Дабравешчанне Прасвятой Багародзіцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Дабравешчанне Марыі)
«Дабравешчанне», Фра Беата Анжэліка, 1430—1432, Прада. На заднім плане — архангел Міхаіл выганяе з раю Адама і Еву пасля грэхападзення (ад вынікаў якога чалавецтва будзе выратавана Ісусам, зачатым у гэты момант). Марыя вытлумачваецца як «новая Ева»
«Дабравешчанне», мазаікі на двух слупах Кіеўскай Сафіі, каля 1040 года. Найстаражытнейшая захаваная выява сцэны ва ўсходнеславянскім мастацтве. У руках у Божай Маці — чырвоная пража, адлюстраваная згодна з апакрыфічнымі паданнямі.

Дабраве́шчанне, таксама Благаве́шчанне або Звестава́нне (ст.-слав: Благовѣщеніе; калька грэч. Εὐαγγελισμός [τῆς Θεοτόκου]; лац.: Annuntiatio — абвяшчэнне) — евангельская падзея і прысвечанае ёй хрысціянскае свята; абвяшчэнне архангелам Гаўрыілам Дзеве Марыі аб будучым нараджэнні ў плоці ад яе Ісуса Хрыста.

У католікаў і пратэстантаў святкуецца 25 сакавіка. Руская праваслаўная царква і іншыя цэрквы, якія карыстаюцца юліянскі каляндар, святкуюць Дабравешчанне (25 сакавіка) 7 красавіка па грыгарыянскаму календаруXX—XXI стагоддзях). У праваслаўі ўваходзіць у лік дванадзясятых свят.

Сюжэт Дабравешчання[правіць | правіць зыходнік]

Паводле кананічных Евагелляў[правіць | правіць зыходнік]

Падзеі Дабравешчання апісаны толькі адным евангелістам — апосталам Лукой. У сваім Евангеллі ён паведамляе, што ў шосты месяц пасля зачацця праведнаю Лізаветаю святога Яна Прадцечы Бог паслаў Гаўрыіла ў Назарэт да Дзевы Марыі з весткай пра будучае нараджэнне ёю Збавіцеля свету:

У шосты-ж ме́сяц пасланы быў Ангел Гаўрыіл ад Бога ў места Галіле́йскае, называнае Назарэт, да дзе́вы, зару́чанай з мужам іме́ньнем Язэп, з дому Даві́давага; імя-ж дзе́вы — Марыя. Ангел, увайшоўшы да яе́, сказаў: радуйся, дабрадатная! Госпад з табою; багасла́ўлена ты між жанок. Яна-ж, убачыўшы яго, спалохалася ад слоў яго і разважала, што-б гэта было за прывітаньне такое? І сказаў ёй Ангел: ня бойся, Марыя; бо ты знайшла ласку ў Бога. І вось зачне́ш у чэраве і народзіш Сына і дасі Яму імя: Ісус. Ён будзе вялікі і Сынам Найвышэйшага назаве́цца, і дасьць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Яго, і цары́ць будзе над домам Якава даве́ку, і царству Яго ня будзе канца. Марыя-ж сказала Ангелу: як гэта будзе, калі я ня знаю мужа? І ў адказ сказаў е́й: Дух Сьвяты найдзе́ на цябе́, і сіла Найвышэйшага ахіне́ цябе́: вось чаму й тое, што народзіцца сьвятое, Сынам Божым назаве́цца. Вось і Альжбе́та, сваячка твая, і яна зачала сына ў ста́расьці сваёй, і гэта ўжо шосты ме́сяц у яе́, хоць і называнай няплоднай. Бо-ж у Бога ніводнае слова ня будзе немагчымым. І сказала Марыя: вось я — слуга Госпада; няхай ста́нецца мне́ па слову твайму. І адыйшоў ад яе́ Ангел.

Лк. 1:26-38

«Дабравешчанне». Сандра Бацічэлі. 1489—1490 гады. Уфіцы, Фларэнцыя.

На думку шэрагу багасловаў, словы архангела Гаўрыіла — «Радуйся, Шчаслівая» — сталі першаю «добраю» весткаю для чалавецтва пасля яго грэхападзення[1]. Феафілакт Балгарскі ў тлумачэнні да Евангелля ад Лукі піша: «Паколькі Гасподзь сказаў Еве: „У хваробе будзеш нараджаць дзяцей“ (Быц. 3:16), цяпер гэту хваробу перамагае тая радасць, якую прыносіць Дзеве Ангел, кажучы: радуйся, Шчаслівая! Паколькі Ева была праклята, Марыя цяпер чуе: блаславенная Ты»[2].

Сумняваючыся (па меркаванню Рыгора Неакесарыйскага, апасаючыся парушэння яе дзявоцтва[3]), Марыя запыталася ў ангела: «як будзе гэта, калі Я мужа не знаю?». На што ангел абяцаў бяссемявае, таямнічае зачацце — «Дух Святы нойдзе на Цябе, і сіла Усявышняга агарне Цябе», а затым пацвярджаючы, «што ў Бога не астанецца бяссільным ніякае слова», прывёў прыклад яе сваячкі Лісаветы.

