Дар’я Уладзіміраўна Домрачава
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Да́р’я Уладзі́міраўна До́мрачава (нар. 3 жніўня 1986, Мінск) — выдатная беларуская біятланістка, чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка (2014, 2018) і двухразовая чэмпіёнка свету (2012 і 2013 гады), заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь. Уладальніца некалькіх малых Крыштальных глобусаў, пераможца Кубка свету па біятлоне ў сезоне 2014/15. Самая тытулаваная спартсменка Беларусі ў гісторыі зімовых Алімпійскіх гульняў. Герой Беларусі[2]. Член нацыянальнай каманды з 2005 года. Першая сярод жанчын-біятланістак, каму ўдалося на Алімпійскіх гульнях розных гадоў заваяваць чатыры залатыя ўзнагароды[3].
Дзяцінства і юнацтва[правіць | правіць зыходнік]
Нарадзілася ў сям’і архітэктараў. Праз 4 гады разам з бацькамі з’яжджае ў Сібір у горад Нягань, галоўным архітэктарам якога была маці Дар’і. Дзяўчынка была вельмі актыўнай, паспела пазаймацца танцамі і баскетболам, а ў 1992 годзе, услед за старэйшым братам, пачала займацца лыжнымі гонкамі. Праводзячы практычна ўвесь свой час на трэніроўках, зборах і спаборніцтвах, Дар’я вучылася ў школе на «добра» і «выдатна». Летнія вакацыі праводзіла ў сваім родным горадзе Мінску.
У 1999 годзе пачала займацца біятлонам і лічылася адной з самых таленавітых біятланістак і лыжніц. Нягледзячы на гэта, скончыла гімназію, дзе вучылася ў эканоміка-прававым класе, і паступіла на 2-і курс цюменскага ўніверсітэта, факультэт — спартыўны менеджмент.
Спартыўная кар’ера[правіць | правіць зыходнік]
Па сямейных абставінах Дар’я прыехала ў Мінск, дзе атрымала прапанову ад старэйшага трэнера жаночай зборнай выступаць за Беларусь. Дар’я пагадзілася і з’ехала з Нягані, пачаўшы трэніравацца са зборнай Беларусі. Затым каля 6 месяцаў прыйшлося дамагацца права выступаць за Беларусь, а не Расію, вырашальным фактарам стала беларускае пасведчанне аб нараджэнні. На той момант Домрачава ўжо была шматразовай чэмпіёнкай Расіі сярод юніёраў і прызёрам спаборніцтваў еўрапейскага ўзроўню.
Першым буйным міжнародным стартам за зборную Беларусі стаў чэмпіянат свету сярод юніёраў 2005 года, дзе ў першай гонцы (індывідуальнай) стала 40-ой. На адным з рубяжоў адваліўся дыёптар, у выніку чаго на трэцяй стральбе было дапушчана пяць промахаў з пяці магчымых. Аднак, наступныя дзве гонкі — спрынт і праследаванне Домрачава выйгравае. Праз год з аналагічнага першынства Дар’я павезла толькі бронзу за гонку праследавання.
У Кубку свету дэбютавала 1 снежня 2006 года (сезон 2006/07) у рамках 1-ага этапу ў шведскім Эстэрсундзе ў спрынтарскай гонцы, паказаўшы 16-ы вынік (стаўшы 2-ой з 5-і беларускіх спартсменак). На юніёрскім першынстве свету 2007 года ў яе двойчы атрымалася прыйсці да фінішу другой: у спрынце і праследаванні. Срэбаны прызёр чэмпіяната свету 2008 у змешанай эстафеце.
У сезоне 2008/09 пачала рэгулярна пападаць у дзесяць лепшых па выніках гонкі. На этапе ў Оберхофе, у гонцы з масавага старту з Дар’яй адбыўся кур’ёз. Узначальваючы гонку і прыйдучы на 2-і агнявы рубеж першай, замест стральбы лежачы, адстралялася стоячы (відэа). Трапленні не былі залічаныя і ёй прыйшлося сысці з дыстанцыі. Нягледзячы на такое здарэнне, ужо ў рамках 5-га этапу Кубка свету ўпершыню патрапіла на подыум у асабістай гонцы — Дар’я заняла 3-е месца. Пасля гэтага поспеху рушылі ўслед яшчэ два подыумы. Найлепшую пазіцыю ў сезоне заняла 22 студзеня 2009 года падчас спрынту ў Антэрсельве, фінішаваўшы другой.
