Дамачаўскі строй
Дамачаўскі строй — традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення ў Заходнім Палессі. Бытаваў у ваколіцах г. п. Дамачава, на паўднёвым захадзе Брэсцкага і Маларыцкага раёнаў (уздоўж р. Буг), на тэрыторыі Польшчы (ваколіцы г. Уладава) і ў паўднёва-заходніх раёнах Валынскай вобласці.
Жаночае адзенне[правіць | правіць зыходнік]
Жаночы касцюм складаўся з кашулі, спадніцы — рабака, фартуха, гарсэта. Кашуля мела шырокі (12-15 см) адкладны каўнер, вышыты па краях. Аздаблялася малінавым з украпаннямі чорнага арнаментам гладкіх пункцірных палос на плечавой устаўцы, верхняй і ніжняй частках рукава. Ніжні ўзорысты шляк рукава дамінаваў пад верхнімі палосамі арнаментам зорак, крыжыкаў, зігзагаў і інш. Спадніцу і фартух (1-полкавы) шылі з аднолькавай па якасці і каларыстычна-арнаментальным вырашэнні даматканай паўшарсцяной ці льняной тканіны, прасавалі ў буйныя складкі. Усё поле спадніцы запаўнялі чырвоныя, зялёныя, белыя, блакітныя, чорныя падоўжныя ці папярочныя палосы. Неад'емнай часткай касцюма дзяцей, дзяўчат і падлеткаў быў гарсэт (гарсэт-безрукаўка і гарсэт з рукавамі — кабат). Жаночыя гарсэты шылі з блакітнай тонкай шэрсці фабрычнага вырабу, спераду багата аздаблялі разнаколернымі тасёмкамі, стужкамі, гузікамі, дэкаратыўнай строчкай. Прасцей былі гарсэты з валенага (лямцаванага) даматканага цёмна-карычневага сукна. Галаўны ўбор замужніх жанчын — чырвоны каптур (з бакавымі вушкамі і зубцом над ілбом), бачны край якога аздаблялі карункамі, залацістай тасьмой. Паверх каптура накладалі згорнутую ў валік накрухмаленую пярэстую крамную хустку.
Мужчынскае адзенне[правіць | правіць зыходнік]
Мужчыны насілі белую кашулю з стаяча-адкладным накрухмаленым каўняром, падперазаную вузкім тканым поясам, карычнева — шэрыя нагавіцы і гарсэт з рукавамі ці без рукавоў (аздаблялі вітым ці плеценым коскай разнаколерным шнуром і тасьмой). На галаву надзявалі саламяныя капелюшы з чорнай стужкай.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- Дамачаўскі строй Архівавана 13 сакавіка 2012.
- Дамачаўскі раён
- Дамачаўскі строй — відэаролік з праекта «Традыцыйны строй».