Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Г. Каханоўскі)
Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі
Дата нараджэння 8 студзеня 1936(1936-01-08)
Месца нараджэння
Дата смерці 15 студзеня 1994(1994-01-15) (58 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці літаратуразнавец, гісторык, археолаг, краязнавец
Навуковая сфера гісторыя[1], краязнаўства[1], фалькларыстыка, археалогія[1], этнаграфія і літаратуразнаўства
Месца працы
Навуковая ступень доктар гістарычных навук
Альма-матар
Узнагароды
медаль Францыска Скарыны

Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі (8 студзеня 1936, в. Дамашы, Маладзечанскі раён — 15 студзеня 1994, г. Маладзечна, Маладзечанскі раён) — беларускі гісторык, археолаг, краязнавец, фалькларыст, літаратуразнавец.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

З 1959 года ўдзельнічаў у раскопках у Крыме і Беларусі (пераважна на Міншчыне). Скончыў Маскоўскі педагагічны інстытут (1963). 3 1964 — супрацоўнік, намеснік дырэктара і дырэктар Мінскага абласнога краязнаўчага музея ў Маладзечне. У 1979 годзе абараніў кандыдацкую па тэме «Станаўленне археалогіі і гістарычнага краязнаўства Беларусі ў эпоху феадалізму», з 1981 — старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1991 — старшы навуковы супрацоўнік, загадчык аддзела Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны. Ініцыятар стварэння і першы старшыня Беларускага краязнаўчага таварыства (1989)[2]. Доктар гістарычных навук (1992).

Даследаваў гісторыю археалогіі, музейнай справы, краязнаўства, пытанні аховы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Выступаў у друку пад псеўданімамі Габрук, Верасень, Г. Гак. Аўтар літаратурна-краязнаўчых нарысаў пра Я. Купалу, М. Багдановіча, Я. Баршчэўскага, А. Гурыновіча, Ф. Тапчэўскага, М. Чарота, гісторыка-эканамічных нарысаў «Вілейка» (1974), «Маладзечна» (1988) і інш. Адзін з аўтараў помніка «Дарозе» ў в. Мясата на Маладзечаншчыне.

Уклад у развіццё Мінскага абласнога краязнаўчага музея[правіць | правіць зыходнік]

Працуючы з 1964 па 1982 год спачатку навуковым супрацоўнікам, а затым намеснікам дырэктара па навуковай працы і дырэктарам Мінскага абласнога краязнаўчага музея, Г. А. Каханоўскі сабраў і перадаў у фонд музея 279 прадметаў музейнага значэння. Працуючы навуковым работнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі, Каханоўскі перадаў музею яшчэ 9 знакавых прадметаў.

У музейнай калекцыі захоўваецца шэраг каштоўных і рэдкіх кніг Заходняй Беларусі, надрукаваных у Вільні, і набытых музеем, дзякуючы Генадзю Аляксандравічу, з якіх у Беларусі маюцца толькі адзінкавыя экзэмпляры. Сярод кніг, здадзеных ім, у музейным фондзе захоўваюцца і кнігі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, як правіла, з дароўным надпісам аўтара: Уладзіслава Сыракомля «Паэзія», т. 3, 7 (Варшава, 1872), «Выбраныя творы» т. 4 (Варшава, 1890), кніга «Виленские новости» (Вільня, 1862), Ніла Гілевіча «Як я вучыўся Жыць» (1974), «Хай зорыць дзень» (з А. Разанавым пераклад з балг., 1976), Генрыха Далідовіча «Маладыя гады» (1979), Васіля Зуёнка «Сяліба» (1973), «Час Вяртання» (1981), Міколы Корзуна «Зоркі на танках» (1982), Эміліі Кунавіч «Шэры гусь» (1976), Альберта Паўловіча «Выбарнае» (1976), Аляксея Пяткевіча «Сюжэты. Кампазіцыя. Характар: Аб прозе Кузьмы Чорнага» (1981), Максіма Танка «Вершы, паэма 1930—1945» (1978), Івана Шуцько «Чужая хатка» (1958), «Дзіма хоча быць героем» (1965), Дыяны Чаркасавай «Старое? Новае? Вечнае!»(1976), Эдуарда Ярашэвіча «Практыка ў Вербічах» (1975), кніга, прысвечаная касмічнаму палёту У. Кавалёнка «140 суток в космосе» (1981) і інш. Усе свае выпушчаныя кнігі Г. А. Каханоўскі перадаў на захаванне ў музей. Генадзь Аляксандравіч ўвёў ва ўжытак адкрытыя і выяўленыя ў беларускіх архівах, бібліятэках, музеях невядомыя раней гістарычныя дакументы, працы, адкрыцця (Грамату Даленгу-Хадакоўскаму, рукапісы Тэадора Нарбута, Адама Кіркора, Уладзіміра Завітневіча і інш.). Вярнуў сучаснікам і будучым пакаленням невядомыя і забытыя імёны знакамітых беларусаў-пісьменнікаў Івана Піліпава (сапр. Нялепка Язэп Піліпавіч), Язэпа Шпэта, Юзю Шчупака (сапр. Сайкоўскі Язэп Язэпавіч) і інш.