18 лютага 2010 года падчас зімовых Алімпійскіх гульняў 2010 у індывідуальнай гонцы на 15 км Домрачава прыйшла трэцяй. Атрымала перамогі на этапе Кубка свету 2009—2010 у Контыялахты (Фінляндыя) у спрынце і пас’юце (гонцы праследавання), Кубка свету 2011—2012 у індывідуальнай гонцы ў Эстэрсундзе (Швецыя). Пераможца заключнай гонкі з масавым стартам Кубка свету 2010—2011 (Хальменколен, Нарвегія).
Срэбраны прызёр Чэмпіяната свету 2011 (Ханты-Мансійск, Расія) у гонцы з масавым стартам і бронзавы прызёр у эстафеце. Уладальніца Малога Крыштальнага Глобуса ў мас-стартах.
4 сакавіка 2012 года Дар’я Домрачава выйграла залаты медаль чемпіяната свету па біятлоне ў гонцы праследавання (Рупольдынг, Германія). 18 сакавiка 2012 года беларуская біятланістка ў Ханты-Мансійску (Расія) выйграла мас-старт на 12,5 км, заключную гонку апошняга этапа Кубка свету па біятлоне 2012 года. Дар’я Домрачава атрымала Малы крышталёвы глобус у гонцы праследавання, а таксама Малы крышталёвы ў мас-старце; вялікі крышталёвы глобус у сезоне 2011-12 узяла Магдалена Нойнер, другое месца ў агульным заліку Кубка свету — у Дар’і Домрачавай.
У 2013 годзе стала чэмпіёнкай свету ў мас-старце (Нове-Места, Чэхія).
Упершыню стала алімпійскай чэмпіёнкай 11 лютага 2014 года, выступіўшы ў гонцы праследавання на дыстанцыі 10 км на Алімпійскіх гульнях — 2014 у Сочы. Заняўшы 9 месца і саступіўшы па выніках спрынту ад 9 лютага 2014 года пераможцу гэтай праграмы Анастасіі Кузьміной 31,8 с, сярэбранаму прызёру Вользе Вілухінай 11,9 с, бронзаваму прызёру Віце Семярэнцы 10,1 с, Домрачава пасля другой стральбы захапіла лідарства ў гонцы, прычым далей, пасля кожнага агнявога рубяжа толькі ўмацоўвала лідарства. І толькі на апошнім, 4 агнявым рубяжы, лідыруючы больш чым на 40 секунд, Дар’я дазволіла сабе прамахнуцца апошнім 20-м выстралам, што зусім не перашкодзіла ёй выйсці на апошні круг абсалютным лідарам і з гонарам узяць у рукі сцяг сваёй краіны на фінішнай прамой.
На гэтай жа Алімпіядзе 14 лютага 2014 заваявала свой другі залаты медаль у індывідуальнай гонцы на 15 км, дапусціўшы 1 прамашку на другім агнявым рубяжы і паказаўшы выдатную хуткасць на дыстанцыі.
17 лютага 2014 года заваявала свой трэці Алімпійскі медаль. Удзельнічаючы ў мас-старце пад нумарам 2 і здзейсніўшы ўсяго адну прамашку, стала першай у гісторыі біятланісткай, якая заваявала тры залатыя алімпійскія медалі ў асабістых гонках (пры гэтым усе на адной Алімпіядзе). У гэты ж дзень Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка прысвоіў Дар’і Домрачавай званне Героя Беларусі.
У сезон 2014/15 гадоў Дар’я Домрачава стала пераможцай Кубка свету па біятлоне.
Сезон 2015/16 прапускала з-за монануклеозу.
У красавiку 2016 года стала вядома, што Дар’я i нарвежскi бiятланicт Уле-Эйнар Б’ёрндален чакаюць дзiця. 16 лiпеня 2016 года бiятланicты пабралicя шлюбам у Нарвегii. Дачка Ксенiя нарадзiлася ў Мiнску 1 кастрычнiка 2016 года.
З 2017 Дар’я Домрачава аднавiла ўдзел у спаборнiцтвах. 12 лютага 2017 выйграла срэбраны медаль у гонцы праследавання на чэмпіянаце свету ў Хохфільцэне (Аўстрыя).

8 снежня 2017, упершыню пасля свайго вяртання да ўдзелу ў гонках, Дар’я Домрачава здолела выйграць спрынт (на этапе Кубка свету ў Хохфільцэне). 21 студзеня 2018 яна выйграла гонку ў мас-старце, апошнюю на перадалімпійскім этапе Кубка свету па біятлоне, што завершыўся ў італьянскім Антхольцы. На Алімпіядзе-2018 выйграла залаты медаль у складзе эстафеты і срэбны ў біятлонным мас-старце на 12,5 кіламетра. У дзень перамогі на алімпійскіх гульнях Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў Дар’ю Домрачаву і яе сябровак па камандзе ордэнамі «За асабістую мужнасць» [4].
