Давыд Усяславіч
| Давыд | |||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|
| | |||||||
|
| |||||||
|
|||||||
| Папярэднік | Барыс Усяславіч | ||||||
| Пераемнік | Ізяслаў Мсціславіч | ||||||
|
|
|||||||
| Нараджэнне | сярэдзіна 1050-х | ||||||
| Смерць | пасля 1130 | ||||||
| Род | Ізяславічы Полацкія | ||||||
| Бацька | Усяслаў Брачыславіч[1][2][…] | ||||||
| Маці | Усяславава Брачыславіча[d] | ||||||
| Дзеці | Валодша, мерк. Мікула і Брачыслаў | ||||||
Давыд Усяславіч (сяр. 1050-х — пасля 1130) — князь з дынастыі Ізяславічаў Полацкіх.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Сын полацкага князя Усяслава Брачыславіча, напэўна, чацвёрты, хоць пытанне старшынства Усяславічаў застаецца дыскусійным.
У кожным разе, да 1103 года князь Давыд апынуўся ў Чарнігаўскім княстве. Іван Бяляеў[3] і Уладзімір Пічэта[4] лічылі, што Давыд па смерці бацькі абдзелены братамі і не меў удзела. Думкі, што, прынамсі ў 1103—1104 гадах, Давыд не меў удзела трымаецца і Алег Рапаў[5]. Валянцін Янін лічыць, што Давыд не меў удзела прынамсі да 1114 года[6].
У 1103 годзе Давыд у войску чарнігаўскіх князёў удзельнічаў у паспяховым паходзе супраць полаўцаў. У 1104 годзе — супраць свайго брата Глеба Усяславіча, князя менскага, гэты паход поспеху не меў. На думку Рапава, магчыма, паход супраць Глеба меў мэтай абараніць уладальніцкія правы Давыда[5]. Пазней, магчыма, пасля 1116—1119 гадоў, вярнуўся ў Полацкую зямлю і, відаць, трымаў Ізяслаўльскі ўдзел.
На думку Эдуарда Загарульскага, у 1128 годзе, напэўна, праз хваробу полацкага князя Барыса Усяславіча, князь Давыд спрабаваў пераняць уладу ў Полацку. Пакінуў у Ізяслаўлі сына Брачыслава і з іншымі сынамі быў у Полацку. Палачане, напэўна, хацелі пры нямоглым князю Барысе мець яго сына Рагвалода, а не Давыда Усяславіча, таму змовіліся. Князь Давыд, відаць, даведаўся пра змову і паклікаў у Полацк і сына Брачыслава з дружынай. Магчыма, такія дзеянні пры жывым Барысе былі той «няпраўдай» Давыда, за якую вялікі князь кіеўскі Мсціслаў пачаў вялікі паход на Полацкую зямлю. Адначасова палачане выгналі Давыда з Полацка і, «узяўшы» маладога Рагвалода Барысавіча, зацвердзілі яго ў вялікага князя Мсціслава. Пры гэтым, Давыд быў сватам Мсціслава — перад тым ажаніў з яго дачкой Ксеніяй свайго сына Брачыслава.
Неўзабаве, у 1129 годзе (сакавіцкім, да разводдзя) полацкі князь Барыс памёр, а Давыд заняў полацкі сталец паводле старшынства. Гэтыя падзеі суправаджаліся новай міжусобіцай у родзе полацкіх князёў, пра якія, аднак, пэўна нічога не вядома. У 1129 годзе вялікі князь Мсціслаў збіраўся ў паход супраць полаўцаў і заклікаў да ўдзелу полацкіх князёў. Полацкія ж князі кпліва адмовіліся. Больш за гэта, імаверна, калі Мсціслаў ваяваў з полаўцамі, Давыд з Рагвалодам-Васілём зноў пачалі міжусобіцу. Вярнуўшыся з паходу Мсціслаў паслаў сваіх ваявод у Полацкую зямлю, яны захапілі амаль усіх полацкіх князёў, у тым ліку Давыда з сынамі, і прывезлі ў Кіеў. У 1130 годзе над полацкімі князямі адбыўся «суд рускіх князёў» і яго выракам іх разам з сем’ямі саслалі ў Візантыю.
Давыд не вярнуўся са ссылкі, імаверна, памёр у Візантыі. Вярнуліся яго сыны — Брачыслаў, Мікула і Валодша, якія дапамогай Рагвалода-Васіля вярнулі сабе ад Глебавічаў Ізяслаўльскае княства.
Нашчадкі
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Давид Всеславич // Русский биографический словарь — СПб.: 1905. — Т. 6. — С. 4.
- ↑ А. Э. Давид Всеславич // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1893. — Т. X. — С. 4.
- ↑ Беляев И. Д. Очерк истории… С. 25.
- ↑ Очерки истории СССР… С. 230.
- ↑ а б Рапов О. М. Княжеские владения… С. 55.
- ↑ Янин В.… С. 130.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Алексеев Л. В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества X-XIII вв. — М., 1975.
- Беляев И. Д. Очерк истории Северо-западного края России. — Вильна: Тип. Сыркина, 1867. — 121 с.
- Беляев И. Д. Рассказы из русской истории. Кн. 4. Ч. I. История Полотска или Северо-Западной Руси от древнейших времен до Люблинской унии. — М., 1872.
- Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: IX-XIII ст.: Вучэб. дапам. — Мн., 1998, — 260 с.
- Загорульский Э. М. Генеалогия полоцких князей Изяславичей. — Мн. : ВУЗ-ЮНИТИ, 1994. — 31 с. 3000 экз. ISBN 985-431-001-9 : Б. ц.
- Очерки истории СССР. Период феодализма IX—XV вв. Ч. 1. / Под ред. Б. Д. Грекова. — М., 1953.
- Рапов О. М. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в. / О. М. Рапов; Под редакцией Б. А. Рыбакова. — М.: Издательство Московского университета, 1977. — 264 с.
- Янин В. Л. Междукняжеские отношения в эпоху Мономаха и «Хождение игумена Даниила» // Труды отдела древнерусской литературы. — Т. XVI. — 1960. С. 112—131.