Дамачаўскія баі (1943)
Дамачаўскія баі 1943. Адбыліся ў Другую сусветную вайну паміж савецкімі партызанскімі атрадамі імя Варашылава, імя Жукава, партызанскімі брыгадамі імя Сталіна Брэсцкай вобласці і нямецкімі акупацыйнымі ўладамі 23 кастрычніка 1943 г. на чыгуначнай станцыі Дамачава і 22 лістапада 1943 г. у г.п. Дамачава. У ноч на 23 кастрычніка 1943 г. на чыгуначнай станцыі Дамачава-Таварная партызаны атрадаў імя Варашылава (камандзір В. М. Грабнеў) і імя Жукава (В. У. Каткоў) узарвалі пабудаваныя немцамі ўмацаванні, разбурылі станцыйнае абсталяванне, спалілі падрыхтаваны для адпраўкі ў Германію эшалон са збожжам і бульбай. У гарнізоне Дамачава было каля 250 салдат вермахта, паліцыі і жандармерыі. Падрыхтоўка да разгрому гарнізона вялася каля 3 тыдняў. Група прыкрыцця з атрада імя Варашылава перакрыла шашу Брэст — Уладава, зрабіла засады на дарогах з боку суседніх вёсак. Партызаны агнём паралізавалі праціўніка ў будынку школы і паліцэйскім участку. У выніку былі знішчаны памяшканні гарнізона, захоплена зброя, абмундзіраванне, 200 галоў буйной рагатай жывелы і харчавання, нарабаваных у насельніцтва.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Пасэ У. Дама́чаўскія баі 1943 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — С. 201. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.