Перайсці да зместу

Дакументазнаўства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Дакументазна́ўства — навуковая дысцыпліна, якая вывучае заканамернасці складання дакументаў, распрацоўвае спосабы іх стварэння, прынцыпы арганізацыі дакументаабарачэння і пабудовы сістэм дакументацыі. Вылучылася з архівазнаўства і архіўнай службы. Звязана з крыніцазнаўствам, якое таксама мае аб’ектам даследавання дакумент[1].

Задачы і функцыі

[правіць | правіць зыходнік]

Задачы дакументазнаўства ўключаюць павышэнне эфектыўнасці дакументацыйнага забеспячэння аператыўнага кіравання, а таксама барацьбу з ростам выдаткавання паперы і павелічэння плошчаў, занятых пад сховішчы інфармацыі[1].

Дысцыпліна выконвае канкрэтныя патрэбы грамадства ў дакументальнай сферы. Да іх адносяцца паляпшэнне якасці дакумента і прыстасаванне яго да ўмоў машыннай апрацоўкі інфармацыі, стварэнне машыначытальных дакументаў, мініяцюрызацыя носьбітаў і пераход да бездакументных камунікацый. Таксама дакументазнаўства забяспечвае выкарыстанне дакументаў у аўтаматызаваных банках даных, стварэнне інфармацыйна-пошукавай сістэмы (ІПС) па дакументах, што функцыяніруюць у апараце, і яе сумяшчальнасць з ІПС дзяржаўных архіваў. Важнымі накірункамі з’яўляюцца распрацоўка рацыянальнай сістэмы ўліку і захоўвання дакументаў, наданне юрыдычнай сілы інфармацыі, запісанай на машынных носьбітах[1].

З 1966 года даследаваннямі ў галіне дакументазнаўства займаўся Усесаюзны навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы, дзе ў якасці сураспрацоўшчыкаў тэм выступалі цэнтральныя дзяржаўныя архівы Беларусі[1].

У незалежнай Беларусі пытаннямі дакументазнаўства займаюцца аддзел справаводства і фарміравання Нацыянальнага архіўнага фонду Дзяржаўнага камітэта па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь і Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы (у 1992—1995 гадах называўся Беларускім навукова-даследчым цэнтрам дакументазнаўства, археаграфіі і архіўнай справы)[1].