9 сакавіка 2018, выйграўшы спрынт на этапе Кубка свету ў фінскім Контыялахты, Дар’я Домрачава апярэдзіла немку Урсулу Дызл і аднаасобна заняла трэцяе месца паводле колькасці перамог на этапах Кубка свету, якіх у актыве беларускі стала 31[5]. Затым 19 сакавіка Дар’я Домрачава заняла першае месца ў гонцы праследавання на наступным этапе Кубка свету па біятлоне ў нарвежскім Холменколене[6]. 23 сакавіка яна выйграла спрынтарскую гонку на этапе Кубка свету ў Цюмені. 25 сакавіка скончыла сезон пераможнай гонкай з масавага старту на заключным этапе Кубка свету па біятлоне ў Цюмені. Такім чынам Дар’я Домрачава па колькасці перамог у Кубках свету за кар’еру зраўнавалася з нямецкай біятланісткай Магдаленай Нойнер — па 34 вікторыі[7]. У сезоне Кубка свету па біятлоне 2017-18 Дар’я Домрачава размясцілася на трэцім месцы, уступіўшы толькі Настассі Кузьміной са Славакіі і фінцы Кайсе Мякярайнен[8].
25 чэрвеня 2018 чатырохкратная алімпійская чэмпіёнка па біятлоне Дар’я Домрачава абвясціла на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным алімпійскім камітэце аб завяршэнні кар’еры[9].
Трэнерская кар’ера[правіць | правіць зыходнік]
У верасні 2019 года Дар’я Домрачава і яе муж Уле-Эйнар Б’ёрндален падпісалі кантракт з Нацыянальным алімпійскім камітэтам Кітая. Уле-Эйнар Б’ёрндален заняў пасаду галоўнага трэнера зборнай Кітая, а Дар’я Домрачава будзе рыхтаваць жаночую каманду[10].
Зноскі
- ↑ 1,0 1,1 http://timesofindia.indiatimes.com/sports/tournaments/2014-sochi-winter-olympics-/Sochi-Olympics-Authoritarian-Belarus-celebrates-best-ever-Games/movie-review/30629809.cms
- ↑ president.gov.by
- ↑ belta.by
- ↑ Лукашэнка ўзнагародзіў беларускіх біятланістак — алімпійскіх чэмпіёнак ордэнамі «За асабістую мужнасць»
- ↑ pressball.by
- ↑ blr.belta.by
- ↑ blr.belta.by
- ↑ blr.belta.by
- ↑ zviazda.by
- ↑ noc.by
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
![]() |
Дар’я Уладзіміраўна Домрачава ў Вікіцытатніку |
---|---|
![]() |
Дар’я Уладзіміраўна Домрачава на Вікісховішчы |
- Профіль на афіцыйным сайце IBU (англ.) (ням.)
- Профіль на аф. сайце Беларускай федэрацыі біятлона (руск.)
- Профіль на аф. сайце Федэрацыі біятлона Украіны (руск.)
- Фан-клуб Дар’і Домрачавай (руск.)
- Нарадзіліся ў Мінску
- Героі Беларусі
- Кавалеры ордэна «За асабістую мужнасць» (Беларусь)
- Кавалеры ордэна Айчыны III ступені (Беларусь)
- Заслужаныя майстры спорту Рэспублікі Беларусь
- Асобы
- Біятланісты паводле алфавіта
- Нарадзіліся 3 жніўня
- Нарадзіліся ў 1986 годзе
- Алімпійскія чэмпіёны па біятлоне
- Спартсмены года Беларусі
- Біятланісты Беларусі
- Чэмпіёны Еўропы па біятлоне
- Алімпійскія чэмпіёны ад Беларусі
- Чэмпіёны зімовых Алімпійскіх гульняў 2014 года
- Бронзавыя прызёры зімовых Алімпійскіх гульняў 2010 года
- Біятланісты на зімовых Алімпійскіх гульнях 2010 года
- Біятланісты на зімовых Алімпійскіх гульнях 2014 года
- Чэмпіёны свету па біятлоне
- Біятланісты на зімовых Алімпійскіх гульнях 2018 года
- Сярэбраныя прызёры зімовых Алімпійскіх гульняў 2018 года
- Чэмпіёны зімовых Алімпійскіх гульняў 2018 года