Г. Лейвік
| Г. Лейвік | |
|---|---|
| | |
| Асабістыя звесткі | |
| Дата нараджэння | 25 снежня 1888[1][2][…] |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 23 снежня 1962[1][2][…] (73 гады) |
| Месца смерці | |
| Грамадзянства | |
| Прафесійная дзейнасць | |
| Род дзейнасці | пісьменнік, паэт, tapissier |
| Мова твораў | ідыш |
| Грамадская дзейнасць | |
| Партыя | |
Г. Лейвік (ідыш: ה. לייוויק, англ.: H. Leivick; сапраўднае імя і прозвішча Лейвік Гальперн; 25 снежня 1888, Ігумен - 23 чэрвеня 1962, Нью-Ёрк) — яўрэйскі паэт і драматург, які пісаў на ідыш[4][5][6].
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Старэйшы сын у шматдзетнай сям'і. Бацька быў нашчадкам мінскага рабіна Ар’е Леб бен-Ашэра, працаваў настаўнікам, даваў урокі яўрэйскай граматы дзяўчатам. З пяці гадоў Лейвік вучыўся ў хедары, з дзесяці - у ешыбоце спачатку ў мястэчку Беразіно, а ў 1901-1903 гг. у Мінску. Каля 1905 г. стаў актыўным членам Бунда. Быў арыштаваны на бундаўскай дэманстрацыі ў Ігумне, але адпушчаны.
У 1906 г. быў зноў арыштаваны за захоўванне нелегальнай літаратуры. Яго тры месяцы трымалі ў вязніцы ў Ігумне, а потым два гады ў Мінску да суда. Анархіст Марыс Шульмайстэр у сваіх успамінах згадвае:
Камеру са мной дзяліў паэт і бундовец Лейвік. За тры гады, якія мы разам прасядзелі, ён напісаў мноства вершаў і п'ес[7].
На судзе (1908) адмовіўся ад абароны, абвясціў сябе перакананым змагаром з самадзяржаўем і быў прысуджаны да чатырох гадоў катаржнай турмы і пажыццёвай ссылкі ў Сібір. У 1910 г. пераведзены ў Бутырскую турму, а ў 1912 г. дастаўлены ў пасёлак Віцім на Лене, адкуль вясной 1913 г. уцёк у ЗША.
У 1914 г. наняўся на фабрыку дзіцячага адзення ў Філадэльфіі; пазней, аж да 1932 г., ужо стаўшы прызнаным пісьменнікам, працаваў маляром-шпалернікам у Нью-Ёрку.
З 1924 г. стаў друкавацца ў газеце амерыканскіх камуністаў „Фрайхайт“ і ў іх часопісе „Дэр Хамер“.
У канцы 1925 г. - пачатку 1926 г. распачаў паездку па Еўропе (Англія, Францыя, Германія, Польшча), якая завяршылася наведваннем Савецкага Саюза, дзе паэт быў гасцінна сустрэты (зборнікі яго вершаў былі выдадзены ў Маскве і Кіеве).
У верасні 1925 года наведаў Мінск. У лісце да сваёй жонкі ў Нью-Ёрку дзяліўся ўражаннямі ад жыцця ў беларускай сталіцы:
Людзі апрануты вельмі сціпла, і я нават саромеюся хадзіць па вуліцы ў сваім яркім гарнітуры. Менавіта таму я яго і не нашу. Ад голаду тут ніхто не пакутуе, ежы і пітва ў дастатку... каштуе ежа вельмі нядорага. Горы садавіны... мяса і малочных прадуктаў. Беднасць перш за ўсё прыкметная ў адзенні. Зрэшты, у Мінскай губерні і тутэйшых мястэчках ніколі асабліва не сачылі за модай - у любой сям'і мелася на ўсіх адна пара чаравікоў[8].
Пабываў у Інбелкульце і быў моцна ўражаны працаю, якую вяла беларуская інтэлегенцыя ў аднаўленні нацыянальнай культуры. Пазней, пры сустрэчы з яўрэйскімі дзеячамі ў Маскве, Лейвік адзначаў: “Нажаль, у вашай працы адчуваю нейкую боязь, заціснутасць... Няма таго пафасу, таго трымцення, з якім беларусы ставяцца да сваёй культуры...”[6].
Аднак Маісей Літвакоў з пазіцый Яўсекцыі папракнуў Лейвіка ў сацыяльным песімізме, а пасля выхаду яго шляхавых нататак «На пачатковым рубяжы» (Кіеў, 1925) — у няслушнай ацэнцы ўзроўню яўрэйскай літаратуры ў Савецкім Саюзе і савецкага шляху грамадскага развіцця. На зваротным шляху ў ЗША ў студзені 1926 года зноў наведаў Мінск, дзе яўрэйскія культурныя колы наладзілі ў яго гонар шэраг літаратурных чытанняў[9].
У 1929 г., як многія яўрэйскія пісьменнікі, парваў з камуністычнай прэсай, калі апошняя абвясціла крывавыя антыяўрэйскія акцыі арабаў у Эрэц-Ісраэль нацыянальна-вызваленчым рухам.
У 1950 і 1957 гг. наведаў дзяржаву Ізраіль і пачаў задумвацца аб пераездзе, але ў 1958 г. параліч прыкаваў паэта да ложка.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]
У ешыбоце захапіўся літаратурай Хаскалы і пачаў пісаць вершы на іўрыце. У 1907 г.у мінскай турме (у чаканні суда) напісаў на ідышы драматычную паэму «Ланцугі Месіі» (апубл. 1939) і шэраг вершаў, з якіх адно з’явілася тады ж у нью-ёркскай газеце «Цайтгайст». Узяў псеўданім, каб пазбегнуць блытаніны з вядомым паэтам-цёзкам Мойшэ-Лейбам Гальпернам.