Знайшоў маляўнічы куточак Маладзечаншчыны — вёску Ракуцёўшчыну, у якой улетку 1911 года пражываў і тварыў М. Багдановіч, дзе ён упершыню сустрэўся з роднай беларускай стыхіяй. Дзякуючы яму нам шмат што стала вядома пра даследчыкаў беларускай навукі, культуры, літаратуры: Адама Кіркора, Тодара Нарбута, Яўстафія і Канстанціна Тышкевічаў, Яна Баршчэўскага, Тамаша Зана, Яна Чачота, В. Дуніна-Марцінкевіча і інш.

Вельмі рэдкай рэччу, рарытэтам, упрыгожаннем музейнага фонду з'яўляецца знойдзеная і перададзеная Генадзем Аляксандравічам «Грамата Віленскага універсітэта Зарыану Даленгу-Хадакоўскаму» (сапр. Адам Чарноцкі, вядомы беларускі археолаг, фалькларыст, этнограф, славяназнавец) са зваротам да дзяржаўных устаноў і прыватных асоб Расійскай імперыі і іншых краін аб аказанні яму дапамогі ў зборы помнікаў старажытнасці славянскіх народаў. Напісаная ў 1818 годзе на лацінскай, рускай і польскай мове, «Грамата» з'яўляецца першым вядомым у Беларусі адкрытым лістом, які даў дазвол на археалагічныя раскопкі.

Дзякуючы намаганням Генадзя Аляксандравіча, у 1968 годзе фонд Мінскага абласнога краязнаўчага музея папоўніўся сапраўдным шаўковым залататканым слуцкім поясам, які паступіў з Масквы (акт № 658 ад 1968/11/27 г.), з Дзяржаўнага гістарычнага музея. У Дзяржаўны гістарычны музей паступіў у 1905 з збораў музея П. І. Шчукіна. Пояс мае памеры 244×29,5 см. Агульны яго фон залаты з палосамі трох розных малюнкаў сіняга, зялёнага, срэбнага і ружовага колераў.

Як вядома ў 1385 годзе пасля заключэння Вялікім Княствам Літоўскім Крэўскай уніі з Польшчай ўладальнікі іншых зямель падпісвалі лісты вялікага князя літоўскага Ягайлы, які адначасова стаў і Польскім каралём, на «веранае паслушэнства». Такі прысяжны ліст, датаваны 16 снежнем 1388 года, падпісаў у Маладзечне і накіраваў у Вільню Ягайлу князь Дзмітрый Альгердавіч, у якім упершыню ў гістарычных крыніцах узнадваецца Маладзечна. Сёння краязнаўчы музей стараннямі Генадзя Аляксандравіча мае копію спісу (19 ст.) названага ліста. Дзякуючы менавіта гэтаму дакументу, стаў вядомы час заснавання Маладзечна.

Цікавымі знаходкамі Генадзя Аляксандравіча з'яўляюцца:

  • Уборы ксяндза Адама Станкевіча — вядомага беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, выдаўца, гісторыка, публіцыста, літаратуразнаўца.
  • Скарб манет, у тым ліку з выявай «Пагоні», вырабленых на Брэсцкім, Ковенскім, Малбарскім (Польшча) манетных дварах у 1648—1668 гг., Знойдзеных у вёсцы Дарахі;
  • Зуб двурогага валасатага насарога, датуемы 130—10 тыс. гадоў да нашай эры, знойдзены ў Маладзечне
  • Археалагічная калекцыя керамічнага посуду (рэшткі) XIVXVI стст. знойдзеныя ў вёсцы Маркава
  • Фрагмент кафлі з Маладзечанскага замчышча XVIXVII ст.
  • Фрагмент тканіны (палова 19 стагоддзя) для андарака, якая мае цікавы малюнак чырвонага, зялёнага, фіялетавага колераў.

Значную цікавасць уяўляе пісьмо Б. Тарашкевіча сваім родным, напісанае ў 1931 годзе з Гродзенскай турмы лацінскімі літарамі на беларускай мове і прызначэнне Б. Тарашкевіча з 01.09.1922 года дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, зробленае (на польскай мове) у Варашаве Міністрам народнай адукацыі Польшчы.

Аб гаротным жыцці беларускага сялянствам сведчыць купчая на зямлю ад 4 сакавіка 1909 года заключаная паміж дваранкай і селянінам засц. Масцішча Вілейскага павета Кісялём Г. М.

Прыцягваюць да сябе вялікую ўвагу царкоўныя дакументы:

  • Сведчанні аб адсутнасці перашкодаў для шлюбу;
  • Падпіскі аб абавязку не пераследаваць супруга за веру пры ўступленні ў шлюб праваслаўных з каталікамі
  • Падпіскі каталікоў пры уступленні ў шлюб з праваслаўнымі аб хрышчэнні і выхаванні дзяцей у праваслаўнай веры.

