таму, што вопыт працы з гарматамі ў закрытых казематах паказаў, што друз, які ўтвараўся ў выніку абвалу тых жа казематаў, вывеў з ладу гарматы, размешчаныя ў іх.

Горад Шыбам, Емен з XVI стагоддзя акружаны ўмацаваным валам

Сталёвыя і бетонныя ўмацаванні былі звычайнай з’явай на працягу XIX і пачатку XX стагоддзяў, але прагрэс у сучаснай вайне пасля заканчэння Першай сусветнай вайны зрабіў буйнамаштабныя ўмацаванні састарэлымі ў большасці сітуацый. Толькі падземныя бункеры  (укр.) яшчэ могуць забяспечыць нейкую абарону ў сучасных войнах. Многія гістарычныя ўмацаванні былі разбураны ў розныя часы і па розных прычынах, але значная іх колькасць ацалела, так што ў многіх краінах яны прадстаўляюць сабой папулярныя турыстычныя месцы і вядомыя мясцовыя славутасці  (укр.).

Форт Мехрангарх  (руск.) у Джадхпуры, Раджастхан

Заняпад пастаянных умацаванняў быў абумоўлены трыма прычынамі. Пастаянна ўзрастаючая моц артылерыі і авіяцыі азначала, што практычна любая ваенная мэта, якую можна было знайсці, магла быць знішчана, калі супраць яе выкарыстаць дастаткова масіўную сілу. Такім чынам, чым больш абаронца ўкладваў рэсурсаў ва ўмацаванне фартыфікацыйнага збудавання, тым больш баявой моцы, якую ўмацаванне апраўдвала, павінна было ўкласці ў яго разбурэнне, калі стратэгія нападніка патрабавала разбурэння ўмацавання. Яшчэ адным недахопам пастаяннай фартыфікацыі была яе працягласць. Менавіта з-за гэтага фартыфікацыю часта было лягчэй абыйсці, і з развіццём мабільнай вайны ў пачатку Другой сусветнай вайны яна стала прыдатным наступальным выбарам. Калі абарончая лінія была занадта шырокай, каб яе цалкам абыйсці, масавая атака магла быць сканцэнтравана супраць адной часткі лініі, што дазваляла прарвацца, пасля чаго астатнюю лінію можна было проста абысці. Такі лёс напаткаў многія абарончыя лініі, пабудаваныя да і падчас Другой сусветнай вайны, такія як лінія Мажыно, лінія Зігфрыда, лінія Сталіна і Атлантычны вал  (руск.). (У выпадку з Атлантычным валам мэта ўмацавання заключалася ў тым, каб запаволіць уварванне, каб даць магчымасць прыбыць падмацаванню). Трэцім слабым месцам з’яўляецца развіццё сучаснай агнявой моцы хутчэй, чым павялічваецца трываласць пастаянных умацаванняў, паколькі простая батарэя або бамбардзіроўка можа лёгка разбурыць самыя складаныя сучасныя ўмацаванні. Вырабляць такую сучасную асадную зброю значна прасцей і танней, чым будаваць умацаванні любога тыпу.

Наадварот, палявыя ўмацаванні сталі дамінуючымі ў абарончых дзеяннях. У адрозненне ад акопнай вайны, якая дамінавала ў Першай сусветнай вайне, гэтая абарона насіла больш часовы характар. Гэта ўяўляла сабой паляпшэнне, паколькі яны былі меншага памеру, утвараючы менш бачную цэль для варожых сіл, якія маглі быць накіраваны супраць іх. Калі ў адным пункце было сканцэнтравана дастаткова моцы для пранікнення, сілы, якія базуюцца ў гэтым пункце, маглі б адысці, і лінія магла б быць адноўлена адносна хутка. Замест, як мяркуецца, непранікальнай абарончай лініі, такія ўмацаванні падкрэслівалі абарону ў глыбіню, каб лініі абаронцаў за імі маглі ўзяць на сябе абарону, калі абаронцы былі вымушаныя адступіць або былі ў колькаснай перавазе.

Крэпасць Касціла-дэ-Сан-Маркас  (англ.) у Сент-Агасціне  (укр.), штат Фларыда

Паколькі рухомыя наступальныя дзеянні, якія праводзіліся абодвума бакамі, звычайна былі накіраваны на абыход самых моцных пунктаў лініі абароны, такая абарона звычайна была адносна тонкай і працягвалася ўздоўж усёй лініі. Абарона звычайна не была аднолькава моцнай па ўсёй лініі. Моц абарончай лініі ў раёне вар’іравалася ў залежнасці ад таго, наколькі хутка атакуючыя сілы маглі наступаць на абароненую мясцовасць — мясцовасць і абарончая лінія падымаліся разам, як і вобласць за абарончай лініяй, у якую атакуючы мог прарвацца. Абодзве былі аб’ектамі стратэгічнага і абарончага значэння мясцовасці.

Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што наступальная і абарончая тактыкі аднолькава арыентаваліся на мабільнасць. Асноўная абарона складалася ў асноўным з пяхоты і супрацьтанкавых гармат  (укр.). Танкі абароны і знішчальнікі танкаў былі сканцэнтраваны ў мабільных «агнявых камандах» за лініяй абароны. Калі буйное наступленне пачыналася супраць пункта на лініі, мабільныя падмацаванні маглі быць накіраваны для ўмацавання лініі, якая была пад пагрозай падзення. Такім чынам, лінія абароны была адносна тонкай з-за назапашвання баявой моцы абаронцаў, якая канцэнтравалася не на самой лініі, а на мабільных рэзервах. Вядомым выключэннем з гэтага правіла былі абарончыя рубяжы ў Курскай бітве падчас Другой сусветнай вайны, калі нямецкія войскі наўмысна атакавалі найбольш моцную частку савецкіх абарончых пазіцый, спрабуючы цалкам іх разбіць.

Галоўнае значэнне мела мясцовасць, якая абаранялася, бо адкрытая мясцовасць, па якой танкі маглі хутка рухацца, дазваляла хутка прасоўвацца ў тыл абараняючыхся, што было вельмі небяспечна для тых, хто абараняўся. Таму такую мясцовасць трэба было абараняць любой цаной. Больш за тое, паколькі тэарэтычна абарончая лінія павінна пратрымацца толькі дастаткова доўга, пакуль не прыбудзе падмацаванне з мабільных рэзерваў, мясцовасць, якая не дазваляе хутка прасоўвацца, можа ўтрымлівацца больш слабымі сіламі, таму што прасоўванне праціўніка там будзе больш павольным, што дасць абаронцам дастаткова часу для ўмацавання што кропка на лініі. Напрыклад, бітва ў Хюртгенскім лесе ў Германіі на заключным этапе Другой сусветнай вайны з’яўляецца выдатным прыкладам таго, як непраходную мясцовасць можна было выкарыстоўваць на карысць абаронцам.

Сучаснае выкарыстанне

[правіць | правіць зыходнік]

Форты ў сучасным выкарыстанні часта адносяцца да тэрыторыі, прызначанай урадам для пастаяннай ваеннай базы; яны звычайна не маюць ніякіх фактычных умацаванняў і могуць мець спецыялізацыю (казармы, адміністрацыя, медыцынскія ўстановы або разведка). У амерыканскім выкарыстанні форты адносяцца да армейскіх аб’ектаў; аб’екты марской пяхоты пазначаюцца як лагеры.

  1. Уласцівыя менш аселым народам і пашыраныя ў больш умеркаваным клімаце, у т.л. пад пач. 20 ст. — у абарыгенных народаў Амерыкі, Афрыкі і астравоў Акіяніі. Якаўлеў, С.12-13.
  2. (Фартыфікацыя і аблога) Fortification and siegecraft // Encyclopaedia Britannica, 11th edition, 1911. Т.10, С.680—725.
  3. а б в Якаўлеў. Гісторыя крэпасцей.
  4. а б в Фартыфікацыя і аблога… С.681-682.
  5. Усеагульная гісторыя архітэктуры, С.101.
  6. Тып вядомы ў літаратуры і пад іншымі назвамі і тэрмінамі — глядзі адпаведны раздзел.
  7. На думку Віяле ле Дзюка, на падставе праблематычнага датавання замка Арк  (англ.) сярэдзінай 11 ст. Усеагульная гісторыя…, С.102.
  8. Найстарэйшы з датаваных замкаў.
  9. Тыпалагічна адносіцца да 1-й пал. 12 ст.
  10. Усеагульная гісторыя архітэктуры…, С.171 — 186.
  11. а б в Усеагульная гісторыя…, С.205 — 215.
  12. Як правіла, у тых замкаў не існуюць і стылістычныя прыкметы. Усеагульная гісторыя…, С.214.
  13. а б в Усеагульная гісторыя…, Т.4, С.245 — 259.
  14. Усеагульная гісторыя…, Т.4, С.270 — 322.
  15. KSAR LEMSA Архівавана 20 чэрвеня 2018. (англ.)
  16. Усеагульная гісторыя архітэктуры…, С.156,157.
  17. Усеагульная гісторыя…, Т.4, С.515 — 526.
  18. а б Усеагульная гісторыя…, Т.4, С.530 — 545.
  19. а б Г. Семянчук. Да праблемы генезісу і функцыянальнага прызначэння раннесярэднявечных умацаваных паселішчаў-замкаў на тэрыторыі Беларусі // Castrum, urbis et bellum: Зборнік навуковых прац, 2002 — 421 с.
  20. Усеагульная гісторыя архітэктуры…, С.155—170.
  21. У вобласці Правен  (руск.), XIII стагоддзе
  22. Усеагульная гісторыя… Т.4, С. 345—352.
  23. Первые средневековые укрепления Парижа удалось найти(недаступная спасылка) (руск.)
  24. Усеагульная гісторыя… Т.4, С. 397—402.
  25. Усеагульная гісторыя… Т.4, С. 425—428.
  26. Усеагульная гісторыя… Т.4, С. 454—456.
  27. Усеагульная гісторыя… Т.4, С. 470—473.
  28. Усеагульная гісторыя… Т.4, С. 488.
  29. Усеагульная гісторыя… Т.4, С.496,497.
  • Яковлев. Эволюция долговременной фортификации.
  • Всеобщая история архитектуры. Т.4. — Л.-М., 1966. — 693 с.
  • Chisholm, Hugh, рэд. (1911). "Fortification and Siegecraft" . Encyclopædia Britannica(англ.). Vol. 10 (11th ed.). Cambridge University Press. pp. 680–725.