Марыя, убачыўшы ў словах ангела волю Божую, кажа вельмі значныя словы: «вось, Раба Гасподня; хай будзе Мне па слову твайму». Лічыцца, што ў момант, калі Дзева Марыя сказала гэтыя словы, і адбылося нявіннае зачацце ёю Ісуса Хрыста[4]. Мікалай Кавасіла так каменціруе гэтыя словы:

Увасабленне было не толькі справаю Айца, Яго Сілы і Яго Духа, але таксама справаю волі і веры Прасвятой Дзевы. Без згоды Нявіннай, без садзейнічання Яе веры гэты план астаўся б неажыццёўленым гэтак жа, як і без дзеяння Саміх трох Асоб Боскае Тройцы. Толькі пасля таго, як Бог навучыў і пераканаў Святую Дзеву, Ён прымае Яе як Маці і запазычае ў Яе плоць, якую Яна Яму з радасцю аддае. Як Ён увасобіўся дабравольна, гэтак жа было Яму трэба, каб і Яго Маці нарадзіла Яго свабодна і па Сваёй добрай волі.[5]

Сваёй пакорнасцю і згодаю, па меркаванню Афанасія Вялікага, Марыя выразіла сваё вызнанне веры. Ён параўноўвае яе са скрыжаллю, «на якой Пісец піша, што Ён жадае. Гасподзь усяго хай піша і творыць, што хоча»[6].

Паводле апакрыфічных крыніц[правіць | правіць зыходнік]

Ікона «Багародзіца каля калодзежа». Сярэдзіна XIX стагоддзя, Мсцёра
Мазаіка «Дабравешчанне каля калодзежа», XIV стагоддзе. Царква Хора, Стамбул

Гісторыя Дабравешчання апісана і ў апакрыфічных тэкстах. Пра падзею расказваецца ў наступных апокрыфах II стагоддзя: «Протаевангелле Якава» і «Кніга аб растве Найблажэннейшай Марыі і дзяцінстве Збавіцеля» (вядома таксама як «Евангелле Псеўда-Матфея»)[7]. Апакрыфічныя тэксты не змяняюць агульнае гісторыі пра з’яўленне Дзеве Марыі архангела Гаўрыіла з весткаю аб нараджэнні ад яе Збавіцеля, але дабаўляюць рад падрабязнасцей, якія пазней былі адлюстраваны ў іканаграфіі гэтага свята.

Паводле апокрыфаў, Марыі па жэрабю выпала саткаць новую заслону з пурпуру для Іерусалімскага Храма[8]. Адправіўшыся за вадою, яна каля калодзежа пачула голас, які сказаў ёй: «Радуйся, шчаслівая! Гасподзь з Табою; блаславенная Ты сярод жанчын». Не ўбачыўшы побач нікога, яна спужаўшыся вярнулася дадому (гэты сюжэт часам называюць «прадблагавешчаннем» — г. зн. падрыхтоўчым этапам да самога Благавешчання[9]). Сеўшы за калаўрот, Марыя ўбачыла ангела, які супакоіў яе словамі: «Не бойся, Марыя, бо Ты атрымала Ласку Божую і зачнеш у славу Яго» (Правобразам сцэны каля калодзежа лічыцца гісторыя старазапаветнай Рэвекі, якая напаіла Еліезера, пасланага яе будучым жаніхом Ісакам).

У апокрыфах таксама падкрэсліваецца таямнічая форма зачацця, і на пытанне Марыі «Няўжо Я зачну ад Бога жывога і нараджу, як жанчына любая нараджае?» ангел адказвае: «Не так, Марыя, але сіла Усявышняга агорне Цябе». Пасля адыходу ангела Марыя закончыла прасці шэрсць і аднесла яе першасвяшчэнніку, які блаславіў яе, сказаўшы: «Бог узвялічыў імя Тваё, і Ты будзеш блаславенная ва ўсіх народах на зямлі».

Таксама царкоўнае паданне гаворыць, што Дзева Марыя ў момант з’яўлення ёй ангела чытала ўрывак з кнігі прарока Ісаі з яго прароцкімі словамі: «Вось, Дзева ў чэраве прыме, і народзіць Сына»[10]. З гэтай прычыны ў сцэне Дабравешчання Дзеву Марыю часам адлюстроўваюць з раскрытаю кнігаю.

Аб Дабравешчанні ўпамінаецца таксама ў Каране (3:45—51, 19:16—26), дзе гэты сюжэт не мае такога значэння, бо ў ісламе Ісус не Бог, а прарок.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Епископ Александр (Милеант). Праздник Благовещения. Начало нашего спасения. На сайце «Православие и мир».
  2. Толкование Феофилакта Болгарского на Евангелие от Луки. Глава 1
  3. Григорий Неокесарийский. Беседа 1. На Благовещение Пресвятой Богородицы.
  4. Схиархимандрит Иоанн (Маслов). Благовещение Пресвятой Богородицы: о Богослужении
  5. Николай Кавасила. Проповедь на Благовещение (цитируется по: Лосский В. Н. Мистическое богословие Восточной Церкви. М., 1991).
  6. Афанасий Великий. Из толкования на Евангелие от Луки.
  7. Иеромонах Ефрем (Просянок). Благовещение Пресвятой Богородице и Приснодеве Марии
  8. Апокрифы древних христиан. СПб., 1992.
  9. Благовещение. Иконография на icon-art.info
  10. Н. В. Квливидзе.. Богородица // Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2002. — Т. V. — С. 488. — 752 с. — 39 000 экз. — ISBN 5-89572-010-2.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Лагатып Вікісховішча На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дабравешчанне Прасвятой Багародзіцы
  • Н. В. Квливидзе.. Благовещение Пресвятой Богородицы // Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2002. — Т. V. — 752 с. — 39 000 экз. — ISBN 5-89572-010-2.
  • Богослужение православной церкви (репринтное издание 1912 года). — М.: Даръ, 2005.
  • Закон Божий для семьи и школы. — М.: Даръ, 2006.
  • Учительное Евангелие (по трудам Иоанна Златоуста). — М.: Единоверческая типография, 1912.
  • Изложение учения Православной Церкви о Божией Матери. — М., 1990.
  • Мозаики византийских храмов. Принципы монументального искусства Византии. — М., 2001.
  • The Annunciation from the Right from Early Christian Times to the Sixteenth Century. — New York: Garland Publishing, 1977.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]