Безумоўна каштоўнымі экспанатамі з'яўляюцца:

  • Фотаздымкі выпускнікоў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі
  • Фотаздымак Валянціна Таўлая з супрацоўнікамі газеты «Уперад» (1940)
  • Насценны знак «Сеймік Маладзечанскі 303» (на польскай мове 1932), які сведчыў аб месцы пражывання члена сейміках (сеймік — з'езд шляхты павета або ваяводства Польшчы, які выбіраў дэпутатаў у сойм, кандыдатаў у зямельныя суды і трыбунал)
  • Шкатулка з зямлёй з Мамаева кургана з надпісам: "Працоўным Маладзечна ў Дзень 30-годдзю разгрому акружнай групоўкі нямецкая-фашысцкіх захопнікаў пад Сталінградам, Дзе стаялі насмерць воіны 3-га Гвардзейскага Сталінградскага механізаванага корпуса пад камандаваннем генерал-лейтэнант В. Ц. Абухава ", які вызваляў і Маладзечна.

Так сама дзякуючы Генадзю Каханоўская, у музеі з'явілася і скрыпка з сядзібы Агінскіх (пакуль дакладна невядома, ці прыналежыла яна менавіта Міхалу Клеафасу). Унікальныя калекцыі часопісаў перыяду 1926—1939 гг. («Наш шлях», «Студэнцкая думка», «Шлях моладзі», «Заранка» папулярны ў той час часопіс «Крывіч» газет «Беларуская справа» і «Народная справа», якія выходзілі ў 1926 годзе ў Вільні з-за цэнзуры то пад адным, то пад іншай назвай, кніг, выдадзеных у Вільні ў 1939 годзе. Супрацоўнікі дзяржаўнага літаратурнага музея лічаць маладзечанскія калекцыі унікальнымі, паколькі гэтыя выданні захаваліся ў Беларусі толькі ў некалькіх асобніках.

Таксама Г. А. Каханоўскі знайшоў для маладзечанскага музея унікальную фатаграфію першай пастаноўкі Купалаўскай «Паўлінкі», архіў Паўліны Медзёлкі з яе дзённікавых запісаў. Апошні з пералічанага Генадзь Каханоўскі адшукаў у Будслаўскім сельсавеце на Мядзельшчыне, на радзіме актрысы. Акрамя гэтага Генадзь Аляксандравіч здабыў для музея рэчы Героя Савецкага Саюза генерала Кузьмы Мікітавіча Галіцкага у гонар якога названая адна з вуліц у горадзе Маладзечна.

Разам з тым, Генадзь Аляксандравіч з'яўляецца адным з аўтараў помнікаў: подзвігу экіпажа капітана Селязнёва Ф. А. каля вёскі Дамашы, на брацкай магіле лётчыкаў экіпажа Андрыякіна М. С. у вёсцы Краснае, каля гасцініцы Маладзечна і на месцы разгрому ў 1812 годзе французскага корпуса маршала Віктара пад Маладзечнам, М. Багдановічу ў Ракуцёўшчыне, С. Рак-Міхайлоўскаму ў Максімаўцы, паўстанцам 1863—1864 гадах, у Плябані, мемарыяльнай дошкі Б. Тарашкевіча ў Радашковічах.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984;
  • Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
  • Повязь часоў. Мн., 1985;
  • Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму. Мн., 1989 (разам з Л. Малаш, К. Цвіркам);
  • Прадвесне навукі. Мн., 1990;
  • Руплівец нашай старасветчыны: Яўстах Тышкевіч. Мн., 1991 (разам з А. Каханоўскім);
  • А сэрца ўсё імкне да бацькоўскага краю…: 3 біяграфіі М. Багдановіча. Мн., 1991;
  • Мемуарная літаратура і краязнаўства //«Рэгіянальная газета», 7 студзеня 2000 г., № 1 (246), 4 лютага 2000 г., № 5 (250).

Зноскі

  1. а б в Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
  2. Сяргей Чыгрын. «Генадзь Каханоўскі — краязнавец» //«Рэгіянальная газета», 7 студзеня 2000 г., № 1 (246)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гужалоўскі, А. А. Гісторыя музейнай справы Беларусі: вучэб. — метад. дапам./А. А. Гужалоўскі.—Мінск: БДУ, 2012. — 303 с. elib.bsu.by/bitstream/123456789/57488/1/Guzhalovsky.pdf
  • Каханоўскі, Г. А. Повязь часоў / Г. А. Каханоўскі. — Мінск : Полымя, 1985. — 110 с.
  • Даклад навуковага супрацоўніка Мінскага абласнога краязнаўчага музея Баброўскага Б. В. на навукова-краязнаўчай канферэнцыі «Г.А Каханоўскі і яго час».