У літаратурныя колы Лейвік увайшоў у Філадэльфіі, дзе М. Кац, рэдактар газеты «Дзі ідышэ велт» і Барух Нахман Чарны, які заведваў філіялам газеты «Форвертс», сталі публікаваць яго творы ў сваіх выданнях. Пазней Чарны дапамог яму выдаць першы зборнік вершаў „Пад замком“ (1918) — аб цяжкім дзяцінстве, турме, спасылцы, уцёках (цыкл „На сібірскіх дарогах“, 1916). Тыя ж тэмы вар’іраваліся і ў другім зборніку „Вершы“ (1919). У імкненні паэта разнастаіць метрыку, лексіку, інтанацыйны лад адбілася ўплыў літаратурнага руху „Di yunge“, у выданнях якога Лейвік часта выступаў.
У 1917-20 гг. былі напісаны чатыры паэмы пра пагромы (у тым ліку „Воўк“). Адначасова Лейвік працаваў над праславіўшай яго драматычнай паэмай „Голем“[10] (апубл. 1921; упершыню пастаўлена ў Маскве тэатрам „Габіма“ у 1925 г. у перакладзе на іўрыт). У 1921-29 гг. працягваў працаваць у жанры драматургіі („Рыззё“, 1921; „Фабрыка“, 1927; „Гірш Лекерт“, 1927[11]; „Ланцугі“, 1929, і інш.).
У 1930-х гг., нягледзячы на абвастрэнне застарэлага сухотаў, прыходзіць у лірыцы да прасветленага прымання свету („Вершы з раю“, 1937), а ў драматургіі — да філасофскага асэнсавання жыцця, выкарыстоўваючы пераважна біблейскія сюжэты і сярэднявечныя легенды. Асаблівым лірызмам у творчасці гэтых гадоў вылучаецца драматычная паэма „Абеляр і Элаіза“ (1936). Важным пачынаннем гэтых гадоў было прадпрынятае Лейвікам сумесна з Апатошу выданне альманаха „Замлбіхер“ (1936-52; выйшла восем тамоў) з мэтай публікаваць лепшыя творы на ідыш пісьменнікаў, якія жывуць у розных краінах.
Катастрофе еўрапейскага яўрэйства прысвяціў драму „Цуд у гета“ (1940), зборнік вершаў і паэм „Я не быў у Трэблінцы“ (1945), драматычную паэму-містэрыю „Вяселле ў далёкім лесе“ (1949) і нататкі «З ацалелымі рэшткамі» (1947) пра наведванне лагераў яўрэйскіх бежанцаў у пасляваеннай Германіі.
Ушанаванне
[правіць | правіць зыходнік]У Тэль-Авіве знаходзіцца "Дом Лейвіка", дзе размешчаны Асацыцыяцыя пісьменнікаў і журналістаў на ідышы ў Ізраілі, Выдавецтва Г. Лейвіка і Ізраільскі цэнтр культуры ідыш[12].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Deutsche Nationalbibliothek Record #11900674X // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 4 мая 2014.
- ↑ а б H. Leivick // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ https://www.jta.org/1962/12/24/archive/h-leivick-worlds-foremost-yiddish-poet-dies-after-long-illness
- ↑ Denman, Hugh. "Leivik, H." Encyclopaedia Judaica, edited by Michael Berenbaum and Fred Skolnik, 2nd ed., vol. 12, Macmillan Reference USA, 2007, pp. 629-631. Gale eBooks, link.gale.com/apps/doc/CX2587512101/GVRL?u=uppsala&sid=bookmark-GVRL&xid=1eca556b. Accessed 4 Oct. 2025.
- ↑ Leivick, H. — Congress for Jewish Culture (англ.). congressforjewishculture.org. Праверана 4 кастрычніка 2025.
- ↑ а б Віталь Зайка. Лейвік ГАЛЬПЕРН (1888 - 1962). Беларус.
- ↑ Воспоминания Морриса Шульмайстера: «Я переехал в Минск, так как за мной следила полиция» (руск.). Библиотека Анархизма. Праверана 28 кастрычніка 2025.
- ↑ Бемпорад Элисса. Стать советским евреем: большевистский эксперимент в Минске. — Москва: Росспэн, 2017. — С. 60.
- ↑ Да прыезду ў Менск яўрэйскага пісьменьніка Г. Лейвіка // Савецкая Беларусь. — № 13 (1608). 16 студзеня 1926 года..
- ↑ Simchi Cohen.A Living Man, a Clay Man: Violence, the Zombie, and the Messianic in H. Leivick's The Golem // Cultural Critique. — 2015. — Т. 90. — С.1–21. — ISSN 0882-4371. — DOI:10.5749/culturalcritique.90.2015.0001
- ↑ Nethanel M. Treves. A Bundist Tale in the Soviet World: Historical and Artistic Representations of Hirsh Lekert // Shofar: An Interdisciplinary Journal of Jewish Studies. — 2024. — В. 3. — Т. 42. — С. 1–25. — ISSN 1534-5165
- ↑ The organization - (англ.). Leyvik House | YIDDISH. Праверана 28 кастрычніка 2025.