Давыд-Гарадоцка-Тураўскі строй

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Давыд-Гарадоцка-Тураўскі стыль на паштовай марцы Беларусі
Сялянкі з наміткамі з Давыд-Гарадка. Малюнак Гелены Скірмунт, 1855 г.

Давыд-Гарадоцка-Тураўскі строй — традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення Усходняга Палесся. Бытаваў у асяроддзі мяшчан невялікіх гарадоў (Тураў, Давыд-Гарадок, Столін), мястэчак і буйных вёсак у 19 — пачатку 20 ст. Рэзка вылучаўся сярод іншых строяў ускладненымі сілуэтамі жаночага касцюма з арыгінальнымі галаўнымі ўборамі замужніх жанчын. У вырабе і аздабленні, як і ў адзенні гараджан, шырока выкарыстоўвалі мануфактурныя тканіны, каштоўныя ўпрыгожанні, па-мастацку апрацаваную скуру і інш.

Жаночае адзенне[правіць | правіць зыходнік]

Аснову жаночага летняга гарнітура складалі кашуля, спадніца, гарсэт (або куртка), фартух, пояс. Кашулю шылі з кужалю або белага «сарвету» (баваўнянай фабрычнай тканіны), з шырокім адкладным каўняром. У гараджанак яна сціпла або зусім не аздаблялася, у тураўлянак аздаблялася на рукавах і каўняры раслінным або раслінна-зааморфным арнаментам, вышытым крыжыкам у чырвона-чорнай гаме. Спадніцу-андарак шылі з даматканага гладкафарбаванага цёмна-сіняга або чырвона-бурачковага сукна, спадніцу-сукню — з фабрычнай зялёнай, чорнай ці цёмна-сіняй шарсцянкі («бостынь», «саят»), па нізу нашывалі стужкі або тасёмкі галуну. Гарсэт (кабат, шнуроўка) з чырвонага, фіялетава-сіняга ўзорыстага або гладка-фарбаванага атласу, саціну ці ўзорыстай парчы; часта прышываўся да спадніцы (у выглядзе ліфа). У халоднае надвор'е паверх гарсэта або замест яго апраналі кароткую з валенага сукна куртку з рукавамі. Фартух 1-полкавы з фабрычных тканін цёмных тонаў, аднаколерны або са стракатым набіваным раслінным узорам. Гарсэт, спадніцу і фартух падпяразвалі шырокім поясам, выплеценым з чырвона-бардовых або вытканым з разнаколерных нітак (канцы пояса завязвалі ззаду). Тураўлянкі завязвалі шырокі, цвёрды пояс з залацістай парчы-галуну («галёніна»), які зашпільваўся на гаплікі. Экзатычны і падкрэслена самавіты вобраз жаночага касцюма стваралі арыгінальныя галаўныя ўборы галовачка, падушачка. Жанчыны насілі масіўныя нагрудныя ўпрыгожанні — чаканеныя з латуні вялікія крыжы мясцовай работы, пацеркі з натуральных камянёў і металу, абразкі, а таксама пярсцёнкі.

Мужчынскае адзенне[правіць | правіць зыходнік]

Мужчынскае адзенне, блізкае да адзення гараджан, вызначалася высокім кравецкім майстэрствам, стрыманым аздабленнем (вышыўка шнуром, аплікацыя, нашыўка з футра і інш.). Летні гарнітур складаўся з кашулі (часцей запраўленай у нагавіцы), нагавіц, камізэлькі, галаўны ўбор — капялюш, зімой разнастайныя варыянты магеркі. Верхнім мужчынскім і жаночым адзеннем былі кажухі, курткі, шэрыя, цёмна-карычневыя світы, кроеныя з адразной спінкай, адкладным каўняром і выкладамі. Вопратку аздаблялі нашыўкамі чырвонага ці сіняга сукна, шнуром.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]